22 Верасень, субота

Вы тут

Як будуць развівацца гуманітарныя стасункі Беларусі і Узбекістана?


У Міністэрстве інфармацыі адбылася сустрэча кіраўніка ведамства Аляксандра Карлюкевіча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана Насірджанам Юсупавым і саветнікам узбекскага пасольства Даніярам Абідавым. Размова ішла пра развіццё беларуска-ўзбекскіх адносін у гуманітарнай сферы.


Сёлета спаўняецца 25 гадоў усталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам. У нашых краін — ранейшых ускраін Расійскай імперыі, а потым савецкіх рэспублік — доўгія гістарычныя, культурныя зносіны. Беларусы здаўна ехалі ва Узбекістан, асвойвалі новыя тэрыторыі. Узбекі баранілі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. З іх шэрагаў — Герой Савецкага Саюза старшы сяржант Салі Адашаў, які фарсіраваў легендарную раку Бася на Шклоўшчыне, Герой Савецкага Саюза камандзір аддзялення Халак Амінаў, які вызваляў пасёлак Камарын на Гомельшчыне, Герой Савецкага Саюза Турсун Ахмедаў, які нішчыў фашыстаў каля Талачына, Хатыні, Радашковіч... Ташкент, іншыя гарады і паселішчы Узбекістана сталі прытулкам для беларусаў у час вайны. У эвакуацыі ў сталіцы Узбекістана знаходзіліся народны паэт Беларусі Якуб Колас, беларуская дзіцячая паэтэса Эдзі Агняцвет, беларускія вучоныя... Беларусы дапамагалі ташкентцам ва ўзнаўленні горада пасля страшнага землетрасення.

На сустрэчы ў Мінінфарме ішла размова пра развіццё розных культуралагічных, медыйных пляцовак, якія б спрыялі веданню гісторыі і сучаснасці ў нашых краінах, пра Беларусь — ва Узбекістане, у Беларусі — пра Узбекістан. Спадар Насірджан Юсупаў заўважыў, што перш-наперш варта было б арганізаваць прэс-тур беларускіх журналістаў ва Узбекістан. «Наша эканамічнае супрацоўніцтва сёння вымяраецца некалькімі дзясяткамі мільёнаў долараў, — зазначыў Насірджан Сабіравіч, — але, зразумела, патэнцыял Узбекістана дазваляе нам ісці далей. Як і народнагаспадарчы патэнцыял Беларусі. Пра гэта пры нашай сустрэчы гаварыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які высока ацэньвае магчымасці Беларусі і Узбекістана ў далейшым развіцці эканамічных адносін. Журналісты павінны першымі ўбачыць перспектывы. А мы створым усе магчымыя ўмовы для іх працы ў час прэс-туру».

У сваю чаргу міністр інфармацыі Беларусі выказаў упэўненасць, што да правядзення міжнароднага круглага стала беларускіх і замежных пісьменнікаў сёлетнім вераснем далучацца ўзбекскія літаратары. А яшчэ праз некалькі месяцаў сапраўдным кніжным святам у Мінску стане чарговая выстаўка-кірмаш. У час яе пройдзе міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». «Да гэтай падзеі мы змаглі б падрыхтаваць спецыяльны выпуск перакладаў беларускай прозы і паэзіі на ўзбекскую мову ў часопісе «Сусветная літаратура», які выдаецца ў Ташкенце, — дадаў саветнік узбекскага пасольства Даніяр Абідаў. — Мы былі б удзячны за падтрымку Міністэрства інфармацыі ў арганізацыі навукова-практычнай канферэнцыі па разглядзе гістарычнай рэтраспектывы і сучаснага стану беларуска-ўзбекскіх адносін у розных галінах».

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: У традыцыях пабрацімства

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.