20 Верасень, чацвер

Вы тут

Невядомыя старонкі вядомай вайны


Быццам ужо і знік кінуты ў возера камень, але нам яшчэ доўга пра яго нагадваюць кругі на вадзе... Столькі гадоў прайшло пасля вайны, але ў памяці сведкаў усё ўсплываюць жудасныя малюнкі. «Забываецца добрае, а дрэннае — голад, катаванні, жах — забыць немагчыма», — заўважаюць былыя вязні. Часам праблемы са здароўем агаляюць старыя раны, і нічога дзіўнага няма ў тым, калі раптам былы вязень Асвенцыма праз столькі дзесяцігоддзяў пасля вайны пачынае хаваць у кішэнях і пад падушкай сырую бульбіну, скарынкі хлеба. Ці бабулі, якую ўжо ногі не трымаюць з-за процьмы хвароб, кожны раз, як яна падае, падаецца, што яе штурхаюць фашысты...

Мы яшчэ многа не ведаем пра вайну і ўсё яшчэ працягваем яе адкрываць у тым ліку і праз расказы людзей, якія бачылі яе на ўласныя вочы. Так было і падчас «Шчырых размоў з былымі вязнямі канцлагераў». Маладыя людзі, што прыйшлі на сустрэчу, арганізаваную грамадскім аб'яднаннем «Узаемаразуменне» і цэнтрам «Жывая бібліятэка», змаглі пачуць гісторыі сведкаў, якія ў дзяцінстве трапілі ў самыя жудасныя месцы.


«За што, мы ж нікога не забівалі?»

Сям'я Ларысы Александрэнкі сустрэла вайну на мяжы. Яе бацька служыў у Брэсцкім пагранатрадзе ў Камянецкім раёне. За паўтара месяца да пачатку Вялікай Айчыннай службоўцы атрымалі прыказ перавезці да сябе сем'і — трэба было паказаць, што ўсё ціха, мірна. Некаторыя жонкі з немаўлятамі на руках прасіліся, каб іх адпусцілі, маўляў, цяжка гадаваць малых без падтрымкі сваякоў, але ім не дазволілі паехаць...

Пасля вайны Ларыса спытае ў маці, што тата казаў у ноч на 22 чэрвеня (калі пачалася Вялікая Айчынная, ёй было толькі тры з паловай гады). Перад тым як пайсці, ён паабяцаў: «Савецкая ўлада вас не пакіне». Больш сям'я яго ўжо не пабачыць... А ў чэрвені 1942 года Ларыса з мамай і старэйшым брацікам апынецца ў яўрэйскім гета ў мястэчку Чарнаўчыцы. Там утрымлівалі каля 300 чалавек неяўрэйскіх нацыянальнасцяў: жанчын, дзяцей, старых. Гэта былі сем'і камандзіраў Чырвонай арміі, партыйных савецкіх работнікаў. Па словах Ларысы Аляксееўны, такіх вязняў называлі «ўсходнікі», «саветкі». Звычайна такіх людзей адразу расстрэльвалі, напрыклад, так было ў Жабінцы. Але і ў Чарнаўчыцах за кратамі ад голаду і хвароб загінулі многія.

— Падышлі падводы, і ў нас забіралі ўсё, — згадвае Ларыса Аляксееўна. — Я памятаю, як мая выхадная дзіцячая сукенка ляціць у агульную кучу, а мама кажа: «Плачце, плачце, можа, хоць што-небудзь пакінуць».

Захаваліся ўспаміны адной з былых вязняў Чарнаўчыц, у якіх жанчына падзялілася, як тады ўспрынялі перасяленне. Калі людзі пабачылі разгромленыя дамы з павыбіванымі вокнамі і дзвярыма (былыя гаспадары — яўрэі, былі знішчаны), дрот і ахову з аўтаматам каля варот, стаяў жудасны плач. Старэйшы брацік Ларысы, якому на той час было шэсць гадоў, закрычаў, заплакаў: «Мамачка, куды ж нас прывезлі? Мы ж нікога не забівалі, не кралі. За што нас садзяць?»

У кожным з такіх дамоў тулілася па некалькі сем'яў.

— У гета мы заставіліся больш за два гады. І хоць я тады была малая, асобныя эпізоды добра памятаю. Пастаянным было пачуццё жаху. Я ўсё чаплялася за маці, імкнулася заўсёды быць з ёй. Зараз дзіўлюся, як нашы мамы гэта вынеслі (дарэчы, там была жанчына і з чатырма малымі). Смяротнасць вялікая, кароста не выводзілася. Памятаю, у дзяцей глісты проста да рота лезлі. На просьбу людзей, што трэба нешта рабіць, бо паміраюць дзеці, паліцаі адказваюць: «Больш памрэ дзяцей, менш камуністаў будзе». Маці казала, што паліцаі тут былі горшыя за немцаў. Яна згадвала, што бачыла, як паліцай прывязаў да веласіпеда яўрэйскую дзяўчынку, хутка ехаў, а тая так бегла за ім, што ў яе пена ішла з рота.

Яўрэяў знішчалі за тэрыторыяй гета. Прыходзілі машыны (так званыя душагубкі), ахвяр раздзявалі, расстрэльвалі, а адзенне і абутак разбірала мясцовае насельніцтва. Ранкам мы заўважалі плямы крыві, а дарослыя часта шапталіся: «Зноў быў расстрэл».

Ларыса добра запомніла дзень, калі іх вызвалілі (28 ліпеня 1944 года). Была чуваць страляніна, зніклі немцы, і толькі паліцаі мітусіліся. Сям'я схавалася ў бур'яне, што вырас пад два метры. Калі ўвайшлі савецкія танкі, радасныя людзі беглі за імі. Ларыса тады нават упала і моцна разбіла локаць...

Тату яна знойдзе толькі ў 2002 годзе, доўгі час яго лічылі зніклым без вестак. Але праз пошукавую службу Чырвонага Крыжа яна даведалася, што бацька пахаваны ў польскім горадзе Гайнаўка ў Польшчы...

«Дамоў хачу!»

Шаснаццацігадовая Наташа пакідала горад са знаёмымі. Яе маці працавала ў абласной газеце ў Львове і да апошняга заставалася ў горадзе. Калектыў эвакуяваўся, калі немцы былі ўжо на ўскрайку. Па дамове маці з дачкой павінны былі сустрэцца ў Нікалаеве. Але дзяўчына трапіла ў Адэсу, і адтуль яна вырашае ісці пешшу 140 кіламетраў да Нікалаева.

— Лютыя маразы 41-га года. Я прайшла і адчуваю, што больш не магу. Села і так бы там і замерзла. Але раптам спынілася машына, мяне падабралі немцы, перавезлі цераз мяжу і даставілі да самага дома, — прыгадвае 94-гадовая Наталля Радчанка.

У Нікалаеве дзяўчына трапіла ў аблаву. Яе схапілі на вуліцы, пасадзілі ў таварняк і павезлі ў размеркавальны лагер у Вуперталі ў Германіі. Сюды па работнікаў прыходзілі прадстаўнікі розных вытворчасцяў. Дзяўчына спрабавала адтуль збегчы дадому, але ў цягніку яе злавілі і адправілі ў штрафны лагер.

— Я працавала са старэнькім немцам. Аднойчы ён загаварыў: «Марушка (мы ўсе ў яго былі Марушкі), там хлеб табе прынёс», — расказвае жанчына. — Пэўны час ён мяне падкормліваў, а неяк запытаўся, чым мог бы яшчэ дапамагчы. Зразумела, я адказала: «Дамоў хачу!» Ён мяне вывеў, прывёз адзежу, набыў білеты і даў грошы, каб я пасля перасела ў іншы цягнік. Але мяне затрымалі і накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук, а пасля гэтага ў Ноенгамэ. Працавала на канвееры, галодная была страшэнна. Вечарам нам давалі кавалак хлеба, яго з'ядалі адразу, а з ранку галодныя ішлі на працу. Я сядзела за канвеерам і думала, каб зараз сказалі: «Накормім, а пасля павесім», — пагадзілася б...

«Дзеткі, не бойцеся. Маці побач»

— Неяк я глядзела кіно пра вайну, дзе ў жанчыны забіралі хлопчыка, так рыдала, — дзеліцца 78-гадовая Галіна Чугаевіч. — Згадала такі ж эпізод: у палонных жанчын немцы адбіралі дзяцей, а маці ўчапілася за мяне. Яе пачалі біць прыкладамі, жорстка. Яна не аддае, пачалі біць мяне, тады маці на мяне ўпала. І тут нейкі немец пабачыў гэта ў акно, нешта сказаў сваім, і нас пакінулі разам. Мама, відаць, не думала, што нас не раздзеляць, і ўсё паўтарала: «Запомні, ты — Галачка Казлова з Мінска».

У 1943 годзе, калі пачаліся масавыя арышты, падпольшчык Казлоў пераправіў жонку і дзвюх дочак у партызанскі атрад. Але праз некаторы час яго сям'я трапіла пад аблаву.

— Пальба, уздыбленыя коні. Людзі кінуліся ўцякаць. А я малая стаю на падвозе і плачу, маці з сястрой кінуліся да мяне і не змаглі збегчы. Немцы нас, палонных, гналі праз балота, праз гаць. Маці аступілася, і яе стала зацягваць багна. Немец зняў аўтамат, каб яе прыстрэліць. Сястра заплакала, кінулася да яго ў ногі, і ён працягнуў аўтамат і выцягнуў маці... Памятаю невялікі абрыўчык. З аднаго боку маці — я, з другога — сястра, а немцы па нас страляюць. Маці разварочвае нас да сябе і кажа: «Дзеткі, не бойцеся, гэта не страшна, вы ж з мамай». Пасля высветлілася, што гэта фашысты так забаўляліся, пужалі... Ведаеце, там ліку дням не было, быў суцэльны жах, — згадвае Галіна Адамаўна. — Мы аказаліся ў Варшаўскім канцлагеры — філіяле Майданэка. Гэта быў новы лагер знішчэння з печамі... Аднойчы нам сказалі, што павядуць мыцца. Жанчынам, у якіх доўгія валасы, састрыглі косы (нядаўна згадвала, што з валасоў рабілі матрацы. Хто ж на іх спаў?). Загадалі раздзецца. Загналі ў нейкае памяшканне з парасончыкамі, па баках — лаўкі з ацынкованымі тазамі, і нам сказалі нацерці рукі і ногі вадкасцю з іх. А пасля выгналі праз другія дзверы, пазней высветлілася: пераблыталі — спачатку павінны былі знішчыць людзей з іншага барака...

У 1989 годзе для былых вязняў, сярод якіх былі і сёстры Казловы, арганізавалі паездку па месцах катавання. І калі ў музеі ў Майданэку жанчыны зайшлі ў такое памяшканне, пацікавіліся, што ж за рэчыва было ў тазах, падобнае на вадкае мыла, і навошта, калі людзей знішчаюць, трэба было ім націрацца. Аказалася, каб лягчэй ка́там было разнімаць целы, што сплятаюцца ў агоніі. «Нам паказалі шчыпцы, якімі расцягвалі мёртвых ахвяр. Здаецца, у 1944 годзе не было так страшна», — заўважае Галіна Адамаўна.

«Лепш бы ён застаўся мастаком»

Яўген Хрол паказвае сваю мініяцюрную відэакамеру: «Відаць, у дзяцінстве не нагуляўся, вось цяпер балуюся. Мне восемдзесят гадоў, але я яшчэ са сваімі ўнукамі ў футбол гуляю...» На сустрэчы мужчына не толькі расказвае сваю гісторыю, але і паспявае здымаць. Між іншым, дакументальныя фільмы пра вайну, зробленыя Яўгенам Аляксеевічам, добра вядомыя многім. Часта ён паказвае іх на сустрэчах у школах, бо ўпэўнены, што часам рэальны малюнак можа ўразіць больш, чым сухія расказы.

— Я быў вязнем аўстрыйскага канцлагера Маўтгаўзен. Сёння некаторыя людзі спецыяльна накіроўваюць дзяцей за мяжу вывучаць мовы. А мы вывучалі іх у канцлагерах, — расказвае Яўген Хрол. — Уявіце дзяцей 4—6 гадоў у турме. Мы былі біялагічным матэрыялам, у нас бралі кроў... Вы ведаеце, што такое печ, падгнілыя буракі з чарвякамі, лушпаі? А мы гэтым харчаваліся... Я выходзіў адтуль — толькі скура ды косці... Часта нас, былых вязняў, запрашаюць выступаць у нямецкіх навучальных установах, і ў тым жа Маўтгаўзене, у школе нават ёсць праграма «Не дай бог, вайна». Я быў у школе, дзе вучыўся Гітлер, бачыў парту, за якой ён сядзеў, я ведаю яго акварэлі (яны нядрэнныя, вартыя ўвагі, з малатка іх прадавалі за вялікія грошы), лепш бы ён застаўся мастаком...

Яўген Хрол можа доўга расказваць не толькі пра малавядомыя факты, звязаныя з канцэнтрацыйным лагерам, — ён меў доступ да архіваў Маўтгаўзена і таксама ў Нацыянальным архіве збіраў інфармацыю пра месцы прымусовага ўтрымання ў Беларусі. Ён звяртае ўвагу, што ў вайну на тэрыторыі нашай сталіцы было дзевяць канцлагераў, у Мінску і Мінскім раёне загінула 400 тысяч чалавек!

— Часам мне задаюць пытанні: «Каму на вайне было горш: людзям у канцлагеры, усходнім рабочым?» Кіньце каменьчык у возера і паглядзіце, якія кругі. Але, калі вы зашпурняце цагліну, усё адно па вадзе пойдуць круглыя хвалі. Вайна — усюды няшчасце, жах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Кругі на вадзе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.