Вы тут

Да фестываля «Купалле» ў Александрыі застаўся тыдзень


Увага! Да любімага народнага рэспубліканскага фестывалю «Купалле» ў Александрыі застаецца роўна тыдзень.

Яно адбудзецца восьмы раз на вядомым маляўнічым месцы — на беразе Дняпра, па баках якога стаяць адзін насупраць аднаго два прыгожыя аграгарадкі Александрыя і Копысь, мяжуюць дзве вобласці — Магілёўская і Віцебская. Купальскі фэст пройдзе сёлета з яшчэ большым размахам, плошчы яго пляцоўкі пашырацца аж у паўтара раза. Сёння на месцы будучага свята штодзённа шчыруе каля 30 чалавек і некалькі адзінак тэхнікі. Тут па чарзе працавалі і працягваюць наводзіць марафет прадпрыемствы Шклоўскага раёна і Магілёва. Ужо выкладзена пліткай пляцоўка для будучай сцэны і партэра, зроблены сцяжынкі, будуецца агароджа.


Старшыня Александрыйскага сельсавета Мікалай Стаякоў штодзённа кантралюе працэс. Сёлета ўсе падзеі гэтага мерапрыемства будуць прасякнуты матывамі малой радзімы. Акунуцца з галавой у тэму дапаможа наша суседка Украіна, якая будзе прадстаўлена на свяце ў поўным росквіце — і сваімі майстрамі, і артыстамі, і нашумелым «Сарочынскім кірмашом». Ужо сёння прыязджаюць украінскія спецыялісты і пачынаюць манціраваць складанае абсталяванне для правядзення відовішчных шоу. Так што гулянне павінна атрымацца шыкоўнае.

А гэта значыць, што білетаў на вялікі купальскі гала-канцэрт, які пройдзе на галоўнай сцэне фестывалю 7 чэрвеня, застаецца ўсё менш. Купальскае прадстаўленне пад назвай, як вы ўжо, напэўна, здагадаліся,  «Малая радзіма» багатае на нечаканасці і сюрпрызы. Акрамя ўжо добра вядомых артыстаў і калектываў, публіку абяцаюць «ўзарваць» узыходзячая украінская зорка Вікторыя Коха і эксцэнтрычны гурт «Лісапетны батальён», які адным сваім выглядам з паўабароту заводзіць аўдыторыю. Арганізатары прадбачліва паклапаціліся пашырыць партэр пад адкрытым небам да трох тысяч месцаў. Купальскае відовішча будзе трансліравацца адначасова на некалькіх святлодыёдных экранах. Адным словам, білет, кошт якога складае 27 рублёў, акупіцца цалкам. Набыць яго можна ў касе Магілёўскай абласной філармоніі або ў інтэрнэце. Канцэрт плаўна пяройдзе ў грандыёзны феерверк і маладзёжную дыскатэку да раніцы.

Не расчаруе і само свята. У культурна-забаўляльных мерапрыемствах прымуць удзел 1,5 тысячы творчых калектываў і выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі. Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, на фестываль чакаюць больш за 110 тысяч чалавек.

Каб народ не заблукаў на вялікай выстаўцы-кірмашы «Купальскія дзівосы», робяцца стылізаваныя вуліцы. Напрыклад, на «Прыдняпроўскай» сябе будуць прэзентаваць шматлікія фестывалі Магілёўшчыны — кіраўскі «Сенафэст», чавускія «У госці да радзімічаў» і «Зялёныя святкі», касцюковіцкі «Пісьмянкоў луг», «Дрыбінскія таржкі», мсціслаўскі «Рыцарскі фэст», клімавіцкая «Залатая пчолка» і далей па спісе. На вуліцы «Беларускай» запросяць у госці фэсты «маленькіх радзім» з усёй Беларусі. На вуліцы «Міжнароднай» будуць чакаць майстры і творчыя калектывы замежных удзельнікаў свята. Цікавая фішка тут — «Сарочынскі кірмаш». Традыцыйныя ўкраінскія рамёствы прадэманструюць больш за 30 майстроў з Чарнігаўскай, Івана-Франкоўскай абласцей. Тут жа можна будзе пачаставацца ўкраінскімі стравамі. А на тэматычнай пляцоўцы «Рысталішча» пакажа маладзецкую ўдаласць конны тэатр «Кіеўская Русь». Ствараць атмасферу сапраўднага кірмашовага свята будуць шматлікія скамарохі, музыкі і латочнікі.

«Александрыйская гасцёўня» прыкладна на тры тысячы пасадачных месцаў прапануе прысмакі на любы густ. Гасцей і ўдзельнікаў свята будзе абслугоўваць больш за 80 суб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Даўжыня «смачнай вуліцы» — а гэта 139 розных гандлёвых пунктаў — складзе больш за кіламетр.

Упершыню будзе прадстаўлена магчымасць пазнаёміцца не толькі з найлепшымі ўзорамі жывёлагадоўлі і птушкаводства, але і з дасягненнямі перадавой беларускай сельгастэхнікі. Яе на свяце прадставіць Мінскі трактарны завод.

Навінкі беларускіх выдавецтваў прапануе «Друкарскі двор», «Каравайная сяліба»  запросіць на «Свята квасу», у «Горадзе майстроў» навучаць рабіць сувеніры.

На маладзёжнай пляцоўцы ўпершыню на купальскім свяце прадэманструюць свой патэнцыял беларускія аграсядзібы. Тут жа пройдзе абласны этап рэспубліканскага праекта «Уладар сяла», а таксама фестываль фарбаў, адбудзецца прэзентацыя праекта «Магілёў — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2018».

Да паслуг аматараў гульняў і забаў пляцоўка «Кірмашовыя забаўкі», а «Зона актыўнага адпачынку» прапануе паспрабаваць свае сілы ў стральбе з лука, веласпорце, біятлоне, бадмінтоне і шмат чым іншым. На малой канцэртнай пляцоўцы 7 ліпеня пройдзе прэзентацыя
ІІ Еўрапейскіх гульняў — 2019.

Будзе добра, калі вы завітаеце на свята ў купальскім касцюме. Гэта ацэняць арганізатары конкурсу «Купаліш і Купалінка». Пераможцаў у розных намінацыях чакаюць прыемныя падарункі. Ну і якое ж Купалле без пошукаў папараць-кветкі? Будзе арганізаваны захапляльны маладзёжны квэст, так што рыхтуйцеся. Магчыма, шчасце ўсміхнецца менавіта вам.

Другі фестывальны дзень традыцыйна прысвечаны ўшанаванню працаўнікоў вёскі. Сваю яскравую творчасць як заўсёды шчодра і ад душы будуць дарыць у межах Дзён Украіны ў Рэспубліцы Беларусь нашы паўднёвыя суседзі. 8 ліпеня на галоўнай канцэртнай пляцоўцы з 19.00 да 23.00 выступяць найлепшыя выканаўцы і калектывы Украіны — Нацыянальны заслужаны ансамбль танца імя Паўла Вірскага, народная артыстка Ціна Кароль, народны артыст Іва Бобул, заслужаная артыстка Ленара Асманава, папулярныя спевакі Алег Віннік, Аксана Білазір, Ганна Заклецкая, Цімур Мірашнічэнка, аўтарскі этна-музычны праект LUІKU, Злата Огневіч, квартэт «Гетман». Білеты, дарэчы, каштуюць усяго 10 рублёў.

Дабрацца да места падзей можна без праблем. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў свята арганізаваны 18 дадатковых цягнікоў рэгіянальных ліній па маршрутах Орша—Копысь—Магілёў і Магілёў—Копысь—Орша, прыпынак у Копысі будуць рабіць і ўсе пасажырскія цягнікі, якія ідуць па графіку. Будуць курсіраваць дадатковыя аўтобусныя маршруты Магілёў—Александрыя і Шклоў — Александрыя. Тых, хто прыедзе на сваім аўто, ад парковак да месца падзей будуць падвозіць нізкападлогавыя аўтобусы. Такім чынам арганізатары паклапаціліся, каб да свята далучыліся і інваліды-калясачнікі. Для магіляўчан, якія вернуцца са свята ў начны час, плануецца арганізаваць дадатковыя рэйсы асобных маршрутаў гарадскога транспарту.

З раскладам руху аўтобусаў і цягнікоў можна дэталёва азнаёміцца на сайце Магілёўскага аблвыканкама пад банерам «Свята «Купалле».

Нагадаем, што арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і Шклоўскі райвыканкам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Вялікае купальскае свята ў стылі «малой радзімы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?