Вы тут

Больш як 150 спартыўна-патрыятычных лагераў будуць працаваць летам


Больш як 150 спартыўна-патрыятычных лагераў, якія ахопяць 10 тысяч падлеткаў, будуць працаваць у нашай краіне падчас летніх канікул. Іх дзейнасць на базе воінскіх часцей арганізуецца па шэрагу напрамкаў: спартыўна-тэхнічным, фізкультурна-спартыўным, ваенна-патрыятычным, абаронна-спартыўным і іншых.


Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Як расказаў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір МАКАРАЎ, усяго за апошнія дзесяць гадоў праз ваенна-патрыятычныя лагеры прайшлі больш як 120 тысяч беларускіх падлеткаў. Сумеснымі намаганнямі міністэрстваў абароны, адукацыі, БРСМ і Беларускага саюза афіцэраў штогод для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца рэспубліканскі злёт абаронна-спартыўнага профілю, праводзіцца гульня «Зарніца». На базе злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл праходзяць таксама спартыўна-патрыятычныя гульні «Бастыёны мужнасці» і «Арляня». Рэгулярна ў воінскіх часцях практыкуюцца дні адкрытых дзвярэй, дні прызыўніка і ўрокі мужнасці.

На папулярызацыю армейскай службы сярод школьнікаў скіраваны сайт «Дзецям аб арміі» — у яго 100 тысяч унікальных наведвальнікаў у год. Сёлета сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі быў праведзены конкурс, прысвечаны 100-годдзю Узброеных Сіл, у якім прынялі ўдзел амаль дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчатак. Журы ацаніла больш як тысячу малюнкаў, каля 350 апавяданняў і 600 вершаў. Цікава, што сярод прызёраў і пераможцаў былі не толькі старшакласнікі, але і навучэнцы пачатковай школы, а самай юнай удзельніцы конкурсу споўнілася толькі сем гадоў.

У 2017 годзе Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам абароны і іншымі зацікаўленымі ведамствамі актуалізавала змест вучэбнай дысцыпліны «Дапрызыўная падрыхтоўка». У прыватнасці, цяпер прадугледжваецца вывучэнне старшакласнікамі сучаснай ваеннай палітычнай абстаноўкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь. Але галоўнае — патрыятычнае выхаванне і маральна-псіхалагічная гатоўнасць юнакоў да ваеннай службы. Зараз рыхтуецца новы вучэбны дапаможнік па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

У мэтах павышэння матывацыі да ваеннай службы і прафарыентацыі ўсе навучэнцы замацаваныя за воінскімі часцямі, установамі вышэйшай ваеннай адукацыі і арганізацыямі Узброеных Сіл. У найбліжэйшы час плануецца стварэнне рэспубліканскага метадычнага аб'яднання кіраўнікоў цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі з прыцягненнем да яго работы прадстаўнікоў Міністэрства абароны. Запланавана перадача ва ўстановы адукацыі і цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі макетаў зброі АК-74, тапаграфічных картаў, камплектаў агульнавайсковых статутаў Узброеных Сіл. Распрацоўваецца пытанне наладжвання ўзаемадзеяння цэнтраў з рэгіянальнымі арганізацыямі ДТСААФ па выкарыстанні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы для правядзення вучэбных заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Усяго ў краіне дзейнічае каля 30 спецыялізаваных цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, восем з іх — у Мінску.

Разам з тым, як канстатуе Уладзімір Макараў, у маладзёжным асяродку адбываецца прагматызацыя каштоўнасных арыенціраў. Калі ў 1967 годзе на вяршыні рэйтынга прафесій знаходзіліся касманаўты і ваенныя, то цяпер — праграмісты, урачы і бізнесмены. У мінулым годзе Цэнтрам псіхалагічных і сацыялагічных даследаванняў галоўнага ваеннага ведамства праводзілася даследаванне сярод выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў і маладых людзей, якія былі прызваны на службу ў армію. Яно паказала, што прафесія ваеннага знаходзіцца толькі на 11-м месцы ў рэйтынгу. Разам з тым у якасці кантрольнай групы ўзялі ваенна-патрыятычны клас, які функцыянуе ў бабруйскай СШ № 27. Высветлілася, што там амаль сто працэнтаў навучэнцаў маюць намер паступаць у навучальныя ўстановы сілавых ведамстваў.

Як зазначыў Уладзімір Макараў, у Беларусі самая вялікая колькасць падстаў для атрымання адтэрміноўкі ад службы ва Узброеных Сілах:

— Нам кажуць, што трэба зрабіць так, каб педагог-мужчына, які ідзе працаваць у сістэму адукацыі, меў ільготу і не служыў у арміі. Але я лічу, што жанчына-педагог, якая выхоўвае ў сваіх вучнях павагу да арміі, прынясе ў шмат разоў больш карысці, чым мужчына, які спецыяльна ідзе ў педагагічную ВНУ, каб не служыць у арміі. Так, школе насамрэч патрабуюцца педагогі-мужчыны, але ў класы да вучняў павінен прыйсці мужчына — абаронца Айчыны. Ці, напрыклад, прапануюць вызваляць ад тэрміновай вайсковай службы работнікаў аграпрамысловага комплексу. Маўляў, пасля арміі яны ўжо не жадаюць вяртацца на свае рабочыя месцы. Але, прабачце, ці армія вінаватая ў тым, што ў іх адсутнічае матывацыя для вяртання? Можа, трэба рабіць так, як гэта робіцца ў іншых краінах: спачатку маладыя людзі выконваюць перад радзімай свой воінскі абавязак, а ўжо потым ім даюцца льготы: па атрыманні адукацыі ці, напрыклад, па працаўладкаванні на дзяржслужбе... У Ізраілі абавязковая для ўсіх (і хлопцаў, і дзяўчат) служба ў арміі нікому яшчэ не перашкодзіла зрабіць кар'еру ў бізнесе, у навуцы, у культуры...

Між іншым, зараз у беларускай арміі служаць па кантракце пяць тысяч жанчын. І дзяўчаты зусім не супраць атрымання вышэйшай ваеннай адукацыі. Вось толькі месцы для іх выдзяляюцца рэдка і ў зусім невялікай колькасці. Дзяўчаты паступаюць у Ваенную акадэмію па асобным конкурсе і спаборнічаюць не з юнакамі, а паміж сабой. Прахадныя балы на месцы, што выдзяляюцца для асоб жаночага полу, могуць удвая і нават больш перавышаць прахадныя балы ў хлопцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Адслужыць як трэба дапамагае дапрызыўная падрыхтоўка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.