Вы тут

Ганна Бяляева: Ад сцэны атрымліваю задавальненне


«Выпадковасці ў маім жыцці не выпадковыя!» Актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева ідзе па жыцці менавіта з такім дэвізам. Наша сустрэча адбылася ў яго сценах, таму атмасфера была не проста ўтульнай, а па-сапраўднаму творчай. Зрэшты, як і сама наша гераіня — дыпламант міжнароднага конкурсу, артыстка-вакалістка і не толькі...


— Вы нарадзіліся не ў Беларусі? Як трапілі сюды?

— Я з Туркменіі, з горада Небід-Даг, што ў перакладзе азначае «нафтавая гара». У Беларусь мая сям'я пераехала, калі мне было пяць гадоў. Прыехалі сюды, бо тут былі карані па бацькавай лініі. Жыць вырашылі ў Гомелі, дзе я вучылася ў гімназіі № 56 і ў каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Пасля яго заканчэння пераехала ў Мінск, паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і ўжо тут «пусціла свае карані».

— Памятаеце сваё першае выступленне?

— Яно было ў дзесяць гадоў на навагоднім ранішніку на рабоце ў таты. Удзвюх з сястрой мы спелі песеньку пра Снягурку, якую чулі дома на пласцінцы. У нас заўсёды гучалі розныя песні і аўдыяказкі, якія і развілі мой музычны слых і творчую фантазію. На тым навагоднім ранішніку мяне пачула дзяўчына, якая параіла пайсці ў гурток харавых спеваў у гомельскі Палац піянераў. Так выпадковы чалавек паўплываў на мой далейшы лёс.

— А калі зразумелі, што душа ляжыць да творчасціі?

— Кіраўніком харавога калектыву была Людміла Міхайлаўна Бартноўская, яна і разгледзела мой талент, стаўшы першым настаўнікам спеваў і музыкі. За год да заканчэння школы Людміла Міхайлаўна спытала, куды я буду паступаць. Адказала словамі сваіх бацькоў — у медыцынскі, бо яны бачылі мяне стаматолагам. А я ж была паслухмянай старэйшай дачкой і лічыла, што гэта нядрэнная прафесія, нават не разумеючы, падабаецца яна мне ці не. Але Людміла Міхайлаўна, упэўненая ў тым, што мне трэба спяваць, прапанавала сустрэцца з педагогам па вакале ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Гэтая сустрэча і словы прафесійнага педагога па вакале Ніны Віктараўны Урублеўскай «Дзіцятка, з такім голасам вы павінны спяваць!» перавярнулі мой свет. Увесь вечар праплакала, разумеючы, што стаматолагам я быць не хачу.

— А як бацькі адрэагавалі на гэтае рашэнне?

— Былі моцна здзіўленыя. Тата, з уласцівым яму сур'ёзным выразам твару, сказаў: «Дачушка, гэта балота, у якім я табе не дапамагу». Але мяне падтрымала мама! Зараз я ўжо сама стала мамай і разумею, як гэта важна для дзіцяці — падтрымка бацькоў...

— Пасля каледжа вы працягнулі вучобу...

— Хацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. Спачатку паступала ў піцерскую кансерваторыю, але праходзіла толькі на платнае навучанне. У нас шматдзетная сям'я, я была старэйшая, таму разумела, як бацькам будзе цяжка фінансава. Забрала дакументы і даведку аб тым, што здала экзамены, і прыехала ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Толькі іспыты тут ужо прайшлі і групы былі набраныя. Але падтрымка і настойлівасць маёй мамы дапамаглі мне. Яна прыйшла на прыём да рэктара і растлумачыла ўсю сітуацыю. Тады рэктарам быў Міхаіл Антонавіч Казінец, ён сабраў педагогаў па вакале, мяне праслухалі і прынялі на падрыхтоўчае аддзяленне, дзе я правучылася два гады, а потым былі пяць гадоў асноўнай вучобы. Вучылася ў класе заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, прафесара Людмілы Якаўлеўны Колас.

— Як пачалі працаваць у тэатры?

— Выпадкова пачула ад дзяўчатак, што яны ідуць на праслухоўванне ў харавы калектыў музычнага тэатра, пайшла з імі за кампанію. І мяне... узялі. Спачатку я працавала ў харавой трупе тэатра. Ужо праз два гады праспявала і выканала сваю першую сольную ролю ў рок-оперы-балеце «Арфей і Эўрыдыка», пасля выходзіла ў некаторых спектаклях дзеючага
рэпертуару, а затым мяне перавялі ў цэх салістаў.

— Якія творчыя конкурсы вам запомніліся?

— Мой першы прафесійны — гэта Нацыянальны конкурс імя С. Манюшкі. Ён праходзіў у Чэрвені. Было хвалююча, але вакол былі знаёмыя твары — студэнты, педагогі — і я змагла сканцэнтравацца на сваім выкананні.

Другі конкурс, у якім удзельнічала, — конкурс рускага раманса «Рамансіяда» ў Маскве. Дапамагалі да яго рыхтавацца народная артыстка Наталля Віктараўна Гайда і канцэртмайстар Ірына Зайдас. Там усё было незнаёмае, у журы — артысты, якіх бачыла толькі па тэлевізары: Слічэнка, Баянава, Праабражэнская ды іншыя, таму хвалявалася я моцна. Але, дзякуючы выдатнаму канцэртмайстру, яго непараўнальнаму музычнаму суправаджэнню і залатым словам «хопіць старацца і спяваць па нотах, атрымлівай задавальненне і адчувай музыку», хваляванне знікла, а засталося пачуццё неймавернага задавальнення ад таго, што ты выконваеш і што ўсё гэта адбываецца менавіта з табой!

— Акрамя тэатра яшчэ дзе-небудзь задзейнічаны?

— Як творчага чалавека мяне прыцягваюць да розных праектаў з цікавымі людзьмі, і многія з іх становяцца маімі вялікімі сябрамі.

Так, выпадкова пазнаёмілася з выдатнай піяністкай і канцэртмайстрам Юліяй Перэу, з якой выступіла ў «Белай гасцёўні» палаца Румянцавых і Паскевічаў з сольным канцэртам «Натхненне душы». У полацкім Сафійскім саборы мы прадстаўлялі монаспектакль-канцэрт «У душы маёй...». Пры ўдзеле Юлі таксама адбылося шмат канцэртаў з песнямі на кітайскай мове.

З артыстам музычнага тэатра Дзянісам Нямцовым і гітарыстам Віталём Дубовікам арганізавалі канцэрт-спектакль «У душы маёй...» у Белай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў пры падтрымцы музычнага дома «Галерэя» і яго арганізатара Яўгена Глебава.

Вельмі цікавай і наватарскай была праца з рэжысёрам Ганнай Маторнай у операх «Дыдона і Эней» і «Юбілей». Супрацоўніцтва наша працягваецца да гэтага часу, бо Ганна з'яўляецца рэжысёрам Музычнага тэатра.

Таксама ўжо шмат гадоў я супрацоўнічаю і выступаю ў канцэртах з беларускім кампазітарам Ганнай Кароткінай. Пазнаёміліся мы зноў жа выпадкова: хтосьці не змог праспяваць у яе канцэрце, і запрасілі мяне. Дзякуючы ёй я пасябравала з арганісткай Сафійскага сабора Ксеніяй Пагарэлавай. Разам мы выступалі ў Беларусі і ў Чэхіі з праграмай духоўнай музыкі. Таксама праз Ганну пазнаёмілася і супрацоўнічала з народным артыстам, савецкім і беларускім кампазітарам Ігарам Міхайлавічам Лучанком.

На адным з выступленняў з Ганнай Кароткінай сустрэлася з кіраўніком канфедэрацыі творчых дзеячаў Ігарам Мікалаевічам Бабаком. На жаль, гэтага чалавека ўжо няма... Але дзякуючы яму я пазнаёмілася з кітайскімі мастакамі, атрымала магчымасць вывучаць кітайскую мову і песні, двойчы наведала Паднябесную з унікальным сольным праектам.

— Музыка для вас — гэта праца?

— Я атрымліваю вялікае задавальненне, выступаючы на сцэне, таму такая праца для мяне толькі ў радасць. Але, нягледзячы на гэта, любы выхад на сцэну — не шпацыр, а выдатак фізічных, духоўных і эмацыянальных сіл. У той жа час важнай часткай майго жыцця з'яўляюцца сям'я, дом, дзе я па-сапраўднаму каханая і патрэбная!

— Як лічыце, ужо ўсяго дасягнулі ў жыцці?

(Смяецца) Магчымасцям чалавека няма мяжы. Я працягваю працаваць і ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі. Акрамя таго, вырашыла пашырыць свае веды: паступіла і ўжо скончыла магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, вучылася на «псіхалогіі». У мяне яшчэ шмат нерэалізаваных мэт, і я імкнуся да іх дасягнення!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка І курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».