Вы тут

Пра што трэба памятаць, збіраючыся па грыбы


Пачатак ліпеня, які выдаўся дажджлівым, даў надзею ўсім грыбнікам на хуткі ўраджай. Але каб эйфарыя знаходжання лясных дароў не зацямніла здаровы розум, нагадаем пра небяспеку атручэння грыбамі.


Статыстыка сведчыць, што з больш чым трох тысяч шапачкавых грыбоў толькі чатыры сотні прыдатныя да яды. Астатнія так ці іначай небяспечныя. Да таго ж важна памятаць, што грыбы з'яўляюцца прадуктам, які складана ператраўліваць нашаму арганізму. Таму не рэкамендуецца ўжываць іх цяжарным і кормячым жанчынам, яны супрацьпаказаныя дзецям, прычым незалежна ад спосабу і працягласці прыгатавання, а таксама людзям сталага ўзросту.

Спачатку вызначымся, што такое атручванне грыбамі. Кожны грыб змяшчае рэчывы, якія ператраўліваюцца або не ператраўліваюцца нашым арганізмам. Калі рэчывы, якія трапілі ў страўнік, аказваюцца мацнейшымі за фермент, што выпрацоўваецца нашай стрававальнай сістэмай, то разгараецца сапраўдная вайна. Хімічны элемент, вызваліўшыся з абалонкі грыба, атакуе самыя важныя чалавечыя органы: печань, ныркі, кішэчнік, страўнік. Тыя, безабаронныя перад хімічнай атакай, пачынаюць губляць клеткі, разбурацца — у выніку спыняюць сваю дзейнасць... Але гэта ў горшым выпадку. Дарэчы, мінулы ўраджайны на грыбы год стаў для беларускіх трансплантолагаў выпрабаваннем на прафесіяналізм. Паводле інфармацыі кіраўніка РНПЦ транспланталогіі органаў і тканак, доктара медыцынскіх навук, прафесара Алега РУМО, летась у Беларусі было выканана чатыры тэрміновыя трансплантацыі печані пацыентам, якія атруціліся грыбамі. Адну жанчыну, маці пяцярых дзяцей, выратаваць, на жаль, не ўдалося: перасадку печані ёй паспелі зрабіць, але галаўны мозг да таго часу загінуў... Больш пашчасціла маладому мужчыну, які самастойна выхоўвае дваіх дзетак, — яго жыццё медыкі выратаваць паспелі.

Смяротна небяспечныя для чалавека, напрыклад, бледная паганка і яе сваякі па відзе, якія грыбнікі прымаюць за сыраежкі, шампіньёны, грыбы-парасонікі. Для таго каб атрымаць смяротную дозу яду, дастаткова 1 г паганкі на 1 кг вагі. Такім чынам, чалавек, які важыць 70 кг, з'еўшы ўсяго адну паганку вагой 70 г, рызыкуе не выжыць. Астатнія грыбы, нават мухаморы і валаконніцы, заражаны ядам у значна меншай ступені.

Але ў любым выпадку вострае атручэнне — цяжкае выпрабаванне для арганізма. У момант прыезду хуткай дапамогі ў такіх хворых адзначаюцца парушэнні артэрыяльнага ціску і частаты сардэчных скарачэнняў (аж да развіцця сардэчных блакад і спынення сэрца) і нават стан комы. Таму без тэрміновай медыцынскай дапамогі не абысціся: не раздумваючы выклікайце «хуткую».

Першая дапамога

Да прыезду ўрачоў неабходна выпіць 400—500 г вады пакаёвай тэмпературы, выклікаць рвоту (пажадана некалькі разоў, да чыстай вады), а затым прыняць актываваны вугаль (чым больш, тым лепш).

Сімптомы

Асноўныя прыкметы атручэння грыбамі з'яўляюцца ўжо праз 1,5—2 гадзіны пасля іх ужывання, але можа прайсці і больш часу — да 24 гадзін. Гэта млоснасць, ірвота, моцны боль у жываце з дыярэяй да 10—15 разоў на суткі, павышаная тэмпература цела, слабы пульс, халодныя рукі і ногі, запаленне страўніка і тонкага кішэчніка (востры гастраэнтэрыт). Могуць пашырыцца ці звузіцца зрэнкі, з'явіцца слінацячэнне. Пры атручэнні мухаморамі, сатанінскім грыбам, несапраўднымі апенькамі магчыма з'яўленне трызнення, галюцынацый, чалавек можа знаходзіцца ў стане, блізкім да вар'яцтва.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ядомы ці ядавіты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».