Вы тут

Чаму важна своечасова лячыць астэаартроз


Многія, адчуўшы боль у суставе, адкладваюць візіт да ўрача, спадзеючыся, што «ўсё само пройдзе». Але гэта вялікая памылка, бо калі сустаў пачаў разбурацца, гэты працэс няўхільна працягнецца і, калі яго не спыніць, можа атрымаць сумныя вынікі. Таму чым раней вы пачняце лячэнне, тым больш высокую якасць жыцця сабе забяспечыце.

Астэаартроз называюць яшчэ эпідэміяй пачатку XXІ стагоддзя. І пакутуюць на яго больш за 10 % насельніцтва. Ранішняя скаванасць у суставах, штодзённы боль у рухах — тыповыя, але не самыя страшныя праявы хваробы. Астэаартроз часта з'яўляецца прычынай наступлення інваліднасці. Сярод нашага насельніцтва прафілактыка гэтай немачы не вельмі папулярная. І як паказвае практыка, да ўрача звяртаюцца, калі боль стаў нясцерпным. А гэта, між іншым, сведчыць, што сустаў ужо сур'ёзна пашкоджаны. Пра небяспеку астэаартрозу мы пагутарылі з урачом-тэрапеўтам 11-й гарадской паліклінікі Мінска Юліяй КАЖЭЎНІКАВАЙ.


— Юлія Уладзіміраўна, астэаартроз, артрозаартрыт, дэфармуючы артроз — гэта розныя назвы адной і той жа хваробы?

— Астэаартроз — гэта дэгенератыўнае дыстрафічнае захворванне суставаў. Яго прычынай з'яўляецца паражэнне храстковай тканкі. У аснове гэтых дэгенератыўных дыстрафічных змен ляжыць пашкоджанне храстка з далейшай запаленчай рэакцыяй. Таму часта артроз называюць артрозаартрытам. Паколькі артроз заўсёды звязаны з дэфармацыяй коснай тканкі, яго называюць астэаартрытам або дэфармуючым артрозам.

У захворвання дзве формы — лакалізаваная і генералізаваная. Для лакалізаванай характэрнае паражэнне аднаго пэўнага сустава. Напрыклад, каленнага, тады яно мае назву гонартроз, тазасцегнавога — коксартроз і іншыя. З генералізаванай формай паражаецца некалькі суставаў — каленны, тазасцегнавы, локцевы, гэта поліастэаартроз. Захворванне праяўляе сябе болямі, ранішняй скаванасцю сустава, якая працягваецца не больш за 30 хвілін, абмежаваннем аб'ёму руху, зніжэннем функцыянальных магчымасцяў сустава. Асноўныя прыкметы — балючыя кропкі і шчыльныя зацвярдзенні па краі сустаўнай шчыліны, крэпетацыя (пахрустванні), умераныя прыкметы запалення і абмежаваныя балючыя рухі. Могуць з'яўляцца ацёкі.

— Якія прычыны ў гэтага захворвання?

— Дакладныя прычыны першаснага артрозу не высветлены, другасны астэаартроз можа развіцца пасля траўмы, з-за парушэнняў абменных працэсаў у арганізме, эндакрынных хвароб ці з'яўляецца вынікам дэгенератыўна-некратычнага працэсу. Самыя частыя прычыны, канешне, траўма, дысплазія і запаленне. На другім месцы пасля траўмы — дысплазія. Гэта прыроджаныя асаблівасці, якія суправаджаюцца дрэннай біямеханікай — няправільным рухам сустава ці скарачэннем мышцы, дэфармацыяй сухажылля, косці, звязак. Запаленне таксама дастаткова часта прыводзіць да развіцця другаснага артрозу. Часта астэаартроз з'яўляецца вынікам аўтаімунных хвароб, напрыклад рэўматоіднага артрыту, або інфекцыйнага працэсу (выклікаць яго можа стафілакок ці гнойнае запаленне суставаў). Фактары, якія спрыяюць развіццю хваробы, — сталы ўзрост, астэапароз (павышаная ломкасць касцей з-за недахопу кальцыю), лішняя вага, а ў жанчын яшчэ і парушэнні эндакрыннага балансу ў клімактэрычны перыяд.

— У якім узросце можа ўзнікнуць астэаартроз?

— Часцей на яго пакутуюць пажылыя людзі і тыя, хто да гэтага ўзросту набліжаецца. Але, як паказвае практыка, захворванне сустракаецца і ў 40-гадовых. Важную ролю адыгрываюць фактары рызыкі, пра якія я казала, у прыватнасці лішняя вага, гэта заўсёды вялікая нагрузка на суставы, поўныя людзі з імі часта маюць праблемы.

— Хвароба неяк праяўляе сябе на пачатковых стадыях?

— На першай стадыі можа з'яўляцца ныючы боль, але дэфармацыі, выражаных марфалагічных парушэнняў пакуль няма. Тым не менш змяненні адбываюцца, яны датычацца функцыі сінавіяльнай абалонкі, біяхімічнага складу сінавіяльнай вадкасці, якая жывіць меніскі і храсток сустава. І ўжо ў другой стадыі мы бачым змяненні сустаўнага храстка і меніскаў. Калі на першай стадыі нават мышцы, якія ажыццяўляюць рух сустава, не маюць змен, то на другой назіраецца парушэнне іх функцый. Другая стадыя непазбежна пераходзіць у трэцюю, а гэта ўжо цяжкі артроз. Яго прыкметы — косная дэфармацыя, можа змяніцца вось канечнасці, а галоўнае — востры боль, які, дарэчы, можа непакоіць ужо на другой стадыі. На трэцяй стадыі рухальная актыўнасць рэзка парушаецца. І другая, і трэцяя стадыя можа прывесці да кантрактуры — абмежавання пасіўных рухаў у суставе, гэта такі стан, калі канечнасць не можа быць цалкам сагнутая ці разагнутая ў адным ці некалькіх суставах.

— І калі нават на гэтай стадыі захворванне не лячыць...

— Можа здарыцца поўнае разбурэнне сустава з фарміраваннем анкілозу (нерухомасць у выніку ўтварэння коснага, храстковага або фібрознага зрошчвання сустаўных канцоў). А гэта цяжкае парушэнне функцыі канечнасці. Лячэнне астэаартрозу абавязковае, бо, калі не прымаць мер, хвароба будзе развівацца. На ранніх стадыях захворвання карысныя немедыкаментозныя метады лячэння — лячэбная фізкультура і масаж. Яны паляпшаюць кроваток вакол сустава і спрыяюць яго сілкаванню, а таксама знімаюць спазм мышцаў, які часта назіраецца ў хворых на астэаартроз і прыкметна ўзмацняе боль. Таксама прызначаюцца хондапратэктары, анальгетыкі, нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, каб здымаць ацёчнасць і боль, сасудаўмацавальныя сродкі. У якасці лакальнай тэрапіі для зняцця вострага болю ў поласць сустава робяцца ін'екцыі. Трэба падрыхтавацца да таго, што працэс лячэння доўгі, эфект ад тых жа хондапратэктараў з'яўляецца праз 2,5—3 месяцы.

— Як пазбегнуць гэтага захворвання?

— Своечасова лячыць траўмы, займацца лячэбнай фізкультурай, зніжаць лішнюю вагу цела. Увогуле добрая рухальная актыўнасць павінна быць на працягу ўсяго жыцця. Як паказвае практыка, тыя, хто быў дастаткова актыўны, клапаціўся аб правільным харчаванні і не меў лішняй вагі, пасля 80 гадоў не мае вялікіх праблем з суставамі. Важная і карэкцыя набытай біямеханікі, напрыклад плоскаступнёвасці, выпраўленне траўматычных дэфармацый канечнасцяў.

— Якім павінна быць харчаванне?

— Калі гэта патрабуецца, то харчавацца трэба такім чынам, каб знізіць вагу ці не набіраць яе. Карысныя садавіна, агародніна, кальцый і вітамін Д, а яшчэ лячэбная фізкультура, басейн. Добра, калі ёсць магчымасць атрымаць санаторна-курортнае лячэнне. Таксама ўрач прызначае фізіялячэнне — лазеры, магніты, ультрагук. Часта пацыенты просяць прызначыць толькі магніт, кажуць, што прэпараты не дапамагаюць. Гэта меркаванне памылковае, бо фізіятэрапія — не асноўнае лячэнне, а толькі дадатак. Без супрацьзапаленчых прэпаратаў сустаў працягне разбурацца далей, таму лекавыя сродкі прымаць неабходна. Калі ідзе разбурэнне сустава, а гэта ўжо чацвёртая стадыя хваробы, тады вырашаецца пытанне аб яго замене.

Найлепшы эфект хондапратэктары даюць на ранніх стадыях артрозу. А ў ЗША яны ўвогуле прадаюцца, як у нас вітаміны. Іх раяць прымаць усім людзям, старэйшым за 50 гадоў, незалежна ад таго, ці ёсць у іх праблемы з суставамі. Рэкамендацыі для такой шырокай аўдыторыі тлумачацца проста. Хондапратэктары дазваляюць значна адтэрмінаваць узроставыя змяненні ў храстку і пры гэтым не маюць супрацьпаказанняў (акрамя асабістай непераноснасці). Аснову большасці прэпаратаў складаюць або хандраітын сульфат, або глюказамін, або камбінацыя гэтых рэчываў. Першае атрымліваюць з храсткоў птушкі ці буйной рагатай жывёлы, другое — з панцыраў ракападобных. Яны бяспечныя і дзейнічаюць фізіялагічна.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Эпідэмія XXІ стагоддзя?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.