Вы тут

У Мінску прайшоў Рэспубліканскі баль выпускнікоў вузаў


За спінай - бясонныя ночы перад заўтрашнім экзаменам, хваляванні, выступленні на сцэне, удзелы ў канферэнцыях, спаборніцтвы... Адным словам - насычаныя марамі, эмоцыямі, новымі ведамі студэнцкія гады. Перад паўнавартасным дарослым жыццём засталося толькі паставіць эмацыйную кропку. Лепшыя студэнты з усёй краіны зрабілі гэта на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.


Усцешна, што ў многіх студэнтаў захавалася вера ў тое, што з іх дапамогай свет стане лепшым. Напрыклад, Вікторыя Кукса - будучы лагапед. Яна скончыла Мозырскі педагагічны ўніверсітэт з выдатнымі адзнакамі, прытым завучкай сябе не называе, бо не толькі займалася навуковай работай і добра вучылася, але і актыўна гуляла ў КВЗ. "Самае каштоўнае ў маёй рабоце - гэта ўсмешкі дзяцей, якім атрымалася дапамагчы выправіць вымаўленне. Часта яны маюць і фізічныя, і псіхічныя парушэнні. Адна з задач лагапедаў - развіваць талерантнае стаўленне да такіх дзяцей, - дзеліцца Вікторыя. - Абірала паміж навуковай сферай і практыкай, і схілілася да другога. Хачу дапамагаць дзецям".

А Мікалай Легеза ў хуткім часе будзе ў прамым сэнсе трымаць на сваіх далонях чалавечае сэрца. Без пяці хвілін хірург, яшчэ ўчора студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, разумее адказнасць, якую прадугледжвае яго прафесія. Тым больш, што аперацыі яму давядзецца рабіць на сэрцы. "Я разумею кошт сваіх магчымых памылак, таму выдатна вучыўся ўсё сваё жыццё - каб зрабіць усё ад мяне залежнае, каб іх не дапусціць", - расказвае малады чалавек.

Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Раман Малуха марыць... каб у Беларусі з'явілася яшчэ адна "Дар'я Домрачава", ды не адна! Ён былы біятланіст, з трэцяга курса заняўся навукова-даследчай работай, і цяпер працуе ў Беларускай федэрацыі біятлона. Раман даследуе функцыянальны стан рэзерву і асноўнай каманды, у залежнасці ад якога карэктуе план трэніровак біятланістаў. "Гэта мая мара: каб кожны наш спартсмен быў як Дар'я Домрачава, заўжды гатовы перамагаць", - усміхаецца Раман.

Да прысутных яшчэ ўчора студэнтаў, звярнуўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка: "З пачуццём шчырага гонару вітаю лепшых выпускнікоў 2018 года і ў вашых асобах віншую ўсіх, хто ў гэтым годзе атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. Дзякую за працу выкладчыкам, якія сталі суаўтарамі поспеху сваіх студэнтаў. Не здарма кажуць, што настаўнік і вучань растуць разам. Вы сапраўды разам пражылі гэтыя гады, прайшлі цярністы, але цікавы шлях у свет новых ведаў, уменняў і вопыту, сталі больш мудрымі і ўнутрана багатымі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер дарогі выпускнікоў разыходзяцца. Учорашніх студэнтаў педагогі і бацькі перадаюць у рукі самага строгага і патрабальнага настаўніка, імя якому - Жыццё. Яе ўрокі нельга паўтарыць, не будзе шанца пераздаць іспыт, не ўсе яе памылкі атрымаецца выправіць, як у школьныя і студэнцкія гады. 

Настае час прафесійнай дзейнасці, якая патрабуе сур'ёзнага і добрасумленнага стаўлення да працы. Таму што няма права на памылку ў педагога і доктара. Людзі давяраюць ім самае галоўнае - дзяцей і здароўе. Недапушчальныя промахі ў дзейнасці юрыстаў і выратавальнікаў, супрацоўнікаў міліцыі і ваенных. У іх руках - лёсы людзей, а таксама мір і парадак у дзяржаве. Работнікі рэальнага сектара забяспечваюць эканамічную бяспеку краіны і дабрабыт суайчыннікаў. Шмат што ў жыцці грамадства залежыць ад прадстаўнікоў СМІ і дзеячоў культуры, якія ўплываюць на светапогляд чалавека, фарміруюць яго эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці. Выступаючы на сусветных арэнах, спартсмены падымаюць не толькі асабісты рэйтынг, але таксама імідж краіны. 

"На практыцы вы ўбачыце, што любая дзейнасць заўжды спалучана з пэўнымі разыкамі. Такое дарослае жыццё - час рашэнняў і дзеянняў, якія абавязваюць пралічваць усе магчымыя наступствы. Гэта і ёсць самастойнасць - тая свабода, да якой так імкнуцца маладыя сэрцы. І яна ідзе рука аб руку з адказнасцю. І гэта нават не мае патрабаванні, а жыцця. Вам вырашаць - ці браць гэты груз з сабой у дарогу, ці пайсці па жыцці ўлегцы. Перакананы, што вашых ведаў, уменняў і характару хопіць, каб зрабіць правільны выбар", - заўважыў беларускі лідар. 

Дагэтуль праца студэнтаў канвертавалася ў адзнакі. Цяпер яна стане залогам дабрабыту, прафесійнага статусу і палажэння ў грамадстве. "Камфортныя стартавыя ўмовы створаны. Пагадзіцеся, для спецыялістаў, якія яшчэ не праявілі сябе ў прафесіі, атрымаць гарантаванае працоўнае месца - гэта высокі давер. Гэта значыць, што дзяржава дае вам першую рэкамендацыю. Далей усё залежыць ад вас", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што многія маладыя людзі мараць быць карыснымі грамадству, але не могуць уладкавацца працаваць нават за невялікія грошы. Таму атрымаць гарантаванае першае працоўнае месца - гэта магчымасць праявіць сябе і замацавацца ў прафесіі.

"Вы - дзеці Беларусі. І калі да натуральнага імкнення дасягнуць вялікіх высот у сваёй кар'еры, палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, у вас дадасца шчырае жаданне быць карысным для Радзімы, то яе будучыня - у надзейных руках. Таму будзьце моцнымі. Верце ў сябе, як я веру ў вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў выпускнікоў усё рабіць своечасова. Жыццё зараз пастаянна паскараецца, і калі адкладзеш справу на заўтра, залянуешся, не заўважыш, як цябе затопчуць. Прытым важна не толькі паскарацца, але і не губляць адчуванне жыцця, жаданне працаваць і рабіць краіну лепш. 

З рук беларускага лідара 22 выпускнікі і выкладчыкі атрымалі Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?