Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Свята ў хату

Сапраўднае свята народнай песні і творчасці аматараў фальклору Іванаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў адбылося на гасціннай Опальскай зямлі. Рэпартаж адтуль зрабіла газета «Янаўскі край».

Распачалася святочная праграма ўрачыстым шэсцем. Шчырая гаспадыня фэсту пані Габрыэла Залеўская вітала ўсіх удзельнікаў, запрашаючы да сябе ў маёнтак. Асноўнае дзеянне разгарнулася на некалькіх канцэртных пляцоўках. Гістарычная пастаноўка суправаджалася музычнымі выступленнямі творчых калектываў.

«Наш абавязак — упрыгожыць аграгарадок, зрабіць жыццё ў ім утульным і прыемным», — падкрэсліў ураджэнец аграгарадка, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Віталь Клышко. Прадоўжылася свята этна-вечарынай «Опальская саля», на якую нарэшце прыбыў сам пан Багуслаў. Кожны гарманіст падчас выхаду на сцэну павязваў стужку на кола і граў свае музычныя кампазіцыі. Астатнія ў гэты час танцавалі і весяліліся, змагаючыся за званне найлепшага танцора салі.


Полацкай ГЭС спаўняецца год

Карэспандэнт «Полацкага весніка» завітаў на станцыю, каб высветліць, як яна гэты час прапрацавала.

— За першы год эксплуатацыі мы выпрацавалі больш за 120 мільёнаў кВт/г электрычнай энергіі і на 8 мільёнаў кВт/г перавысілі праектныя даныя, — расказвае начальнік Полацкай ГЭС Васіль Вялюга. — Гэты паказчык абумоўлены тым, што мінулы год быў досыць шматводным, таму і гадавы план выканалі без асаблівага напружання. 2018-ы пачаўся таксама досыць бурна, з вясновымі паводкамі, але май і чэрвень выдаліся даволі засушлівыя. На сёння з улікам запасу вады ў вадасховішчы плошчай 1710 га, якое размешчана перад Полацкай ГЭС і з'яўляецца адзінай крыніцай для выпрацоўкі энергіі, у нас працуюць тры гідраагрэгаты з пяці.

Як адзначаюць спецыялісты, сур'ёзных адхіленняў, збояў ці парушэнняў у рабоце ГЭС не выяўлена. На станцыі працуюць 18 чалавек, дзесяць з іх — гэта аператыўны персанал, які забяспечвае кругласутачнае дзяжурства. Сістэма кіравання гідраэлектрастанцыі ў аўтаматычным рэжыме дазваляе кантраляваць усе параметры.


Смецце — на карысць

На Жлобіншчыне плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект па будаўніцтве смеццеперапрацоўчага завода. Пра гэта паведамляе раённая газета «Новы дзень». На прадпрыемстве з камунальных адходаў будуць атрымліваць паліва.

Тэхналогія дазволіць звесці да мінімуму пахаванне камунальных адходаў на палігоне ў Праскурнях, прыярытэт будзе аддадзены іх другаснаму выкарыстанню і перапрацоўцы. У раёне вядзецца вялікая работа па асобным зборы адходаў і адабранні з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў. Зараз атрымліваюць 28 % другаснай сыравіны, у сярэднім па рэспубліцы — 14 %. Да таго ж у рамках праектаў па «зялёнай» эканоміцы праводзіцца ўкараненне сучасных тэхналогій на Жлобінскай ЦЭС, якія скарачаюць шкодныя выкіды. Дарэчы, сёлета ў раёне плануецца высадзіць 6,1 тыс. дрэў і кустоў.


Шанц на адраджэнне

Трыста алтайскіх маралаў прывезлі на Лідчыну з Расіі ў лютым 2017 года. Карэспандэнт «Лідскай газеты» завітаў на ферму і спытаў, як жыве гэты незвычайны для Беларусі праект.

У Лесніках засталіся толькі некалькі старых жыхароў. Але Ігар Андрушка дае населенаму пункту шанц. Ён вырашыў адрадзіць вёску, у якой жылі два пакаленні яго сям'і. Добрыя намеры знайшлі падтрымку і разуменне з боку многіх людзей. «Праект «Сібірскі падворак», менавіта так ён называецца, з'явіўся з мэтай далейшага развіцця кампаніі, якая існуе на рынку Беларусі шмат гадоў, — расказвае заснавальнік. — Ідэй было шмат. Але вырашылі спыніцца на стварэнні племянной гаспадаркі па развядзенні і ўтрыманні аднаго з падвідаў высакароднага аленя — алтайскіх маралаў. У студзені 2015 года звярнуліся ў Лідскі райвыканкам з прапановай аб рэалізацыі гэтага праекта на тэрыторыі раёна. У выніку ён знайшоў падтрымку і з боку мясцовай улады, і з боку намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івана Жука. У бязвыплатнае карыстанне нам былі выдзелены зямельныя ўгоддзі плошчай 288 гектараў, што побач з вёскай Леснікі».

Кіраўнік праекта ўпэўнены, што з цягам часу ў Лесніках будуць створаны ўсе ўмовы для развіцця не толькі фермерскай гаспадаркі, але і экалагічнага турызму. «Мы разглядаем развіццё турыстычнага кірунку, а значыць, і будаўніцтва ў перспектыве жылога комплексу, іншых аб'ектаў інфраструктуры», — акцэнтаваў Ігар Андрушка.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.