Вы тут

Лукашэнка павіншаваў выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў


Пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў на шкоду бяспецы іншых краін назіраецца ў сусветнай супольнасці. Аб гэтым учора заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.


Фота: БЕЛТА

«На жаль, як я ўжо неаднойчы адзначаў, новае стагоддзе не прынесла чалавецтву пазбаўлення ад войнаў, — канстатаваў беларускі лідар. — У арсенале міжнародных адносін адным з інструментаў знешняй палітыкі па-ранейшаму застаецца ўзброеная агрэсія».

У гэтых няпростых умовах Беларусь паслядоўна праводзіць міралюбную палітыку, рэалізуе меры, якія захавалі б мір не толькі ў нашым рэгіёне.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларусы, як ніякая іншая нацыя, цэняць мір, бяспеку і незалежнасць. І, што натуральна, гэтыя найважнейшыя дасягненні народа маюць патрэбу ў надзейнай абароне.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што наша краіна прапанавала сусветнай супольнасці знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ляжаць ідэі зніжэння напружанасці і ўмацавання мер даверу ў рэгіёне. «Быццам бы нас чуюць, але дзеянняў пакуль не робяць — ясна чаму, — сказаў Прэзідэнт. — Таму мы вымушаны ўдасканальваць нашу нацыянальную абарону і ўдзяляць пільную ўвагу нашай бяспецы».

Вырашальную ролю ў павышэнні баяздольнасці нашых Узброеных Сіл выконваюць ваенныя кадры — людзі, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё абароне Айчыны.

«Вам трэба будзе вырашаць складаныя і адказныя задачы па забеспячэнні высокай вывучкі і зладжанасці органаў кіравання і войскаў. Навучаць падначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы, — звярнуўся да прысутных беларускі лідар. — Асаблівую ўвагу звярніце, калі ласка, на ўмацаванне воінскай дысцыпліны, выхаванне ў вайскоўцаў пільнасці і пачуцця ўзаемавыручкі. Вы павінны служыць прыкладам для падначаленых. Памятайце, што ва ўсе часы афіцэры з'яўляліся людзьмі абавязку, гонару і ўзорам дысцыплінаванасці».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што найважнейшай задачай органаў унутраных спраў застаецца надзейная абарона асобы, грамадства, дзяржавы ад любых злачынных замахаў. Выпускнікі ВНУ сістэмы МНС асноўныя намаганні павінны засяродзіць на папярэджанні надзвычайных сітуацый. Асаблівую ўвагу трэба будзе звярнуць на безаварыйную эксплуатацыю атамнай электрастанцыі.

«Супрацоўнікі спецслужбаў павінны забяспечыць недапушчэнне праяў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай варожасці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Няпростыя міжнародныя абставіны, звязаныя з небяспекай тэрарыстычных нападаў, наркатрафікам, незаконнай міграцыяй, патрабуюць падтрымання на высокім узроўні баявой гатоўнасці органаў пагранічнай службы».

Прэзідэнт таксама павіншаваў афіцэраў з паспяховым заканчэннем вучобы.

«Абарона Радзімы — гэта нялёгкая, але высакародная праца. Беларускі народ верыць у вас, разлічвае на вашу адказнасць і высокі прафесіяналізм. Вы павінны апраўдаць гэты давер і годна выканаць ускладзеныя на вас задачы на вашым наступным службовым этапе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, беларускі лідар павіншаваў афіцэраў Узброеных Сіл, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага мытнага камітэта з прысваеннем генеральскіх званняў, пажадаў усім поспехаў у святой справе служэння Айчыне і беларускаму народу.

За выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку лепшым з ваеннаслужачых аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта.

Акрамя таго, у адпаведнасці з указамі Прэзідэнта, чарговае воінскае званне генерал-маёра было прысвоена намесніку начальніка ўзбраення Узброеных Сіл — начальніку штаба ўзбраення Андрэю Федзіну, першаму намесніку начальніка тылу Узброеных Сіл — начальніку штаба тылу Аляксандру Панфёраву і начальніку Мінскага сувораўскага вучылішча Аляксандру Навуменку. Чарговае спецыяльнае званне генерал-маёра міліцыі — начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама Івану Кубракову і начальніку УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандру Астрэйку.

Персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы ІІІ рангу было прысвоена начальніку Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэю Кавальчуку. У размове з журналістамі ён адзначыў, што сёння мытная служба гатова выконваць і выконвае свае абавязкі паспяхова, пацвярджэннем гэтага з'яўляецца ацэнка кіраўніка дзяржавы. «Нягледзячы на вельмі хуткія змены ў самім працэсе кантрольных функцый, якія выконвае мытня, на аўтаматызацыю, электронныя тэхналогіі, усё ж такі на першым месцы, безумоўна, стаіць супрацоўнік, — падкрэсліў Андрэй Кавальчук. — Той чалавек, які прымае самыя важныя рашэнні, якія не даверыў машыне. На сённяшні дзень і тыя кадры, якія служаць, і тыя, якія паступаюць, валодаюць дастатковым узроўнем ведаў. Калі ўзнікае неабходнасць, то яны праходзяць перападрыхтоўку ў нашым інстытуце, дзе спасцігаюць тыя тонкасці прафесіі, неабходныя для наступнага ўжывання».

Дарэчы, ваенны парад, які прайшоў у Мінску ў гонар Дня Незалежнасці, на думку Прэзідэнта, быў найлепшым у гісторыі суверэннай Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні гэтага маштабнага мерапрыемства.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Апраўдаць давер народа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».