Вы тут

Лібералізацыя бізнесу: што далей?


У дэпартаменце па прадпрымальніцтве Мінэканомікі расказалі пра перспектывы работы над укараненнем Дэкрэта № 7.

Вольная рэгістрацыя сваёй справы, прэферэнцыі і мінімум праверак. Сёлета бізнес атрымаў новы драйвер для развіцця ў выглядзе дэкрэта №7. Самі прадстаўнікі дзелавой супольнасці назвалі новы дакумент па лібералізацыі прарыўным і беспрэцэдэнтным. Разам з тым працэс па ўкараненні дэкрэта працягваецца, бо пад яго прынцыпы прыйшлося літаральна падладжваць працу многіх міністэрстваў. Аб прамежкавых выніках і пра перспектывы паляпшэння дзелавога клімату на найбліжэйшую будучыню карэспандэнту МС расказалі ў дэпартаменце па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі.


Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Згодна з новымі правіламі

Дзякуючы, так званаму лібералізацыйнаму пакету дакументаў, галоўным з якіх, вядома, з'яўляецца Дэкрэт № 7, у краіне быў пашыраны пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Акрамя таго, павялічыўся пералік відаў рамеснай дзейнасці, нададзены дадатковыя правы суб'ектам гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму — было дадзена права найму супрацоўнікаў па працоўных або грамадзянска-прававых дагаворах.

«Для таго каб Дэкрэт № 7 пачаў працаваць, неабходна было перагледзець існуючы пласт заканадаўства. Прадстаўнікі органаў дзяржкіравання правялі маштабную работу за кароткі тэрмін. Гэта закранула ўсе аспекты, пачынаючы ад законаў, актаў кіраўніка дзяржавы і заканчваючы ведамаснымі дакументамі», — адзначыла дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.

Так, ужо падрыхтаваны змяненні ў шэсць кодэксаў, 21 закон, 13 указаў Прэзідэнта. Прыняты шэраг рашэнняў урада, скарэктаваны ведамасныя, лакальныя дакументы. Большасць афіцыйных папер рэгулююць канкрэтныя віды напрамкаў дзейнасці. Разам з тым ёсць і тыя, якія закранаюць шырокі пласт грамадскіх адносін.

Важна і тое, што сёння максімальна спрошчана магчымасць увайсці ў бізнес. З'явіўся паведамляльны парадак пачатку ажыццяўлення дзейнасці — няма неабходнасці атрымліваць вялікую колькасць дазволаў, даведак. Прадпрымальнік сам ацэньвае сваю адпаведнасць правілам гульні і заяўляе аб жаданні працаваць.

«У гэтага механізма былі тыя, хто і за, і тыя, хто супраць. Ён не бясспрэчны, і мы гэта прызнаём. Але сёння можна канстатаваць, што ён спрацаваў. І дзейнічае амаль чатыры месяцы, за гэты час працаваць па паведамляльным прынцыпе па стане на 1 чэрвеня пачалі 1891 суб'ект. Лідарам тут з'яўлялася сфера гандалю, перавозак пасажыраў і багажу», — растлумачыла Ірына Бабачонак.

Ставіць кропку яшчэ рана

Бізнес-супольнасць сёння актыўна далучылася да нарматворчага працэсу. Асноўнай пляцоўкай, на якой гэта можна назіраць, з'яўляюцца грамадска-кансультатыўныя саветы, якія створаны практычна пры ўсіх органах дзярж-
кіравання, абласных і раённых выканкамах.

«І бізнес, і ўлада слухаюць адно аднаго. Усе ключавыя рашэнні праходзяць праз узгадненне з ГКС. Працэс дазваляе выключаць аднабокія нормы і патрабаванні, якія маглі б не задавальняць усіх удзельнікаў працэсу», — растлумачыла суразмоўніца.

На справе любое рашэнне па фарміраванні дзелавога клімату праходзіць некалькі абмеркаванняў. Напрыклад, на ўзроўні Міністэрства эканомікі на працягу месяца ў інтэрнэце размяшчаецца дакумент. Пры гэтым ідзе яго адкрытае абмеркаванне і збіраюцца думкі.

«Далей збіраецца ГКС, дзе мы вырашаем усё ў працэсе дыялогу. Потым пытанні разглядаюцца на Савеце па развіцці прадпрымальніцтва, без ўзгаднення з якім нарматыўна прававы акт не можа пайсці далей. Такое ўзгадненне абавязкова па рэгламенце Савета Міністраў. Сістэма дазваляе ўкараніць прадстаўнікоў бізнесу — практыкаў на ўсіх этапах», — расказала Ірына Бабачонак.

Пры гэтым яна адзначае, што ставіць кропку ва ўкараненні прынцыпаў Дэкрэта № 7 у працы заканадаўства краіны яшчэ рана. Аднак ужо сёння можна бачыць станоўчую дынаміку па колькасці самазанятых і зарэгістраваных суб'ектаў гаспадарання. Па даных адзінага дзяржаўнага рэгістра за студзень — май 2018 года зарэгістравана 4303 камерцыйныя арганізацыі. Гэта на 398 адзінак больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Зарэгістравана і 14 980 індывідуальных прадпрымальнікаў (на 637 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Самазанятых, паводле інфармацыі МПЗ, на 1 красавіка налічвалася 16 195 чалавек, што на 5440 больш, чым за гэты перыяд летась.

«Мы ўжо бачым аддачу ад лібералізацыйнага пакета дакументаў. І чакаем значнага росту рамеснікаў. За 1 квартал рамесны збор выплацілі 7236 чалавек. Прыток занятых чакаецца і ў сферу аграэкатурызму. Лічбы ўсяляюць аптымізм», — канстатавала Ірына Бабачонак.

Інкубатары па прынцыпе «якасць важнейшая за колькасць» і новыя задачы

Для таго каб забяспечыць вялікую глыбіню ўкаранення ў краіне духа Дэкрэту №7, працягваецца праца па асобным напрамкам, якія непасрэдна ўплываюць на ўмовы дзеля бізнесу. Так падрыхтаваны і знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта праект указа аб ліцэнзаванні. Ён прадугледжвае адмену ліцэнзавання пэўных відаў дзейнасці, скарачае патрабаванні і ўмовы да іх ажыццяўлення.

Акрамя таго, мяркуецца выключна судовы парадак спынення дзеяння ліцэнзіі. Пры гэтым, пры дапушчэнні грубых парушэнняў не будзе неадкладнага спынення ліцэнзіі. Суб'екту гаспадарання дадуць шанц выправіцца. Таксама нормы ўказа прадугледжваюць цыфравізацыю гэтага працэсу — пераход да ліцэнзавання ў электронным выглядзе.

Яшчэ адзін глабальны дакумент закліканы зацвердзіць адзіны пералік адміністрацыйных працэдур для суб'ектаў гаспадарання. Ён аб'яднае ўсе адміністрацыйныя працэдуры.

«Таксама органамі дзяржкіравання ў цеснай сувязі з бізнесам падрыхтаваны праект «Стратэгіі развіцця МСП да 2030 года: Беларусь — краіна паспяховага прадпрымальніцтва». Сёння гэты дакумент знаходзіцца ва ўрадзе, і ён вызначае будучыя крокі па развіцці ўсіх бізнес-працэсаў, рэфарміраванне сістэмы інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва», — расказала Ірына Бабачонак.

Дарэчы, на 1 ліпеня 2018 года ў краіне дзейнічала 99 цэнтраў падтрымкі і 27 інкубатараў. З іх каля трох чвэртак ад агульнай колькасці з'яўляюцца арганізацыямі прыватнай формы ўласнасці, астатнія — камунальнай альбо рэспубліканскай. Пры гэтым у мінэканомікі лічаць, што колькасць інкубатараў сёння не кажа аб эфектыўнасці іх работы.

«Мы лічым, што неабходна забяспечыць умовы, пры якіх яны змогуць працаваць у адзінай сістэме. Сёння інкубатары сканцэнтраваны на выдзяленні плошчаў і абсталявання для пачаткоўца бізнесу на ільготных умовах. Яны запатрабаваныя, але зрабіць іх больш эфектыўнымі магчыма», — растлумачыла кіраўнік дэпартамента.

Паводле яе слоў, з'явілася неабходнасць звярнуць увагу на магчымасць удасканалення інфраструктуры падтрымкі бізнесу ўвогуле. Зараз у дэпартаменце ідзе работа над пераглядам тых крытэрыяў, якія прад'яўляюцца цэнтрам падтрымкі і інкубатарам да сістэмы падтрымкі інфраструктуры. Будзе ўдзяляцца больш увагі якасці аказання паслуг і таму, каб гэтыя паслугі былі патрэбныя бізнесу.

«У дэпартаменце па прадпрымальніцтве ўжо працуюць над падрыхтоўкай дакументаў, якія вызначаць пералік патрабаванняў да цэнтраў падтрымкі і інкубатараў. Ёсць розныя бачанні перспектыў. Гэта можа быць як перарэгістрацыя, так і сертыфікацыя паслуг на пэўных узроўнях. Пытанне адкрытае. Мы аналізуем міжнародны вопыт. У хуткім часе могуць з'явіцца дакументы, якія будуць прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне», — рэзюмавала Ірына Бабачонак.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».