Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Вайна Васіля Хацулёва


— Дзядуля, а ў турме страшна было? А ў партызанах? А на фронце? А ў тым ПячорЛагу? — сыпаў адно за адным пытанні свайму роднаму чалавеку пяцігадовы Валерка.


— Страшна, непрытульна, — прызнаваўся прыцішаным голасам Васіль Апанасавіч. — Бо небяспека паўсюдна кругом хадзіла. Допыты, збіванні, страляніна (хто каго), калючы дрот, аўчаркі-ваўкадавы, голад, холад...

Стары на хвіліну замоўк, пагладзіў унучка па галаве і, задуменна паўтарыўшы «так, страшна было», тут жа дадаў:

— Але ж, бачыш, выжыў.

І гэтых слоў было дастаткова, каб малы зрабіў такую выснову:

— Таму што ты перамог усё і ўсіх. Як герой.

...А сёння Валерыю дваццаць гадоў ужо. Закончыў аграрна-тэхнічны каледж, выйшаў на самастойную дарогу жыцця. Пра ўдзел свайго дзядулі ў Вялікай Айчыннай вайне, як, дарэчы, і іншыя ўнукі Васіля Апанасавіча, можа расказваць з такімі цікавымі падрабязнасцямі, што толькі заслухаешся: дыверсант, турэмны вязень, партызан, салдат Чырвонай Арміі, «вораг народа», ардэнаносец, ударнік пяцігодак.

— Усё так? — удакладняю ў 96-гадовага Васіля Апанасавіча Хацулёва ў яго ўтульнай кватэры па вуліцы Пушкіна ў Гомелі.

— Так. Валерый нічога не перабольшвае, — уздыхае ён. — Не думаў, не гадаў, што мяне чакалі такія пакручастыя сцежкі-дарожкі. Што жыццё і ўгору падкідваць будзе, і потым аб зямлю балюча біць. Але ні на кога і ні на што я не крыўдую, не трымаю зла. Такі тады быў час. Да немагчымасці складаны...

Што праўда, то праўда: час той быў непрадказальна жорсткі. І адлік яго пачаўся для выпускніка дзясятага класа Васіля Хацулёва з таго, што яму настойліва прапаноўвалі стаць загадчыкам і настаўнікам пачатковай двухкамплектнай Дзербіцкай школы Буда-Кашалёўскага раёна, і ён не змог адмовіцца, хоць у яго былі іншыя планы. Справа ў тым, што многія педагогі ў той час ваявалі з фінамі, і на іх месцы падбіралі найлепшых вучняў. Малады настаўнік паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педтэхнікума, які, аднак, закончыць не ўдалося: усё перакруціла, перакрэсліла вайна з нацыстамі.

Васіля выклікалі ў ваенкамат у ліпені 1941 года, і ён апынуўся спачатку ў маладзёжным знішчальным батальёне, а затым у ваенным лагеры ў Курску, дзе на працягу двух месяцаў з хлопцаў такога ж узросту рыхтавалі падрыўнікоў, якія павінны былі дзейнічаць у тыле ворага.

Васіль Хацулёў быў прызначаны старшым групы з шасці чалавек, якая адпраўлялася на тэрыторыю Буда-Кашалёўскага раёна, дзе ўжо гаспадарылі фашысты. Сапёры правялі іх праз мінныя палі, і група, якой выдалі ўзрыўчатку, наган, вінтоўку, компас, карту і адпаведныя дакументы аб тым, што юнакі закончылі ў Арле школу фабрычна-заводскага навучання і вяртаюцца дадому. Загад быў такі: зброю даставаць самім і чакаць чалавека, які будзе сувязным з Вялікай зямлёй і які будзе накіроўваць дзеянні групы.

— У ёй, — апавядае далей Васіль Апанасавіч, — было чатыры чалавекі з Губіч — я, Аляксей Цюлюноў, Фёдар Ткачоў і Іван Круцікаў — і двое — Піліп Ермакоў і Іван Жлоба — з суседніх вёсак. Праходзіць некалькі месяцаў, а сувязнога як не было, так і няма. Пачынаем з вялікай асцярожнасцю дзейнічаць паводле свайго меркавання, але ж і вораг не дрэмле. У лесе з'яўляюцца два мужчыны, якія патрапілі на самага малодшага брата Фёдара Ткачова, які пасвіў жывёлу і сказалі, што яны выбраліся з акружэння і хочуць увайсці ў партызанскі атрад. Дык можа хто ведае, як сустрэцца з ім і хто яшчэ збіраецца туды? Падлетак, нічога не падазраючы, назваў маё прозвішча, і мяне праз дзень-два арыштавалі. Усё ператрусілі ў бацькоўскай хаце ў час вобыску, дапрошвалі ўсіх членаў сям'і, суседзяў, але так нічога не знайшлі (зброя мая была схавана ў надзейным месцы).

У Гомельскай турме — шматлікія допыты, збіццё. Ты — падрыўнік! Хто з табой яшчэ? Прызнавайся, бо расстраляем. Пагрозы насілі самы рэальны характар, бо кожны месяц гітлераўцы два разы з камер выводзілі вязняў, і яны сюды ўжо больш не вярталіся. Як ні стараліся немцы здабыць нейкія доказы ўдзелу Васіля Хацулёва ў падрыўной дзейнасці на чыгунцы, на іншых аб'ектах, так нічога ад яго не дамагліся. Таму і перавялі ў рабочы лагер, у якім ён пад вартай разам з іншымі гаротнікамі працаваў на рамонце дарог, у кладцы шпал і гэтак далей.

Адтуль і ўцёк, скарыстаўшы зручны момант. Два дні дабіраўся да сваёй вёскі, а на трэці ўжо быў у партызанскім атрадзе імя Д. А. Фурманава, у які пасля яго арышту ўступілі вышэйпамянёныя аднавяскоўцы. Народныя мсціўцы атрада вялі бязлітасную барацьбу з ворагам паўсюдна, трымаючы яго ў пастаянным напружанні. Рабілі засады ў лясах, на шашэйных дарогах, на чыгунцы, грамілі паліцэйскія гарнізоны. І калі партызаны восенню 1943 года злучыліся з войскам Чырвонай Арміі, Васіль Хацулёў апынуўся ў 908-м палку 246-й стралковай дывізіі 60-й арміі, які працягваў наступленне ў напрамку Львова.

— Вельмі жорсткія баі былі там, — успамінае ветэран. — Вораг яшчэ быў моцны і нахабны, у выніку чаго мы тры месяцы з іншымі войскамі, напрыклад, пад Цярнопалем не маглі прабіцца наперад. Але прарыў нарэшце быў зроблены, і ў раёне горада Броды ў акружэнне трапілі шэсць нямецкіх дывізій. Аднойчы ў нашым палку з'явіўся камандуючы арміі генерал Павел Курачкін і даў каманду збочыць з маршруту на Львоў і акапацца на ўказанай вышыні. Толькі паспелі гэта зрабіць, як немцы пайшлі ў наступленне. Батальёны падмацавалі трыма танкамі, што вельмі потым дапамагло. Мяне як радыста (абучанага ў палку гэтай справе) паслалі забяспечваць сувязь першага батальёна, дзе камандзірам быў капітан Андрэйчыкаў, са штабам. За два дні мы адбілі чатыры атакі фрыцаў. На іншых участках было тое ж самае, і ў выніку вораг быў разбіты. Як выявілася, у тых баях наш батальён асабліва вызначыўся, і групу салдат, і афіцэраў яго прадставілі да ўзнагарод. Сярод іх было і маё прозвішча.

— Ордэн ці медаль уручылі Вам пасля бою?

— Толькі ў 2016 годзе! Праз 72 гады пасля той бітвы я атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі! Пасведчанне аб узнагароджанні падпісаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. А раней, у васьмідзясятыя гады, я атрымаў ордэн Айчыннай вайны другой ступені.

І вось далейшы аповед Васіля Апанасавіча:

— Загад аб маім узнагароджанні ордэнам Чырвонай Зоркі быў падпісаны камандзірам 246-й стралковай дывізіі 2 жніўня 1944 года, а ў кастрычніку мяне выклікалі ў штаб (справа была пад польскім Кракавам). Я думаў, што будуць уручаць узнагароду, але жорстка памыліўся. Бо за мяне ўзяліся контрразведчыкі, якія ўчынілі жорсткі допыт: ты сядзеў у нямецкай турме, і цябе не расстралялі. Чаму? Адказвай!!! Што я мог адказаць? Чым і як пацвердзіць, што не здрадзіў, што нікога не выдаў, што выцерпеў усе катаванні? Чым? Слухаць мяне ніхто не хацеў, і я загрымеў на дзесяць гадоў на поўнач. У ПячорЛаг. Адседзеў, а дакладней, адпрацаваў-адмучыўся там ад званка да званка. Аб умовах знаходжання казаць не буду. Дзень Перамогі сустрэў на нарах. Такіх, як я, нават не павіншаваў ніхто.

На радзіму Васіль Апанасавіч вярнуўся ў 1954 годзе, а яшчэ праз дзесяць — яго рэабілітавалі. Уладкаваўся ў Гомелі на работу і пайшоў у дзясяты клас вячэрняй школы, каб аднавіць забытыя за час вайны веды. Закончыў завочна інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску і працаваў у розных установах, а апошнія, да пенсіі, 27 гадоў у ААТ «Гомельтранснафта «Дружба». Тут ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці ўсяго калектыву прадстаўнікі ваеннага аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі і ўручылі яму той ордэн.

Васіль Апанасавіч жыве разам з сынам Аляксандрам, нявесткай Святланай і ўнукам Валерыем. На жаль, яго палавінка Ганна Іосіфаўна некалькі гадоў таму пайшла з жыцця.

Мы жадаем ветэрану вайны і працы Васілю Апанасавічу Хацулёву ўсяго таго, чаго ён сам сабе жадае.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.