Вы тут

Салодкі смак лета


У чэрвені першую ягаду ў рот кладуць, а другую дамоў нясуць, кажуць у народзе. І сапраўды, гэты месяц быў шчодры на ягады: духмяныя клубніцы радавалі нас сваім смакам і танным коштам, і хутка ператварыліся ў прыгожыя слоічкі з салодкім варэннем... Тым не менш, за гэтымі прыемнымі клопатамі і турботамі мы не забыліся на праблемы ратавання нашай роднай беларускай прыроды, і, перш за ўсё, вады.

Праблема вялікіх і малых рэк Беларусі вядомая даўно. Прадпрыемствы, раскіданыя па краіне, жыллёва-камунальныя службы ў велізарнай колькасці скідаюць у іх сцёкавыя вады. Туды ж трапляюць мінеральныя ўгнаенні і сродкі для барацьбы са шкоднікамі з сельскагаспадарчых палёў. Як жа вызначыць узровень забруджвання вады ў рацэ? Як часта неабходна праводзіць маніторынг водных аб’ектаў? Гэтая інфармацыя вельмі важная не толькі для бяспекі людзей, але і для вызначэння неабходнага спосабу ачысткі. У гэтым выпуску мы звярнулі асаблівую ўвагу на маніторынг басейна ракі Нёман. Чытайце пра гэта на першых старонках часопіса (“Барацьба за чыстую ваду”).

Мы не абышлі ўвагай і праблему захавання ўласных відаў раслін і жывёл. Сёння пра тое, што біялагічную разнастайнасць неабходна захоўваць, кажуць досыць шмат. Гэтае пытанне вырашаецца не толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні. І пакуль навукоўцы і эколагі змагаюцца з інвазіўнымі відамі, ствараюць рэзервовыя фонды раслін і экалагічную сетку, простаму чалавеку не заўсёды зразумела, навошта гэта трэба. Між тым, ад жывых арганізмаў, якія жывуць на нашай планеце, залежыць не толькі прыродны экалагічны баланс, але і матэрыяльны дабрабыт кожнага. Як жа захаваць біялагічную разнастайнасць? Аб гэтым разважае Кацярына Цітова ў сваім матэрыяле.

Жывёлы часта трапляюць у бяду, як ратаваць дзікіх жывёл правільна, і ці працуе гэта сістэма?

Такім пытаннем задаўся наш карэспандэнт, у чарговы раз убачыўшы пост у інтэрнэце пра выратаванне лебедзя пад Мінскам. Здаецца, даволі часта ініцыятыва зыходзіць ад неабыякавых мінакоў, якія ў выніку і возяць жывёлу ці птушку па ветэрынарах. Але зразумела, што спадзявацца на выпадак і добрае сэрца не заўсёды надзейна. Калі знаходзіцца параненая жывёла, у дзяржаўных установах ёсць пэўны парадак дзеянняў па яе выратаванні. Надзея Анісовіч аглядзела, як гэта працуе на практыцы (“Першая дапамога для крылатых і чатырохногіх”).

Працягваючы тэму інвазіўных відаў, можна дакладна сцвярджаць, што адным з самых небяспечных відаў, якія праніклі на тэрыторыю Беларусі, лічыцца каларадскі жук. Штогод "дзейнасць" гэтага лістажэра прыводзіць да сур’ёзных эканамічных выдаткаў, паколькі істотна памяншае ўраджай бульбы. Гэты від-чужаніца будзе ўключаны ў новую рэдакцыю "Чорнай кнігі інвазіўных відаў жывёл Беларусі". Шмат цікавага і невядомага раскрыюць Алег Сінчук, асістэнт кафедры заалогіі, малодшы навуковы супрацоўнік НДЛ прыкладных праблем біялогіі біялагічнага факультэта БДУ і Кацярына Грышчук, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ нак старонках нашага часопіса (“Каларадская пагроза”).

Агульнавядома, што без ежы чалавек здольны выжыць месяц, без вады – тыдзень, а без паветра – усяго 5 хвілін. Менавіта таму паветра з’яўляецца асноўным паказчыкам забруджвання навакольнага асяроддзя. Сёння для даследчыкаў, зацікаўленых у вымярэнні атмасферных выпадзенняў цяжкіх металаў, стала даступнай альтэрнатыўная методыка, простая і недарагая ў параўнанні з іншымі, больш працаёмкімі, метадамі аналізу канцэнтрацыі металаў у ападках. Практыка паказала, што шчыльнае покрыва з розных паверхневых імхоў – эфектыўная "пастка" металаў у ападках і аэразольных часціцах. Адной з галоўных пераваг вывучэння выкідаў цяжкіх металаў з выкарыстаннем імхоў з’яўляецца тая акалічнасць, што імхі назапашваюць металы ў канцэнтрацыях, якія нашмат перавышаюць канцэнтрацыі ў паветры і ападках. Забруджванне ўзораў пры іх зборы і аналізе адносна невялікае, і збор можа быць праведзены простымі метадамі. Менавіта гэты спосаб дазволіў з 1990 года арганізаваць шчыльную сетку біяманіторынга па ўсёй Еўропе. (“Імхі-біяманіторы”, Вольга Пралюк).

Ці ведаеце вы, што з ліпеня 2013 года беларускія сіноптыкі пачалі выкарыстоўваць спецыяльныя каляровыя коды для характарыстыкі надвор'я? Што яны абазначаюць, і як камунальныя спецслужбы і абывацелі рэагуюць на паведамленні аб тым ці іншым колеры небяспекі, распавёў начальнік службы метэапрагнозаў Белгідрамета Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі. (Ксенія Вярбіцкая, “Колер небяспекі”).

У Копысі адкрыўся цэнтр па абыходжанні з небяспечнымі рэчывамі.

Як ачысціць глебу і ваду ад хімікатаў, чым замяніць звыклыя ўгнаенні і мыйныя сродкі, чаму нельга спальваць смецце? Гэтымі і іншымі пытаннямі зоймуцца юнакі і дзяўчаты копыскага дзіцячага саду-сярэдняй школы Аршанскага раёна, дзякуючы інфармацыйнаму цэнтру па абыходжанню з небяспечнымі хімікатамі і ўстойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі, які адкрыўся ў пасёлку Копысь на базе мясцовай школы ў Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. (“Барацьбе з хімікатамі даць "зялёнае святло", Кацярына Цітова).

У сваёй пастаяннай рубрыцы Маша Зялёная кажа «не» аднаразовым бутэлькам. Нядаўна яна даведалася, што летам людзі смецяць больш, чым звычайна, бо п’юць шмат вады ў пластыкавых бутэльках. Штогод у цёплы перыяд перапрацоўваецца каля 2,5 млн такіх бутэлек.

Толькі ўявіце: калі скласці іх у кучу, то яна будзе роўная з Нацыянальнай бібліятэкай (а яе вышыня 73,6 м). Аднак самае сумнае, што на звалкі трапляе каля 200 падобных “бібліятэк”. Вы спытаеце: а што рабіць, піць жа хочацца? Маша, як заўсёды, падкажа экалагічную альтэрнатыву. На гэты раз – аднаразовым пластыкавым бутэлькам.

У дадатку “Юны натураліст” улюбёная рубрыка многіх школьнікаў “Экамайстэрня” пазнаёміць з... музыкай ветру! "Музыка ветру" – гэта падвеска са званочкамі або металічнымі трубачкамі, якія меладычна звіняць, кранаючы адзін аднаго. Ва ўсходняй практыцы фэншуй лічыцца, што такое прыстасаванне дабратворна ўплывае на энергію жылля. Але нават калі вы не верыце ні ў якія энергетычныя патокі, то "музыка ветру", зробленая сваімі рукамі, вам абавязкова спадабаецца, бо на чысціню нашай планеты яна дакладна паўплывае станоўча. Можна выкарыстоўваць старыя штучкі, якім наўрад ці знайшлося б прымяненне дзесьці яшчэ. А ў выніку мы атрымаем стыльны выраб для ўпрыгожвання саду, дзе ён будзе гойдацца на ветры і радаваць слых тонкім перазвонам. Вера Кюленен, супрацоўнік дзіцячай навуковай студыі "Экалабараторыя" раскажа і пакажа, як зрабіць музыку прыгожай не толькі на слых, але і на вока і на дотык...

Вольга Пралюк

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.