Вы тут

Адбылося праслухоўванне прэтэндэнтаў на дзіцячае «Еўрабачанне-2018»


Падрыхтоўка да міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу, які сёлета прымае наша краіна, набірае абароты. На дадзены момант яшчэ не вызначылася канчаткова колькасць яго ўдзельнікаў — неафіцыйна свой удзел пацвердзілі 15 краін, у тым ліку Азербайджан, які плануе вярнуцца пасля перапынку, і Францыя, якая выступіць на дзіцячым шоу ўпершыню. Але ўжо даводзяцца да ладу ўсе арганізацыйныя моманты, разглядаюцца варыянт афармлення сцэнічнай пляцоўкі і распрацоўваецца праграма знаходжання замежных дэлегацый у нашай краіне. І канешне, з вялікай адказнасцю арганізатары падыходзяць да выбару прадстаўніка Беларусі: 62 заяўкі на нацыянальны адбор даслалі юныя выканаўцы і калектывы з Мінска, Магілёва, Брэста, Віцебска, Гомеля, Жодзіна, Ашмян...


Учора ўсе кандыдаты атрымалі магчымасць выступіць жыўцом перад журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства культуры, а таксама вядомыя артысты: заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела, спявачка і тэлевядучая Вольга Рыжыкава, спявачка Ганна Шаркунова, саліст гурта "Атлантыка" Аляксей Набееў.

Здагадацца аб тым, што на Макаёнка, 9 адбываецца нешта надзвычайнае, можна было яшчэ перад дзвярыма: адусюль сцякаліся групкі дзяцей і дарослых з куфрамі для сцэнічных касцюмаў, у вялізнай чарзе на ўваход мільгалі яркія прычоскі і чуліся музычныя фрагменты ад самых нецярплівых. Прэтэндэнты, якім, паводле ўмоў конкурсу, ад 9 да 14 гадоў, распяваліся паўсюдна: у фае і ў грымёрках, на прыступках, на крэслах у чаканні свайго выхаду... Сярод настаўнікаў, якія суправаджалі сваіх выхаванцаў, мы заўважылі шэраг вопытных "байцоў" дзіцячага "Еўрабачання": спявачку Вольгу Уронскую і ўдзельніка дарослага "Еўрабачання-2015" Юрыя Наўроцкага, ён жа Юзары; прадзюсараў і педагогаў Святлану Стацэнку, Іну Радаеву, Наталлю Раманаву, Вольгу Драздову...

— Здаецца, перажываю больш, чым за сябе, — прызнаўся фіналіст адбору на "Еўрабачанне-2018" Алег Шчуцкі (вядомы пад сцэнічным псеўданімам Alen Hіt), — хоць сёння выступаю толькі як аўтар песні для Ліліяны Садоўскай. А яна малайчына, наадварот, зусім не нервуецца.

Дарэчы, многія іншыя сёлетнія прэтэндэнты, як і Ліліяна, добра вядомыя не толькі заўсёднікам "Еўрабачання", але і аматарам папулярнай музыкі наогул: за плячыма ў гэтых дзяцей паспяховыя выступленні на тэлешоу "Голас.Дзеці", "Славянскім базары ў Віцебску", "Дзіцячай Новай хвалі"... Так, некалькі гадоў запар падаюць заяўкі Яраслаў Саколікаў, Марыя Жыліна, Марыя Магільная, Аліна Пехцерава, Стафанія Сакалова; вырашыў рызыкнуць і паспрабаваць свае сілы ўдзельнік дзіцячага конкурсу "Славянскага базару ў Віцебску — 2018" Арцём Скароль.

13-гадовая Аляксандра Цярпіла з Магілёва — адна з нямногіх, за чыімі плячыма не стаіць вопытны прадзюсар або педагог з імем. Але саму дзяўчыну гэта ніколькі не засмучае: "Я спяваю з чатырох гадоў, разумею, што гэта "маё", і спрабую свае сілы ў розных конкурсах. Часта выступаю на адной сцэне і з вельмі вядомымі ўдзельнікамі, гэта дапамагае адчуваць, як расце ўласны творчы ўзровень. Таму, нават калі я не прайду ў фінал, нічога страшнага, усё адно атрымаю карысны вопыт". Але такая вытрымка і правільны настрой былі далёка не ва ўсіх — за кулісамі нам давялося пабачыць і смех, і слёзы.

— Не зайздрошчу я журы, — зазначыў у перапынку спявак Юзары, назіраючы гэты зорны россып талентаў.

— Ты ж летась сам "журыў", — нагадалі калегі па сцэне.

— Вось таму і не зайздрошчу. Выбраць з такой колькасці максімум 10 фіналістаў — ну як?!

Сапраўды, старшыня журы Наталля Тамела ўжо на палове канкурсантаў прызналася, што адчувае разгубленасць: "Надзвычай высокая канкурэнцыя сёлета, ёсць моцныя і салісты, і калектывы. Некаторыя толькі выходзяць на сцэну, і ты разумееш, што ўсё супала: песня, голас, сцэнічны вобраз — але па многіх выканаўцах, думаю, у нас будуць гарачыя спрэчкі. Тым больш я ўсё гэта прапускаю праз сябе, прыгадваю, як сама пачынала шлях на сцэне, і разумею, як крыўдна прайграваць..."

На момант здачы нумара ў друк журы яшчэ не абвясціла свой вердыкт — хто ўвайшоў у запаветныя 7-10 фіналістаў. А вось фінальны гала-канцэрт, пераможца якога і прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе, пройдзе, як даведалася "Звязда", у канцы жніўня.

Кампетэнтна

— Дзіцячае "Еўрабачанне" ўжо праходзіла ў Мінску ў 2010 годзе, і тое шоу было прызнана адным з найлепшых за ўсю гісторыю, таму перад намі, канешне, стаіць няпростая задача ўтрымаць высокую планку, — зазначае старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван ЭЙСМАНТ. — Таму падрыхтоўка ідзе грунтоўная і карпатлівая, літаральна штодня. Як вы ведаеце, мы ўжо выбралі лагатып і слоган Lіght Up! — Запальвай! Ён вельмі спадабаўся Еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу, і, мяркую, вакол гэтай ідэі будзе круціцца ўсё шоу, поўнае 3D, тэхнічных навінак і відовішчных спецэфектаў. Таксама абавязкова скарыстаем нацыянальныя беларускія матывы, нашы інструменты, арнамент, традыцыі — літаральна днямі абмяркоўвалі з крэатыўным дырэктарам дзіцячага "Еўрабачання" Горданам Банела, як можна ўплесці ў музычнае аздабленне цымбалы... Ужо прадумваем цырымонію адкрыцця, якая адбудзецца ў выставачным цэнтры, так званым Рамонку, праграму Еўратыдня — экскурсіі, адукацыйныя і забаўляльныя моманты. Пастараемся зрабіць усё, каб максімальная колькасць маленькіх беларусаў змагла трапіць на дзіцячае "Еўрабачанне". А што датычыцца адбору — тут мы не ставім занадта жорсткіх планак. Як можна патрабаваць ад дзяцей выключна перамогі? Галоўнае, каб той выканаўца ці калектыў, якіх абяруць журы і гледачы, самі атрымалі задавальненне на сцэне і годна прадставілі Беларусь.

Па вы­ні­ках пра­слу­хоў­ван­ня фі­на­ліс­та­мі ад­бо­рач­на­га ту­ра ста­лі:

  • 1. Ар­цём Ска­роль (г. Ашмя­ны, Гро­дзен­ская воб­ласць), "Усміх­ні­ся";
  • 2. Лі­за­ве­та Мея (г. Жо­дзі­на, Мін­ская воб­ласць), "Зор­ка";
  • 3. Ма­рыя Гу­ле­віч (г. Мінск), "Вост­раў Чы­ка­рум";
  • 4. Да­ні­эль Алекс Яст­рэм­скі (г. Мінск), Tіme;
  • 5. Ан­ге­лі­на Яра­шчук (г. Мінск), Feelіng Good;
  • 6. Гру­па "Мя­та" (г. Мінск), "Ад­ной­чы";
  • 7. Мі­кі­та Бяль­ко (г. Мінск), "Не ад­дай";
  • 8. Ма­рыя Жы­лі­на (г. Мінск), Welcome To My Belarus;
  • 9. Яра­слаў Са­ко­лі­каў (г. Мінск), "Свет на зям­лі";
  • 10. Мonkey Tops (г. Мінск), "На сты­лі".

Лё­са­ван­не фі­на­ліс­таў, якое вы­зна­чыць чар­го­васць вы­ступ­лен­ня ў кан­цэр­це, прой­дзе ў Бел­тэ­ле­ра­дыё­кам­па­ніі 7 лі­пе­ня ў 12.00.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Хачу — і спяваю!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».