Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Стары «вол» баразну не скрывіць?

Мая стрыечная сястра Галя даўно збіралася пакінуць смуродны горад, вярнуцца назад у вёску, у апусцелую бацькоўскую хату... А што? Яна — птушка вольная, пенсію сабе зарабіла за амаль 40 гадоў, дзяцей падняла, дачку нават замуж выдала за нейкага фірмача... Трымаў жанчыну хіба шалапутны сын. Гадоў да 30 ён гуляў (у тым ліку ў «танкі»), выпіваў, перабіраў розныя работы ды розных дзевак і ўрэшце...

Як той казаў, давыбіраўся: прывёў дадому рыжую нахабную развядзёнку з двума малымі, якая з першых дзён узялася камандаваць, прычым — усімі.

Галя такім чынам стала збірацца...

Зяць яе (залаты чалавек!), пачуўшы пра гэта, завёз на сялібу будматэрыялы, людзей. Тыя з паўмесяца папрацавалі, — хату зрабілі, як лялечку! І платы вакол яе паставілі, і прыбіральню з белай цэглы злажылі, можна сказаць, нават цёплую, бо на так званае ачко зяць аднекуль сядзенне прывёз — з шэрага штучнага футра, мякенькае. На такім сядзеў бы і сядзеў!

Карацей, Галя з радасцю пераехала і зажыла: пасадзіла гарод, купіла курэй, парсючка... Але ж першым у яе на падворку з'явіўся бадзяжны кот. Пасля смерці сваёй гаспадыні — швачкі бабы Шуры — ён хадзіў ад хаты да хаты. Недзе і нешта еў — частавалі, але ж на дварэ: у дом яго браць ніхто не хацеў, бо кот, як казалі — равеснік... той бабы Шуры — худы, страшны. Усё, што мог, гэта нешта мяккае есці ды спаць... Мала таго, што 23 гадзіны ў суткі, ён яшчэ і легчы мог у самым непатрэбным месцы: на градцы з морквай, на падушцы, пад нагамі на ходніку ці ганку! Таму з вуснаў гаспадыні — пры ўсёй яе дабрыні ды любові да жывёл — на адрас ката ўсё часцей зрывалася міжвольнае «Каб ты здох!»

Да гэтага, падобна, усё ішло, прычым — сямімільнымі крокамі. А неяк, здалося, — нават наступіла. Галя пад вечар зайшла ў хату, убачыла, што кот, адкінуўшы лапы і хвост, ляжыць у зале на століку, пагрэла сабе і яму па катлеце, паклікала есці. Шэрык аднак не прыйшоў. Тады вячэру на сподачку яна паставіла яму пад нос. Той і вока не расплюшчыў. Пакратала за бок, — ніякіх прыкмет жыцця...

Што было рабіць? Гаспадыня адчыніла шафу, нагнулася над ніжняй шуфлядкай, каб дастаць якой старызны, загарнуць небараку ды пахаваць, — як той, падкраўшыся ззаду, скочыў ёй на спіну.

Ледзь не сканаўшы ад разрыву сэрца, Галя чарговы раз сказала сваё «Каб ты здох!» і тады ўжо хацела аднаго: каб не зашыўся недзе ў будынку ці ў садзе, каб не засмярдзеўся, бо лета на дварэ...

У той дзень кот не з'явіўся снедаць, але ж прагаладаецца, прыпаўзе, падумала гаспадыня. У абед яна ўжо клікала свайго шэрага, пад вечар таксама. «Значыць, сканаў», — пашкадавала жанчына і пайшла шукаць.

Спачатку яна агледзела свой падворак і сад, потым — дзе магла — сялібу нябожчыцы бабы Шуры (можа, туды запоўз?), распытала суседзяў: ката, на жаль, нідзе не было, яго ніхто не бачыў...

Затое пад вечар і неспадзеўкі ў Галі з'явілася госця: аднакласніца ішла з аўтобуса, прыпынілася. І яны, вядома ж, пагаварылі б пра сваё — дзявочае, жаночае (20 гадоў не бачыліся!), калі б не кот.

— А давай яго ў бульбе паглядзім, — прапанавала госця. — Можа, дзе ў баразёнцы сканаў?

— Што ты... Не дай бог, — замахала рукамі заклапочаная гаспадыня, — бо яго там не ўбачыш. Ён жа шэры, пад колер зямлі.
Ды і цямнее...

— А мы навобмацак. Ты басанож, я таксама зараз разуюся. Удзвюх твае сем сотак мы мігам «прашнуруем». Я толькі ў прыбіральню зайду...

Усё астатняе адбылося ў адно імгненне: дзверы тога маленькага белага дамка зачыніліся і тут жа расчыніліся:

— Ко-о-от! — куляй вылятаючы ў двор, нема крычала госця.

— Дзе?

— Там, — на сядзенне паказала госця.

— Гэта не кот, гэта ўцяпляльнік такі, — засмяялася Галя. — Зяць мне прывёз...

— А я ж падумала, што на ката твайго села... Шчасце яшчэ, што кручок не накінула, а то страсенне мазгоў дакладна было б, дзверы ж я галавою выносіла!..

Жанчыны ад душы парагаталі і пайшлі ў хату. Вырашылі, што шукаць у шэрані шэрага ката — гэта тое ж, што шукаць чорнага ў цёмным пакоі, асабліва, калі яго там няма.

У тым, што гэта так, Галя пераканалася назаўтра, калі кот, стомлены і яшчэ больш змарнелы, з'явіўся на ганку.

Жанчыны ў краме потым сказалі, што бачылі яго на іншай вуліцы — хадзіў да прыезджай коткі.

Лідзія Савосік, г. Асіповічы


Чэк — яшчэ не доказ

Самаабслугоўванне для нас, пакупнікоў, — гэта, згадзіцеся, зручна: у краму зайшоў, каляску ўзяў ды каці сабе ўздоўж паліц —
выбірай, што трэба. Потым застанецца хіба аплаціць.

Самаабслугоўванне, як здавалася, зручна і для гандлю: не трэба нешта падаваць, узважваць, расказваць. Толькі грошы бяры ды сачы, каб ніхто нічога не скраў. Для гэтага ў магазінах і ахоўнікаў трымаюць, і камеры відэаназірання ставяць, але... марна: нічога не памагае.

Дык вось. Супрацоўнікі адной з крам заўважылі, што ў іх гандлёвай зале, апроч іншага, прападаюць... цэннікі.

Віны прадаўцоў у тым не было: тавары не пераацэньваліся, на іншы прылавак не пераносіліся, аднак такія выпадкі паўтараліся зноў і зноў, што стварала пэўныя нязручнасці: пакупнікі нерваваліся і не бралі тавар, бо не бачылі цэн, гандляры трацілі выручку і цярпенне.

З гэтым трэба было нешта рабіць. Дырэктар тэрмінова сабраў калектыў — паставіў задачу «вылічыць» так званага чорнага мерчандайзера (меркавалася, што яго «заслалі» канкурэнты, каб на сваю карысць «адбіць» у магазіна частку пакупнікоў)...

Пакуль не адбілі, ахоўнікі і гандляры прыступілі да выканання задачы: яшчэ больш пільна сталі сачыць за ўсімі, хто прыходзіць у краму. І ў хуткім часе заўважылі, што цэннікі знікаюць «з лёгкай рукі» аднаго... дзядулі. Прычым забірае ён не ўсе падрад, а толькі на тыя тавары, што купляе сам.

— Навошта? — спыталі ў гэтага «мерчандайзера».

— Дык жонцы для справаздачы бяру, — вінавата прамовіў дзядуля.

— Але ж для гэтага на касе вам чэк выдаюць. Там усё пазначана, — заўважылі гандляры.

— Чэка — мала... Вось цэннік — іншая рэч! Мая жонка толькі ім і верыць!

Размова з дзядулем была доўгай і досыць сур'ёзнай. Ён паабяцаў, што цэннікі браць болей не будзе. А вось стрымае сваё слова ці... пойдзе па іх у іншую краму, яшчэ невядома.

Андрэй Сідарэйка, г. Мінск


Хто не ласы на каўбасы?

Не памылюся, калі скажу, што ў кожнага вяскоўца-беларуса ёсць свая гісторыя пра свежыну. У мяне яна вось такая.

Справа, значыць, была напрыканцы вясны. Мой сусед дзядзька Мікола ў надзеі на прыезд шаноўнага зяця вырашыў закалоць парсючка-«в'етнамца». Памочнікаў не запрашаў, бо колькі там таго іншаземца — для бяседы на зуб. Ды і справа добра знаёмая: стрыножыў жывёліну, падцягнуў да грушы, прывязаў... Сам толькі за цясак, а в'етнамец...

Зразумеў ён, відаць, намер гаспадара, як нітку, парваў пастронак і цягу ў нашы палескія «джунглі».

Дзядзьку ад неспадзеўкі аж мову адняло: паслухаў, як трашчаць карчы пад нагамі парсючка, а потым па ўсіх правілах паляўнічай навукі кінуўся ладзіць пагоню. Гэта значыць, запрасіў кума з двума ганчакамі (зяць, пачуўшы аб прапажы, прыязджаць адмовіўся: не царская гэта справа свіней лавіць), клікнуў мяне, далучыўся сам і...

Пара ганчакоў, пастаўленых на след парсючка, рванулася з месца і ў... процілеглы бок (мусіць, зайца ўнюхала?). Нам у выніку не заставалася нічога іншага, як шукаць «в'етнамца» самім.

Да абеду амаль працягаліся, лазілі па гушчары, збілі ногі, стаміліся, згаладаліся, згубілі сабак і нарэшце вярнуліся дамоў: гаспадар змірыўся з прапажай. Я ж не супакоіўся: крыху адпачыў, узяў свайго дварняка і пачаў спачатку.

Трэба сказаць, не марна пачаў! Праз нейкія паўгадзіны ўцякач быў схоплены — сабакам, проста за лыч. Мне заставалася толькі звязаць «в'етнамца» ды паведаміць дзядзьку Міколу.

...Той, цягнучы парсючка ў вазку, не верыў уласнаму шчасцю. Я ж, перапоўнены гонарам, прытрымліваў свайго дварняка ды... складаў верш, якім і хачу завяршыць вось гэту гісторыю. Назваў я яго «Гарадская любоў»:

«Мой родны кут, як ты мне мілы!..»

Каб расказаць, не хопіць слоў,

Як вабіш ты, з якою сілай,

На... свежаніну да бацькоў.

Засыпаў снежань белай беллю

Палі, дарогі і лясы,

Я ж, без супынку, шпарка, бегма

Імчу на водар каўбасы.

Каб не самлець на паўдарогі

(Якая радасць, людцы, жыць!),

Хутчэй, хутчэй нясіце ногі,

Пячонка, чую, ужо сквірчыць.

Шырэй адкрыю дзверы хаты,

Здаецца, сню салодкі сон:

«Вітайце ж госця, мама, тата!..

Ужо гатовы сальцісон?»

І ўсёй не выказаць падзякі

За чаркай «вогненнай вады»,

Мой родны кут, каб не прысмакі,

Ці ж я ляцеў бы так сюды?!

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».