Вы тут

Плаціць за «камуналку» будзем па-новаму. Хто і колькі?


У нашай краіне пераглядаецца парадак разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі. У апошнія дні чэрвеня ўрад прыняў пастанову № 510, якой уносяцца істотныя змены і дапаўненні ў асноўны дакумент. Карэкціроўка гэтай пастановы звязана з новымі падыходамі да выканання найважнейшых дзяржаўных задач, да праблем энергазберажэння і эканоміі прыродных рэсурсаў, паведамляе Партал камунальнай адукаванасці насельніцтва. Да якіх змен нам трэба рыхтавацца?


Няма гарачага водазабеспячэння — не пераплачваем за электраэнергію

— Напрыклад, — тлумачыцца на Партале камунальнай адукаванасці насельніцтва, — крыху ўшчэмленымі выглядалі інтарэсы спажыўцоў, чые жылыя памяшканні не абсталяваны сістэмамі цэнтральнага гарачага водазабеспячэння і цэнтралізаванага забеспячэння прыродным газам. Карыстаючыся электрычным бойлерам, практычна немагчыма ўкласціся ў існуючы нарматыў спажывання электраэнергіі 150 кВт гадзін для аплаты па субсідаваных дзяржавай тарыфах.

Таму для дадзенай катэгорыі нарматыў павышаны да 250 кВт  гадзін. Больш за тое, пры спажыванні ад 250 да 400 кВт  гадзін аплата таксама будзе праводзіцца па субсідаваных тарыфах, але з прымяненнем павышаючага каэфіцыента 1,3. І толькі пры перавышэнні 400 кВт  гадзін плаціць прыйдзецца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Такім чынам павышаецца ступень дзяржаўнай падтрымкі спажыўцоў гэтай катэгорыі і ў той жа час захоўваюцца стымулы для эканомнага расходавання электраэнергіі.

Зніжкі на ацяпленне

Будзе рэалізаваны новы падыход да разлікаў за спажыванне цяпла. З 1 студзеня бягучага года ва ўсіх новых дамах жыхары абавязаныя праводзіць разлікі за цеплавую энергію па паказаннях прыбораў індывідуальнага ўліку. Пасля ўступлення пастановы ў сілу стымул для абсталявання жылых памяшканняў прыборамі ўліку з'явіцца і ў жыхароў дамоў старэйшага пакалення. Тыя, хто ўстановіць за свой кошт такія прыборы, пры аплаце рахункаў за спажытую цеплавую энергію на працягу трох гадоў атрымаюць 10-працэнтную зніжку.

Асобная размова пра дамы, якія ўжо абсталяваны прыборамі ўліку, але частка іх жыхароў так і не адважылася пакуль карыстацца дадзенымі тэхнічнымі сродкамі пры разліках. Зразумела, што за час вымушанай бяздзейнасці сістэмы маглі стаць няспраўнымі, некаторыя з іх патрабуюць правядзення працэдуры паверкі, кошт якой складае каля 70 рублёў. Так што абсталяванне, на якое калісьці былі патрачаны грошы, ператварылася ў непатрэбны атрыбут. Зніжку ў 5 % на аплату цяпла атрымаюць тыя, хто прывядзе яго ў парадак на працягу трох гадоў у якасці кампенсацыі за панесеныя выдаткі.

Тыя ж, хто па-ранейшаму збіраецца ігнараваць магчымасць разлікаў за цяпло па паказаннях індывідуальных прыбораў, рызыкуюць трапіць у катэгорыю безуліковых спажыўцоў з усімі фінансавымі наступствамі.

Не плаціць за смецце, якога няма

Абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг, і нават адмова ад заключэння дагавора не вы-
зваляе ад гэтай паслугі. Дадзеная норма абмеркаванню не падлягае, але ў гарадскіх жыхароў, якія маюць дачы, узнікае справядлівае пытанне: пражываю на лецішчы максімум тры месяцы, а плаціць трэба круглы год. Зараз ад вывазу смецця можна будзе адмовіцца. На час. Але не ўсім.

Пастанова прадугледжвае магчымасць прыпынення аказання дадзенай паслугі на тэрмін да шасці месяцаў у каляндарным годзе. Для гэтага трэба звярнуцца з заявай у арганізацыю, якая ажыццяўляе вываз адходаў або робіць разлік і налічэнне платы. Асабліва трэба падкрэсліць, што дадзеная норма датычыцца аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне.

Камусьці — двухадрасная субсідыя

Асобныя жыхары зараз атрымалі права рабіць аплату за паслугі электра- і газазабеспячэння па субсідаваных тарыфах у двух жылых памяшканнях: па адрасе абавязковай рэгістрацыі па месцы жыхарства і рэгістрацыі па месцы знаходжання. Прычым другі адрас можна выбраць па жаданні: усё роўна, што гэта — кватэра ў іншым горадзе, дача або дом у садовым таварыстве. Але рабіць гэта могуць толькі непрацуючыя пенсіянеры, а таксама асобы, якія маюць права на льготы па аплаце ЖКП, або інваліды 3-й групы.

Дадзеную норму можна назваць праявай сацыяльнай палітыкі, адзначае партал gkx.by, хоць ёсць у гэтым рашэнні і эканамічная справядлівасць. Дапусцім, пенсіянер ці іншы льготнік працоўнымі адносінамі не звязаны і можа цёплы час года праводзіць у вёсцы ці гарадскім пасёлку, а на зіму перабірацца ў добраўпарадкаваную кватэру. Раней па адным з двух адрасоў ён вымушаны быў аплачваць паслугі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Але ж ад пераезду сума спажывання электраэнергіі або газу ў двух памяшканнях не зменіцца.

Асобны кранік на паліў агарода

Норма спажывання вады для аплаты па субсідаваных тарыфах складае 140 літраў у суткі на чалавека, і эканомныя грамадзяне цалкам укладваюцца ў дадзены ліміт. Але гаспадарам індывідуальных дамоў, якія трымаюць жывёлу, а летам вымушаныя паліваць агароды, краны даводзіцца адкрываць значна часцей. Страшнага ў гэтым нічога няма, паколькі перарасход вады акупляецца атрыманай сельскагаспадарчай прадукцыяй. Спрэчны момант заключаўся ў іншым.

У гарадской кватэры вада з сеткі зліваецца ў каналізацыю, а значыць, і плата за водаадвядзенне бярэцца суразмерна. А вось пры паліве агарода і паенні жывёлы дадатковай нагрузкі на каналізацыйныя сеткі няма. Пастановай гэта пытанне ўрэгулявана: трэба толькі ўстанавіць асобны прыбор уліку, які кантралюе расход вады на паліў і ўтрыманне жывёлы, і гэты аб'ём вады будзе выключацца з платы за паслугу водаадвядзення.

Пераплацілі? Вернуць «жывыя грошы»

У выпадку памылковага ўнясення лішніх сум за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі па жаданні жыхара яму вернуць розніцу, калі ён звернецца з заявай у арганізацыю. Разам з заявай неабходна будзе таксама прадставіць дакумент, які сведчыць асобу, і плацежныя дакументы, якія пацвярджаюць факт аплаты. Нагадаем, што раней лішнія сумы не вярталіся, а спісваліся ў лік будучых плацяжоў.

Даплата за тры месяцы, а не за тры гады

У дакуменце прапісаны парадак ліквідацыі дапушчаных выканаўцам памылак, у выніку якіх прыходзіцца дадаткова налічаць плацельшчыку пэўныя сумы. Цяпер гэта магчыма зрабіць толькі за тры месяцы. Раней тэрмін быў значна большы — тры гады. За такі час недаплачаныя сумы часам вырасталі да астранамічных памераў, і ў выпадку выяўлення хібаў чалавек вымушаны быў напружваць сямейны бюджэт, што выклікала справядлівыя нараканні. Бо вінаваты ў падобнай сітуацыі не плацельшчык, а спецыяліст, які няправільна зразумеў заканадаўства ці не звярнуў увагі на нейкі нюанс.

З іншага боку, тэрмін даўнасці застаецца такім жа (тры гады) у выпадках, калі недастатковае налічэнне ажыццяўлялася па віне плацельшчыка. Напрыклад, калі памяняўся ўласнік, а пра гэта не было своечасова паведамлена.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».