Вы тут

Навошта вёсцы папулярнасць і дадатковыя суботнікі?


Што рабіць, калі ў двары не хапае спартыўнай пляцоўкі, дарогі не рамантуюць і свята на вашу вуліцу ўсё не прыходзіць? Калі коратка, то адказ такі: хочаш вырашыць праблему — займіся ёй сам. «Звязда» пабывала на фестывалі «Добры сусед» і запісала прыклады, як жыхары, аб'яднаўшыся, могуць змяніць свае населеныя пункты да лепшага.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Смаўжы і арт-лаўкі

Каб на вёску звярнула ўвагу ўлада і выдзеліла грошы на яе добраўпарадкаванне, трэба зрабіць яе папулярнай. У гэтым упэўнена Любоў ЕРМАКОВА, жыхарка вёскі Новае Поле Мінскага раёна. Жанчына працуе ў сферы турызму 12 гадоў і ведае, як знайсці ўнікальную рысу населенага пункта, якая зробіць яго прывабным для іншых.

— Можна вывучыць гісторыю, асаблівасці рэгіёна (культурныя, прыродныя), звярнуць увагу на забыты брэнд. Напрыклад, Смаргонь некалі была вядомая абаранкамі, Івянец — цукеркамі «Кароўка». У нашай вёсцы пазнавальны знак — гэта сядзіба Друцкіх-Любецкіх ХІХ стагоддзя, дзе цяпер знаходзіцца каледж. Мы выбралі гэты будынак для лагатыпа. У нас таксама шмат вінаградных смаўжоў. Як аказалася, у Друцкіх-Любецкіх была адмысловая ферма, яны пастаўлялі смаўжоў у Еўропу. Мы падумалі, што можна рабіць салодкіх «смаўжоў» — у выглядзе булачак. Людзі хочуць хлеба і відовішчаў, таму кулінарны брэнд заўсёды спрацоўвае.

Любоў прызнаецца, што спачатку на абмеркаваннях некаторыя мясцовыя пярэчылі супраць «раскруткі» вёскі. Ім хацелася цішыні і чысціні, а не натоўпу прыезджых.

— Хтосьці казаў: «Якія брэнды і лагатыпы? У нас дарогі дрэнныя — спачатку з гэтым трэба разабрацца». Але праз святы мы можам прыцягнуць увагу да праблем. Гэта дапаможа развіваць мясцовы бізнес, кавярні, рамесніцтва.

Андрэй УФІМЦАЎ — з вёскі Касарычы Глускага раёна. І яму было шкада глядзець, як яго населены пункт памірае.

— Школу закрылі, стаматалогію «разабралі». Насельніцтва з 600 чалавек у 1990-я скарацілася да 30. Апошнія некалькі гадоў я правёў у пошуках праекта, які б мог аб'яднаць жыхароў. На першы, другі і трэці сход прыходзіў адзін чалавек — гэта быў я. Давялося браць ініцыятыву ў свае рукі.

Ідэяй стала стварэнне парка арт-лавак. Эскізы аб'ектаў распрацавалі з дапамогай студэнтаў Брытанскай школы дызайну ў Маскве. Грошы на канструкцыі сабралі праз інтэрнэт на краўдфандынгу («народнае фінансаванне»). А каб устанавіць дызайнерскія лаўкі, у вёсцы правялі суботнік, каб кожны ахвотны мог паўдзельнічаць у агульнай справе. Цяпер арт-аб'екты — папулярнае месца для адпачынку і фота.

Разам з тым Андрэй перасцерагае: усе ініцыятывы павінны прапрацоўвацца. Не варта спяшацца рэалізоўваць задуму, якая вяскоўцам не патрэбная.

— У Расіі быў паказальны выпадак. Выбралі самую прыгожую вёску, паставілі ўказальнік, як даехаць да яе. Мясцовыя жыхары спачатку былі рады, а потым прасілі: «Прыбярыце ўказальнік. Мы не ведаем, што з турыстамі рабіць»... Хоць пра нашы лаўкі таксама казалі, што гэта непатрэбна, але толькі пакуль не ўбачылі выніку.

Нядаўна ў Касарычах зрабілі і кінатэатр. На паказе не было ніводнага вольнага месца! А на лета ў вёску стала прыязджаць 200—250 чалавек. Андрэй дадае, што важна таксама сябраваць з прэсай, каб пра мясціну ведалі — тады людзі будуць вяртацца ў вёску.

Грошы — не галоўнае

— Вёска — гэта не Мінск, дзе праходзіць шмат мерапрыемстваў, і ты можаш пайсці, куды захочаш. Гэта глуш. А людзі заслужылі свята, — кажа Марына АЛЯКСЕЕНКА з аграгарадка Башні (Шумілінскі раён), якая вырашыла дапамагчы жыхарам навакольных вёсак арганізаваць доўгачаканыя святы.

Вось, напрыклад, сяло Саладуха. Вельмі маленькая вёска: пастаянных жыхароў там — чалавек 10. Разам са школьнікамі жанчына абышла вяскоўцаў, пагутарыла. Тыя былі вельмі рады, што пра іх яшчэ пытаюцца. З вучнямі Марына Аляксеенка арганізавала для ўсіх свята вёскі. Праграму мерапрыемства прадумалі дзеці. Сабралі выстаўку фота, зладзілі танцы. Выпісалі вяскоўцам граматы — за найлепшы дом, актыўную грамадскую пазіцыю, прыгожы кветнік. Гаспадыні напяклі пірагоў. Калі пра гэта напісалі ў мясцовай газеце, то і іншыя вёскі падцягнуліся: маўляў, давайце сумесныя святы праводзіць.

— Ніякіх грошай не было, каб арганізаваць мерапрыемства, але атрымалася шыкоўна, бо людзі згуртаваліся, — дзеліцца Марына Аляксеенка.

У сваім родным аграгарадку яна праводзіць «Башнеўскія пасядзелкі». Іх прымяркоўваюць да розных падзей — напрыклад, да Дня пажылых людзей, Сусветнага дня пацалунку. Дзелячыся сваім вопытам, жанчына згадвае словы сузаснавальніка карпарацыі «Sоnу» Акіа Марыта: «Кампанія нічога не дасягне, калі думаць будзе толькі кіраўніцтва». Бо не толькі ў бізнесе важна дзейнічаць разам.

У вёсцы Аксакаўшчына (Мінскі раён) аб'яднаць жыхароў вырашылі праз сумесныя прыборкі. А пасля таго, як навялі парадак у дварах і лесе, падумалі, што грамадой могуць справіцца і з іншымі праблемамі.

— Некалі ў нас была спартыўная пляцоўка, але потым з яе зрабілі аўтастаянку. Але ж дзецям не хапае месцаў для гульняў! Мы прыцягнулі да праекта архітэктара, атрымалі сродкі з Фонду развіцця мясцовых супольнасцяў і абсталявалі пляцоўку. Самі яе ўстанаўлівалі, — расказвае Марыя ДАШЧЫНСКАЯ.

Цяпер у мясцовай дзятвы ёсць поле і для міні-футбола, і для баскетбола. Што цікава: пляцоўку даглядаюць самі падлеткі.

— Гэта іх месца. Калі яны будуць за яго адказваць, будуць і берагчы, — тлумачыць падыход Марыя Дашчынская.

У тэму

Карыснымі для гараджан парадамі пра тое, як зменшыць колькасць смецця ў пад'ездзе, падзялілася спецыяліст Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля БЛЫШЧЫК. Так, каб пазбавіцца ад раскіданых на ўваходзе рэкламак, можна вешаць на скрыню надпіс з просьбай не апускаць у яе буклеты. Ці — што больш эфектыўна — паставіць для іх у пад'ездзе асобную скрыню. Потым сабраную рэкламную прадукцыю можна здаць на макулатуру (і атрымаць па 12 капеек за кілаграм). Не лішнім будзе і самаробны кантэйнер (са звычайнай скрыні ці каробкі) для старых батарэек.

Яшчэ адна праблема — буйнагабарытнае смецце. Часта каля ліфта жыльцы пакідаюць вокны і старыя канапы: так прасцей. Вывезці непатрэбныя рэчы дапамогуць спецыяльныя службы. У Мінску забраць мэблю можа сэрвіс 115. Халадзільнікі, тэлевізары і іншую тэхніку — арганізацыя БелВТІ (яны нават прыедуць па іх бясплатна і спусцяць з вашага паверха).

Што рабіць, калі ад смеццеправода ідзе непрыемны пах? Выйсце першае: заказаць санітарную апрацоўку. Рэгулярна праводзіць яе — абавязак ЖЭСа. Выйсце другое: заварыць смеццеправод. Трэба ініцыяваць збор подпісаў і падаць заяўку ў той жа ЖЭС. Праўда, калі на гэта згодна менш чым палова жыльцоў, а ў двары няма кантэйнераў для асобнага збору смецця, нічога не атрымаецца.

Бадай, галоўнае ў падтрымцы парадку — падаваць уласны прыклад.

— Неакуратны стан пад'езда дэматывуе. Дастаткова аднаму кінуць недакурак на лесвіцу, і астатнія таксама пачнуць так рабіць, — заўважае Наталля Блышчык. — Але маё жыллё не абмяжоўваецца толькі кватэрай. Я не саромеюся падняць за іншым паперку і данесці да сметніцы. Для мяне гэта звычайная ранішняя «зарадка».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Што могуць суседзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.