Вы тут

Фэст Вялікага тэатра прайшоў у Нясвіжы


Нясвіж знакаміты не толькі палацам Радзівілаў, але і музычнымі фестывалямі. У маі прайшло ХХІІІ Свята мастацтваў "Музы Нясвіжа — 2018", якое ладзіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А ў апошнія выхадныя чэрвеня вось ужо ў дзявяты раз Нясвіж прымаў фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў".


На оперу і балет — з бліжэйшых вёскак і з-за мяжы

Наладжваць такія святы мастацтваў за межамі сталіцы — выдатная ідэя. Па-першае, многія гараджане ўжо сталі сталымімі гледачамі, па-другое, прыязджаюць людзі з бліжэйшых да Нясвіжа гарадоў і вёсак. А што датычыцца "Вечароў Вялікага", то на іх з'язджаюцца з усёй Беларусі, пра што можна меркаваць па нумарных знаках аўтамабіляў усіх нашых рэгіёнаў. Акрамя таго, з года ў год тут не рэдкасць машыны з расійскімі, літоўскімі і польскімі нумарамі. То бок, фэст Вялікага тэатра ў малым горадзе стаў міжнароднай падзеяй!

Што да культурнага скаладніка, то кожны год Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе новую праграму. Прычым не робячы ніякіх скідак на "палявыя" ўмовы. У гэтым годзе надвор'е не песціла, але Ірына Кучынская ў вобразе Віялеты не дазволіла сабе парушыць задумку мастака па касцюмах оперы "Травіята" і выходзіла ў шаўковых уборах на сцэну, якая размяшчалася ва ўнутраным двары замка Радзівілаў.

А колькі захапленняў выклікаюць канцэрты ў Фарным касцёле, якія вядзе кіраўнік "Беларускай капэлы" заслужаны артыст Беларусі, чалавек энцыклапедычных ведаў пра музыку Віктар Скарабагатаў!

Трэцяя пляцоўка "Вечароў" —Тэатральная зала замка Радзівілаў. У гэтым годзе там выступалі салісты оперы Юрый Гарадзецкі і Ілья Сільчукоў, якія выканалі у тым ліку творы Антонія Радзівіла. Увогуле, што датычыцца культурных праграм, то яны заўсёды на вышыні. Як і прафесіяналізм работнікаў службы Вялікага тэатра па абслугоўванню гледачоў.

Больш сувеніраў, цікавых і танных!

Аднак не толькі духоўнай ежай жывы чалавек. На мой погляд, добрая сувенірная крама знаходзіцца ў самім палацы. Тут ёсць арыгінальныя рэчы! Асабліва гэта датычыцца сумак, заплечнікаў з лёну, цікавыя вырабы з дрэва, найбагацейшы выбар магніцікаў на розны густ і кашалёк. Гады два таму тут жа я купіла сабе і сябрам — і па вельмі прыемным кошце! — кнігі Людмілы Рублеўскай, у гэты ж раз цэннікі на літаратуру "кусаліся". Што цікава, першую кнігу Леаніда Маракова "Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940" можна купіць за 36 рублёў, а другую — за 143 рублі.

Вось што яшчэ заўважыла. Усяго адзін наведвальнік купіў тры шакаладкі з выявай Барбары Радзівіл па 4,5 рубля, затое некалькі гасцей Нясвіжа зрабілі пакупкі нават на большую суму, але яны бралі шмат дробных і недарагіх сувеніраў. А што датычыцца шакаладу, дык можна было б выпускаць яго ў тым ліку і ў бюджэтнай абгортцы, і малой вагі. Бо цукеркі той жа "Камунаркі" з выявай замка, але па 40 капеек за штуку, карысталіся вялікім попытам! У сувенірах, па вялікім рахунку, галоўнае не кошт, а ўвага.

Невялікі сувенірны рынак размешчаны і на пляцоўцы каля касцёла. Аднак, на мой погляд, там шмат тыпавых рэчаў, накшталат сумак і капялюшыкаў з лямца, вязаных хустак, палатняных сумак, фартухоў, прыхватак, якія можна ўбачыць і ў Львове, і ў Тракаі. Што парадавала, дык гэта магчымасць у некаторых прадаўцоў на гэтым рынку разлічыцца карткай.

Каля замка прадпрымальнікі прапануюць у арэнду стылізаваныя пад даўніну касцюмы. За пяць хвілін можна зрабіць шыкоўную фотасесію. Ўборы ёсць для дам і кавалераў, а таксама для дзяцей. У часткі публікі папулярныя магніцікі з уласным здымкам на фоне замка.

Можна здзейсніць бясплатна пешыя прагулкі па радзівілаўскіх парках або скарыстацца паравозікам, электробусам, веламабілямі. Усё гэта па вельмі дэмакратычных коштах, ад 2.50 рублёў. Даражэй праехаць у карэце.

Сакрэтны каледж

Выбраўшыся ў горад, нельга прайсці міма ратушы. Была там разоў пяць. Але зноў вярнуся з-за вельмі прыязнага і ўлюбёнага ў свой горад персаналу. Паглядзець экспазіцыю, сфатаграфавацца ў інтэр'ерах, у кампаніі з васковымі фігурамі — усё гэта задавальненне каштуе 3 рублі.

Вядомая нясвіжская славутасць — Слуцкая брама. Тут летам ладзяць невялікія выставы.

Можа, не ўсе ведаюць, што крыху ў баку ад цэнтральнай плошчы знаходзіцца Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Імя класіка навучальная ўстанова носіць невыпадкова. З 1898 па 1902 год Якуб Колас, тады яшчэ Канстанцін Міцкевіч вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якую ў 1875 годзе адкрылі ў памяшканнях скасаванага дамініканскага манастыра.

І па сёняшні дзень часткова Нясвіжскі каледж знаходзіцца ў памяшканнях помніка гісторыі і архітэктуры. Праўда, ёсць тут і тыповы будынак навучальнай установы. Гуляючы па Нясвіжу, заўсёды заходзім у каледж. Вельмі прыгожая дагледжаная тэрыторыя з шыкоўнымі кветнікамі. У гэты раз я толькі дастала фотапарат, як прыйшоў чалавек з бэйджам "Ахова" і сказаў, што фатаграфаваць тут забаронена. У мяне таксама быў бэйдж "Прэса", але не было жадання псаваць сабе настрой. Ахоўнік матываваў забарону кіраўніцтва на фотаздымку тым, што "сфатаграфуюць, потым выкладуць у інтэрнэт". Чым можа пашкодзіць іміджу каледжа яго ідэальна дагледжаная тэрыторыя, незразумела. Пры гэтым знака з перакрэсленым фотапаратам нідзе не было.

Успомнілася паездка ў Гайцюнішкі — там у замку-крэпасці знаходзіцца рэспубліканская псіхіятрычная бальніца. Побач з ёй у сучасным будынку — стражнае аддзяленне бальніцы. Дык вось, прадстаўнік службы аховы падышоў да турыстаў і проста ветліва папрасіў не фатаграфаваць стражнае аддзяленне, а крэпасць — калі ласка. Логіка абсалютная зразумелая, таму ніхто з турыстаў не абураўся і не спрабаваў парушыць забарону. А тут вось сцены, у якіх вучыліся Якуб Колас і Кузьма Чорны, чамусьці сталі сталі рэжымным аб'ектам.

Смачна есці!

У горадзе нямала ўстаноў грамадскага харчавання, але я раз і назаўсёды выбрала "Скарбніцу". Тут вельмі смачна гатуюць, а па мінскіх мерках дык і нядорага. Грыбная поліўка "Радзівілаўскія" у гаршчочку з хлеба з хрумсткай скарыначкай каштуе 4,5 руб., столькі ж — чыгунок з дзівосна прыгатаванымі дранікамі, шчодра дапоўненымі мясам і грыбамі. У Мінску аналагічную поліўку танней за 9 рублёў не сустракала.

Адзіная праблема — у кафэ і рэстаранах шмат месцаў браніруюць тургруппы, але пры жаданні патрапіць у любімы рэстаран можна калі не ў гадзіну ці дзве, то ў тры. У гэтым годзе ўпершыню з'явілася тое, што я назвала б тэатральным буфетам ў замку — невялікае вулічнае кафэ, у якім можна было купіць гарачыя напоі, выпечку, шакалад. Улічваючы прахалоднае надвор'е, усё гэта карысталася падвышаным попытам.

Пяць гадоў запар наведваючы "Вечары Вялікага", лавіла сябе на думцы, што гэты фэст мог бы стаць для Мінскай вобласці чымсьці накшталт "Славянскага базару ў Віцебску" ў частцы кірмашоў, выстаў-продажаў прадукцыі не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі.

Але, як патлумачыла намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Людміла МЯДЗВЕДЗЕВА, няма прыдатнага месца для праведзена падобных кірмашоў — нельга іх ўладкаваць на алеі, што вядзе да замка, ці проста перад ім. Падчас першых "Вечароў" мясцовыя ўлады рабілі спробу зладзіць невялікія кірмашы ў горадзе, аднак яны не мелі поспеху. Паводле слоў Людмілы Віктараўны, на "Вечары" публіка прыязджае мэтанакіравана да пачатку канцэртаў і па горадзе асабліва не гуляе. З гэтым назіраннем цяжка не пагадзіцца, бо і сапраўды ў горадзе, нават у самым цэнтры амаль не было мінакоў, усё жыццё кіпела ля сцен замка — тут былі і госці, і самі нясвіжцы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці