Вы тут

Як на аграсядзібе «У хутарской цішы» лечаць сном на вуллях


Незвычайную аздараўленчую методыку гаспадары сядзібы ў вёсцы Вішневічы Людміла і Васіль Паўлючыкі засвоілі зусім нядаўна. Падобны вопыт у Беларусі ўжо ёсць. Напрыклад, у Віцебску лячэнне біяполем пчол укаранілі ў абласным скурна-венералагічным дыспансеры. Лічыцца, што апітэрапія спрыяе станоўчаму абмену рэчываў арганізма, зніжае стрэсы, захворванні нервовай сістэмы, паляпшае сон.


Хутар каля вёскі Вішневічы можна назваць «пчаліным». З чатырох дамоў у трох ёсць пасекі. Праўда, дом, які Паўлючыкі вырашылі купіць, быў увесь у бур'яне, затое спрыяльныя ўмовы для пчол — зацішша, вецер не гуляе, шмат ценю ад высокіх ліп-меданосаў.

— Мы разглядалі шмат варыянтаў, бо прапаноў на рынку «сялянскай нерухомасці» нямала, — заўважае Людміла Якаўлеўна, — але спыніліся на гэтым варыянце, каб стварыць для пчол усе ўмовы.

Такую філасофію Паўлючыкі засвоілі ад вядомага на Ваўкавышчыне пчаляра Анатоля Жылінскага. Менавіта ён дапамог навічкам-пчалярам заняцца гэтай справай. У выніку — вясковы закінуты дом атрымаў другое жыццё, тут створана прыгожая аграсядзіба. Але галоўнае — ёсць магчымасць атрымаць незвычайную, але, кажуць, вельмі карысную, працэдуру.

На драўлянай платформе стаіць каля двух дзясяткаў пчаліных вулляў, па ўсім відаць, тут практыкуюць перавозныя пасекі. А вось невялічкі домік у глыбіні саду — стацыянарны. Здаецца, што гэта звычайны летнік, але на самай справе, тут — «лячэбніца». Каб падысці да яе, трэба прыняць меры засцярогі, таму гаспадыня раздае ўсім спецыяльныя маскі з доўгай сеткай. Адразу ўсе становяцца падобныя на сапраўдных пчаляроў. Цяпер можна зайсці ўсярэдзіну доміка. Тут невялікі пакойчык з двума тапчанамі і столікам. Аказваецца, тапчаны ўстаноўлены на вуллях, усяго іх чатыры, па два на кожны тапчан. Пчолы сюды не заляцяць, бо ляткі для іх знаходзяцца на вуліцы, затое яны сваім гулам і вібрацыяй вельмі спрыяльна дзейнічаюць на біяполе чалавека.

— Гэта фізіяпрацэдура пчоламі, — тлумачыць Людміла Якаўлеўна. — мы ляжым на двух вуллях, дзе жыве да 200 тысяч пчол, атрымліваем мікрамасаж, здымаем стомленасць, нармалізуем паступова бронхалёгачную сістэму. Вібрацыя пчол поўнасцю супадае з вібрацыяй клетак чалавека, што дазваляе яму хутчэй прыйсці ў норму пасля стрэсавых сітуацый.

Гаспадыня частуе мёдам і мятнай гарбатай. Звяртае ўвагу на мёд у сотах. Ён самы карысны, бо ў ім акрамя самога мёду, ёсць пылок і пярга. Воск можна жаваць замест жуйкі, ён умацоўвае дзясны. У гаспадарцы нямала прылад для пчалярства. Напрыклад, у сянях стаіць медагонка — круглая металічная бочка, дзе пры дапамозе цэнтрабежнай сілы мёд аддзяляецца ад сотаў і выцякае цераз кран. Людміла расказала, што яны не змешваюць розныя гатункі мёду, а выкачваюць іх паасобку, нават у невялікіх аб'ёмах. Вельмі важна, каб мёд паспеў. Аб гэтым сведчыць плёнка на сотах (забрус). Пчолы зацягваюць соты, калі мёд спелы і без вільгаці.

— Вось бачыце, гэтыя соты з забрусам, значыць, мёд спелы, — паказвае рамку з сотамі Людміла, — каб гэтага дасягнуць, трэба больш часу. Некаторыя пчаляры не чакаюць, пакуль пчолы зацягнуць соты, забіраюць яго раней. У выніку з-за вільгаці мёд альбо слаіцца, альбо кісне і доўга не захоўваецца.

Дарэчы, пчолы сушаць мёд сваімі крыламі, ад чаго і ствараецца вібрацыя ў вуллях. Такім чынам, яны робяць сваю справу і «лечаць» людзей. Аздараўленчы кантакт паказаны амаль пры 20 захворваннях — ад бяссонніцы да лішняй вагі. Хоць ёсць і супрацьпаказанні, напрыклад, алергія, анкалогія, вострыя інфекцыйныя захворванні і іншыя.

Тых, хто жадае атрымаць незвычайныя працэдуры, з кожным годам усё больш, адзначае Людміла Паўлючык. Прыязджаюць цэлымі сем'ямі. Адна гадзіна «сну на вуллях» тут каштуе пяць рублёў. Для ўзнаўлення ўсяго арганізма рэкамендуецца прайсці 5—10 сеансаў, але кажуць, што і 20 працэдур не зашкодзіць.

Загаловак у газеце: Пчолы супраць стрэсу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».