Вы тут

У Нясвіжы, як у той Грэцыі, ёсць амаль усё


Нясвіж ведаюць як турыстычны горад. Але тыя, хто цікавіцца развіццём рэгіёнаў, могуць сказаць, што аграпрамысловы комплекс раёна па-за канкурэнцыяй у краіне, што тут моцная прамысловасць. Адны з найлепшых у Беларусі сферы аховы здароўя, адукацыі, культуры. А сам горад на працягу апошніх гадоў павялічыўся на тысячу жыхароў. У Нясвіжы актыўна будуецца жыллё: арэнднае, па дзяржзаказе, індывідуальнае. Моладзь ганарыцца сваім горадам і ахвотна прыязджае сюды на работу пасля заканчэння сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. А гэта не толькі кадравы патэнцыял, але і надзея на тое, што ў будучыні яны, магчыма, адкрыюць сваю справу, створаць новыя рабочыя месцы для землякоў і памножаць бюджэт раёна.


— У Нясвіжы ёсць ўсё ці амаль ўсё. Тут прэстыжна і камфортна працаваць, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Людміла МЯДЗВЕДЗЕВА. — Стабільна развіваецца малы і сярэдні бізнес. У раёне налічваецца 876 індывідуальных прадпрымальнікаў і 244 юрыдычныя асобы недзяржаўнай формы ўласнасці. Утрымліваецца амаль баланс паміж прыватнікамі: колькі рэгіструецца, столькі іх і закрываецца. Справа ў тым, што, паводле Указа Прэзідэнта № 337, фізічныя асобы могуць аказваць розныя паслугі без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму людзі карыстаюцца такой магчымасцю. Тое ж самае датычыцца юрыдычных асоб: прадпрыемствы, што створаны, паспяхова развіваюцца. Хто не вытрымлівае канкурэнцыю, няпростыя рынкавыя ўмовы, — закрываюцца. Але для нашага невялікага раёна, дзе 39 тыс. жыхароў, такая колькасць юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў гэта не так і мала.

Ініцыятыўныя людзі раёна займаюцца рознымі відамі дзейнасці: гандлем — трэць ад агульнай колькасці, будаўніцтвам, транспартнымі ды іншымі паслугамі — адпаведна каля 30 %. Асобныя развіваюць вытворчасць: выпускаюць шклопакеты, плітку, агароджу, мэблю, медыцынскія прэпараты, дзіцячае харчаванне.

Нясвіж адносіцца да малых гарадоў, і тут адпаведна дзейнічаюць ільготы, якія вызначаны ва ўказах, дырэктывах, пастановах. Таму сваю справу ў населеным пункце рэгіструюць нават жыхары з вялікіх гарадоў, напрыклад Мінска.

— Цяпер вельмі актуальнае пытанне, як для Беларусі, так і для нашага рэгіёна, — прыцягненне ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці. У невялікіх вёсках закрываецца частка магазінаў, дзесьці — клубы, школы, бібліятэкі. І гэтыя будынкі стаяць незапатрабаваныя. Таму ў першую чаргу прапаноўваем іх прыватнаму бізнесу для адкрыцця вытворчасці, аказання паслуг. І людзі ў прынцыпе купляюць або бяруць у арэнду нерухомасць, — канстатуе Людміла Віктараўна. — Напрыклад, у вёсцы Быхаўшчына чалавек набыў будынак былой школы і вырошчвае вешанкі. Людзі выкупляюць памяшканні былых вясковых крамаў у райспажыўсаюза і зноў жа адкрываюць свае гандлёвыя пункты. Такія прыклады ёсць у вёсках Мацылёўшчына, Квачы, дзе пражываюць адпаведна каля 70 і 130 чалавек. Калі ў населеным пункце налічваецца менш за 200 жыхароў, адпаведна сацыяльным стандартам тут можа і не быць магазіна наогул, а пакупнікоў абслугоўвае аўтакрама. Разам з тым прыватніку выгадна ў малаколькасных вёсках арганізоўваць гандлёвыя паслугі.

Улічваючы, што Нясвіж — турыстычная зона, шмат іншагародніх жадаюць зарабляць на продажы сувеніраў, уласнай прадукцыі. Для гэтага вызначаны канкрэтныя пляцоўкі. Але грамадзяне хочуць працаваць менавіта там, дзе найбольш турыстаў, — у зоне ад касцёла Божага Цела да палаца Радзівілаў. Іншыя месцы іх не цікавяць, нават цэнтр горада.

— І ўсё ж, якую дзейнасць варта развіваць: гандаль, вытворчасць? — пацікавілася ў намесніка старшыні райвыканкама.

— У нас дастаткова розных формаў гандлю: спажыўкааперацыя, дзяржаўны, прыватны, ведамасны, — лічыць Людміла Віктараўна. — Толькі гандаль «Агракамбіната «Сноў» займае каля 30 % ад агульнага тавараабароту. Практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы таксама маюць свае крамы. У горадзе працуюць крамы «Дабраном», «Еўраопт». Прычым сеткавікі прыходзяць і ў сельскую мясцовасць. Напрыклад, той жа «Еўраопт» адкрыў свае пункты ў вёсках Студзёнка, Аношкі. Акрамя таго, вяскоўцаў абслугоўваюць і тры аўтакрамы гэтай сеткі.

У раёне зацікаўлены ў больш актыўным развіцці вытворчасці: тут можна стварыць нашмат больш рабочых месцаў, чым у гандлі. Для гэтага ёсць неабходныя плошчы, дастаткова вялікае памяшканне былога льнозавода. У раёне дастаткова кваліфікаванай рабочай сілы.

Дадам, што доля паступленняў ад малога і сярэдняга бізнесу ў раённы бюджэт штогод павялічваецца і дасягнула амаль 30%.
Гэта немалая сума. І мясцовыя ўлады імкнуцца дапамагаць прыватнаму бізнесу развівацца, ідуць яму насустрач, фарміруюць зямельныя пляцоўкі для арганізацыі вытворчасці, гандлю, іншых паслуг. У Нясвіжы разумеюць, што гэта яшчэ і новыя працоўныя месцы. У эканоміцы раёна занятыя 19 тыс. работнікаў, у тым ліку каля 6 тыс. — на прадпрыемствах і ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці. Разам з тым новыя вытворчасці — гэта дадатковая магчымасць пашырэння экспарту тавараў. Сёння доля прадпрыемстваў пазаведамаснай падпарадкаванасці займае больш 60 % ад агульнага экспарту тавараў раёна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».