Вы тут

Што рабіць, калі ў вас аэрафобія


Статыстыка сцвярджае, што самалёт — самы бяспечны від транспарту. Аднак некаторыя адмаўляюцца ў гэта верыць: для аэрафобаў кожны пералёт становіцца моцным стрэсам. Маладыя людзі згадзіліся расказаць пра сваю боязь «нябесных падарожжаў».


Фота: shutterstock.com

Дар'я Драздовіч, 21 год, рэдактар дзіцячага часопіса «Выдатнік»:

— Зразумела, што ў мяне аэрафобія, калі яшчэ падлеткам упершыню паляцела на самалёце ў Егіпет. Як толькі пачаўся рух па ўзлётнай паласе, мне зрабілася некамфортна. Да таго ж у мяне слабыя сасуды, таму ўвесь палёт нешта быццам ціснула на галаву. Было вельмі непрыемна ўсведамляць, што я знаходжуся на такой вышыні. Пасля пасадкі хацелася цалаваць зямлю і страшна было глядзець у неба. З таго моманту больш не лятала і ў найбліжэйшы час не планую. Сябры і блізкія ставяцца да маёй аэрафобіі скептычна, лічаць, быццам я сама сабе нешта надумала, а фізічныя недамаганні на вышыні — толькі самаўнушэнне. Я не сумняваюся, што самалёт, сапраўды, самы бяспечны від транспарту. Але акрамя свядомасці ёсць падсвядомасць. На паветраны від транспарту я пагаджуся толькі ў самай крытычнай сітуацыі.

Аляксандр Судзілоўскі, студэнт ІV курса Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва:

— Адчуваю дыскамфорт, калі знаходжуся на вялікай вышыні. Для мяне паглядзець уніз з балкона пятага паверха — ужо выпрабаванне. Аднак з-за работы мне даводзіцца лятаць на самалёце некалькі разоў на год. Чакаючы свой рэйс, вельмі хвалююся, нават узнікаюць думкі адмяніць паездку. Але ў рэшце рэшт пераадольваю сябе і падымаюся на борт. Падчас палёту імкнуся перанакіраваць увагу, каб не думаць пра тое, што знаходжуся ў небе. Звычайна адкрываю ноўтбук і выконваю работу, якая патрабуе максімальнай сканцэнтраванасці. Часам справіцца са страхам дапамагаюць размовы з іншымі пасажырамі. Дарэчы, мой тата таксама не пераносіць пералётаў.

Дар'я Вараб'ёва, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ:

— У дзяцінстве баялася, што падчас узлёту і пасадкі мяне будзе вельмі моцна ўціскаць у сядзенне. Цяпер, канешне, мой галоўны страх — гэта магчымая авіякатастрофа. Боязь палёту асабліва ўзмацняецца, калі даведваешся пра падобныя падзеі ў СМІ. Аднойчы бацькі вырашылі мяне разыграць і сказалі, што праз тыдзень мы паляцім на мора на самалёце. Я так спалохалася, што зачынілася ў сваім пакоі і плакала, пакуль мама не прызналася, што гэта быў жарт. Дарэчы, аднойчы з-за аэрафобіі я нават адмовілася ад падарожжа ў Іспанію. Магчыма, калі-небудзь пераадолець страх дапаможа каханы чалавек, які падчас палёту будзе моцна трымаць мяне за руку. Спадзяюся, неўзабаве я яго сустрэну, і мы разам адправімся ў Аўстралію.

«Як жа пераадолець аэрафобію?» — з гэтым пытаннем мы звярнуліся да псіхолага Марыны Сасніной:

— Перш за ўсё варта выявіць яе прычыну. Гэта могуць быць калісьці перажытая стрэсавая сітуацыя, працяглая дэпрэсія або іншыя тыпы расстройстваў. Таксама ўплываюць генетычная схільнасць, спадчынныя асаблівасці нервовай сістэмы. Ёсць меркаванне, што страх могуць адчуваць уражлівыя людзі, якія ўвесь час фіксуюцца на негатыўных падзеях. Боязь можа праяўляцца ў комплексе з іншымі фобіямі, напрыклад акрафобіяй (боязь вышыні). Звычайна аэрафобія ўзнікае ў моладзі, але яна можа развіцца ў любога чалавека падчас частых пералётаў.

Вось некаторыя парады ад псіхолага, якія дапамогуць пераадолець страх:

  • • самаўнушэнне: трэба пераканаць сябе, што ўсё будзе добра, што наперадзе цэлае жыццё і ў яго на вас ёсць добрыя планы;
  • • дыхальная гімнастыка: у момант моцнага страху пачынайце лічыць, выдыхаючы ротам і ўдыхаючы носам паветра;
  • • падбярыце сабе цікавы занятак падчас пералёту: паслухайце музыку, паглядзіце фільм, пазнаёмцеся са спадарожнікам і правядзіце час у займальнай гутарцы;
  • • калі ёсць магчымасць, набывайце месцы бліжэй да носа самалёта, там ніжэйшы ўзровень шуму, што не так нервуе падчас палёту;
  • • дазвольце сабе з'есці што-небудзь салодкае, гэта павышае ўзровень цукру ў крыві і супакойвае нервовую сістэму.

Аднак для поўнага пераадолення аэрафобіі лепш звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, бо сімптомы выяўляюцца як на фізічным, так і на псіхалагічным узроўні, а карані страхаў могуць знаходзіцца глыбока, і патрабуецца некаторы час для вырашэння гэтай праблемы.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Страх палётаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?