Вы тут

“Наш Дзень” не адпускае праз тыдзень


“Наш Дзень” не адпускае праз тыдзень

Месяц чакала гэтай падзеі, каб пасля амаль тыдзень адыходзіць. Толькі цяпер магу напісаць пра “Наш Дзень”. Два гады прайшло паміж узнікненнем ідэі і яе ажыццяўленнем. А я ўвесь гэты час думала, чаму ў Беларусі няма асобнага фэсту для беларускіх музыкаў. Ужо ёсць! 30 чэрвеня ў музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам на працягу дзесяці гадзін гралі самыя вядомыя гурты нашай краіны.

Арганізатары хацелі сабраць іх на адной сцэне ўжо даўно, але… Прычына затрымкі простая: яны баяліся. Усе эксперты адмаўлялі ў мэтазгоднасці, казалі, што без спонсараў гэта проста немагчыма. І ўсё ж Уладзімір Плавінскі набраўся мужнасці і разам з  “Арт Сядзібай” ажыццявіў планы. З запланаваных чатырох тысяч чалавек на мерапрыемства прыйшло толькі каля трох. Нягледзячы на гэта, каманда не пашкадавала. Чаму? Давайце разбірацца.

Па-першае, на працягу чэрвеня яны зладзілі столькі мерапрыемстваў, прысвечаных “Нашаму Дню”, што складана ўявіць. Напрыклад, конкурс маладых гуртоў. На яго падалі заяўкі больш за сто выканаўцаў. З іх у паўфіналы прайшло пятнаццаць. Тры  тыдні па нядзелях гледачы і прафесійнае журы адбіралі выступоўцаў у фінал. Па яго выніках на вялікай сцэне фэсту апынуліся “Час лайна”, LOUDSCAGE, PyLaj.  Кожны з канцэртаў быў палымяным, а гурты  - разнастайнымі і своеасаблівымі. Не адна я пашырыла музычны кругагляд ды павялічыла плэйліст новымі файнымі песнямі.

Акрамя таго, апошнія дванаццаць дзён да фестывалю фанаты і музыкі-хэдлайнеры фэсту размалёўвалі тумбу на плошчы Якуба Коласа. Атрымалася афіша-аўтакарыкатура. Можаце ўявіць ступень задаволенасці дзетак, што прымалі ў гэтым удзел?

Таксама адбылося два конкурсы ў сеціве. Першы – “Наш Караткевіч”. Удзельнікі прысвячалі пасты ў сацыяльных сетках славутым асобам, што паспрыялі ўмацаванню беларушчыны. Па хэштэгу можна было прачытаць усе, таму я, напрыклад, даведалася шмат новага і цікавага пра тых, кім захапляюся гадамі.

Другое інтэрнэт-спаборніцтва яшчэ цікавейшае. Заданні прыдумаў кожны гурт, падарункі – таксама. Трэба было скласці плэйліст, зрабіць сэлфі, распавесці пра радзіму, абраць гістарычную асобу, якая была панкам. Прызы дакладна былі вартыя намаганняў: фотасесія з Akute, паездка ў Вайцюшкі на сядзібу Змітра Вайцюшкевіча,  вячэра ў кавярні з Пятром Клюевым і шмат іншых, не менш заманлівых.

І вось 30 чэрвеня. Я так моцна яго чакала, што здавалася, гэты дзень проста не прыйдзе. І ўсё ж прыйшоў. Хвалявалася, быццам ад мяне залежала ўсё. На ўваходзе папярэдзілі, што да сцэны ісці доўга. Дарма не паверыла. На вялікай тэрыторыі музея змясцілася шмат займальных кропак. Пакуль усе абышла, ледзь не спазнілася на канцэрт. А як інакш, калі адна зона сацыяльных актыўнасцяў не адпускае як мінімум гадзіну?! Дзяўчаты з “Арт Сядзібы” рабілі аквагрым і вучылі маляваць паштоўкі,  а “Задзіночанне беларускіх студэнтаў” прымала ў сваю каманду ўсіх цікаўных. Маўчу пра фудкорт, карчму, футбольную і дзіцячую пляцоўкі. Каб усё абысці, не хапіла б і дня.

Таму накіравалася да сцэны. Убачанае здзівіла: нават падчас першых трох маладых гуртоў натоўп гучна спяваў і скакаў. Што было далей – страшна распавядаць. Людзі ўсміхаліся, смяяліся да болю ў жываце, гукалі гурты да да нематы, пляскалі да знямогі ў руках, танчылі даўпаду, крычалі грамчэй за выканаўцаў на сцэне.

Падчас выступаў Neuro dubel, “Крамы” і “Дай дарогу!” натоўп хістаўся так, што было небяспечна падыходзіць. На сцэне выканаўцы расшчапіліся ў музыцы напоўніцу. Фатографы з відэографамі апынуліся ў пастцы. Але яны не разгубіліся – пачалі хапаць эмацыйныя кадры. Не паверыце, але да сённяшняга дня суполка фэсту працягвае выкладаць яскравыя ўспаміны.

Як часта бывае, саўндчэк зацягваўся, нават нягледзячы на прафесіяналізм музыкаў. Таму ў перапынках паміж выступамі вядоўца Алесь Сапрыкін выпытваў у публікі, якая з песень наступнага гурта “наша”, агучваў вынікі конкурсаў і нават паспяваў праводзіць новыя.

На момант, калі Лявон Вольскі з’явіўся на сцэне, людзі перад ёй паспелі стаць адным непадзельным цэлым. Яго песні спяваў кожны без выключэння. Музыка сышоў, а ў Азярцы лунала несмяротная “Тры чарапахі”. Канечне, спявак не змог не выканаць яе на біс.

Канцэрт не скончыўся нават пасля гэтага. Удзельнікаў фэсту развозіў спецыяльна арганізаваны транспарт. Адзін з аўтобусаў заспяваў гуртам “Простыя словы” і не толькі. Бо эмоцыі не адпускалі і не адпускаюць дагэтуль. Бо праз хвіліну пасля канца “Нашага дня” хацелася перанесціся на год наперад і трапіць на наступны. Бо нават зараз, пішучы гэты тэкст, хочацца плакаць ад таго, якімі па-сапраўднаму эмацыйнымі, згуртаванымі ды шчаслівымі былі людзі побач.

Вашы пачуцці не былі настолькі ж моцнымі 30 чэрвеня? Такое магчыма выключна калі вас не было на фэсце. Тады варта прыехаць пад Строчыцы роўна праз 359 дзён і “адарвацца”.

Паліна ЗАБЕЛА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».