Гэта кніга выпушчана «Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі» і ўяўляе сабой пераклады знакамітага верша Янкі Купалы на 100 моў свету, якія рабіліся пераважна носьбітамі гэтых моў. Аўтарамі, якія пісалі тлумачэнні да кнігі, з'яўляюцца прафесар Вячаслаў Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Акрамя гэтай перамогі беларусы атрымалі і многа іншых каштоўных узнагарод. Члены журы мяркуюць, што наша краіна сёлета проста скарыла конкурс!
Як адзначыў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, у дзевяці намінацыях конкурсу Беларусь атрымала найвышэйшыя, першыя, узнагароды, яшчэ ў адной намінацыі — узнагароды другой ступені. І гэта вельмі істотны вынік, бо ўсяго на конкурс было прадстаўлена болей за 100 кніг: кожная краіна магла прэзентаваць па дзве кнігі ў адной намінацыі. Таму журы міжнароднага форуму адзначыла, што сёлета адбыўся сапраўдны трыумф беларускай кнігі. «Можна сказаць, што ў нас нават не было сур'ёзных канкурэнтаў, — адзначыў Уладзімір Андрыевіч. — Бо беларусы любяць кнігу і хочуць прадстаўляць яе найлепшыя ўзоры».
Выдавецтва «Народная асвета» атрымала дзве першыя ўзнагароды ў намінацыях «Кніга для дзяцей і юнацтва» і «Дыялог культур». Так, адным з пераможцам стала выданне «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век» Чынгіза Айтматава. Гэта твор, перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым. Мастаком выдання з'яўляецца Арлен Кашкурэвіч.
У намінацыі «Арт-кніга» найлепшай прызнана яшчэ адно беларускае выданне — кніга старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы «Звычайныя рэчы», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Дызайн для яго выканаў Зміцер Герасімовіч, што, па словах аўтара, стала адным з ключоў да поспеху. Дарэчы, не так даўно ў Рыгора Сітніцы выйшаў і зборнік паэзіі пад назвай «Ток». Наклад у 500 асобнікаў разышоўся за тры месяцы, прэзентацыя ў вялікай зале сталічнай філармоніі сабрала аншлаг. Таму цяпер зборнік плануюць перавыдаваць, магчыма нават не адзін раз, і прэзентаваць у абласных гарадах.
Нельга абмінуць увагай і яшчэ аднаго сёлетняга важнага пераможцу міжнароднага конкурсу — гэта кніга Валянціны Бялявінай і Любові Ракавай «Беларускі касцюм», выпушчаная ў выдавецтве «Беларусь». Як адзначае Любоў Ракава, цяпер часцей за ўсё вывучаюць сялянскі касцюм, і гэта цалкам натуральна, бо захаваліся многія яго ўзоры. Аднак у сваёй кнізе яны звярнулі ўвагу на шляхецкае адзенне і імкнуліся падкрэсліць, якія багатыя традыцыі маюць беларусы.
Без перабольшання, надзвычай важная кніга, якая стала пераможцай у намінацыі «Садружнасць», — гэта выданне «Беларускі след у гісторыі і культуры Масквы», што выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Як адзначыла адна з яе аўтараў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Бажэнава, гэта выданне зрабіла крок наперад у міжкультурным дыялогу і прызнанні ўнёску беларускіх рамеснікаў у стварэнне і аздабленне многіх архітэктурных цікавінак Масквы.
На конкурсе «Мастацтва кнігі» краін СНД было прадстаўлена і шмат іншых цікавых выданняў з Беларусі, якія таксама не засталіся без узнагарод.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?