Вы тут

Як жыхарам рэгіёнаў стаць прадпрымальнікамі


Адзін са спосабаў вырашэння праблемы занятасці ў рэгіёнах — адкрыццё ўласнай справы. Тым больш што дзякуючы Дэкрэту № 7, бізнес-клімат у краіне спрыяльны. Аднак час дылетантаў прайшоў, без ведаў разлічваць на поспех не даводзіцца. Менавіта таму ў рамках праекта «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь» праводзяцца навучальныя семінары.


Сёлета такія семінары прайшлі ўжо ў 15 гарадах Магілёўскай і Віцебскай абласцей. З 491 удзельніка было 57 беспрацоўных і 9 супрацоўнікаў рэгіянальных цэнтраў занятасці. Таксама цікавая статыстыка па гендарнай прыкмеце: найбольш актыўна вучацца жанчыны — іх было 309.

Слухачы семінараў абмеркавалі нюансы псіхалогіі прадпрымальніцтва і метады ацэнкі бізнес-ідэй, навучыліся складаць бізнес-планы і даведаліся, дзе атрымаць фінансаванне для пачатку сваёй справы. Асновы права і падаткаабкладання, шляхі прасоўвання тавараў і паслуг — гэтым тэмам таксама ўдзялялася шмат увагі. Акрамя таго, удзельнікі даведаліся аб рабоце кантактна-кааперацыйных біржаў у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях з мэтай пошуку партнёраў у Расіі і Казахстане.

Тэматыка новых заняткаў вызначаецца ў тым ліку па выніках вывучэння анкет. Два семінары па франчайзінгу пройдуць у ліпені: 12 — у Мінску і 16 — у Віцебску. Выступаючы перад слухачамі, Вольга Лявонцьева, старшыня Асацыяцыі франчайзераў і франчайзі «Белфранчайзінг», абавязкова падзеліцца гісторыямі поспеху рэгіянальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, піцэрыя «Pіzza Smіle» ў Жодзіне стала першай установай у нашай краіне, адкрытай па беларускай франшызе ў сферы грамадскага харчавання. Прадпрымальнік, які набыў франшызу, не меў ніякага вопыту ў грамадскім харчаванні, але праз тры месяцы пасля адкрыцця змог вывесці сваю ўстанову ў тройку лідараў сеткі па выручцы і працягвае ўтрымліваць свае пазіцыі. Піцэрыя атрымала грамату Жодзінскага выканкама як найлепшая ўстанова грамадскага харчавання горада ў 2017 годзе. Інвестыцыі прадпрымальнікаў вяртаюцца ў адпаведнасці з бізнес-планам, распрацаваным на самым старце.

Веды ў сферы прадпрымальніцтва зараз вельмі запатрабаваныя, і важна, каб яны былі даступныя ў рэгіёнах. Таму ў пяці пілотных гарадах Віцебскай і Магілёўскай абласцей будуць створаны бізнес-інкубатары або навучальныя цэнтры для прадпрымальнікаў. Ужо вызначаны іх адрасы: Барань, Глыбокае, Мсціслаў, Крычаў і Чавусы.

Застаецца дадаць, што праект ПРААН «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь» фінансуецца Расійскай Федэрацыяй. Партнёрамі праекта з'яўляюцца Дэпартамент па прадпрымальніцтве Мінэканомікі, Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Банк Развіцця Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік праекта Марына Каліноўская адзначае, што завочна прайсці пачатковае навучанне можа кожны ахвотны. Для гэтага трэба зайсці на старонку, у раздзеле «Наша дзейнасць» знайсці «Праекты ПРААН у Беларусі» і спампаваць дапаможнік па асновах прадпрымальніцтва «Малы бізнес з вынікам».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.