Вы тут

«З зычливасти ку моей Отчизне». Васіль Цяпінскі


З далёкага XVІ стагоддзя гучыць ягоны заклік да нашага сумлення — заклік патрыёта — прысвяціць сябе Бацькаўшчыне. Ён не здзяйсняў вялікіх спраў, якія заносілі б у хронікі, ён не вяршыў лёсам краін і народаў. Слаўны той, хто са зброяй бароніць родную зямлю ад ворага, і слаўны той, хто свой талент аддае ёй на пажытак і патрэбу. Васіль Цяпінскі быў і рыцарам, і асветнікам. Ён з тых, для каго Айчына — гэта ягонае жыццё, «если она до конца згинет, з нею згинуть».


Просты шляхціц Васіль Цяпінскі выконваў свой шляхетны абавязак «войну служити». У перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага за 1567 год ёсць згадка і пра яго. «Товарыш Василей Тяпин на шесть кони. На нем панцер, шишак, шабля, гаркабуз, кончер, секира, под ним дрыкгант сив». Служыў Цяпінскі афіцэрам у коннай роце аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Смелы, мужны воін Кміта-Чарнабыльскі славіўся арыгінальным талентам літаратара і, безумоўна, паўплываў на маладога Цяпінскага.

Увогуле Цяпінскаму пашчасціла на добрае знаёмства. Ведаў ён падканцлера Астафія Валовіча, чалавека высокаадукаванага і разумнага. Сябраваў з мысліцелем Сымонам Будным. Так што нічога дзіўнага не адбылося, калі воін стаў асветнікам, перамяніў шаблю на пяро.

Чуйнае сэрца патрыёта адчувала новую бяду. На Беларусь насоўвалася культурная і духоўная цямрэча. Тыя, хто называўся пастырам народа, не неслі яму святло, не адчынялі «школы ку науце». Многія з паноў і шляхты занядбалі «народе езыка своего славного». Духоўнае здзічэнне люду паспалітага, культурная асіміляцыя вяльможнага панства былі куды небяспечней за варожае нашэсце. І трэба было ратаваць край ад цемры невуцтва, ад здрады роднай культуры і мове. І фронт гэтай барацьбы пралёг праз сэрцы і душы людзей. Тут шабляй не пасячэш.

Знаёмства Васіля Цяпінскага з Сымонам Будным у поўнай ступені прадвырашыла яго жыццёвы шлях. Для вайсковага афіцэра, які агрубеў душой на вайне, філосаф і мысліцель стаў настаўнікам і сябрам. Разам яны заняліся асветай народа. Цяпінскі пераклаў Евангелле на беларускую мову і каля 1570 года выдаў яго ў сваёй друкарні. У прадмове (з нейкіх прычын яна не ўвайшла ў кнігу) Цяпінскі пісаў, што ён «яко сприязливый, простый и щирий, правдиве, верне, а отвористе, з зычливости ку моей отчизне, ...з убогое своее маетности народу моему услутую».

Збіраўся Цяпінскі выдаць і Катэхізіс, які ён напісаў на беларускай мове. Невядома, што перашкодзіла гэтаму. Чаму спыніўся яго друкарскі станок? Пэўна, не хапіла Цяпінскаму «маетнасці». Сам прызнаваўся, што «тяжкие дороги для друку». А ўсё ж ён дзейсна ўдзельнічае ў духоўным жыцці грамадства. Сымон Будны ўспамінаў, што ў 1567 годзе ў «доме брата мілага Васіля Цяпінскага» праходзіў сінод сацыянаў. Пазней, у 1578 годзе, Цяпінскі абараняў на сінодзе ў Лоску погляды Буднага, пра што той і пісаў: «Адазваўся адзін шляхціц, а затым і іншыя, што ўрад мяча не супярэчыць евангельскай навуцы, а таксама як трыманне маёнткаў, удзел у войнах, «прававанне» і г. д. Спрачаліся з ім польскія браты, ды ўжо вечар быў, супакоіліся. Назаўтра пры сваім раз'ехаліся».

Васіль Цяпінскі мог зрабіць шмат «народу своему рускому», ды і зрабіў нямала, але... Гэтае фатальнае але! Колькі светлых памкненняў разбівалася аб гэтае але.

Не кожнаму дадзена стаць вялікім, а вялікае чыняць і простыя людзі, імёны якіх не трапляюць у аналы гісторыі. Просты беларускі шляхціц Васіль Цяпінскі праўдзіва і зычліва слугаваў свайму народу і Айчыне — дзейсніў вялікую справу.

Доўгі час нічога не было вядома пра смерць Васіля Цяпінскага. І вось у 1991 годзе адкрылася адна з таямніц нашай гісторыі. У архівах былі знойдзены дакументы, якія паведамлялі пра смерць Васіля Цяпінскага ад рукі сваіх родзічаў Івана і Васіля Цяпінскіх. Нейкі злавесны сімвал ёсць у гэтай смерці асветніка. Колькі секлі галін і галінак на дрэве беларускай культуры бязлітаснай рукой вырадкаў і чужынцаў? А яно зелянела новымі парасткамі-ганцамі. А заклік Васіля Цяпінскага народу свайму слугаваць, «языка своего славного» не занядбаць звернуты да нашага сумлення. У роднай мове, у роднай культуры, у духоўнасці бачыў Цяпінскі веліч народа і крыніцу яго духоўнага багацця, «яко то был зацный, славный, острий, довстипный народ их в умеетности и яко многокрот посторонние учоные народы их мудрость мусели похвалять и овшем се от них учить». І свой маленькі даробак унёс і Васіль Цяпінскі.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?