Вы тут

Модны прыгавор


«А гэта хто ў кароткай маечцы? Я, Вань, гэткую ж хачу. У канцы квартала — праўда, Вань, — і ты мне гэткую ж зваргань...» — спяваў некалі Высоцкі. Знаёмая «мелодыя», праўда? Колькі часу прайшло, а нічога ж не змянілася. Больш за тое, гучыць яна ўжо не толькі ў канцы квартала, а круглы год. («— Я гляджу, ты новае футра ў мужа выпрасіла? — Так, але так выпрошвала, што па адчуваннях, як быццам зарабіла».) Але, вядома, найбольш настойліва такія словы чуюцца, калі надыходзіць лета. («— Дарагая, ты ў мяне цэлы месяц выпрошвала туфлі «як у Ленкі». Я табе іх купіў. Чаму не носіш? — Таму што ў Ленкі гэткія самыя!») І гучыць гэтая «мелодыя» як прыгавор. У сэнсе, што як прысуд. («Калі жонка спытала цябе «ты мяне кахаеш?», памятай, што станоўчы адказ — платны».) І ў сэнсе, што як прымаўка, «баявая мантра» сучаснай прыгажуні. («Жаночая шкала забяспечанасці. 1. Можна дазволіць сабе сумачку. 2. Можна дазволіць сабе сумачку пад колер сукенкі. 3. Можна дазволіць сабе сумачку пад колер машыны. 4. Можна дазволіць сабе машыну пад колер сумачкі».)


З мужыкамі ў гэтым сэнсе прасцей, тут модныя навінкі не з'яўляюцца і не мільгацяць з хуткасцю баліда на трасе. («— Мне няма чаго насіць! — Пятровіч, адчапіся! Зараз прыйдзе яшчэ адна машына з цэментам, будзеш насіць!») Можна хіба толькі прыгадаць адзін з галоўных трэндаў апошніх гадоў — падкасванне штаноў. Манжэты па-ранейшаму закасваюць і хіпстары, і знакамітасці. («Цырульнік: — Як будзем стрыгчыся? Кліент: — Я падкасваю штаны. Цырульнік: — Ні слова больш!») Ну, дык тое і добра, што мода для мужчын дастаткова кансерватыўная, — не жанчыны ж. («На дзень нараджэння ўсе дзяўчаты прыйшлі ўбраныя і прыгожыя. Хлопцы — як звычайна. З гэтага вынікае: мужчыны заўсёды ўбраныя і прыгожыя».)

А вось што датычыцца жанчын, тут індустрыя моды заўсёды знаходзіць сваіх ахвяр, падаграваючы цікавасць прыгожай паловы чалавецтва да чарговых навінак, кожны год здзіўляючы і заманьваючы новымі трэндамі. («Гардэроб для жанчыны — гэта лякарства. А на здароўі эканоміць нельга!») Што там летась на піку папулярнасці было? «Валасатыя» купальнікі? Джынсы, якія расшпільваліся ўздоўж на дзве калашыны? Прыгадаеш — здрыганешся. Гэта я пра мужчын, прыгажунь тым не напалохаць. Яны, як і мода, дамы капрызлівыя. («Жаночая народная мудрасць: чаго не помню — таго не было».) А часам шкада... Гэты сезон таксама абяцае быць гарачым. («— Ало, гэта крама? А ў вас тканіны вясёленькіх расфарбовак ёсць? — Ёсць. Прыязджайце, абрагочацеся!»)

У Нью-Ёрку яшчэ ўвесну вядомы брэнд адзення прадставіў сваю калекцыю сукенак на летні сезон. Гардэроб практычна цалкам складаецца з сукенак і касцюмаў, упрыгожаных дзіўным дэкорам у выглядзе... жаночых палавых органаў. Форму гэтай жа часткі чалавечага цела нагадваюць каўняры некаторых строяў. Уяўляеце сабе гэта відовішча? («Знакамітая топ-мадэль выйшла замуж за пісьменніка. Так у жыццё ўвасобілася ўсім вядомая фраза «пятая кропка» з ручкамі».) Спадзяюся, гэткае на нашых вуліцах мы не ўбачым...

На дзіва шмат навінак для прыгожай паловы чалавецтва, звязаных са штанамі. Напрыклад, парыжскі брэнд выпусціў жаночыя джынсы, пры нашэнні якіх палова гузікаў павінна быць... расшпілена. Сінія мехаватыя штаны з завышанай таліяй маюць дадатковы пояс і зашпільваюцца толькі на адзін верхні гузік. Астатнія, размешчаныя ніжэй, застаюцца незашпіленымі. Такім чынам частка штаноў, якая злучае пояс з клубамі, свабодна правісае. («Спачатку я доўга разглядваў, што гэта за павязка ў яе на галаве. Падышоў бліжэй, аказалася — бровы».) Праўда, пакупніцы могуць насіць джынсы і больш звыклым спосабам, падцягнуўшы вышэй таліі і зашпіліўшыся цалкам. Але так будзе зусім не цікава?

Яшчэ адзін вытворца прапанаваў дзяўчатам насіць «паўголыя» джынсы. Каб стварыць такую мадэль, дызайнеры разрэзалі іх збоку і ўставілі празрыстую сетку, якая нагадвае калготкі. («Самае лепшае ўпрыгажэнне дзяўчыны — сціпласць і празрыстая сукенка».) Такія асіметрычныя штаны дазваляюць дзяўчатам прадэманстраваць бакавую частку нагі ад «пятай кропкі» да шчыкалаткі. («Добрыя зубы — выдатны кардаш'ян».)

А нядаўна амерыканскі брэнд-вытворца прадставіў джынсы з экстрэмальнымі выразамі. Ну, каб вы разумелі... Пры іх нашэнні ногі застаюцца цалкам аголенымі, бо пярэдняя і задняя паверхні штаноў... адсутнічаюць. («Што гэта за пагроза: «Глядзі ў мяне!» Сам у сябе глядзі!») Дызайнеры пакінулі толькі верхнюю частку джынсаў з поясам, гузікам, маланкай і кішэнямі (ну куды ж без іх?), а таксама абрысы штанін — бакавыя швы і тонкія палоскі тканіны на каленях. («— Унучачка, я тваімі вяровачкамі агуркі ў агародзе падвязала. — Бабуля, гэта стрынгі!»)

На сайце адной амерыканскай інтэрнэт-крамы з'явілася калекцыя сподняй бялізны ў стылі а-ля прынцэса з мультфільма. Прадукцыя пры гэтым выглядае цалкам па-даросламу. Ужо ёсць шэсць камплектаў, на падыходзе яшчэ чатыры. Уяўляеце сабе Беласнежку ў карункавых стрынгах ці Злую Каралеву з таго ж мульта? («— Вовачка, хто напісаў «Русалачку»? — Ну... Андэрсан. — А імя? — Памэла, падаецца...») Мара для тых, хто хацеў трапіць у казку. Праўда, у некаторых гэтая бялізна выклікае абурэнне. Але мода — яна такая...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.