Вы тут

Серыя дакументальных фільмаў працягвае расказваць пра Мінскае гета


29 чэрвеня афіцыйная дэлегацыя з удзелам прэзідэнтаў Беларусі, Германіі і Аўстрыі прыняла ўдзел у мітынгу-рэквіеме памяці ахвяр нацызму на тэрыторыі былога лагера смерці Малы Трасцянец. У гэты ж дзень у мінскім Доме Масквы адбылася прэм'ера дакументальнага фільма «Зондэргета» — чацвёртай у «хроніцы Мінскага гета» карціне «Майстэрні Уладзіміра Бокуна». Рэжысёр Людміла Клінцова працягнула дакументальны аповед пра тое, як з Еўропы ў Мінск для знішчэння прывозілі эшалоны яўрэяў.


Нягледзячы на тое, што ў канцлагеры накіроўваліся не толькі дарослыя, але і дзеці, сёння можна знайсці тых, хто пазбег лёсу быць адпраўленым у Мінск разам са сваёй сям'ёй. Тады яшчэ дзеці, а сёння ўжо людзі ў гадах, каму цяжка ўспамінаць мінулае, могуць дапоўніць аповед пра «гамбургскіх» яўрэяў рэдкімі «жывымі» ўспамінамі. (Першы цягнік, усе пасажыры якога былі яўрэямі, прыбыў у Мінск у 1941 годзе з Гамбурга, і хоць пасля эшалоны прыходзілі і з іншых еўрапейскіх гарадоў, яўрэяў адтуль усё роўна называлі «гамбургскімі».)

Аўтары карціны «Зондэргета» звярнуліся да гэтага рэсурсу, што мы сёння яшчэ можам застаць, і знайшлі герояў, сем'яў якіх Мінскае гета датычыцца непасрэдна. Эдна Магдэр з Канады, Курт Маркс з Вялікабрытаніі і Міхаэль Розенберг з Германіі змаглі падзяліцца ўспамінамі пра блізкіх, што ў 1940-х былі адпраўленыя ў Мінск. Дакументальны фільм перадае сведчанне сваіх герояў і працягвае аповед пра Зондэргета, у якім раскрываюцца і лішні раз замацоўваюцца факты пра халакост на беларускай тэрыторыі.

У дэталях раскрываецца, напрыклад, «абыгрыванне» адпраўкі тысяч людзей — усяго ў раён Мінска было накіравана амаль 24 тысячы чалавек — на смерць: кожны з іх думаў, што едзе жыць, забіраў дакументы і сертыфікаты ў надзеі атрымаць лепшую працу, сам аплачваў білет на цягнік. Фільм «Зондэргета» амаль не выкарыстоўвае эмацыянальны рэсурс, але перадае эмоцыю праз факт: інфармацыя, якая суправаджае гісторыю Мінскага гета, сённяшняга чалавека здольна моцна ўразіць (не выціснуць слязу, але ўсё ж). Адзінае, у кадр трапляе пара сцэн, дзе ў саміх герояў фільма на вочы наварочваюцца слёзы, і гэта дэманструе, як моцна трагедыя 1940-х адгукаецца ў сённяшнім дні. Запрасілі да ўдзелу і мінчан, якія помняць і часы, і эшалоны: на экране старажылка Мінска згадвае свае ўражанні ад новапрыбылых.

Характэрна, што «Майстэрня Уладзіміра Бокуна», якая займаецца гістарычным кіно, сродкі на чацвёрты фільм «Хронікі Мінскага гета» збірала з міру па нітцы. Бюджэт атрымаўся прадказальна недастатковы, таму прозвішчы і ролі ў здымачнай групе раз-пораз пераплятаюцца. Аўтарамі сцэнарыя сталі Барыс Герстэн, Уладзімір Бокун і Людміла Клінцова. Апошняя, як ужо згадвалася, стала і рэжысёрам, Уладзімір Бокун — прадзюсарам і аператарам, Барыс Герстэн з'яўляецца ў кадры з суправаджальным тэкстам.

Цікава таксама заўважыць, што фільм сродкамі паловы неабходнага бюджэту і неабыякавасці закранае тэму, якой павінны апекавацца хутчэй вялікія інстытуцыі са структуры ўлады. Часам гэтая тэма сапраўды з'яўляецца ў парадку дня Мінкульта, але той факт, што Мінскае гета становіцца аб'ектам увагі таксама прыватнай ініцыятывы, пацвярджае адзін з тэзісаў фільма «Зондэргета»: натуральная памяць аб трагедыі жывая.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Недалёкія 1940-я

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.