Вы тут

Беларусь адзначыла сваё галоўнае свята


Няхай неба дажджлівае, пахмурнае, шэрае, але галоўнае — мірнае. Кожны наш суайчыннік, які перажыў жахі Вялікай Айчыннай вайны, скажа, што няма большай каштоўнасці, чым гэта — мірнае неба над галавой. Ды і мы, маладыя, не можам не пагадзіцца. Такая памяць, перададзеная праз пакаленні, вучыць цаніць мір, спакой, магчымасць развівацца ў дзяржаве, якая не ўступае ў міжнародныя канфлікты, а, наадварот, выступае пляцоўкай для мірных перагавораў. Дзяржаве, у Дзень Незалежнасці якой мы згадваем подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, дзякуючы якому зараз ёсць магчымасць зрабіць глыбокі ўдых і адчуць радасць, што жывы, што яшчэ ўсё наперадзе...


Учора ў сталіцы адбыўся ваенны парад, а напярэдадні прайшоў урачысты сход, прымеркаваны да галоўнага свята краіны.

«Незалежнасць нашай краіне далася дорага, і за яе беларусы ўжо даўно пераплацілі. Таму мы будзем рабіць усё магчымае, каб захаваць мір не толькі на сваёй зямлі, але і перасцерагчы жыхароў планеты ад паўтарэння страшных урокаў гісторыі, — запэўніў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстага сходу да Дня Незалежнасці. — Усведамляючы сябе неад'емнай часткай Еўропы і постсавецкай прасторы, мы працягваем руку дружбы і супрацоўніцтва ўсім. Беларусь не будзе выбіраць паміж Захадам і Усходам. Наш народ выбірае незалежнасць, мір і партнёрства. Мы выбіраем Беларусь».

Сёння для ўсяго беларускага народа Дзень Незалежнасці — гэта сімвал свабоднага і мірнага жыцця. Беларусы былі адзіныя ў сваім выбары і разам больш за два дзясяткі гадоў таму вызначылі 3 ліпеня — дату вызвалення горада-героя Мінска — галоўным дзяржаўным святам, падкрэсліў Прэзідэнт. У гады Вялікай Айчыннай вайны, у далёкім сорак чацвёртым, бітва за сталіцу нашай Радзімы стала вырашальнай у лёсе народа.

Нашы продкі змаглі, і мы зможам

Продкі беларусаў імкнуліся жыць у дружбе з суседзямі і не імкнуліся захапіць чужое, аднак тэрыторыя нашай краіны стагоддзямі станавілася арэнай ваенных дзеянняў. «У жыцці розных пакаленняў ёсць яркія і натхняльныя прыклады. Ёсць і такія, якія цяжка зразумець і вельмі складана растлумачыць. Але, пэўна, нельга забыць. Гэта — наша мінулае, да ўрокаў якога трэба вяртацца, каб не страціць будучыню. Асабліва, калі гэта мінулае стала для нас сумным вопытам. І абавязкова, калі яно гераічнае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Таму асабліва важна не сказіць, захаваць для нашчадкаў кожны факт з мінуўшчыны. Таму, звяртаючыся да стагоддзяў мінулых, згадваем, якім доўгім і цяжкім быў шлях да атрымання нацыянальнай дзяржаўнасці. Як няпроста беларусам было зберагчы сваю этнічную самабытнасць. «Але нашы продкі змаглі, і гэта стала першым крокам да незалежнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Менавіта тут, на беларускай зямлі, з'явілася першае перадавое сярэднявечнае права, якое лягло ў аснову канстытуцый многіх дзяржаў, былі напісаны і надрукаваны першыя падручнікі і грунтоўныя навуковыя працы. «Нямала вядомых палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, военачальнікаў і навукоўцаў — нашы суайчыннікі. Дзясяткі нацыянальных герояў розных краін — выхадцы з Беларусі. Усе гэтыя факты і людзі, якія ўславілі нашу зямлю, даюць нам права ганарыцца сваім паходжаннем», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці звязана з савецкім перыядам. Амаль стагоддзе таму з нараджэннем БССР Беларусь здабыла законны палітычны і юрыдычны статус. Тады ў краіны з'явілася дзяржаўная сімволіка, былі адкрыты вышэйшыя навучальныя ўстановы, загучала родная мова. «На картах свету былі пазначаны першыя тэрытарыяльныя межы беларускай рэспублікі, якія ледзь не сцерлі з твару зямлі гітлераўскія акупанты», — сказаў беларускі лідар.

Разам з братамі

У гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі самастойнасць і суверэнітэт дзяржавы, але і само права беларускага народа на існаванне было пастаўлена пад пагрозу. І калі зірнуць без ілюзій на падзеі тых гадоў, славяне былі асуджаныя на знішчэнне, як і іншыя народы Савецкага Саюза. «Менавіта таму плячо ў плячо яны змагаліся з фашызмам да апошняга ўздыху. За сваю зямлю і свой род аддавалі жыццё. Просты і зразумелы лозунг «За Радзіму» ўздымаў з акопаў, вёў у бой мужчын, жанчын і нават дзяцей. Нашы продкі не проста выжылі. У саюзе з іншымі народамі перамаглі, паказалі прыклад зруйнавальнай сілы адзінства і згуртаванасці нацый. Здзейснілі Вялікі Подзвіг і працягвалі яго здзяйсняць у цяжкі пасляваенны перыяд», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь уздымалі з руін і попелу людзі, якія прыехалі да нас жыць і працаваць з самых розных куткоў Савецкага Саюза. Многія з іх стварылі ў Беларусі сем'і, пабудавалі дамы, знайшлі тут другую Радзіму, ураслі ў гэтую зямлю каранямі новага радавога дрэва пасляваеннага пакалення. Усё гэта звязала кроўнымі вузамі наш народ з народамі СССР. Менавіта таму словазлучэнне «брацкія народы» для беларусаў — не пусты гук. «Гэта славянскае адзінства ніколі і нікому не ўдасца разарваць і перамагчы!» — заявіў Прэзідэнт.

Пераможцы былымі не бываюць

У гераічным мінулым нашых дзядоў і прадзедаў праявіліся воля, мужнасць, смеласць і сапраўдны патрыятызм беларускага народа. Таму, памятаючы, чые мы спадчыннікі, усведамляем і памятаем, хто мы. Разумеем, якія сілы і магчымасці закладзены ў наш генетычны код. Таму абавязаны захаваць родную зямлю мірнай і свабоднай. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ўнутраны духоўны патэнцыял народа Беларусі велізарны. Гэта ён дапамог беларусам і ў сучаснай гісторыі, калі без войнаў і кровапраліццяў была створана незалежная дзяржава, нягледзячы на цяжкія наступствы пераломнага перыяду.

«Мы паднялі эканоміку пасля перабудоўчага заняпаду, прайшлі выпрабаванні сусветнымі крызісамі, загартаваліся і пераканаліся ў правільным выбары галоўных прынцыпаў беларускай дзяржавы — сумленнасці, справядлівасці, роўнасці правоў і магчымасцяў. Наша гісторыя яшчэ раз пацвердзіла, што пераможцы былымі не бываюць. Трэба толькі памятаць пра гэта і верыць у сябе. Наша незалежнасць — перш за ўсё ў свядомасці кожнага», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь сёння — гэта ўсе тыя, хто ствараў сучасную гісторыю краіны. Народ, які заўсёды жыў у міжнацыянальнай і міжканфесійнай згодзе. Не толькі захаваў самабытнасць, гісторыю і культуру продкаў, але і сфарміраваўся як этнас. Куды б ні цягнуліся нашы родавыя карані, якую б веру ні вызнавалі, мы — дзеці беларускай зямлі. Мы можам па-рознаму ацэньваць вопыт мінулага, але глядзім у адным кірунку, разам ствараючы сваю будучыню. Гэта адзінства дапамагае падтрымліваць бяспека, якая застаецца вырашальным аргументам супраць любога ўмяшання ва ўнутраны ўклад жыцця краіны. «І пакуль мы разам, мы з'яўляемся сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі», — адзначыў беларускі лідар.

Ніводнага канфлікту за спінай

Беларусь за чвэрць стагоддзя карэнным чынам змяніла сваё становішча ў свеце, і сёння наш голас гучыць на міжнародных пляцоўках, наша краіна стала правадніком бяспекі і стабільнасці ў цэнтры Еўропы. Мы не стварылі ні аднаго ўзброенага інцыдэнту, не справакавалі ніводнага міжнароднага супрацьстаяння. «І ў гэтым наша палітыка застанецца нязменнай», — запэўніў Прэзідэнт.

Пры гэтым кірунак для дзяржавы застаецца тым жа: Беларусь — дзяржава для народа. Усё, што мы стварылі, ствараем і будзем увасабляць у жыццё, служыць гэтай мэце, перакананы Аляксандр Лукашэнка. У нашай краіны нямала дасягненняў: мы не толькі гарантавалі харчовую бяспеку, але і сталі ў адзін шэраг з сусветнымі экспарцёрамі сельгаспрадукцыі. Удалося захаваць флагманы беларускай прамысловасці і стварыць новыя. «Будуем АЭС, гарантуючы энергетычную бяспеку краіны. Ушчыльную наблізіліся да лічбавай трансфармацыі эканомікі, разумеючы, што ў сучасным свеце інакш немагчыма», — дадаў беларускі лідар.

«Нам трэба будзе яшчэ шмат зрабіць у сферы абароны свайго інфармацыйнага поля. Гэта адна з найважнейшых умоў унутранай стабільнасці, а значыць, і незалежнасці, — сказаў ён. — Свет «без межаў», але часам і без маральных прынцыпаў шмат у чым фарміруюць сёння папулярныя крыніцы навін — інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, месенджары і іншае. Людзі, якія заблудзілі ў Сусветным павуцінні, якія дазволілі маніпуляваць сваёй свядомасцю, перастаюць быць свабоднымі».

Па словах кіраўніка дзяржавы, на прыкладах асобных краін можна ўбачыць, як дэмантаж дзяржаў пачынаецца з хаосу ў галовах грамадзян, з ігнаравання закону, з адмовы ад агульначалавечых нормаў жыцця. «Сфабрыкаваныя навіны, ілжывыя арыенціры сталі галоўнай і дзейснай зброяй сучаснасці. Што мы гатовыя супрацьпаставіць гэтаму? У першую чаргу — свае каштоўнасці, сваю праўду, гісторыю свайго народа, вопыт і мудрасць, якія мы здабылі за час развіцця і станаўлення беларускай дзяржаўнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Самы важны дзень

Нягледзячы на надвор'е, настрой у людзей у гэтыя дні прыўзняты. Мы пацікавіліся ў жыхароў і гасцей сталіцы, што для іх значыць Дзень Незалежнасці.

У свята Незалежнасці нашай краіны памяць і пашана — ветэранам Вялікай Айчыннай. У Яніны Бычэнкі бацька прайшоў усю вайну і дайшоў Кёнігсберга (сучасны Калінінград), а яна нарадзілася ўжо ў пасляваенны час, у 1949 годзе. «Памятаю, як па хлеб хадзілі за 5-6 кіламетраў, стаялі суткамі ў чарзе... Адна булка на дзень — на ўсю сям'ю, у якой шасцёра дзяцей», — расказвае яна. І пра выпрабаванні тых гадоў, і пра расказы бацькі стараецца лішні раз не ўспамінаць, затое па-асабліваму цэніць свята 3 ліпеня. «Гэта не толькі для мяне, але і для ўсёй краіны — важны дзень. Вядома, такую вайну перажыць!» — дзеліцца жанчына. На яе думку, самае лепшае, што мы можам зараз зрабіць для краіны, — аддавацца сваёй справе. Сама Яніна Бычэнка — ветэран працы, больш за 40 гадоў працавала спачатку ў праектным інстытуце, пасля і на прыватным прадпрыемстве, зараз на заслужаным адпачынку.

А для Уладзіміра Уракопула, які ўсё працоўнае жыццё аддаў ваеннай службе, 3 ліпеня — двайное свята. Учора яму споўнілася 83 гады. «Так што ў мяне ўдвая больш нагод для святкавання, — усміхаецца ён. — Увогуле, ведаеце, чым наша пакаленне адрозніваецца ад сучаснага? Мы ў маладосці перш за ўсё думалі пра Радзіму, а ўжо пасля пра сябе. Таму і перамаглі ў Вялікую Айчынную. Па гэтым прынцыпе я служыў і жыў. Хочацца, каб яго пераняла і наша сённяшняя моладзь», — спадзяецца ён. Хоць сам Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся не ў Беларусі, а ў Расіі, для яго наша краіна стала блізкая не толькі геаграфічна, але і па духу, прызнаецца ён.

Са святам павіншаваў краіну і старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў генерал-маёр Аляксей Адоньеў: «Я, як і ўсе ветэраны, сустракаю Дзень Незалежнасці з душэўным уздымам. Ішоў на свята, глядзеў вакол і думаў: як расквітнела наша краіна, якая прыгожая наша сталіца. Сапраўднае свята! Хочацца ўсім — і кіраўніцтву дзяржавы, і дарагім маім суайчыннікам — пажадаць здароўя, шчасця, поспехаў. А ветэранам — моцнага здароўя. Вялікая ім падзяка за той уклад, які яны ўнеслі і ў Перамогу, і ў тое, што Беларусь стала незалежнай краінай».

* * *

У парадзе, які адбыўся ўчора каля стэлы «Мінск — горад-герой», былі задзейнічаны больш за 4 тысячы вайскоўцаў і 250 адзінак баявой тэхнікі, было прадстаўлена 19 пешых і 23 механізаваныя парадныя разлікі. Упершыню ў парадным страі прайшлі жанчыны-вайскоўцы злучэнняў і воінскіх часцей беларускай арміі і зводны разлік кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і кадэцкіх карпусоў, разлік ваеннаслужачых Народна-вызваленчай арміі Кітая. Традыцыйна ў парадзе прынялі ўдзел вайскоўцы з Расіі.

Адразу пасля парада гледачы ўбачылі масавае тэатралізаванае прадстаўленне «Мой родны кут». У яго фінале плошчу запоўнілі дзеці ў адзенні з назвамі ўсіх гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу Беларусі як увасабленне будучыні малой радзімы. У неба выпусцілі тысячу паветраных шароў у форме сэрца ў колерах дзяржаўнага сцяга, адначасова ў паветра падняўся аэрастат у форме сэрца з надпісам «Мая Радзіма».

Завяршыў святочную праграму 3 ліпеня гала-канцэрт на пляцоўцы каля стэлы «Мінск — горад-герой», кульмінацыяй якога сталі акцыя «Праспяваем гімн разам» і святочны салют.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Мы выбіраем Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».