Вы тут

Чаму гандлёвае прадпрыемства ААТ «Аэліта Люкс» папулярнае ў пакупнікоў*


Вярнуць пакупніка

Пра­да­вец На­тал­ля Мік­ла­шэ­віч.

Зараз сеткавыя крамы растуць, як грыбы пасля дажджу. Нямала іх і ў Ваўкавыску. Для спажыўцоў такі расклад, вядома ж, спрыяльны. А як выжываюць мясцовыя гандлёвыя прадпрыемствы? Ці не атрымаецца так, што ім прыйдзецца адысці ўбок, губляючы пакупнікоў?

Галіна Якаўлеўна шчыра прызналася, што напачатку была ў роспачы. Як-ніяк, крамы апынуліся ў коле папулярных гандлёвых сетак з іх агрэсіўнай палітыкай. І гэта адбілася на прыбытку — за мінулы год не хапіла некалькі працэнтаў да выканання плана. Затое ў першым квартале гэтага года ўсё прыйшло ў норму, з'явіўся прыбытак, што дазволіла выканаць план на 110 %. Як аказалася, многія пакупнікі, у рэшце рэшт, вярнуліся ў «Аэліту Люкс».

Пра­да­вец Ма­рыя Кі­ры­ла ў за­ле і за прылаўкам.

— Часам сама сябе пытаю — як мы выжываем? — кажа Галіна Апановіч, — але выжываем. Можа яшчэ і таму, што я без памяці люблю сваю працу, дзе ўсё стваралася натхненнем, розумам і рукамі калектыву. І хоць зарплата не вельмі высокая, за мінулы год сярэдняя склала амаль 580 рублёў, калектыў працуе, і рукі мы не апускаем. Сёлета зарплата вырасла і за красавік складае 677 рублёў.

Пер­са­нал кра­мы заў­сё­ды пад­кажа па­куп­ні­кам.  Пра­да­вец Тац­ця­на Сё­муш­кінА.

Тавараабарот за мінулы год склаў 15,7 мільёна рублёў, чысты прыбытак — амаль 80 тысяч. Значная частка сродкаў ідзе на аднаўленне гандлёвых магутнасцяў. Вядома ж, за гэтым сочыць назіральны савет, але ён, па словах дырэктара, задаволены работай і не супраць крэатыўных прапаноў.


Першая ластаўка — універсам

З гэтага аб'екта ў горадзе пачалася гісторыя новага гандлёвага прадпрыемства, якое зараз налічвае некалькі пунктаў. Універсам па вуліцы Гарбатава, 43 пачаў працаваць у 1995 годзе, а праз пяць гадоў быў перайменаваны ў Ваўкавыскае раённае гандлёвае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Аэліта». Але рэарганізацыя на гэтым не завяршылася, і ў 2004 годзе было арганізавана адкрытае акцыянернае таварыства «Аэліта Люкс», з доляй дзяржавы больш чым 50 %, якое ўзначаліла Галіна Апановіч. Апантаная новай справай жанчына адразу ўзялася за мадэрнізацыю аб'екта. Прызнаецца, што было складана, бо ўсе работы вяліся ўласнымі сродкамі. Каб не страціць пакупнікоў, гандлёвы пункт не зачынялі, таму мяняць абсталяванне прыходзілася ўначы. Прычым яшчэ сцены дзе-нідзе выбівалі, каб пашырыць гандлёвыя плошчы.

— Было складана, бо разлічвалі толькі на свае сілы, ні капейкі крэдыту не бралі, — расказавае Галіна Якаўлеўна, — і толькі дзякуючы калектыву, які не здаўся, мы давялі гэтую справу да канца. Дарэчы, ніхто з работнікаў не звольніўся, мы захавалі стабільны калектыў.


«Нічога асабістага? Гэта не пра мяне!»

Цяпер пад кіраўніцтвам Галіны Апановіч працуе амаль 200 чалавек. У асноўным жанчыны, у якіх ёсць малыя дзеці, састарэлыя бацькі ці наогул розныя праблемы. Па словах дырэктара, яе справа — гэта не толькі атрымліваць прыбытак, але і клапаціцца аб людзях. А калі чалавеку добра працаваць, тады і аддача будзе большая.

— Вядома, трэба старацца кожнаму нечым дапамагчы, пайсці насустрач. Гэта таксама дае свой плён, бо людзі не ўцякаюць, не ідуць шукаць, дзе лепш, а стабільнасць — вялікая справа. Таму, калі гавораць, што бізнес — гэта нічога асабістага, мне гэта не даспадобы. Для мяне мой калектыў — самы лепшы і самы любімы, — кажа дырэктар.

Магчыма, гэта той падмурак, які дазволіў у далейшым трымацца на плаве нават ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі.


У «Пышцы» ўсё з полымя, з жару

«Пышка» — адна з самых любімых у горадзе крамаў. Гэта сапраўдны рай для аматараў салодкага печыва. Тут у шырокім асартыменце торты, пірожныя, іншыя кандытарскія вырабы. Апетытна выглядаюць грыбочкі з пясочнага цеста, мудрагелістыя вырабы са слоенага цеста, бісквіты з рознымі праслойкамі. Ёсць на вітрыне нават кандытарская ёлка. Работнікі цэха прымаюць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, а некалькі гадоў таму ўзялі на рэспубліканскім конкурсе першае месца, куды паехалі ад Гродзенскай вобласці.

Свят­ла­на Пяр­ло­ва, за­гад­чы­ца кан­ды­тар­ска­га цэ­ха, і Жан­на Па­лу­боч­ка,  пра­да­вец у кра­ме «Пышка».

Кандытарскі цэх працуе кругласутачна, каб з раніцы развезці па прадпрыемстве «Аэліта Люкс» сваю прадукцыю. «Пышка», як і «Арыён», месціцца на вуліцы Жолудзева, але ў розных яе баках. Шукаць яе доўга не трэба — крама стаіць каля самай дарогі, недалёка ад аўтавакзала.


Зорныя акцыі ў «Арыёне»

Па вуліцы Жолудзева месціцца яшчэ адна прадуктовая крама мясцовай сеткі. Магазін «Арыён» некалі належаў ваенгандлю, і роўна 20 гадоў таму быў перададзены прадпрыемству «Аэліта Люкс». Аб'ект поўнасцю аднавілі, а летась перавялі на самаабслугоўванне. Нягледзячы на тое, што побач з'явіўся буйны сеткавы маркет, «Арыён» па-ранейшаму прыцягвае пакупінікоў. Узнікае пытанне: у чым тут справа? Аказваецца, у правільнай цэнавай палітыцы. Тут можна купіць прадукты бадай што па самых нізкіх цэнах у горадзе. Пры гэтым пастаянна дзейнічаюць розныя акцыі.

Пра­да­вец Але­на Су­не­лік.

— Нашу краму «Арыён» ведаюць менавіта з-за нізкіх цэн, — расказвае загадчыца Вольга Данілевіч, — таму заходзяць не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя. У нас танней за іншыя крамы можна купіць рыбу, каўбасныя вырабы, бакалейныя тавары. Зараз, у летні сезон, дзейнічаюць зніжкі на марозіва. Людзі ведаюць аб гэтым і едуць да нас.

Пра­да­вец Алі­на Ра­ма­ноў­ская.

І сапраўды, крама стракаціць ад яркіх аранжавых цэннікаў. Гандляры тлумачаць, што, дзякуючы акцыям, павялічваецца аб'ём продажу, і крама працуе прыбыльна. Стабільную работу забяспечвае калектыў у складзе 15 чалавек. І, што дзіўна, за перыяд работы крамы прадаўцы амаль не змяніліся, акрамя тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак ці ў дэкрэтны водпуск. Гэта сведчыць аб высокай карпаратыўнай культуры, кажуць на прадпрыемстве. Будучыню «Арыёна» тут звязваюць з развіццём мікрараёна. Паблізу плануецца будаўніцтва некалькіх шматпавярховікаў.


«Эліт» — кафэ з класічным інтэр'ерам

Афіцыянт Андрэй Каральчук.

На вуліцы Савецкай знаходзіцца яшчэ адзін аб'ект акцыянернага таварыства «Аэліта Люкс» — кафэ «Эліт». Раней тут быў бар, але з-за стратнасці мясцовыя ўлады перадалі яго гандлёваму прадпрыемству. Пачалася татальная мадэрнізацыя, і зноў жа за ўласныя сродкі. Аднавілі цалкам залу, набылі прыгожыя люстры, мэблю, кухоннае абсталяванне.

Галіна Апановіч успамінае, як раздумвалі над дызайнам кафэ і спыніліся на класічным варыянце. Выканалі ў пастэльных колерах сцены, аформілі іх шпалерамі, закупілі стыльныя сталы і крэслы, у тон ім люстры. Адну сцяну аздобілі лёгкай карцінай з баціку, якую набылі на выстаўцы. Зала атрымалася даволі прасторная, светлая, без перагрузу. Кафэ можа прыняць адразу 80 чалавек. Часта сюды збіраюцца, каб адзначыць святочную дату, згуляць вяселле ці проста адпачыць адвячоркам. Штодзень кафэ прапануе недарагія комплексныя абеды. Кулінарная прадукцыя адсюль паступае ў дзве крамы прадпрыемства і буфет райвыканкама. Напрыклад, падчас наведвання ўніверсама можна ўбачыць дранікі з мясам, рыбу ў кляры, катлеты, зразы, чабурэкі, піцу, адбіўныя і шмат чаго іншага, што вырабляюць у кулінарным цэху. Дарэчы цэх, як і кандытарскі, працуе кругласутачна, каб забяспечыць пакупнікоў свежымі вырабамі. Уласная прадукцыя — яшчэ адзін плюс у выбары крамы.


Алена Міхальская, сацыяльны работнік:

— Я пастаянна выконваю заказы ад сваіх падапечных і хаджу па многіх крамах, што ёсць у горадзе, але ўсё роўна вяртаюся сюды. Лічу, што тут вельмі шырокі асартымент, і заўсёды ўсё свежае. Што важна, тут ні разу не нагрубілі, а дзяўчаты на касе так акуратна складаюць тавар у кошык, што нават я так не ўмею. І цэны тут добрыя, вялікі выбар сыроў, каўбасных вырабаў, уласнай прадукцыі. Мне, напрыклад, мае бабулі часта заказваюць свежае печыва. І тут з гэтым ніколі няма праблем, можна выбраць на любы густ.


Колькі крокаў да «Вегі»?

Калі рухацца ад універсама па вуліцы Гарбатава, можна набрысці на будаўнічую краму «Вега». Яна таксама належыць прадпрыемству «Аэліта Люкс». Гандлёвыя плошчы, якія раней пуставалі, цяпер запаўняюць гаспадарчыя і будаўнічыя тавары, а таксама бытавая тэхніка. Тут можна набыць халадзільнікі, газавыя пліты, электратавары. Для такіх пакупак шырока дзейнічае шэраг картаў растэрміноўкі розных банкаў. Гэта і Халва, і Карта пакупак, і Магніт. Павялічваецца ўзровень разліку пластыкавымі карткамі. За красавік гэты паказчык дасягнуў 40 %.


Яшчэ некалькі штрыхоў поспеху

Як расказала намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Таццяна Таранеўская, прадпрыемства мае шырокае кола пастаўшчыкоў — іх больш за 400. Камерцыйны аддзел працуе напрамую з вытворцамі, і толькі па замежнай групе тавараў — з іх прадстаўніцтвамі ў Беларусі.

— У сваёй справе кіруемся запросамі спажыўца, — кажа Таццяна Уладзіміраўна, — у прадаўцоў заўсёды пытаемся, чым цікавіцца пакупнік. Пасля шукаем гэты тавар. Напрыклад, у нас запыталі пра нейкі від хлеба, мы шукаем вытворцаў і наладжваем пастаўку. Пастаянна вывучаем попыт — бяром нешта новае, не баімся эксперыментаваць.

Прапаноў ад пастаўшчыкоў вельмі шмат, але трэба выбраць такі тавар, які запатрабаваны. У першую чаргу тут звяртаюць увагу на цэнавы фактар, бо шэраг фірмаў прапануюць аднолькавыя тавары. «Аэліта Люкс» улічвае выгадныя прапановы і тыя, дзе ёсць зніжка.

Нас як наведвальнікаў уразіла, што кожны аб'ект мае свой адметны твар. І яшчэ тое, што тут пануе асаблівы настрой, які ствараюць ветлівыя гаспадыні. Дзякуючы ім, пакупнік заўсёды застаецца задаволены.

*На правах рэкламы

УНП 500325137

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.