Вы тут

У пятніцу стартуе чвэрцьфінальная серыя чэмпіянату свету па футболе


У аўторак вызначыліся апошнія каманды, якія працягнуць гуляць на расійскім мундзіялі. Матчы атрымаліся асабліва знакавыя для пераможцаў і драматычныя для тых, хто прайграў.


Зборная Швецыі абыграла швейцарцаў з лікам 1:0, на 66-й хвіліне Эміль Петэр Форсберг моцна прабіў з 18 метраў, мяч рыкашэтам ад абаронцы ўляцеў у сетку варотаў. У швейцарцаў былі магчымасці адыграцца, але рэалізаваць іх ім так і не ўдалося. Такім чынам, упершыню з 1994 года шведы выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету. Там скандынавы сустрэнуцца з англічанамі, якія сталі апошнімі ўладальнікамі пуцёўкі ў 1/4.

Іх матч супраць зборнай Калумбіі зацягнуўся. У пачатку другога тайма ў вароты калумбійцаў быў прызначаны пенальці за парушэнне правілаў супраць найлепшага бамбардзіра цяперашняга чэмпіянату Хары Кейна. Сам футбаліст і рэалізаваў 11-метровы, забіўшы свой шосты гол на турніры. Усё ішло да перамогі англічан, аднак на 3-й хвіліне дабаўленага часу Еры Міна зраўняў лік (1:1). У дадатковыя паўгадзіны пераможца не вызначыўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці ўдача была на баку Англіі — 4:3. Адзначым, што англічане ўпершыню атрымалі перамогу ў серыі пенальці на чэмпіянатах свету. Да гэтага зборная Англіі тройчы ўдзельнічала ў серыях адзінаццаціметровых удараў і кожны раз прайгравала.

Акрамя пары Англія — Швецыя, у 1/4 згуляюць Уругвай — з Францыяй, Бельгія — з Бразіліяй, а Расія — з Харватыяй. Чвэрцьфінальны матч з удзелам гаспадароў чэмпіянату плануюць наведаць каля 10 000 балельшчыкаў з Харватыі. «Цікавасць у Харватыі да чэмпіянату свету ў Расіі велізарная. Актыўна хварэе за сваіх і харвацкая дыяспара. Людзі едуць у Расію не толькі з самой Харватыі, але і з Германіі, іншых краін Еўропы і нават з Аўстраліі», — расказаў кіраўнік прадстаўніцтва па турызме Харватыі ў Расіі Райка Ружычка.

Расклад гульняў:

6 ліпеня, пятніца

17.00 (па беларускім часе) — Уругвай — Францыя

21.00 — Бразілія — Бельгія

7 ліпеня, субота

17.00 — Швецыя — Англія

21.00 — Расія — Харватыя

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ніводнага прахаднога матча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?