Вы тут

«У нашу краму людзі прыходзяць па сапраўдную творчасць»


— У нашу краму з ласкавай мілагучнай беларускай назвай «Свая палічка» людзі прыходзяць па сапраўдную творчасць, — кажа індывідуальны прадпрымальнік Лілія Калюжная.

Хутка год як яна ў цэнтры Гомеля адкрыла невялічкае памяшканне, якое працуе не толькі як гандлёвая зала, але і як пляцоўка, дзе збіраюцца майстры «з рукамі». Не толькі для таго, каб сваю творчасць прадэманстраваць, але і павучыцца адзін у аднаго. Напрыклад, таму, як правільна весці акаўнты ў сацыяльных сетках.


— Як ставіць хэштэгі, як пазначаць лакацыі, — тлумачыць ужо дасведчаная Лілія. — Каб сюды да нас прыходзілі, а не шукалі каларытныя падарункі ў месцах, дзе іх няма. Для мяне асноўная тэма — самазанятасць людзей. Паліца можа быць рэальная і віртуальная. Сёння многія не ведаюць, як навучыцца трапляць у віртуальную прастору. Фестывалям з удзелам рамеснікаў таксама трэба абгрэйдзіцца — каб людзям захацелася ехаць.

Некаторыя майстры, пакуль яшчэ невядомыя, прыносяць у крамку вырабы «на спробу». Яны і самі пакуль не ўпэўнены, ці будзе карыстацца попытам у пакупніка тое, што яны робяць. Дарэчы, экспертызу рэчы праходзяць строгую. Але ж Лілія і падкажа, як лепей зрабіць, каб рэч набыла статус мастацкай. Напрыклад, модная вышыўка знойдзе шлях да прыхільніка куды хутчэй, калі будзе размешчана на пэўных вырабах адзення ці аксесуарах.

Пасля набыцця вопыту, у якім ёсць месца памылкам, некаторыя самадзейныя творцы пачынаюць адчуваць смак да такой работы. І нават рашаюцца зрабіць адказны крок: зарэгістравацца ў якасці рамесніка. Тут Лілія Калюжная дапаможа ўсімі неабходнымі кансультацыямі:

— Зарэгістравацца ў якасці рамесніка сёння вельмі проста. У людзей ёсць жаданне, але няма ўяўлення — як працаваць. Не хапае нашым рамеснікам адукацыі. Калі маё ўяўленне дапаможа некаму, гэта так добра. Мы ж тут не толькі разліковы рахунак падкажам, але і ўсё бізнес-вядзенне, крэатыўнае суправаджэнне ажыццявім. У нас штодзень мазгавы штурм. Да таго ж кожны, хто сюды прыходзіць, мяне эмацыянальна напаўняе, і я такая шчаслівая ад гэтага!

Лілія расказвае, што вакол hand made-палічкі збіраюцца людзі самых розных прафесій. Тут, напрыклад, тусуюцца майстры з каледжа мастацкіх промыслаў, што заканамерна. Але ж не менш цікавыя вырабы сюды прыносяць урачы, псіхолагі, прыбіральшчыцы ці нават судмедэксперты:

— У нас ёсць такая форма работы — дзень з майстрам. Ён можа прысці ў краму, паразмаўляць з пакупнікамі. Ці проста інкогніта паглядзець, што людзі кажуць пра яго вырабы, і такім чынам атрымаць зваротную сувязь. Пры адкрыцці вакол нас сабралася чалавек 70. Потым гэтая лічба павялічылася, і было каля 120 чалавек. Менавіта яны запоўнілі анкеты, атрымалі кансультацыі, а таксама пляцоўку для сваіх работ, стасункі з калегамі... Штосьці для сябе зразумелі, у нечым разабраліся.

Каворкінг-праект для рамеснікаў — гэта, па сутнасці, некалькі дзясяткаў невялічкіх крамак пад адным дахам. Пры гэтым рамеснік аплачвае арэнду толькі за маленькую плошчу — паліцу. Сам выстаўляе на ёй вырабы, сам вешае цэннікі, прасоўвае свае работы. Пры гэтым Лілія Калюжная дапамагае яшчэ і скласці цікавыя гісторыі, якія спрыяюць у продажы скрыначак, упрыгожванняў для валасоў, лялек ці распісных шалікаў.

Стымпанк, пэчворк, дэкупаж, тапіарый, фааміран... Дзівосныя іншаземныя словы знаходзяць рэальнае ўвасабленне на драўляных палічках-скрынках. І ўсё аказваецца не так страшна.

— Прынамсі, як і рэгістрацыя ў якасці рамесніка, якой спрыяе сённяшняе беларускае заканадаўства, — кажа Лілія. — Людзі вельмі актывізаваліся. Але і бізнес таксама зразумеў, што трэба працаваць у гэтым кірунку. Напрыклад, раней ніхто не ўяўляў, як гэта — здаваць у арэнду паліцы. Цяпер здаюць. Многія з рамеснікаў зарэгістраваліся афіцыйна.

Пра кожнага з тых, чые вырабы з'явіліся на палічках, прадпрымальнік Калюжная расказвае з гонарам і бляскам у вачах. Яны для яе сталі нават не калегамі, хутчэй — сяброўкамі. Разам яны ладзяць не толькі бізнес, але і шматлікія дабрачынныя мерапрыемствы. Напрыклад, нядаўна сабралі 40 «Скрынак адвагі» для дзяцей, хворых на анкалогію.

— Мяне саму праект моцна змяніў, — гаворыць Лілія. — Ён мяне напоўніў. Многія гады я была музай мужа. Калі ён загінуў, у мяне на пэўны час заставалася толькі работа. Трэба было трымаць сям'ю на тым жа ўзроўні, як трымаў ён. Я стала канём, які свету белага не бачыў. Які сэнс у такой працы? Пэўны час шчыльна займалася адукацыяй дачкі, але цяпер ёй 12, а сыну 25 і трэба прыпыніць апеку. Думала, чым надалей заняцца. У мяне некалі былі вясельныя салоны, але штосьці не зрасталася. Цяпер ёсць творчасць і штодзень — адкрыццё.

Між тым многа яшчэ тых, хто сумняваецца: ці атрымаецца зарабляць на жыццё сваім творчым хобі ў афіцыйнай якасці рамесніка? На што прадпрымальнік Калюжная раіць:

— Пачынайце! Ідзіце рэгістравацца, дакладна вывучыўшы заканадаўства. Абавязкова трэба спрабаваць. Рамесніцтва — толькі прыступка для раскрыцця далейшых магчымасцяў. Яно можа такой прыступкай і застацца, але можа развіцца ў свой бізнес. І я ведаю такія прыклады. Атрымліваецца ў тых, хто хоча ўдасканальвацца.

Дарэчы

Як паведамілі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці, з моманту прыняцця Указа «Пра ажыццяўленне фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці» ў кастрычніку 2017 года больш за 1000 жыхароў Гомельшчыны зарэгістраваліся ў якасці рамеснікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З хэштэгам «на палічку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?