Вы тут

Рашэнні, прадыктаваныя часам


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Асноўным прыярытэтам для дэпутацкага корпуса ў гэты перыяд стала вырашэнне задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы ў яго Пасланні беларускаму народу і парламенту. Час не стаіць на месцы, і важна яго не ўпусціць, каб замацаваць усе тыя пазітыўныя змены, якія намеціліся ў эканоміцы, выканаць пяцігадовую праграму і вывесці краіну на апераджальныя тэмпы росту.

З улікам гэтых патрабаванняў на сесіі быў прыняты шэраг сістэмных заканадаўчых мер па развіцці фінансава-крэдытнай і інвестыцыйнай палітыкі, галін рэальнага сектара і сацыяльнай сферы, умацаванні нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку.

Камфортныя і прадказальныя ўмовы вядзення бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам. Гэтым тэзісам кіраваліся дэпутаты пры карэкціроўцы Банкаўскага кодэкса, удасканаленні механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, павышэнні празрыстасці дзяржзакупак і спрашчэнні працэдур па міжнародных дагаворах.

У адпаведнасці з устаноўкамі Прэзідэнта краіны па развіцці прадпрымальніцтва праводзіцца сур'ёзная работа па дэкрыміналізацыі эканамічнага заканадаўства. Стала больш магчымасцяў для вядзення бізнесу ў лясной гаспадарцы і дарожна-транспартнай дзейнасці. Прававое афармленне атрымала такая інавацыйная сфера, як беспілотная авіяцыя.

Зроблены першы крок да ўкаранення ў Беларусі вытворчасці арганічнай прадукцыі. Гэты перспектыўны кірунак сельскагаспадарчай галіны можа дапамагчы аграрыям асвоіць новыя нішы на сусветным рынку, павялічыць колькасць рабочых месцаў у дзяржсектары і падштурхнуць прыватную ініцыятыву.

Адначасова з вырашэннем задач па прававым забеспячэнні развіцця эканомікі на сесіі прыняты шэраг мер па ўмацаванні канстытуцыйных правоў і сацыяльных гарантый. У прыватнасці, пашырана дзяржаўная падтрымка ў набыцці жылля ветэранам, інвалідам баявых дзеянняў і некаторым катэгорыям малазабяспечаных грамадзян. Працягваецца падрыхтоўка яшчэ цэлага комплексу прапаноў па ўдасканаленні жыллёвых адносін. Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса была вынесена на грамадскае абмеркаванне. І натуральна, што людзі будуць уважліва сачыць за ходам яго дапрацоўкі да другога чытання. Тое ж самае можна сказаць і пра змяненні, якія ўносяцца ў Працоўны кодэкс. Дакумент улічвае сучасныя тэндэнцыі на рынку працы і больш гнутка рэгулюе пытанні забеспячэння занятасці. Таму работу над гэтымі законапраектамі трэба весці максімальна адкрыта.

Важнай умовай устойлівага развіцця любой краіны з'яўляецца захаванне сацыяльнай стабільнасці і грамадзянскай салідарнасці. На гэта, у прыватнасці, і накіраваны карэкціроўка закона аб масавых мерапрыемствах і папраўкі, унесеныя ў заканадаўства аб СМІ. Мэта гэтай работы заключаецца ў тым, каб надаць грамадскім дыскусіям больш канструктыўную, адказную і стваральную накіраванасць.

Гаворачы пра нашы задачы на найбліжэйшую перспектыву, трэба адзначыць, што сур'ёзная нарматворчая праца па стварэнні прынцыпова новага бізнес-клімату, па сутнасці, толькі пачынаецца. Гэта сфера і нашай адказнасці. Многае давядзецца рабіць упершыню. Самае галоўнае, пры падрыхтоўцы гэтых дакументаў неабходна дабіцца, каб яны выразна адпавядалі духу і літары дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы.

З гэтых жа пазіцый трэба падыходзіць і да пытанняў фарміравання бюджэтна-падатковай палітыкі. Пэўная праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца, асабліва ў плане ўдасканалення Падатковага кодэкса. Але вельмі важна, каб фінансавыя інструменты, што ствараюцца, прастымулявалі менавіта тыя галіны і вытворчасці, якія здольны забяспечыць выбухны рост эканомікі і на гэтай аснове — павышэнне дабрабыту грамадзян. Любое пытанне сёння павінна разглядацца скрозь прызму эканамічнай мэтазгоднасці.

Галоўнымі прыярытэтамі ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва для нас з'яўляюцца прасоўванне вобраза Беларусі на сусветнай арэне як ІТ-краіны, ідэі паглыблення эканамічнай інтэграцыі на кантыненце, падтрымка ініцыятывы аб перазапуску хельсінкскага працэсу на прынцыпах даверу і супрацоўніцтва.

У гэтых адносінах паказальныя вынікі праведзенага нядаўна візіту ў Беларусь высокай парламенцкай дэлегацыі Індыі. Індыя — краіна, адданая ідэям міру, зацікаўленая ва ўмацаванні інтэграцыйных сувязяў. Яна з'яўляецца прызнаным аўтарытэтам у галіне высокіх тэхналогій. Узаемная гатоўнасць працаваць па гэтых і многіх іншых кірунках замацавана ў пагадненні аб супрацоўніцтве, падпісаным у рамках візіту.

Актуальныя пытанні ўзаемадзеяння абмяркоўваліся і падчас нашых сустрэч з парламенцкімі дэлегацыямі Балгарыі, Вялікабрытаніі, Узбекістана, Францыі і Чэхіі, а таксама падчас перагавораў з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Манголіі, Румыніі і Эквадора.

Найважнейшым кірункам для нас застаецца еўразійская інтэграцыя. Вядучую ролю ў яе развіцці адыгрывае стратэгічнае супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД, перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. І тут трэба адзначыць некаторы прагрэс, які намеціўся ў дзейнасці Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Наша ўзаемадзеянне стала больш канструктыўным. Мы засяродзіліся менавіта на тых пытаннях, якія найбольш хвалююць сёння людзей, — роўнасці правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання. Правядзенне парламенцкіх слуханняў па гэтай праблематыцы дазволіла нам акрэсліць кола ключавых тэм, над якімі павінны метадычна працаваць пастаянныя камісіі. Іх абмеркаванню, у прыватнасці, была прысвечана 54-я сесія Парламенцкага сходу, якая прайшла нядаўна ў Брэсце.

Галоўная задача зараз — уважліва адсочваць і аператыўна рэагаваць на ўсе вострыя праблемы, якія ўзнікаюць у двухбаковым парадку, актыўна ўцягваючы ў сістэмны дыялог профільныя міністэрствы і ведамствы Беларусі і Расіі. У гэтых мэтах мы дамовіліся ўжо ў найбліжэйшай будучыні апрабаваць такі фармат зносін, як урадавы час.

У канчатковым выніку ў аснове ўмацавання любых саюзніцкіх або партнёрскіх адносін ляжыць узаемны эканамічны інтарэс. І тут нельга не адзначыць пазітыўныя зрухі на еўрапейскім вектары парламенцкага супрацоўніцтва.

Зразумела, прасоўванне па гэтым шляху суправаджаецца дыскусіяй аб правах чалавека. Але рэгулярныя кантакты з калегамі з Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы дазваляюць нам крок за крокам павышаць узровень узаемаразумення. Важна, што гэты дыялог вядзецца не толькі ў Страсбургу. Наведваючы Мінск і рэгіёны Беларусі, кантактуючы з людзьмі, еўрапейскія палітыкі могуць на свае вочы пераканацца, што эвалюцыйны шлях пераўтварэнняў — гэта прынцыповы выбар беларускага народа.

Радуе, што ў сваіх адносінах з еўрапейскімі калегамі мы ўсё ж пачынаем паступова намацваць цвёрдую эканамічную глебу. Прапанова Беларусі зрабіць сферу лічбавай эканомікі прыярытэтам «Усходняга партнёрства» выклікала вялікую цікавасць у палітычных, экспертных і дзелавых колах не толькі краін — удзельніц гэтай ініцыятывы ЕС, але і іншых дзяржаў Еўропы.

Мы можам і павінны спрыяць паспяховаму прасоўванню гэтага праекта. І перш за ўсё трэба павысіць выніковасць работы на ўзроўні парламенцкіх груп дружбы. Напрыклад, нашы дэпутаты дастаткова нядрэнна кантактуюць са сваімі румынскімі калегамі. У наступным годзе Румынія зойме пасаду старшыні Савета Еўрапейскага саюза. У гэтай якасці яна мае намер удзяляць вялікую ўвагу ўсходнім партнёрам. Прытым асаблівы акцэнт плануецца зрабіць менавіта на лічбавай эканоміцы. А гэта значыць, што ўжо сёння беларуска-румынская група павінна мець дакладнае ўяўленне аб стратэгіі свайго будучага ўзаемадзеяння.

Яшчэ адна задача — актывізаваць дзейнасць па лініі міжнародных парламенцкіх структур, тым больш што ў міжсесійны перыяд менавіта ў гэту сферу перамесціцца цэнтр цяжару нашай працы. Дарэчы, зусім хутка ў Берліне стартуе 27-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, дзе пытанню развіцця лічбавай эканомікі таксама плануецца ўдзяліць самую сур'ёзную ўвагу. Мы ініцыюем разгляд адпаведнай рэзалюцыі.

У верасні беларускія дэпутаты возьмуць удзел у мерапрыемствах Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН. Працягнецца наша работа па лініі парламенцкіх структур СНД і АДКБ. Гэта вельмі важныя пляцоўкі для сустрэч, перагавораў і кантактаў. Іх трэба максімальна эфектыўна задзейнічаць для дасягнення мэт, якія мы перад сабой ставім.

Галоўная з іх — забеспячэнне дабрабыту нашых грамадзян. У сённяшніх умовах гэта ў першую чаргу залежыць ад культывавання ў грамадстве духу прадпрымальніцтва. Гэта і ёсць сёння галоўная наша задача ў выбарчых акругах.

Мы бачым, што дзяржава кардынальна мяняе сваю палітыку ў гэтай сферы. Але якім бы добрым ні было заканадаўства, само па сабе яно не забяспечыць росквіту. Без працы, адказнасці, а галоўнае — усвядомленага жадання саміх людзей змяніць сваё жыццё і жыццё краіны да лепшага нічога не атрымаецца.

За кожным з нас стаяць дзясяткі тысяч выбаршчыкаў, і дэпутаты павінны заставацца ў авангардзе работы па фарміраванні іх актыўнай жыццёвай пазіцыі. Грамадская ініцыятыва — магутны рэсурс развіцця, які далёка не заўсёды эфектыўна выкарыстоўваецца. Гэта, дарэчы, стала адной з ключавых прычын падаўжэння акцыі пад дэвізам Год малой радзімы да 2020 года. Вельмі важна, каб сэнс гэтай акцыі не патануў у патоку мерапрыемстваў, якія праводзяцца для «птушкі». Бо сапраўдная любоў да Радзімы праяўляецца не ў пафасных прамовах, а ў суме канкрэтных, часам вельмі будзённых спраў.

Напрыканцы, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за рэзультатыўную працу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.