Вы тут

Вадзім Крук. Апошняе сонца


Крук Вадзім Анатольевіч нарадзіўся 15 снежня 1987 года ў горадзе Кохтла-Ярве, Эстонія. Скончыў факультэт тэлекамунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (2011).

Працуе вядучым інжэнерам лабараторыі выпрабаванняў сродкаў інфармацыйнай бяспекі ЗАА НТЦ «Кантакт».

Друкаваўся ў часопісе «Маладосць».


…Шчыльны нябесны кілім, які ўсю ноч хаваў ад людзей зоры і месяц, урэшце з’ехаў за далягляд, каб накрыць сабой другую палову Сусвету. І сонца, якое спачатку грукнулася ў гэты бетонны покрыў, разбілася і расцяклося па ім крывавым морам, нарэшце паказалася над горадам. Яно промнямі прабегла па дахах прыватных дамкоў, пакратала вокны ў кватэрах і нарадзіла цені.

Чалавек, які, здаецца, адзіны на ўвесь раённы цэнтр назіраў за такой складанай перамогай святла над цемрай у сваім аўто, уздыхнуў, сцепануўся і пацёр рукі — ноч была халоднай, дарма, што на дварэ ліпень. Гэта быў трыццацічатырохгадовы мужчына з чорнымі густымі калянымі валасамі, рымскім профілем і ненатуральна чырвонымі тонкімі вуснамі. Звалі яго Міхалам.

Ён не спаў усю ноч і таму адчуваў, як ягоныя вочы адказваюць рэззю на кожны рух павекаў. Толькі спаць не прыходзіцца, калі хочаш падзарабіць прыватным чынам, асабліва калі заробак незаконны. Зарабіць жа ў ноч на нядзелю, калі мясцовы працоўны і тусовачны люд пацягнуўся да бараў і клубаў, а тутэйшых таксістаў не хапае.

Міхал заплюшчыў і расплюшчыў вочы, каб адагнаць ад сябе сон, і дастаў цыгарэту. Трэба было сабрацца, прывесці да ладу думкі, якія ад стомы стварылі ў галаве штосьці падобнае на пчаліны рой і ніяк не маглі звязацца ў паслядоўны ланцужок мыслення. З асалодай зацягнуўся і адразу выхапіў з рою думак некалькі: «Ехаць дахаты і спаць! Хопіць на сёння. Усіх грошай не заробіш, як ні старайся».

Выкінуў недакурак, завёў машыну і крануўся. Але праз некалькі паваротаў каля чыгуначнага вакзала ўбачыў, як ад аўтобуснага прыпынку да дарогі хапатліва рушылі два чалавекі. Першы бугаяваты, кароткастрыжаны, высокі. Другі нізкі, але жылісты, з цёмным пакетам у руках.

Нізкі ўскінуў руку і характэрным жэстам запрасіў машыну спыніцца. Міхал прытармазіў за прыпынкам, апусціў шкло і пачаў чакаць, назіраючы ў люстэрка задняга віду, як хлопцы подбегам шыбавалі да аўто.

— Здарова, — нізкі схіліўся да адкрытага акна і ўсміхнуўся кіроўцы.

— Зда-а-ро-оў, — ляніва пазяхнуў той.

— Возіш?

Міхал адказваў, не гледзячы на суразмоўцу, — інстынктыўна назіраў у бакавое люстэрка за бугаем, які перамінаўся з нагі на нагу каля задніх дзвярэй машыны:

— Калі вам трэба, важу.

— То падкінь.

— Куды?

— У Колбавічы.

— Дык гэта ж за горад, кіламетраў з пятнаццаць ехаць.

Міхал скрывіўся, як уявіў пра яшчэ, лічы, гадзіну ў машыне: пакуль туды, там шукай хату, потым едзь назад. Гадзіну не гадзіну, але хвілін сорак дакладна выйдзе. Падумаў: «Можа, не ехаць? Ну яго, і так падзарабіў за ноч… Дома гарбаткі б цеплай папіць… Але ж і незвычайнае сёння сонца, страшнае…Чырвонае… Крывавае...»

— Ну дык што, едзем? — абудзіла кіроўцу пытанне.

— Залежыць ад сумы.

— А колькі будзе?

— Трыццаць, — Міхал вырашыў, што калі губляць сон, то не за так.

— Штосьці да-да-да храна, — адгукнуўся, заікаючыся, бугай.

— Хлопцы, я і так ноч без сну. Калі паедзем, то за трыццаць. А калі не, дык бывайце.

Ён пачаў зашпільваць рэмень бяспекі, але той, што веў перамовы, уздыхнуў:

— Хай сабе, паехалі!

— Грошы наперад.

Кліент пагадзіўся і з нейкай хіжай усмешкай палез у кішэню. Міхал тым часам дацягнуўся і адчыніў заднія дзверцы. Расселіся. Бугай кінуў сумку на сядзенне за месцам кіроўцы, а сам цяжка ўваліўся пасярэдзіне, каб было зручна глядзець праз лабавое шкло. Нізкі сеў побач з кіроўцам, працягнуў грошы і жалезным голасам загадаў: «Ну то паехалі».

«Відаць, раззлаваўся, што шмат плаціць давядзецца, — заспакойваў сябе Міхал — Можа, яно і так. Неяк нават няёмка. Зашмат узяў. Але ж маглі не плаціць, калі падумаць. Я не прымушаў. Паехаў бы сабе дахаты, у цёплы ложак. А так… Пагадзіўся плаціць, а потым хмыкае». Так і пераканаў сабе, што ўсе добра, прагнаў прэч згрызоты сумлення.

Ехалі моўчкі. Звычайна Міхал спрабуе гутарыць з кліентамі, але гэтым разам не хацелася. Нават не прадставіўся. Ды і хлопцы нейкія нешматслоўныя, напружаныя. Вокны былі закрытыя, таму Міхал амаль адразу адчуў пах алкаголю. Сталі трохі зразумелымі такія няветлівыя паводзіны пасажыраў: не кожны ў гуморы, калі вып’е.

Выехалі за горад. За пару кіламетраў ад павароту на Колбавічы пасажыры ўстрывожыліся.

— Там пе-пе-пе-рад павароткай аўтобусны п-прыпынак. Стань там, — сказащ бугай.

Міхалу спыняцца не хацелася: хучэй бы давезці і дахаты. Ён паспрабаваў запярэчыць ветліва, але цвёрда:

— Нашто? Там ехаць яшчэ кіламетраў пяць-сем.

— С-спыніся кажу! Гарэліца п-паветрам падыхаць хо-хоча. Бо будзеш с-сам салон чысціць, к-калі што.

Міхал гучна ўздыхнуў і працадзіў:

— Добра. Але на пару хвілін.

Сталі на невялікай пясчанай пляцоўцы на ўзбочыне.

— Давайце хуценька — і паедзем, — Міхал адшпіліў рэмень бяспекі і аб’вяў, расцекся ў сядзенні.

І тут у адказ грукнула, рассякло маланкай паветра:

— Ты — не паедзеш! У цябе канцавы прыпынак, правальвай.

Ад такой нечаканай нахабнасці Міхал разгубіўся, і адразу зразумеў, што адбываецца. Розум яшчэ не дапяў, але ў падсвядомасці, на ўзроўні пачуццяў, усе было ясна. Сэрца паляцела ў бездань — чорную і вусцішную — а адтуль пачаў уздымацца ліпкі страх. Міхал зірнуў на суседа вачыма, якія на імгненне ператварыліся ў вочы антылопы, калі тая заўважае кракадзіла ў нільскай вадзе, апусціўшы ў раку морду. Хаця ён не быў баязліўцам, не быў слабаком, аднак на гэтае страшнае імгненне штосьці зламалася ўнутры. А што трэба было рабіць: біць, уцякаць, дамаўляцца?

Ён паспеў толькі вымавіць вялае «давайце без жартаў, мужыкі» перад тым, як наважыўся бараніцца. Сціснуў кулакі, але не паспеў узняць рук, як сцямнела ў вачах. Ягоную галаву хістанула ўбок, цела павяло, і ён ілбом цюкнуўся ў руль. Гэта напомніў пра сябе другі кліент. Бугай скеміў, што таксіст надумаў супраціўляцца, і таму дзейнічаў рашуча і без разваг. Ягоны цяжкі кулак праляцеў каменным ядром між пярэдніх сядзенняў і патрапіў акурат у Міхалу ў сківіцу.

Удар быў магутным. Міхал пачуў як стукае сэрца. «Бум-бум-бум!» — яно панеслася кудысьці, як ашалелае. Ноздры хлопца расшырыліся, ад злосці рыпнулі зубы. ён рэзка ўскінуў галаву і адначасова нязручна — замінаў руль — але на ўсю сілу ўдарыў у накірунку суседавай галавы. Аднак удар не дапяў мэты, бо моцная рука ззаду паспела абхапіць Міхала за горла і прыціснуць да падгалоўніка. Міхал паспрабаваў вызваліцца, адарваць ад сябе гэтую руку, якая пітонам сціскала шыю, аднак атрымаў пад дых. Дыханне перахапіла. А тут і другая рука ззаду легла далонню на Міхалаў лоб і канчаткова зафіксавала небараку ў сядзенні, закрыла пры гэтым яму яшчэ і агляд, пагрузіўшы кіроўцу ў цемру…

Няшчаснага апанаваў нават не страх, а паніка. Паспрабаваў крычаць, ды марна: горла сціснулі так, што ледзьве дыхаў. Таму замест крыку атрымаўся прыглушаны хрып ды нейкае бульканне. Пачаў хаатычна махаць рукамі, біць ва ўсе бакі з надзеяй патрапіць бандытам у твар, драпаць пазногцямі такія дужыя, нібы не чалавечыя рукі-абцугі. Жах, злосць, шкадаванне сябе, нежаданне паверыць у тое, што ўсе адбываецца па-сапраўднаму — эмоцыі сыпаліся на Міхала. Эмоцыі і ўдары ў тулава, па рэбрах, па жываце.

— Ва-валер, тваю маць, вы-выключ-чай яго! Ён мне ўсе рукі абдзёр.

— А я што раблю, …ць, — вылаяўся той, што сядзеў справа.

Шоргат пакета, удар — і раптам Міхал адчуў пякучы боль у падрабрынні. Такі моцны, што сілы імгненна пакінулі яго, цела ахапіла слабасць, бязвольнасць. Яшчэ ўдар, ізноў боль, і разуменне, што гэта нож, гэта — смерць. «Чаму я, чаму гэта не сон? Не веру! За што?..» — сілы засталіся толькі на думкі і жаласлівы, працяглы стогн. Міхал сутаргавата скалануўся ды пачаў абмякаць. Павольна заплюшчыліся вочы.

У галаве паўстала карціна: кватэра, кухня, прыгожая маладая жанчына завіхаецца каля пліты, а на крэсле за сталом сядзіць чарнявы, адзін у адзін Міхал, пяцігадовы хлопчык. Жонка і сын.

Бугай нарэшце адпусціў ахвяру, і Міхал з’ехаў, заваліўся на дзверы. Ён яшчэ дыхаў і чуў.

— Ты н-нахалеру яго п-падрэзаў?

— А што было рабіць? — паціснуў плячыма забойца, выціраючы нож. — Чаго ён тапырыцца пачаў? Сказалі адваліць — адвалі і будзеш цэлы.

— Вы-выклікаў бы м-мянтоў, — задумліва адзначыў бугай.

— Тым больш. А калёсы нам патрэбныя. Таму, Пашуня, давай. Трэба хуценька звальваць.

Валер выскачыў з машыны і далёка ў поле выкінуў абцёрты ад крыві ды адбіткаў пальцаў нож, абабег машыну і адчыніў дзверцы з боку кіроўцы. Міхал верхняй паловай тулава глуха гупнуўся на зямлю, а нагамі застаўся ў салоне. Тым часам з машыны выйшаў і Павел. Злачынцы разам адцягнулі Міхала за прыдарожны хмыз у поле.

— Ё-Ён яшчэ ж-жывы? — пачухаў патыліцу Павел-бугай.

— Хрэн яго ведае. А-а-а, грошы, — забойца пляснуў сабе па ілбе і хуценька прыняўся абшукваць кішэні кіроўцы ды бурчэць сабе пад нос: — Бач, які сквалыга. Яшчэ трыццаць зарадзіў за такую дарогу. Падлюка.

Выцягнуў грошы і радасна пакруціў імі перад кампаньёнам. Але той не ацаніў святочнасці моманту, раздражнёна адмахнуўся:

— Ай, н-няма часу. П-паехалі.

Міхал чуў, як аддаліліся крокі, грукнулі дзверы і раўнуў матор ягонай машыны, а потым — спакой! Шаргаталі лісцем, пагойдваліся на ветры прыдарожныя таполі, палявыя птушкі срэбным вадаспадам галасоў залівалі наваколле, ды дзесьці, відаць, у Колбавічах, натужліва сіліўся, бурчэў трактар.

Ён прыўзняў павекі і ўбачыў агромністае чырвонае вока на небе —міжвольнага сведку злачынства, сваё апошняе сонца.

 

* * *

Некалькімі тыднямі раней на шырокім двары-паркоўцы таксапарка, што ляжаў паміж адміністрацыйным будынкам з уязной брамай з аднаго боку і гаражамі-боксамі з супрацьлеглага, а з двух астатніх бакоў быў абнесены бетонным плотам, адбывалася пакуль яшчэ маўклівае супрацьстаянне.

Перад высокім, упрыгожаным абапал стройнымі калонамі-туямі, ганкам адміністрацыі стаяла чалавек пад шэсцьдзясят мужчын-таксістаў. Са сцятымі вуснамі, напружаныя, яны раз-пораз перакідваліся між сабой рэдкімі словамі і з нядобрым прыжмурам глядзелі на ганак, дзе невялікай купкай у шэсць-сем чалавек стаялі іхнія начальнікі. Тыя, у сваю чаргу, абводзілі натоўп позіркамі, у якіх праскоквалі ледзь заўважныя нахабства і самаўпэўненасць. Дуэль маўчання цягнулася некалькі хвілін, пакуль з ганка не азваўся невысокі і мажны, як вялізная вінная бочка, мужчына ў кашулі з кароткімі рукавамі. Кіраўнік. Ён выбухнуў рашуча, быццам стрэліў па натоўпе з гарматы:

— Ну-у-у? І доўга будзеце стаяць, як школьнікі ля бардэля? Калі вырашылі ладзіць сход, дык пачынайце тлумачыць, у чым справа.

Натоўп зашаптаўся.

— Ну-у-у? — наступаў кіраўнік, адчуўшы сваю моц.

З натоўпу пачуўся ўпэўнены голас:

— Ты, Сцяпан, гхм-гхм, Пятровіч, не раві, як лось па згубленых рогах. Не ў лесе. Калі сабраліся, даведаецеся, чаму. Без дай прычыны не збіраліся б.

— Хто там такі смелы? — Сцяпан Пятровіч нахмурыў кусцістыя бровы.

Людзі расступіліся, і наперад выйшаў пажылы ўжо чалавек. Падцягнуты, сівы, са светла-блакітнымі вачыма.

— Здарова, Пятровіч. Як справы? — усміхнуўся ён кіраўніку, а потым павярнуўся і хітравата падміргнуў грамадзе.

— А-а-а. Іван Мікалаевіч. Хто б сумняваўся. Знайшоўся воўк у авечым статку, — Сцяпан Пятровіч засмяяўся свайму жарту.

Засмяялася і ягоная світа.

— А цяпер, Ваня, давай па справе. Пажартавалі і хопіць. Ты, я бачу, завадатар...

— Не завадатар, а прадстаўнік — запярэчыў Іван Мікалаевіч.

— Хай і так, — махнуў рукой кіраўнік. — Чаго хочаце?

— Тарыфы трэба падвышаць на перавозку. Хутка сабе ў страту вазіць будзем. І так ледзьве хапае на рамонты і паліва.

Грамада ўрэшце асмялела. Узняўся гул, падобны на стогн марскіх хваляў, што б’юцца аб камяністае ўзбярэжжа, і на ганак упалі кроплі-папрокі:

— Жэрці што!?

— Падаткі аддавай, вам абаненцкую плаці!

— Транспартны збор два разы плацім!

— Колькі гадоў па старых тарыфах возім!

Сцяпан Пятровіч чакаў. Слухаў. Слізгаў позіркам па людзях, каб паспець ухапіць таго, хто крычыць гучней. Іван Мікалаевіч моўчкі, з усмешкаю, глядзеў Сцяпану ў твар. Аднак шум паціху згасаў. Людзі вызваліліся ад цяжару незадаволенасці і хацелі пачуць, што прапануе таксапарк у асобе Сцяпана Пятровіча. Таму Іван Мікалаевіч, калі зразумеў, што больш ніхто нічога не скажа, працягнуў дыялог:

— Сам бачыш, Сцяпан Пятровіч, трэба штосьці рабіць. Далей так немагчыма.

Сцяпан Пятровіч не адказаў адразу. Пачухаў жывот, пазяхнуў, патрос галавою і басавіта прамовіў:

— Бачу… Не сляпы. Але бачу і тое, што вы бачыць не хочаце. На колькі за апошні год кліентаў паменела? Вам што, адным жыць цяжка? Уздымеш тарыф — ніхто да вас увогуле ў машыну не сядзе. Будзеце адзін аднаго катаць. Таму, мужыкі, не дурыце галавы. Разыходзьцеся!

Ізноў пачаў нарастаць незадаволены гул, аднак напароўся на гучнае Іванава «Ці-і-і-і-ха!», і натоўп сціх, як прысаромлены настаўнікам вучань.

— А мы не тое, каб просім, Сцяпан, — не спыняўся прадстаўнік грамады. — Мы — патрабуем! Вы ўздымайце, а праблемы з кліентамі — наша справа. Нікуды кліенты не дзенуцца.

— Я ж сказаў — не! Таму ты хоць патрабуй, хоць не патрабуй. Тым больш, што гэта так проста не робіцца.

— Глядзі, Сцяпан Пятровіч, атрымаеш тады, — голас Івана Мікалаевіча станавіўся ўсе больш сталёвым.

— Што гэта я атрымаю? — пытанне ледзь прасачылася скрозь сціснутыя Сцяпанавыя зубы.

— Забастоўку, Сцяпан.

Словы гэтыя цяжкай хмарай павіслі над таксапаркам, над галовамі людзей. Але Сцяпан Пятровіч засмяяўся. Ды не шчыра, а неяк нервова. Быццам смехам гэтым хацеў прыхаваць раз’юшанасць, выйграць час, каб не нагаварыць неабдуманых рэчаў. Світа ж ягоная ад слова «забастоўка» пабялела, нібы зайцы-белякі ўвосень.

— Ваня, колькі гадоў цябе ведаю: дваццаць пяць, трыццаць? Не мяняешся… Не хочаш запомніць, што калі я сказаў, як будзе, то так яно і будзе, — кіраўнік пачаў надзімацца, пачырванеў і раптам загрымеў: — Усім кажу, не дурыце! Дагуляецеся! Сядзеце без кліентаў з голымі азадкамі, дык праз пару тыдняў ізноў будзеце тут стаяць, прасіцца на працу!

— Не хочаш, значыцца? — Іван працягваў наступаць на начальніка. — Заўтра ніхто не выйдзе на лінію. Пабачым, колькі часу пройдзе, як вам людзі пачнуць пытанні задаваць, чаму гэта ўвечары дахаты не даехаць.

І тут жа звярнуўся да калег:

— Так, хлопцы?

— Та-а-а-ак! — зашумелі тыя ўпэўнена.

Толькі сапраўднай упэўненасці было не ў кожнага. Некаторыя азіраліся, паглядалі адзін на аднаго, шукалі маральнай падтрымкі. Але крычалі ўсе. Бо калі разам, дружна, то і страшнае слова «забастоўка» не так палохае.

Крычаў і Міхал. Ён стаяў бліжэй да боксаў і далей ад начальства. Крычаў хоць і гучна, ды няшчырасць усмешкі выдавала ягоныя сумненні.

— Глядзі, Сцяпан Пятровіч. Калі яшчэ людзі на такую калатнечу былі здольныя? Зразумей, няма куды дзявацца! Канец! Вілы!

Сцяпан пакрывіўся, як ад кіслага яблыка, уздыхнуў.

— Разумею, Іван. Аднак і ты зразумей. Усе зразумейце! Тарыфы — не мая вотчына. Не я вырашаю, а там, — ён шырока раскрыў вочы і ткнуў некалькі разоў указальным пальцам у неба.

Зроблена гэта было так важна, быццам гэтае «там» знаходзіцца дзесьці побач з боскім Алімпам. Праўда, людзей такія жэсты не ўразілі. Ізноў зашумелі, пачало даносіцца сям-там «а нам што рабіць?», «дык вырашай там!», «заўседы я не я».

— Вось і будзе вам наша забастоўка ў дапамогу, — раіў Іван Мікалаевіч, — каб «там», — тут ён іранічна падміргнуў і, перадражняючы Сцяпана, узняў палец, — былі больш згодлівымі. Таму ад заўтра ніхто людзей не возіць. Так, мужыкі?

— Т-а-а-к!

— Ну вось і прагаласавалі. Разыходзімся! Бывай, Сцяпан Пятровіч. Калі што вырашыце, то сувязь — праз мяне.

— Эх ты, Іван, Іван. Давай, будзь здароў, — Сцяпан Пятровіч махнуў рукой і рэзка павярнуўся да дзвярэй.

Людзі пачалі разыходзіцца. Хто да машын, хто па кабінетах. Некаторыя яшчэ засталіся на пляцоўцы: перакурыць, абмеркаваць, як усё прайшло.

Ужо на лесвіцы ў будынку галоўны інжынер, хударлявы, з чорнымі вусікамі, у акулярах, нерашуча прамовіў:

— Відаць, трэба будзе прасіць, каб далі згоду падвысіць тарыфы. Згасім тады забастоўку.

— Ты што, Яўген Іванавіч, ачмурэў? — ажно таргануўся ад здзіўлення кіраўнік, які правільна зразумеў гэтыя словы за першую спробу абмеркаваць сітуацыю. — Не ведаеш, якім будзе адказ? То я раскажу табе, што будзе пасля такой просьбы. Спачатку нас разгоняць за тое, што развялі тут бардак, і прышлюць сваіх людзей у адміністрацыю. Потым папруць з дзясятак самых актыўных дурняў-рэвалюцыянераў. Астатнія пабягуць на працу.

— Дык што рабіць? — разгублена развеў рукамі галоўны інжынер.

— Па-першае, будзем маўчаць. А як наверсе дазнаюцца пра забастоўку, то будзем дакладваць, што сітуацыя пад кантролем, што адміністрацыя цвёрда стаіць на сваіх пазіцыях. Паўстанцы… Хай сабе паўстаюць. Пабачым, што ім жонкі скажуць праз тыдзень-два, калі ў краму не будзе з чым пайсці. Тады палова з іх пойдзе ў бамбілы1, і ніякія гараджане нічога не заўважаць. Ім пляваць, каму плаціць. А другая палова, з чэсных, прыйдзе прасіцца назад, бо ўбачыць, што іх план праваліўся праз штрэйкбрэхераў. Рэвалюцыя, Яўген Іванавіч, задушыць сама сябе.

 

1 Бамбіла — нелегальны перавозчык.

 

— А калі не атрымаецца?

— Тады будзем здавацца наверх, няхай там вырашаюць, што далей рабіць. Урэшце не хвалюйся, Яўген, атрымаецца. Хіба я людзей не ведаю? Пажыў троху, нагледзеўся.

 

* * *

…Міхал сядзеў у светлай, прасторнай, на сучасны лад адрамантаванай кухні. Перад ім на стале стаяў кубак астылай ужо кавы, а сам ён пустымі вачыма ўтаропіўся ў планшэт і вяла гартаў стужку навін сацыяльнай сеткі. Навіны, відаць па ўсім, яго не цікавілі, бо рабіў ён гэта заглыбіўшыся ў свае думкі, на аўтамаце. Таму і не заўважыў, што нехта не вельмі ўдала спрабаваў трапіць у кватэру: скробся, шаргацеў за дзвярыма, тузаў ручку. Нарэшце ключ падцэліў у замок, і дзверы грукнулі ў сцяну.

— Міша-а-а, ты дома? — пачуўся з калідора мяккі жаночы голас.

Гэта абудзіла Міхала. Ён падскочыў і хутка пайшоў у калідор. На парозе стаяла маладая жанчына з кароткімі, трохі ніжэй вуха, прамымі русымі валасамі, круглым мілавідным тварам і невялікім кірпатым носам. Ягоная жонка, Наста. Дзве вялікія напакаваныя торбы, якія яна трымала ў руках, недарэчна выглядалі на фоне яе вытанчанай постаці ў легкай блакітнай сукенцы. Міхал спехам забраў торбы, пацалаваў жонку ў чырвоныя, малыя, але пухленькія, як у лялькі, вусны і панёс усё на кухню.

— Ох і цяжкія торбы! — выдыхнула з палёгкай жанчына. — А быццам бы нічога і не купіла.

— Дык навошта сама ў краму пайшла? — крычаў муж з кухні ў адказ. — Маглі б разам увечары прагуляцца.

— Не. Увечары трэба будзе Слаўку да доктара везці, я талон узяла. Вось ты яго і звозіш.

Наста адразу пайшла на кухню і ўзялася гаспадарыць: згрузіла брудны посуд у ракавіну, уключыла электрычны імбрык ды пачала разбіраць пакупкі. Міхал спачатку ўхіляўся, каб не сутыкнуцца с гаспадыняй, а потым адышоў і стаў у дзвярах.

— Ты чым займаўся, што дзверы не адчыніў? Кава недапітая, планшэт валяецца.

— Ай, штосьці задумаўся і падвіс.

— Усё месца сабе знайсці не можаш? — пыталася Наста, раскладваючы прадукты ў лядоўні.

— Так. Сяджу як лайдак. Два тыдні ўжо, а штосьці не чуў, каб развозіць людзей не было каму. Напісалі ў газеце — і канец на гэтым.

Наста ўрэшце села на крэсла і падняла на Міхала свае вялікія шэра-блакітныя вочы.

— Не хвалюйся наконт лайдака. Лічы, што ў цябе адпачынак. Большасць з таго, што тут ёсць, — яна абвяла рукой кухню, — зароблена праз тваё, лічы, жыццё ў таксі. Таму адпачыць — не грэх. Лепей зрабі мне гарбаты, вада закіпела.

— Яно быццам і так, але ўсе роўна няёмка. Жонка, сын, а ты сядзіш, быццам інвалід які без ног і рук.

— Міша, калі табе так ахвота папрацаваць, то і заняўся б хатнімі справамі. А то кіснеш, як капуста ў кадцы.

— Гэта не тое, — Міхал паставіў перад жонкай кубак і сеў побач. — Сітуацыя гэта. Разумееш, Наста, мне здаецца, што я ператвараюся ў вясковага дзядка, які толькі і можа, што пасядзець у хаце ды бабам дапамагчы, пакуль мужыкі па сур’ёзных справах разышліся. Ды і грошы патрэбныя. Колькі на тваю зарплату пражывеш. Нарабілі дурноты з гэтай забастоўкай, каб яе чэрці ўзялі.

— Грошы ў нас пакуль ёсць, хоць і невялікія. А з такой сітуацыяй, як у вас, ты і сам ведаеш, што працаваць было немагчыма. Нават стратна.

— Яно ўсё так.

Міхал устаў, пачаў хадзіць па кухні з канца ў канец.

— Сёння Максіма сустрэў. Ездзіў на аўтарынак па масла і сустрэў.

— Гэта каторы мажор?

— Ён. Пастаялі, кавы папілі.

— І як яму дома сядзіцца, таксама перажывае?

— Яму ніяк не сядзіцца, бо ён працуе ўжо тыдзень.

— Як так? — Наста ад здзіўлення грукнула кубкам аб стол.

— Вось так. Бамбіць. Мне мусіў прызнацца, бо я яго з кліентам падлавіў. Ён таго акурат на рынак і прывёз.

Наста паківала галавой:

— Але глянь, якая поскудзь гэты ваш Максім.

— Ну чаму адразу поскудзь? — прабурчэў на гэта Міхал.

— Чаму? — у жончыных вачах заскакалі іскрынкі гневу. — Таму што гэта здрада сваім сябрам і калегам, таму што людзі сядзяць на баба́х і церпяць, а яму больш за ўсіх зарабіць трэба. Ягоныя бацькі некалькі павільёнаў у гандлёвіку трымаюць. На халеру ён увогуле ў таксі папёрся?

— Кажа, што весела, а бацькоўская справа яго не цягне, — чамусьці вінавата апраўдваў знаемага Міхал.

— Ясна! Яму абы весяліцца. А на тое, што ў людзей гэта жыццё — пляваць! — Наста амаль перайшла на крык.

— Чаго ты так усхадзілася?— прымірэнча мовіў Міхал

— Таго, што надоечы бачыла Волю. У іх з Глебам зусім цяжка з грашыма. Двое дзяцей. Якія ў яе там заробкі ў дзіцячым садку? Адно ратуе, што бацькі могуць трохі дапамагчы. І людзі трываюць, людзі не здраджваюць. А гэты. Слоў няма.

Цішыня апанавала кухню. Наста супакоілася, дыханне яе стала роўным, а позірк застыў на кране, з якога мерна і бязгучна у ракавіну падалі кроплі. Міхал з паўхвіліны глядзеў ці то на белыя з фіялетавымі кветкамі фіранкі, ці то праз іх на двор, цяжка дыхаў. Потым ціха, але цвёрда і ўпэўнена заявіў чужым голасам:

— Не ведаю, поскудзь Максім ці не поскудзь, але — хай, я вырашыў падзарабіць.

— Як гэта, падзарабіць? — спыталася Наста, якая не адразу асэнсавала словы мужа, але хутка зразумела, куды той вядзе, і не стрымалася: — Ты зусім з глузду з’ехаў?

Яна разгубілася, расхвалявалася, і словы яе рассыпаным гарохам хаатычна паскакалі па кухні.

— Ты… Як гэта? А сябры што? Воля. Глеб. А калі ўбачаць?

Наста збянтэжана чакала тлумачэнняў і глядзела на мужа. Той адказаў не адразу, так і стаяў, утаропіўшыся ў акно. А потым рэзка павярнуўся і пачаў заўзята даводзіць, што такі выбар — правільны, і што задума з забастоўкай — лухта, прычым, лухта, шкодная для сям’і.

— Тыдзень, два, тры, а выніку няма. Усе думалі, горад заўважыць, што таксі зніклі, пачнуцца пытанні. Толькі людзям пляваць, няма і няма, — палка запэўніваў ён жонку. — Думалі, што адміністрацыя спалохаецца, пачне дамаўляцца. Аднак і там нічога не робяць. А мы вымушаныя праз гэта сядзець з голым задам. Дык вось што я скажу: хрэн ім!

— Тады можа лепш усім сабрацца, абмеркаваць, — нясмела прапанавала Наста. — Бо, можа, таму і не заўважыў горад, што вы ўсе падпрацоўваеце?

Міхал расчырванеўся і голасна адчаканіў у адказ:

— Няма чаго абмяркоўваць! Агучыш гэта, то дакладна за здрадніка прымуць. Дамовіліся на забастоўку ў таксапарку — я дамову трымаю. А вісець без грошай на жончынай шыі, без магчымасці дзіцяці што-небудзь купіць дамовы не было. Так хутка ўсе запасы праямо.

— Мне ўсе зразумела. Не зразумела толькі, чаго гэта ты на мяне крычыш? — Наста злосна прыжмурыла вочы. — Спачатку некалькі тыдняў пераконваеш мяне, што забастоўка — адзінае выйсце, а цяпер, выходзіць, што не. Я яшчэ і вінаватая, што тады цябе падтрымала.

— Я ні ў чым цябе не вінавачу, — паспрабаваў улагодзіць жонку Міхал.

— Рабі як хочаш, але калі цікавіць мае меркаванне, то лепш усе абмеркаваць калектыўна і вырашыць, што рабіць далей. Бо зловяць — праблем не абярэшся.

— Не зловяць, — усміхнуўся Міхал, і абняў жонку.

 

* * *

Суботні вечар пачаў саступаць ночы. Неба зацягнула хмарамі, таму сцямнела раней, чым звычайна. Мог пайсці дождж. Міхал мітусіўся: апранаўся, заварваў гарбату ў тэрмас, складаў пакунак з ежай, а за ім крок у крок бегаў сын. З пакоя пачуўся голас Насты:

— Нешта сёння ты ранавата.

— Дождж можа пайсці — кліентаў пабольшае.

Жанчына выйшла ў калідор.

— Міша, а можа застанься сёння дома. Я ўсе хвалююся, што ты хлопцаў падводзіш. Няправільна гэта.

— Нікога я не падводжу, я ў адміністрацыю не пабег і дамову трымаю. Затое ўяві нашу сямейную кішэню, калі б я пяты тыдзень сядзеў без работы. Не хвалюйся. Я думаю, хутка ўсе гэта скончыцца.

З гэтымі словамі ён перакінуў цераз плячо невялікую, пад дакументы, сумачку, узяў пакет з ежай і рушыў у дзверы. Ды не зрабіў і кроку, як на ягонай назе павіс хлопчык.

— Та-а-тка-а, я с табой! — звонка закрычаў ён.

Міхал спыніўся і ласкава паглядзеў сыну ў вочы:

— Не, Слаўка, сёння я сам. Давай мы лепей заўтра з табой у парк сходзім, на каруселях пакатаемся, добра?

Хлопчык адпусціў бацькаву нагу, кіўнуў — пагадзіўся — і са смехам пабег у пакой. Вясёлае «заўтра ў парк» панеслася па кватэры.

 

Міхал рассмяяўся сыну ўслед, потым пацалаваў Насту і выправіўся насустрач свайму апошняму сонцу.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.