Вы тут

Міхаіл Сіцько: Самая актуальная задача — гэта занятасць насельніцтва


За першы квартал у Ваўкавыскім раёне створана больш за паўсотні новых рабочых месцаў, што больш за запланаванае. Спрыяе гэтаму як з'яўленне новых прадпрыемстваў, так і пашырэнне ўжо існуючых. Актывізаваліся прадпрымальнікі, іх доля ў бюджэце раёна складае каля 20 %.


— Міхаіл Міхайлавіч, якія новыя праекты дапамагаюць працаўладкаваць жыхароў горада і раёна?

— У горадзе рэалізуецца інвестпраект з кампаніяй «Смакоша» па вытворчасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Тут плануецца стварыць яшчэ 270 рабочых месцаў, у тым ліку для інвалідаў. Да гэтага далучылася прадстаўніцтва ПРААН. Ёсць магчымасць, што нашым партнёрам у гэтай справе будзе польскі бок. Мы шукаем розныя шляхі, каб здзейсніць гэты праект, які пакуль ідзе марудна. Але спадзяёмся, што агульнымі намаганнямі давядзём яго да канца.

Ёсць некалькі распрацаваных пляцовак пад інвестпраекты. Калі прадпрымальнік прыйдзе сюды, таксама будуць стварацца новыя рабочыя месцы. Мы прапануем чатыры прамысловыя пляцоўкі пад вытворчасць і дзве для аб'ектаў па аказанні паслуг. Актыўна распрацоўваем магчымасць здачы ў арэнду нерухомасці ў раёне. Гэта таксама паўплывае на занятасць насельніцтва. Значны крок у гэтым кірунку мы зрабілі, калі рэарганізавалі нашу «бытоўку» і далучылі КБА да камунальнай службы.

— Што можна сказаць пра сітуацыю на рынку працы? Ці своечасова выплачваецца заработная плата?

— За першы квартал працаўладкавана 466 чалавек, у тым ліку 403 беспрацоўныя. Чатыры чалавекі атрымалі субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай і рамесніцкай дзейнасці. Створана 59 новых рабочых месцаў у сферах вытворчасці, гандлю, транспарту, сельскай гаспадаркі. Зараз на ўліку у службе занятасці знаходзяцца 208 беспрацоўных, а колькасць вакансій у раёне дасягае 500. Гэта значыць, што на аднаго беспрацоўнага прыпадае 2,4 вакансіі.

Па працаўладкаванні ў нас створана цэлая камісія, палажэнне аб якой прайшло юрыдычную экспертызу, і будзе садзейнічаць занятасці. Бо вельмі важна спалучыць наймальніка і саіскальніка. Наймальнікі зацікаўлены ў падрыхтоўцы спецыялістаў, па іх заказе на вучобу накіравана 13 чалавек, а ўсяго за тры месяцы прайшлі перападрыхтоўку 36 чалавек.

Хачу адзначыць, што па стане на 1 мая ў нас не было запазычанасці па зарплаце. Разам з тым назіраецца яе рост. Напрыклад, у сакавіку гэты паказчык склаў 727 рублёў, што на 17 % больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

— Рынак працы развіваецца, а ці ёсць яшчэ рэзервы, на ваш погляд?

— Мы робім стаўку на малы бізнес. Нядаўна правялі пасяджэнне з каардынацыйным саветам прадпрымальнікаў і выбралі памочнікаў-бізнесменаў. Яны ўжо выйшлі са сваімі праектамі. Таксама спадзяёмся на замежнае супрацоўніцтва. У нас пабывалі прадстаўнікі нямецкага Магдэбурга, якія вельмі зацікавіліся нашымі аграсядзібамі. Ёсць магчымасць заключыць дагавор аб супрацоўніцтве з гарадамі Германіі.

Разглядаем турыстычны вектар, побач мяжа, і мы не выключаем магчымасці трапіць у бязвізавую зону. У раёне нямала цікавых гістарычных аб'ектаў. Зараз узнаўляюцца дзве старажытныя панскія сядзібы, якія выкупілі расійскія інвестары. Гэта цудоўная зона, якая будзе даступная для турыстаў, на тэрыторыі комплексаў размесцяцца невялікія гасцініцы. А гэта і новыя рабочыя месцы.


Таццяна АНДРУШКЕВІЧ, намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама:

— З кожным годам мы нарошчваем жыллёвае будаўніцтва. За 2017 год уведзена каля 19 тысяч кв. метраў жылля, што больш, чым за папярэдні год. У верасні мінулага года здалі дом на 108 кватэр. Актыўна вядзецца індывідуальная забудова. Яе доля ў жыллёвым будаўніцтве склала за мінулы год 63,6 %. Людзі бяруць участкі ў сельскай мясцовасці і іх асвойваюць.

Да аўтакрам і гандлёвых сетак, якія выязджаюць у вёскі, актыўна далучаецца пошта. Работнікі сувязі развозяць не толькі пошту, але і тавары штодзённага попыту, пастаянна пашыраюць асартымент. Наш раён — адзін з першых, дзе работнікі пошты бяруць заказы на паслугі. Гэта свайго роду выязны прыёмны пункт, які раней быў на балансе Дома быту. Заказчыкаў хапае, паслугамі пральні актыўна карыстаюцца адзінокія мужчыны, а таксама пажылыя жыхары вёсак. Што датычыцца праката, такія пункты ў Ваўкавыску працуюць, да іх далучаюцца прадпрымальнікі. Яны вывучаць попыт на веласіпеды, каб адкрыць іх пракат. Дарэчы, у горадзе распрацаваны праекты па будаўніцтве веладарожак.

Гораду неабходны новы загс. Моладзь застаецца, стварае сем'і. Рэгістрацыя шлюбу павінна праходзіць у асаблівых умовах, каб усё было прыгожа. Мы плануем рэканструяваць былую школу, а на другім і трэцім паверхах размесціцца музычная школа.

У сярэдзіне ліпеня ў Ваўкавыску праводзім свята «Сяброўскі фэст». Да нас прыедуць госці з Тальяці — беларуская дыяспара «Нёман». У нас добрыя сувязі, яны прывозяць дзіцячыя музычныя калектывы. Чакаем таксама нашых сяброў з Малдовы. У нас з імі наладжаны не толькі культурныя, але і гандлёвыя сувязі. Наша прадпрыемства купляе там садавіну для ёгуртаў. Сёлета малдаване абяцаюць правесці на свяце яшчэ і дэгустацыю вінаграднага напою.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.