Вы тут

Чым запомніўся рэспубліканскі фестываль «Купалле-2018» у Александрыі


У святочны графік Купалля свае карэктывы ўнеслі дождж і... працоўная субота. Але аматарам адпачыць на прыродзе гэта не перашкодзіла. Асабліва шматлюдна было ў суботу вечарам, калі адбыўся гала-канцэрт і феерверк. Народ ехаў з дзецьмі, шмат хто цэлымі сем'ямі. Па папярэдніх звестках, свята ў Александрыі наведала 85 тысяч гасцей.


Сувязь з роднай зямлёй

Галоўны святочны гала-канцэрт «Малая радзіма» прыйшлося адкласці амаль на гадзіну. За 10 хвілін да яго пачатку пачаўся моцны дождж з навальніцай, а глядзельная зала, як вядома, знаходзіцца пад адкрытым небам. Як толькі надвор'е супакоілася, гледачы занялі свае месцы. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, які традыцыйна адкрывае купальскае дзейства, прызнаўся, што Купалле для яго асаблівае свята.

— Менавіта ў гэты дзень, у гэтую ноч мы асабліва адчуваем сакральную сувязь з роднай зямлёй, продкамі і адно з адным. Таму так хочацца вырвацца з гарадскога жыцця і стаць бліжэй да прыроды — яе прыгажосці і жыватворнай сілы, набрацца добрай энергіі сонца, дажджу, удыхнуць водары травы і лесу, атрымаць асалоду ад прахалоды рэк і азёр, — адзначыў кіраўнік Беларусі.

— З вялікім хваляваннем, пачуццём радасці і гордасці я прыязджаю на сваю малую радзіму, — падзяліўся настроем з гледачамі Аляксандр Лукашэнка перад тым, як заняць сваё месца ў глядзельнай зале. — Для мяне гэты край заўсёды будзе асаблівы. Але такі ж важны і дарагі сэрцу, як любы іншы куток маёй Беларусі — дзівоснай, прыгожай, з добрым, працавітым, гасцінным і цярплівым народам. І як бы ні склаўся наш лёс, куды б нас ні закінула, нам жыццёва неабходна вяртацца да вытокаў. Туды, дзе пейзажы ажываюць сюжэтамі з дзяцінства і юнацтва, дзе глыбока пушчаныя карані радавога дрэва. Хай нават і ў думках, але мы павінны трымацца за гэты маленькі свет, адкуль пачаўся наш шлях у вялікае жыццё. Гэты свет і ёсць наша папараць-кветка. У ім і знаходзім мы сваю сілу, апору і шчасце. Ён наш абярэг.

З вялікай фестывальнай сцэны сваё мастацтва дарылі вядомыя выканаўцы і калектывы — салісты ансамбля «Сіняя птушка», Іван Вабішчэвіч, Сяргей Трафімаў, Алена Ланская, Вікторыя Коха, эксцэнтрычны гурт «Лісапетны батальён», іншыя айчынныя, расійскія і ўкраінскія артысты. У аснову сюжэта лягла гісторыя эстраднай суперзоркі, які па волі выпадку аказаўся на сваёй малой радзіме — у невялікай беларускай вёсцы. Тут ён сустрэў людзей, якія былі дарагія яму ў дзяцінстве. Купальскае відовішча адначасова трансліравалася на некалькіх святлодыёдных экранах. Падчас прадстаўлення сын Прэзідэнта Мікалай Лукашэнка сыграў на фартэпіяна «Вяртанне да спадчыны» — твор беларускага кампазітара Валерыя Іванова. Завяршыўся канцэрт святочным феерверкам. Частка моладзі засталася на дыскатэку, а хто хацеў паехаць дадому скарысталіся чыгуначным транспартам. Рух цягнікоў мясцовых рэгіянальных ліній быў скарэктаваны з улікам затрымкі канцэрта.

Можна было купіць нават трактар

Упершыню на фестывалі была арганізаваная выстаўка беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. І малыя, і дарослыя з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне бліскучых з беларускім арнаментам трактароў і агрэгатаў.

Выставачны рад пачынаўся з зусім маленькіх «экспанатаў».

— Гэта наша міні-тэхніка, а 112-ы трактар — адна з навінак прадпрыемства — ён больш дасканалы, у ім устаноўлена гідрааб'ёмнае рулявое кіраванне, колы вышэйшыя і ёсць яшчэ шмат іншых прыемных якасцяў. Падыходзіць для работы на градках ад 5—10 сотак да 2—3 гектараў. Шматфункцыянальны, можа выкарыстоўвацца як камунальны транспарт, — рэкламаваў прадукцыю Смаргонскага агрэгатнага завода яго супрацоўнік Павел Шульжыцкі.

А вось трактар Беларус 320.4 бабруйскага завода дэталяў і трактарных агрэгатаў, напэўна, ёсць у кожным калгасе.

— Іх выпушчана больш за 10 тысяч, самая хадавая мадэль, актыўна выкарыстоўваецца на фермах, — удакладніў прадстаўнік прадпрыемства. — Непасрэдна ў ААТ «Александрыйскае» працуе каля 20 нашых трактароў. Мы 9 гадоў на рынку, і нас добра ведаюць у Беларусі і за яе межамі. Каля 50—60 % нашай тэхнікі ідзе на Расію, 30 % — застаецца ў Беларусі, астатнія 10 % адпраўляюцца ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Адна з нашых нядаўніх навінак у канцы чэрвеня адправілася на Мадагаскар. Пастаўляем трактары і ў Паўднёвую Амерыку.

Відовішчы і хлеб...

Наогул знайсці ў гандлёвых радах можна было ўсё, што заўгодна. Нават саджанцы нейкага экзатычнага дрэва, дзе адначасова растуць і лімон, і мандарын, і апельсін. Адна з гандлярак паведаміла, што прывезла экзотыку з Падмаскоўя. Маўляў, праз паўгода саджанец заквітнее, а яшчэ праз паўгода можна будзе збіраць ураджай. Але народ толькі недаверліва прыглядаўся.

Адных толькі аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання мелася на Купаллі ў Александрыі болей за 130. Працягласць гандлёвых радоў складала каля кіламетра. Шашлыкі, квас, прахаладжальныя напоі, кандытарскія вырабы — усё гэта было запатрабавана. Акрамя гэтага можна было прадэгуставаць літоўскія і ўкраінскія стравы. Гандлёвыя пункты ад гэтых краін таксама працавалі на фестывалі.

Мядовых спраў майстры Аляксей і Галіна Ермаковы з вёскі Ржаўка Слаўгарадскага раёна прадстаўлялі сваю сядзібу, дзе з 2017 года працуе музей «Пчалінае царства». У якасці эксклюзіўнага лекавага сродку сужэнцы прапаноўвалі пропаліснае палатно.

— Шмат хто не ведае пра гэты цудадзейны сродак наогул нічога, — дзялілася сакрэтам Галіна. — Пчолы вельмі не любяць скразнякоў, і мы накрываем рамкі палатном, а насякомыя заладжваюць у ім усе да адной дзірачкі пропалісам. Пры прастудзе награваеш гэты ліст над парай і прыкладваеш да грудзей. Атрымліваецца эфект гарчычніка.

Працаўнікам сяла прысвячаецца

Другі дзень купальскага фестывалю па традыцыі быў прысвечаны працаўнікам сяла. У іх адрас гучалі прывітальныя словы ад губернатара вобласці Уладзіміра Даманеўскага, найлепшыя атрымалі ганаровыя граматы і кветкі. З іх ліку і механізатар ААТ «Вялікая Зімніца» са Слаўгарадскага раёна Мікалай Чуяшоў. Сціпла прызнаўся, што адзначылі яго поспехі ў пасяўной кампаніі. Зрабіў усё якасна і своечасова.

— З нашага раёна прыехала 30 чалавек, трох узнагародзілі, — паведаміў старшыня Слаўгарадскай раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК Міхаіл Бітчанка. — Яшчэ 70 чалавек з нашага АПК атрымалі запрашэнне на канцэрт украінскіх выканаўцаў. Уражанні вельмі станоўчыя. Для працоўнага чалавека гэта добрае свята.

Купалле ў Александрыі з'яўляецца адным з традыцыйных свят, дзе галоўнымі ўдзельнікамі становяцца працаўнікі вёскі.

— Калісьці ў 1996 годзе мы пачыналі рабіць Купалле ў Шклове, — паведаміў карэспандэнту «Звязды» Генадзь Лаўранкоў, памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Магілёўскай вобласці. — І вось ужо пяты раз мы ўшаноўваем перадавікоў сельскай гаспадаркі. Трэба гэтых людзей адзначаць. Я самае вялікае задавальненне атрымаў ад таго, што большасць з іх — моладзь.

Сарочынскі кірмаш, конныя забавы і паветранае шоу

Асаблівасцю свята сталі дні Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Адных толькі майстроў прыехала на Купалле больш за 30 чалавек. З Гуцульшчыны на свята завітала цэлая дэлегацыя. Майстрыха Ганна Капільчук з Івана-Франкоўскай вобласці прывезла спецыяльны станок і цудоўныя вырабы з воўны. Можна было паназіраць, як яна чэша воўну і робіць ніткі.

Сямейная пара з Кіева прывезла сучасную кераміку з белай ганчарнай гліны, якую здабываюць на Данбасе. «Вельмі добры матэрыял для вырабу посуду, выкарыстоўваецца ў прамысловых маштабах», — удакладнілі яны. Кубкі, міскі незвычайнай расфарбоўкі, ёмістасці для квасу і іншых напояў. На вочы трапіла цікавая рэч — куманец. «Гэта народны сасуд, у які наліваеш напой і ідзеш да кума ў госці», — растлумачыў майстар.

Яшчэ адна майстрыха з Украіны прапаноўвала майстар-клас па вырабе лялек-мотанак, абярэгаў на любы выпадак жыцця. Ад беларускіх яны адрозніваюцца тым, што замест твару ў іх крыж. Гэта салярны знак, які сімвалізуе чатыры бакі свету. «Лялькі, як і нашы прабабкі, маюць шмат спадніц, абавязкова пояс і фартух. Трэба, каб важныя жаноцкія месцы былі заўсёды надзейна прыкрытыя», — тлумачыла жанчына.

Шмат людзей сабрала выступленне коннага тэатра «Кіеўская Русь» на тэматычнай пляцоўцы «Рысталішча». Асабліва шмат хто дзівіўся на незвычайных коней.

— Тэатр створаны пяць гадоў таму, у нас 20 розных гістарычных парод, але мы прывезлі толькі пяць з іх. Вось гэты — пароды першэрон, клічуць яго Рацібор. Вельмі вынослівы. Рыцары выкарыстоўвалі такіх у баях, апраналі ў даспехі, — прадставіў белагрывага каня-асілка адзін з удзельнікаў тэатра.

Украінскія «рыцары» дэманстравалі джыгітоўку, валоданне баявымі сродкамі зброі, дэманстравалі рыцарскія забавы перыяду VІІІ—ХІ стагоддзяў. І запрашалі аматараў Сярэднявечча на фестываль «Покліч герояў», які праходзіць пад Кіевам.

Наогул пры жаданні на фестывалі ў Александрыі можна было адпачыць добра і з карысцю для сябе. Тут свае візітоўкі дэманстравалі розныя іншыя фестывалі, працавалі атракцыёны, прапаноўвалі папарыцца ў мабільнай лазні. Шмат праходзіла мерапрыемстваў на маладзёжнай пляцоўцы. А магілёўскія лётчыкі, нягледзячы на пахмурнае неба, нізкія аблокі і перыядычны дождж, паказалі выдатнае паветранае шоу. Іх самалёты выконвалі неверагодныя трукі, а адзін праляцеў так нізка над лугам, што можна было разгледзець пілота. Потым сваё мастацтва прадэманстравалі парашутысты. Адзін з іх развярнуў над купальскай пляцоўкай вялікі беларускі сцяг плошчай больш за 500 квадратных метраў.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Уладзімір Ліпскі

Мая Беларусь!

Ты для мяне - чароўная папараць-кветка.

Бачу цябе на Купаллі,

У святочнай Александрыі.

Адчуваю цябе ў сваёй малой радзіме.

Шукаю ў гаючай ранішняй расе.

Грэюся табой пад зоркамі ночы.

Давайма, дружа, узірацца

ў нашу айчынную папараць-кветку

ўлюбёным вачыма,

натхнёным сэрцам,

адкрытай насцеж душою,

як гэта робяць паэты і рамантыкі,

закаханыя і акрыленыя людзі.

І тады адчуеш,

не можаш не ўсвядоміць,

што жывеш у зямным раі,

дыхаеш водарам Айчыны,

за якую палегла ў зямельку

не адно калена тваіх продкаў.

Помні, іх душы у Нябёсах.

Адтуль яны ўзіраюцца ў цябе,

вераць і спадзяюцца,

што абавязкова знойдзеш сваю

папараць-кветку,

шчасліўцам пражывеш

кожны дзянёчак, усялякі міг

 зямнога азарэння.

Павер у магію

радзімай папараці-кветкі.

З ёй адамкнеш замок мудрасці,

зразумееш мову зубра,

напевы салаўя,

перашэпт бяроз,

убачыш у нетрах скарбы.

Спазнаеш сваю душу.

Калі зразумееш,

што ў кожнай тваёй

геннай клетачцы

жыве моц Купальскай красы,

табе захочацца

Чалавекам звацца.

І ты адчуеш сябе

часцінкай Беларусі.

Александрыя, 7ліпеня 2018г

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У традыцыях малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».