20 Верасень, чацвер

Вы тут

Колькі будынкаў у Гомелі пабудаваў зархітэктар Станіслаў Шабунеўскі?


Даследчыкі шукаюць адказ на гэтае пытанне.

У сучасным Гомелі захавалася не так шмат помнікаў старажытнай архітэктуры, як верагодна, хацелася б яго жыхарам. Але ж тыя будынкі, якія перажылі выпрабаванні часам, заўсёды ўражваюць і звяртаюць на сябе ўвагу. Менавіта па іх архітэктары і краязнаўцы вывучаюць гісторыю горада над Сожам. Многія маюць аўтарства дойліда Станіслава Шабунеўскага.


Юныя ар­хі­тэк­та­ры на вы­стаў­цы Ста­ні­сла­ва Ша­бу­неў­ска­га.

Знакаміты архітэктар нарадзіўся роўна 150 гадоў таму. І гэта дало падставу адкрыць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі выстаўку, прысвечаную чалавеку, які ствараў традыцыі горадабудаўніцтва на Гомельшчыне. Залу, дзе адбывалася прэзентацыя, запоўнілі маладыя людзі, будучыя архітэктары — студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Тыя, хто толькі марыць пабачыць свае малюнкі-праекты ўвасобленымі ў жыццё.

Дарэчы, вучацца яны цяпер у адным з тых будынкаў, якія належаць аўтарству Шабунеўскага. Некалі малады інжынер, які толькі закончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, выйграў конкурс на найлепшы праект мужчынскай гімназіі ў Гомелі. Цяпер там БелДУТ. Гімназію ў самым канцы пазамінулага стагоддзя ўзвялі за два гады ў псеўдагрэчаскім стылі з чырвонай цэглы. З гэтай пабудовы пачала імкліва развівацца кар'ера таленавітага архітэктара. Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама, галоўны архітэктар Гомельскай вобласці Святлана Кухацкаволец адзначае, што творчасць Шабунеўскага захапляе і ўражвае і сёння:

— Ён ствараў тое асяроддзе, якое да гэтага дня ўпрыгожвае абласны цэнтр. Насамрэч, калі глядзіш на пабудовы Шабунеўскага, здзіўляешся. Калі проста побач праходзіш, адчуваеш натхненне, якое перажываў некалі сапраўдны мастак.

Загадчыца мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяна Літвінава падкрэслівае, што сёння Гомель нельга ўявіць без архітэктурных помнікаў канца XІX — пачатку XX стагоддзя аўтарства Шабунеўскага, якія захаваліся, нягледзячы на ўсе складанасці часу:

— Самымі імпазантнымі з іх з'яўляюцца будынкі банкаў, бальніц, офісных і жылых пабудоў, якія заўсёды арганічна ўпісваліся ў гарадскі пейзаж. Тут класіцызм, мадэрн, канструктывізм... Вуліцу Савецкую ўпрыгожваюць будынкі былых Арлоўскага і Віленскага камерцыйных банкаў. Радуе вока лініямі ў стылі мадэрн былы дом купца Грошыкава. Як і раней, служаць людзям карпусы бальніцы (цяпер хуткай дапамогі), пабудаваныя ў гады Першай сусветнай вайны. Архітэктар кіраваў асушэннем Гарэлага балота, будаўніцтвам гарадскога водаправода. Пад яго наглядам адбывалася аднаўленне часткі палаца Паскевічаў, якая пацярпела ад пажару ў 1919 годзе.

Здаецца, усе ў Гомелі ведаюць прыгожы Палац грамадзянскіх абрадаў, які таксама спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі. Між тым першапачаткова будынак узвялі як дом урача Навума Аляксандрава. Шасціпавярховы дом-камуна ў даваенным Гомелі быў самым высокім будынкам. У ім меліся доўгія калідоры з вялікай колькасцю кватэр і агульнымі кухнямі. «Круглы шэры дом» па вуліцы Пушкіна, 26 быў тады заўважны здалёк дзякуючы незвычайнай яскравай абліцоўцы. Дом культуры чыгуначнікаў узводзілі ў 1924—1927 гадах пры непасрэдным удзеле Станіслава Данілавіча. У далейшым яго не раз перабудоўвалі, але аўтарскі почырк заўважны і дагэтуль.

Вывучэнне спадчыны Станіслава Шабунеўскага далёкае ад завяршэння. Навуковы супрацоўнік аддзела археалогогіі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў у архівах вывучаў перыядычныя выданні канца XІX — пачатку XX стагоддзя. Высветліў, што ў газетных нарысах гаворыцца і пра іншыя будынкі, якія таксама маюць аўтарства вядомага дойліда:

— Напрыклад, гэта Праабражэнская званіца, якая захавалася да нашых дзён. Пабудавана яна ў рускім стылі і тады ўяўляла сабой двух'ярусную васьмігранную вежу. У гады вайны знік верхні ярус. Таксама на старонках газеты «Палеская праўда» мы знайшлі паведамленне пра тое, што ў 1930 годзе Шабунеўскаму даручылі за 10 дзён распрацаваць праект лазні і пральні. Праект быў зацверджаны праз 20 дзён. Прапускная здольнасць аб'екта складала 250 чалавек у дзень. Будынак быў зроблены ў стылі канструктывізму. У гады Вялікай Айчыннай вайны галоўны фасад узарвалі, а пасля яго аднавілі ў стылі нэакласіцызму.

Лазня і сёння адпавядае свайму прызначэнню, як і многія іншыя, але не ўсе пабудовы. Многія даследчыкі ўпэўнены ў тым, што Станіславаў Данілавіч мае непасрэднае дачыненне да праекта Мікольскай Палескай царквы, якую ў 1904 годзе пабудавалі на сродкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі. Сёння тут размешчаны Свята-Мікольскі мужчынскі манастыр.

Дацэнт кафедры архітэктуры БелДУТа, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў гаворыць, што калі ў будынку, які стварыў некалі знакаміты архітэктар, вучацца будучыя яго калегі, то ажыццяўляецца творчая пераемнасць яго ідэй:

— Калі паглядзець на яго спадчыну асацыятыўна, можна значна павялічыць спіс аб'ектаў, ім спраектаваных. Пра два дзясяткі, якія захаваліся, дакладна вядома, а яшчэ столькі ж можна дадаць. Проста пакуль афіцыйна не пацверджана, што яны належаць менавіта яго аўтарству. Магчыма, мы яшчэ будзем адкрываць невядомыя старонкі жыцця і творчасці Станіслава Шабунеўскага. Тым больш што ім шмат будынкаў было спраектавана і для суседзяў у Бранскай і Чарнігаўскай абласцях. Пакуль гэта толькі версія, якую трэба ўдакладняць.

Між тым дагэтуль імя знакамітага дойліда не ўвекавечана ніякім чынам. На вернісажы прагучалі прапановы, улічваючы ўнёсак Станіслава Шабунеўскага ў развіццё Гомеля, ушанаваць яго імя ў скульптуры ці тапаграфіі горада, якому ён так аддана служыў.

Нарадзіўся архітэктар у 1868 годзе ў збяднелай шляхецкай сям'і — у вёсцы Скароднае, цяпер Ельскага раёна. Яго бацька служыў пачтаром, пазней памочнікам пашмайстра павятовай паштовай канторы Бабруйска. Станіслаў скончыў гімназію ў Слуцку, затым вывучыўся ў Санкт-Пецярбургу на архітэктара. У 1897 годзе прыехаў у Гомель і пачынаў працаваць у будаўнічым аддзеле Лібава-Роменскай чыгункі.

Рэвалюцыя пакінула цень на лёсе вядомага архітэктара. У 1919 годзе яго пазбавілі права абірацца ў кіруючыя савецкія органы. У верасні 1922-га пасля службы ў Чырвонай арміі ён вярнуўся ў Гомель, уладкаваўся інжынерам у «Палесбуд». Не прайшло і паўгода, як яго прызначылі інспектарам па будаўніцтве. У маі 1924-га Шабунеўскі стаў губернскім інжынерам, а ў 1927-м — інжынерам Гомельскай акругі. Праз 10 гадоў Станіслаў Данілавіч трапіў пад рэпрэсіі. У 1937 годзе яго арыштавалі па лжывым даносе і засудзілі на 10 гадоў лагераў. Дзесьці на будаўніцтве Беламорканала закончылася жыццё 69-гадовага архітэктара. Справу Шабунеўскага закрылі праз 20 гадоў пасля яго смерці — за адсутнасцю складу злачынства. Рэабілітавалі яго толькі ў 1989 годзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: 20 ці 40?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.