Вы тут

Чаму прадукцыя НТП УП «Унітэхпрам БДУ» запатрабаваная ў многіх краінах*


Вучэбна-навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ» створана ў 1999 годзе. Сёння гэта інавацыйная навукова-вытворчая кампанія са статусам тэхналагічнага парка займаецца распрацоўкай і ўкараненнем у вытворчасць сучасных хіміка-аналітычных і спецыяльных тэхналогій, вытворчасцю інфармацыйна-вымяральнага абсталявання, прыбораў медыцынскага прызначэння, лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый. Прадукцыя прадпрыемства адзначана медалямі і дыпломамі міжнародных спецыялізаваных выставак, салонаў інавацый і інвестыцый.


Прадпрыемства ўдзельнічае ў рэалізацыі разнастайных праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы. Так, сёння яно выконвае каля 20 заданняў, у тым ліку ў межах Дзяржаўнай праграмы «Фармацэўтычныя субстанцыі і лекавыя сродкі», галіновай навукова-тэхнічнай праграмы «Дзіцячае харчаванне: якасць і бяспека» і іншых.

На прадпрыемстве дзейнічае навукова-тэхнічны савет. Распрацоўкі праходзяць поўны інавацыйны цыкл ад фармуліроўкі тэхнічнага задання да серыйнай вытворчасці.

«Унітэхпрам БДУ» — шматфункцыянальнае прадпрыемства. Цэнтры, створаныя на яго базе, вырашаюць разнастайныя задачы. Так, адзін з навуковых кластараў займаецца біятэхналогіямі і біяінжынерыяй. Службы інфармацыйна-вылічальных і інфармацыйна-вымяральных сістэм ствараюць разнастайнае абсталяванне: для дыстанцыйнага маніторынгу транспарту, сродкі перазапісу для рэгістратараў, асцылографы, генератары, аналізатары, многафункцыянальныя вымяральныя комплексы Аlmа Mеtеr, аптычныя вымяральнікі тэмпературы, якія дазваляюць праводзіць ацэнку дэталяў пры высокіх тэмпературах ад 800 да 1300 градусаў. Медтэхніка, створаная на ўнітарным прадпрыемстве, запатрабаваная як у беларускіх медыцынскіх установах, так і за межамі краіны. Так, спірометры для ацэнкі стану дыхання сёння дазваляюць не толькі правесці даследаванне: праграма запамінае даныя, сабраныя падчас медаглядаў, параўноўвае і можа даваць рэкамендацыі. Сярод навінак — сумесная распрацоўка БДУ і РНПЦ анкалогіі — устаноўка агульнай гіпертэрміі «Пціч М» для комплекснага лячэння ў спецыялізаваных клініках.

Наогул, спатрэбіцца час, каб расказаць пра ўсю прадукцыю, над якой працуе прадпрыемства. Тут вырабляюцца нават дыягнастычныя наборы для паліклінік для аналізаў крыві і дэталі для будучага студэнцкага спадарожніка. Але давайце сёння больш пагаворым пра прадукцыю, якая ў апошні час была адзначана асаблівымі ўзнагародамі.

Медалі за найлепшыя распрацоўкі

У 2015 годзе на НТП УП «Унітэхпрам БДУ» адкрыта вытворчасць фармацэўтычных субстанцый і лекавых сродкаў, якая адпавядае стандартам GMР.

На гэтым прадпрыемстве (і больш нідзе ў свеце) выпускаюцца ўнікальныя прэпараты, абароненыя патэнтамі. Дадзеная прадукцыя адзначана самымі высокімі ўзнагародамі на міжнародных конкурсах. Так, лекавыя прэпараты, распрацаваныя сумесна з Навукова-даследчыцкім інстытутам фізіка-хімічных праблем, на конкурсе «Найлепшы інавацыйны праект і найлепшая навукова-тэхнічная распрацоўка года» ў Санкт-Пецярбургу атрымалі залатыя медалі ў намінацыі «Найлепшы інавацыйны праект у галіне жывых сістэм (біятэхналогіі)».

— Калі паўстала пытанне аб вытворчасці падобных лекаў, мы звярталіся на беларускія заводы медпрэпаратаў, аказалася праблематычна на іх наладзіць такі выпуск. Гэта малатанажная, навукаёмістая вытворчасць (у нас у тэхналагічным працэсе на вытворчасці задзейнічана тры кандыдаты навук), — расказвае дырэктар прадпрыемства, кандыдат хімічных навук Павел БЫЧКОЎСКІ. — Сёння вытворчыя магутнасці нашага прадпрыемства дазваляюць цалкам закрыць патрэбу і Беларусі, і краін былога Савецкага Саюза ў пэўных прэпаратах. Больш за тое, мы працуем у звязцы з айчыннымі вытворцамі, пастаўляем для іх фармацэўтычныя субстанцыі, а на заводзе вырабляюць гатовыя лекавыя формы, дзякуючы чаму ў Беларусі лекавыя сродкі вырабляюцца па поўным цыкле.

Ужо многія краіны свету зацікавіліся распрацоўкамі беларускіх вучоных, але выхад такой прадукцыі на замежныя рынкі патрабуе немалых затрат, бо ў кожнай краіне трэба асобна праходзіць рэгістрацыю прэпаратаў, і кампаніі-дылеры дапамагаюць прасоўванню такой неабходнай прадукцыі на свае рынкі. Так, дзякуючы падтрымцы шведскага боку на адзін з прэпаратаў, які выпускаецца на НТП УП «Унітэхпрам», пададзены патэнт у 56 краінах свету!

– У свеце зарэгістравана ўсяго толькі чатыры прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі, тры з іх – у Беларусі, – расказвае Павел Бычкоўскі. – Трэба сказаць, што распрацоўкі вучоных дазваляюць сэканоміць сродкі на лячэнні пацыентаў. Напрыклад, амерыканскі аналаг даражэйшы за беларускі прэпарат у 50 разоў і каштуе 15—18 тысяч долараў за ўпакоўку!

«Унітэхпрам БДУ» працягвае далейшае супрацоўніцтва з НДІ фізіка-хімічных праблем. І сёння ў межах такога навуковага кластара вядзецца работа па стварэнні новых прэпаратаў. Таксама будуць пашырацца і сферы ўжывання ўжо створаных лекавых сродкаў.

Адраснае харчаванне

Цэнтр харчовых тэхналогій УП «Унітэхпрам БДУ» займаецца даследаваннем, распрацоўкай і вытворчасцю харчовых дабавак для хлебапякарнай, мясной, кандытарскай галін.

— Харчаванне — найважнейшы складнік здаровага ладу жыцця. Прадукты новага пакалення павінны забяспечваць арганізм чалавека жыццёва неабходнымі кампанентамі. Прычым сёння харчаванне становіцца персаналізаваным, адрасным, — заўважае кіраўнік навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій Таццяна МАДЗІЕЎСКАЯ. — Трэба ўлічваць узроставыя асаблівасці, прафесійныя заняткі. Так, у спартсменаў і работнікаў інтэлектуальнай галіны патрэбы могуць быць рознымі. Змяніўся лад жыцця, раней пры большых фізічных нагрузках чалавек для кампенсацыі энергетычных затрат вымушаны быў ужываць больш ежы і з гэтага аб'ёму ён «набіраў» карысныя элементы. Пры разумовай і сядзячай працы патрабуецца менш ежы, і вітамінаў і мінералаў, неабходных для нармальнага функцыянавання арганізма, ужо можа не хапаць. Акрамя таго, павялічыўся ўзровень ужывання рафінаваных прадуктаў, але ўсё тое, што забіраецца падчас перапрацоўкі, неабходна кампенсаваць. Нельга забывацца і пра прыродныя асаблівасці, дэфіцыт на нашай тэрыторыі пэўных элементаў. Напрыклад, у Беларусі не вырошчваюцца расліны, якія накопліваюць селен, і пажадана, каб такія элементы былі ў гатовых прадуктах. Таму сёння так многа ўвагі ўдзяляецца функцыянальнаму харчаванню, стварэнню ўзбагачаных прадуктаў.

На прадпрыемстве распрацаваны карысныя кампаненты для дзіцячага харчавання і для выкарыстання ў прадуктах для асоб паважнага ўзросту, ёсць адрасныя распрацоўкі для людзей, якія займаюцца цяжкай фізічнай працай, цяжарных і кормячых жанчын, кампазіцыі для тых, хто мае праблемы з печанню, і для тых, у каго парушэнні бялковага і вугляводнага абмену.

Зразумела, каб здаровая ежа трапіла на стол як мага большай колькасці людзей, найперш трэба працаваць з прадуктамі масавага ўжывання. Таму прадпрыемства так актыўна займаецца распрацоўкай карысных кампанентаў для выкарыстання пры вытворчасці хлеба.

Але карыснай можа быць і соль. Аб праблеме залішняга ўжывання солі сёння гавораць ва ўсім свеце. Напрыклад, сярэднестатыстычны беларус атрымлівае яе каля 15—20 грамаў у суткі (замест рэкамендаваных 5). Шмат солі ў гатовых прамысловых прадуктах (дзе яна выкарыстоўваецца не толькі для смаку, але і як кансервант). Але на прадпрыемстве знайшлі добрае рашэнне, як на 10—30 працэнтаў знізіць яе ўжыванне. У межах дзяржаўнай праграмы распрацавалі прадукцыю серыі «Універсум» з паніжанай колькасцю хлорыстага натрыю. Рэальна, ужываючы менш солі, дзякуючы прана-араматычным кампанентам мы не будзем адчуваць яе недахопу. Больш за тое, фітасолі змяшчаюць карысныя кампаненты (вітаміны і амінакіслоты), якія станоўча ўплываюць на работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, і гэта пацверджана клінічнымі выпрабаваннямі (на іх падставе Міністэрства аховы здароўя Беларусі надало фітасолям статус дыетычнага прафілактычнага прадукту). Гэта выключна беларуская распрацоўка, аналагаў у свеце не існуе. Дадзеная прадукцыя ўзнагароджана дыпломам (з уручэннем спецыяльнага прыза) на выстаўцы ў Санкт-Пецярбургу «Hі Tесн 2018», а таксама стала пераможцам у нацынальным конкурсе як «Найлепшы прадукт года» і «Навінка года».

Дарэчы, набываючы фітасоль у магазінах, можна сэканоміць на прыправах, ужо створана некалькі такіх прадуктаў, якія розняцца сваёй араматыкай.

Сёння стаіць задача знізіць колькасць солі ў прамысловых прадуктах. У прыватнасці, зараз сумесна з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці распрацоўваюцца рэцэптуры з выкарыстаннем фітасоляў для вытворчасці мясных вырабаў, створаны новыя фітасолі «Салюс» і «Крэда».

Што далей?

Дзякуючы статусу тэхнапарка, дзяржаўнай падтрымцы кампанія мадэрнізуецца, будуць створаны новыя вытворчасці.

Закупляецца дарагое абсталяванне для рэзідэнта тэхнапарка — кампаніі «Прабіятэх», і потым пачнецца выпуск ветэрынарных прэпаратаў (уся гэта прадукцыя абароненая патэнтамі, мае сусветны ўзровень навізны і арыентаваная ў тым ліку на экспарт).

Будзе праводзіцца конкурс стартапаў, каб уцягнуць маладых вучоных у працэс камерцыялізацыі ўласных распрацовак. У перспектыве стварэнне мадэлі «Універсітэт 3.0» — гэта сувязь навукі з вытворчасцю дазволіць знайсці таленавітых спецыялістаў і даць ім фінансавыя магчымасці для прафесійнага росту.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

*На правах рэкламы

УНП 190007888

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.