Вы тут

Што не так з фільмам пра ўніверсам «Цэнтральны»?


Легендарны ўніверсам «Цэнтральны» і яго заўсёднікі сталі галоўнымі героямі дакументальнай карціны. Пляцоўка сапраўды вядомая сваёй «універсальнасцю» — сталінскі ампір прыцягвае да сябе і рабочага, і інтэлігента, тут можна сустрэць знакамітых людзей, баўленне часу ля акна з відам на праспект Незалежнасці нясе ў сабе асаблівую пікантнасць. Аднак расцягнуты на гадзіну пятнаццаць жыццяпіс «Цэнтральнага» сканцэнтраваўся на яго дзівацтвах, у выніку назва фільма аказалася спекуляцыяй, сама карціна — неэтычнай маніпуляцыяй рэчаіснасцю, а яе пасыл — сумнеўным задавальненнем.


Гэта, вядома ж, натуральна для кіно — маніпуляваць вымыслам і рэальнасцю дзеля стварэння патрэбных сэнсаў, але рэжысёры «Цэнтральнага» Даша Андрэянава і Коля Купрыч са сваім аўтарскім бачаннем, здаецца, перайшлі мяжу. Назва непрыхавана паказвае на аповед аб знакамітай установе, анатацыя характарызуе карціну як «фільм пра самае простае і легендарнае месца Мінска», здымкі замыкаюцца на ўніверсаме і прасторы каля яго. Здавалася б, усё зразумела, а ўлічваючы, што «Цэнтральны» — месца, сапраўды, легендарнае і шмат каму знаёмае, яшчэ і з інтрыгай.

На справе ж дакументальная карціна не імкнецца стварыць колькі-небудзь шматбаковага, з прэтэнзіяй на паўнату, вобраза ўніверсама і яго публікі. Мы паглядзелі фільм (яго ў свабодным доступе можна знайсці на YоuТubе) і ўбачылі ў ім толькі безагляднае жаданне зняць як мага больш трэшавую фактуру. Алкаголікі, дзівакі, разгубленая моладзь сталі галоўнымі персанажамі стужкі, дзе аўтары, можна меркаваць, нават не падазраюць, што кіно не можа быць толькі наборам сцэн, а любое іх спалучэнне складваецца ў пэўныя значэнні.

Дапусцім, падазраюць. Фільм вырашыў настаяць на тым, што ён — пра «Цэнтральны», а не пра гарадскіх арыгіналаў. Ну, змешчаныя акцэнты, нават катастрафічна змешчаныя акцэнты, — таксама метад. Цалкам магчыма, аўтары рабілі мантаж, усведамляючы, што іх аб'ект — адна з самых вядомых устаноў горада і ў нейкім сэнсе яго візітная картка, а таму гаварыць аб «Цэнтральным» значыць гаварыць пра горад і яго жыхароў. Тады варта зрабіць вялізную зніжку на ўмоўнасць мастацкага твора, бо як дакументальны фільм «Цэнтральны» так сабе дакумент, і паспрабаваць адказаць на банальнае пытанне, што аўтары хацелі сказаць (калі яны хацелі сказаць, а не моцна ўразіць).

Адразу адзначу, калі фільм нейкім чынам спрабуе сказаць пра горад ці таго горш — грамадства ў цэлым, то «Цэнтральны» страшнейшы за ваеннае кіно. Краіна тут губляецца не праз фізічную смерць, а ментальную — у дэградацыі і алкаголі. Тады можа стаць жудасна ад няскладных прамоў, ігры на камеру, нецэнзурнай лексікі, дзівакаватых персанажаў і канчатковага беспрасвету. У той жа час героі фільма, хоць размаўляюць і нестандартна, але ўсё ж паслядоўна. Як Гамлет, якога падазравалі ў вар'яцтве, але адзначалі неабвержную логіку яго слоў. А прычыны «вар'яцтва» Гамлета нам вядомыя.

Першы дыялог адбыўся ў найбліжэйшым Макдональдсе, дзе маладыя людзі, пасмейваючыся, слухалі мужчыну, які выступаў за тое, каб змяніць канцэпцыю «Цэнтральнага» — людзі тут нібыта співаюцца, таму што ім рабіць няма чаго, застаецца толькі «піва і секс» (гучыць як паўнавартасны лозунг). Потым мы бачым адпачынак нецвярозых кампаній маладых людзей, якія іграюць на камеру, спяваюць песні і дэманструюць менавіта такі антыўзор баўлення часу, што ў кантэксце фільма можна трактаваць як гібенне. Яшчэ адзін штрых у вобраз не «Цэнтральнага», а грамадства. Бабуля, якая сядзіць побач з універсамам, дастае з пакета бутэльку, дапівае алкаголь, выкідвае тару ў сметніцу і сыходзіць у бок метро, па дарозе забіраючы пакінутую некім недапітую бутэльку з шампанскім.

Мы бачым гарманіста, у якога ў пакеце і алкаголь, і закуска; персанажа, які моўчкі стаіць перад камерай і жэстам просіць наліць яму піва; дзяўчыну, якая перажывае, што малады чалавек не прыняў ад яе шакаладку ў падарунак, а яна каштуе два рублі. Моладзь, якая ў пачатку фільма п'е піва ўнутры, а ў канцы — спявае Цоеў «Пачак цыгарэт» звонку.

Самога «Цэнтральнага» тут няшмат, хоць паказваецца ён небанальна. Лёгкая рухомая камера любіць накіроўвацца за сваімі героямі і такім чынам выяўляць асяроддзе і мітусню ўніверсама. Адзін з такіх праходаў і задае тон фільму ў першым эпізодзе — мы бачым жанчыну ў шапцы з пампонам, якая праходзіць праз універсам ад адных дзвярэй да другіх, уздоўж стоек тусуюцца людзі, на прылаўках добра вядомыя тавары, жоўтае святло з высокіх столяў залівае памяшканне. Пачатак добры. Ляпныя ўпрыгожанні, завіткі металічных рашотак, галоўная магістраль Мінска за акном быццам павінны надаць прасторы высакароднасці і перадаць знакі прыгажосці.

Але аўтары не хочуць паведамляць пра ўніверсам нічога станоўчага, таму ў статычных «палотнах», дзе выпадковыя людзі глядзяць у акно, за акном агні вялікага горада, а на фоне — калоны імперскай сталінскай архітэктуры, у кут закрадаецца бутэлечка алкаголю і ўсё псуе. Так пад знакам моцных напояў і адпаведнага адпачынку ўніверсам і праходзіць праз увесь фільм (у рэальнасці кава з пірожнымі тут таксама папулярныя, але, зразумела, гэта знаходзіцца па-за інтарэсамі здымачнай групы). Яго культурная ўнікальнасць пройдзе міма, таму што любы план, гатовы яе перадаць, суправаджаецца неганаровымі элементамі альбо дзіўнымі персанажамі, відавочна непрыемнымі гледачу.

Усведамленне таго, што ва ўніверсаме заключаецца нейкая праблема, праслізгвае ў рэпліках персанажаў і ўвенчваецца словамі з песні «Вера, ты адзіная засталася ў мяне». Сваю лепту ўносяць і колеровая гама, якая нагадвае дрэнныя расійскія серыялы, і агідны гук, з якім значную частку слоў ты пачуць не здольны, — непрыемная таўханіна, дзіўная публіка і адчуванне поўнай бессэнсоўнасці таго, што адбываецца, робяць «Цэнтральны» не проста пажыўным месцам, а сімвалам сацыяльнага дна ў цэнтры сталіцы.

Падкрэслю, такое адчуванне ствараецца не персанажамі — у кожнага з іх свой лёс і недаступнае нам жыццё, магчыма, цікавейшае за наша, — а тым, як гэтыя персанажы паказваюцца. Для фільма аўтары выбіраюць сцэны, дзе нецэнзурна і непрыгожа выказваюцца, б'юцца, абураюцца, размаўляюць самі з сабой, п'юць алкаголь, становяцца аб'ектам кпінаў і ў цэлым не ўяўляюць сабой вобразаў паспяховых і самадастатковых людзей. Ці этычна як аўтару ўпівацца непрывабнымі бакамі заўсёднікаў «Цэнтральнага» — яшчэ пытанне. Ці этычна рабіць максімальна прадузятую выбарку сцэн і характарызаваць ёй канкрэтнае месца — ужо другое. Нарэшце, ці этычна праз такое моцнае скажэнне перадаваць сэнсы, што адсылаюць да горада, краіны, грамадства, а яны ствараюцца аўтаматычна, — заключнае пытанне.

Нібы насмешка, у канцы з'яўляецца феерверк, сімвал свята і карнавалу. У кантэксце фільма іронія выглядае нядрэнна, але калі ставіць пад сумнеў аўтарскае бачанне, то і феерверк аказваецца вычварным і жорсткім мастацкім прыёмам.

Кіно ў выніку прадэманстравала свой магутны спекуляцыйны патэнцыял, а фільм — як рабіць не трэба. «Цэнтральны» хоць і не становіцца тут сапраўды галоўным героем (і назва, і анатацыя, і месца дзеяння падманваюць), але свой моцна скажоны вобраз мае. Назіраючы за спосабам аўтараў рабіць кіно, любы сэнс, які можна раптам злавіць на экране, трэба ставіць пад сумнеў.

Хоць за некаторыя высновы, якія вынікаюць з фільма, вельмі лёгка зачапіцца праз іх «гарачыню» і надзвычайнасць, правільней гэта ўсё праігнараваць і адкінуць. Бо кіно, што забылася пра этыку, шматграннасць свету і аўтарскую адказнасць, павінна застацца сам-насам са сваёй пагоняй за фактурай і радыкалізмам. Мастацтву дазволена многае, але пакуль што не ўсё.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Агні вялікага горада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».