Вы тут

Неардынарнае дзейства пройдзе ў Шчучыне


Неардынарнае дзейства пройдзе ў Шчучыне. У Дзень рыбака 8 ліпеня ў цэнтральны вадаём запусцяць жывы сімвал горада — шчупака.


— Ідэя зрабіць шчупака адным з сімвалаў райцэнтра Шчучын выношвалася даўно, — падкрэслівае старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. — Прычым гэта выглядае лагічна не толькі з пункту гледжання асацыятыўнага ўспрымання. У горадзе і раёне ў цэлым хапае водных аб'ектаў, у якіх водзіцца гэта рыба. Да таго ж за 22 кіламетры ад Шчучына ў лесе знаходзіцца невялікая вёска з назвай Шчукі. Сельскіх населеных пунктаў з аналагічнай назвай у нашай краіне ўсяго два — у Вілейскім раёне Мінскай вобласці і Бешанковіцкім Віцебскай. Пару гадоў таму мы далі нашай вёсцы новае жыццё, пабудаваўшы тут сучасную паляўніча-рыбалоўную гаспадарку «Каменскае». Ну і нельга не адзначыць, што адным з самых распаўсюджаных прозвішчаў у райцэнтры з'яўляецца Шчука.

Улічваючы, што менавіта шчупак здаўна лічыцца агульнапрызнаным сімвалам упэўненасці і сілы, чысціні і прыгажосці, магутнасці і высакароднасці, мы і вырашылі зрабіць яго своеасаблівым захавальнікам нашага горада, — падсумаваў Сяргей Васілевіч.

Калі паглыбіцца ў гісторыю, можна даведацца, што Шчучын заснаваў чалавек з прозвішчам Шчука. Праўда, пра яго і яго заслугі нічога невядома. На гербе горада значыцца манаграма зусім іншай асобы — надворнага маршалка Вялікага Княства Літоўскага Ігнація Сцыпіёна, які ўнёс значны ўклад у яго развіццё. Гэта стылізаваныя літары «І» і «S». Аднак рыбалоўная прырода горада і раёна ў цэлым агульнавядомыя. Пра яе сведчаць не толькі аповеды рыбакоў пра злоўленую рыбу, але і мноства сельскіх населеных пунктаў з мілымі рыбацкаму сэрцу назвамі. Акрамя Шчукі, гэта Рыбакі, Вайшчукі, Лешчанка, Карпанаўцы, Матылі, Прудцы, Патока і іншыя.

Статыстыка наглядна адлюстроўвае словы Сяргея Ложачніка. Прозвішча Шчука носіць 21 жыхар Шчучынскага раёна. Больш такіх прозвішчаў, што таксама цікава, толькі ў суседніх Мастоўскім (97) і Гродзенскім (28) раёнах, а таксама ў абласным цэнтры — 79.

Памятаючы, што прозвішчы ў даўніну на голым месцы не з'яўляліся, можна меркаваць, што шчупакоў у навакольных рэках і азёрах раней было хоць гаць гаці. Вось толькі сёння на карце Шчучынскага раёна відавочных у гэтым плане водных аб'ектаў практычна няма. Рака Нёман мудрагеліста віхляе па паўднёва-ўсходняй мяжы, а ў азёрах пераважае іншая рыба. Пагаворваюць, што шчупакамі ў даўніну была перапоўнена рэчка Тураўка, якая з'яўляецца прытокам ракі Тур'я, што ўпадае ў Нёман. Але, зноў жа, пацвярджэння гэтаму няма.

Не сумняваючыся, што ўзнікненне Шчучына проста абавязана быць звязана з якой-небудзь «рыбнай» легендай, паспрабаваў яе адшукаць. Вывучэнне гісторыі і літаратуры ні да чога не прывялі, аднак дзякуючы добраму знаёмаму з ліку рыбакоў старой савецкай гвардыі пачуў невядомую раней займальную гісторыю паходжання райцэнтра.

Даўным-даўно на месцы сучаснага Шчучына быў дрымучы лес, праз які цякла рака. Неяк юнак, які вандраваў па свеце, прыйшоў да яе берагоў. Ад стомленасці, смагі і голаду сілы амаль пакінулі яго. У гэты момант на паверхні ракі паказаўся шчупак. Ён так моцна ўдарыў па вадзе хвастом, што на бераг вылецела мноства дробных рыб, а грунт, які абсунуўся, адкрыў дарогу крыніцы. Гэта выратавала юнаку жыццё. Каб аддзячыць, ён пацалаваў рыбу-выратавальніцу, якая тут жа ператварылася ў прыгожую дзяўчыну. Аказалася, пацалунак зняў з яе праклён злога духа за адмову выйсці замуж.

Зачараваны прыгажосцю дзяўчыны, юнак папрасіў у яе рукі і сэрца, атрымаўшы згоду. У каханні і радасці яны пражылі доўгае жыццё, заклаўшы ў месцы сустрэчы каля ракі паселішча. А назвалі яго ў гонар рыбы, якая зрабіла іх шчаслівымі. З часам у тых краях узнік горад Шчучын, шэраг жыхароў якога да гэтага часу носяць прыгожыя прозвішчы.

Як казаў мудрэц, легенда — прыёмная дачка гісторыі. Яна даруе ісціну, якая выходзіць за межы ўспамінаў. Таму яе не варта адхіляць.

Наогул, адзінства Шчучына і шчупака прадыктавала само жыццё. Нават калі прыгледзецца да герба райцэнтра, у літарах «І» і «S» можна разгледзець сакральныя рыбалоўныя сімвалы. «І» нагадвае вудзільна, а «S» — два састыкаваныя паміж сабой кручкі. Ну і цікавым дапаўненнем з'яўляецца той факт, што польскім горадам-пабрацімам беларускага Шчучына значыцца зноў жа Шчучын. Толькі з берагоў ракі Віса, што ў Падляскім ваяводстве. Пэўна, у яго таксама ёсць свая легенда, толькі зусім іншая.

Сяргей ШАРШАНЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шчупак — кароль Шчучына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».