Вы тут

Старонкі беларускай паэзіі адкрывае Грозны


У Нацыянальнай бібліятэцы Чачэнскай Рэспублікі імя Абузара Айдамірава прайшла прэзентацыя кнігі «Старонкі беларускай паэзіі».


Зімовы сад рэспубліканскай бібліятэкі — сакральнае месца для літаратуры, мастацтваў Чачні. Сюды прыходзяць паэты, тут ладзяцца сустрэчы, прэзентацыі, імпрэзы. Гэтым разам у прасторы культурнага пабрацімства, духоўнага крынічнага асяроддзя сабраліся літаратары, якім цікавы мастацкі свет Беларусі. Нагода — прэзентацыя ўжо вядомай і ў Мінску кнігі перакладаў Адама Ахматукаева «Старонкі беларускай паэзіі». У зборніку пад адной вокладкай сабраліся вершы Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі і іншых майстроў беларускага прыгожага пісьменства.

Паэт Руслан Юсупаў адзначыў у сваім выступленні: «Як мне падаецца, нашага Адама Ахматукаева можна смела залічваць у літаратурныя паслы Рэспублікі Беларусь у Чачэнскай Рэспубліцы. І ў гэтым яму, несумненна, дапамагаюць паездкі на Беларусь, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі».

— Яшчэ ў 1982 годзе наш вялікі паэт Алвадзі Шахіеў надрукаваў у другім нумары альманаха «Орга» за 1982 год верш «А хто там ідзе?» народнага песняра Беларусі Янкі Купалы, — сказаў на прэзентацыі ў Грозным паэт і перакладчык Адам Ахматукаеў. — Ведаю, што гэты твор надрукаваны і ў Беларусі на чачэнскай мове. І мне здавалася, што я ніколі не адважуся пайсці па шляху засваення, прачытання багатай на вобразы і сімвалы нацыянальнай паэзіі. Але вось у 2016 годзе пабываў у Мінску, пазнаёміўся з многімі беларускімі паэтамі. І пачаўся мой шлях уваходжання ў багаты мастацкі свет. Тады, у 2016-м, я і пераклаў першы беларускі верш.

На літаратурнай імпрэзе прысутнічалі члены Саюза пісьменнікаў Чачэнскай Рэспублікі — вядомыя паэты Руслан Юсупаў і Лечы Ясаеў, маладыя творцы Фаіза Халімава, Тумані Вісітаева, Альбіка Сулейманава, Аза Масаева, Бувайсар Джамбекаў, галоўны рэдактар часопіса «Гоч» Пецімат Пецірава. Яны чыталі свае вершы, гаварылі пра зацікаўленасць беларускай літаратурай. Варта нагадаць, што ў апошні час і ў Беларусі з'явіліся публікацыі твораў чачэнскіх пісьменнікаў. Па-беларуску загучалі вершы Алвадзі Шайхіева, Лулы Куні, Сайд-Магамеда Гелагаева, Асі Умаравай, Фаізы Халімавай, Адама Ахматукаева, Пецімат Петрымавай і іншых таленавітых чачэнскіх паэтаў.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».