21 Верасень, пятніца

Вы тут

«Гэта — ваша зямля, і няма лепшай за яе»


У сярэдзіне верасня ў Мёры прыязджае каля дзвюх тысяч гасцей — на фестываль «Жураўлі і журавіны». Мінчане ўстаюць а пятай раніцы, каб паспець наведаць сялянскія падворкі з непаўторнымі мясцовымі стравамі, і, вядома, каб купіць журавін — яны тут і ў гэты дзень самыя танныя ў краіне. Але найбольш дзіўнае — гэта шэрыя журавы. Іх на мясцовых балотах у верасні збіраецца больш за чатыры тысячы, а яшчэ — дзясяткі тысяч гусей розных відаў. Птушкі сілкуюцца некалькі тыдняў, каб потым ляцець у вырай. Апошні вялікі прыпынак перад доўгай і небяспечнай дарогай. Госці фестывалю маюць магчымасць убачыць гэты птушыны цуд. І тыя, хто прыязджае сюды ўпершыню, абавязкова потым плануюць наступныя паездкі. Бо гэта сапраўды найпрыгажэйшая і незвычайная мясціна нашай краіны. Пра тое, што акрамя ўнікальнай прыроды мае раён, — наша размова са старшынёй Мёрскага райвыканкама Ігарам КУЗНЯЦОВЫМ.


Глыбінка прыцягвае капітал

— На Мёршчыне самыя вялікія ў краіне запасы журавін, таму раён па праве можа лічыцца самым журавінавым. Да якіх яшчэ асаблівасцяў рэгіёна можна прымяніць эпітэт «самы»?

— Сапраўды, на тэрыторыі нашага раёна самае вялікае ў краіне, і адно з самых вялікіх у Еўропе, верхавое балота — Ельня. 20 з лішнім тысяч гектараў у нас, пяць тысяч — у Шаркаўшчыне. Унікальная экасістэма, якую называюць лёгкімі Еўропы. Менавіта гэтаму прыроднаму рэсурсу прысвечаны наш экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны», які мы ладзім штогод з 2012 года.

Мёрскі раён — самы экалагічна чысты і адзін з самых перспектыўных. Мы развіваем прамысловасць, але захоўваем усе тэхналагічныя патрабаванні. Калі ёсць рэсурсы, мы павінны іх рацыянальна выкарыстоўваць, каб пакінуць для дзяцей і ўнукаў.

Тое ж балота мае вялікія паклады торфу. Яшчэ ў савецкія часы там былі распрацоўкі, якія потым зараслі лесам і цяпер стаяць пустыя, вылучаюць вуглякіслы газ. Мы можам, не парушаючы экалогію, выбраць частку торфу, зрабіць торфабрыкетнае прадпрыемства альбо вырабляць пажыўныя грунты, потым паўторна забалоціць. Калі раён больш заробіць, то і ў экалогію больш укладзе. Ахоўныя мерапрыемствы таксама патрабуюць сродкаў, дзе іх узяць, як не ў матэрыяльнай вытворчасці?

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Балота Ельня.

— Адной з такіх крыніц даходаў для раёна стане Мёрскі металапракатны завод?

— ММПЗ яшчэ не ўведзены, а ўжо мяняе жыццё раёна да лепшага. Калі мы пачыналі яго будаваць, я не мог нават уявіць многія рэчы, якія, у сувязі з гэтым прадпрыемствам, у нас з'явяцца. Канешне, гэта новыя працоўныя месцы, годныя заробкі, добрыя адлічэнні ў бюджэт, якія раён зможа ўкладаць у сферу адукацыі, на ўтрыманне дарог, і, безумоўна, на ахову нашай унікальнай прыроды. На ўсё гэта нам зараз грошай не хапае. Таму эпітэт «самы» вы можаце прымяняць да розных рэчаў.

— Самы амбіцыйны?

— Можа быць і так. Гэта цалкам нармальныя амбіцыі, якія падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі. Дзякуючы распараджэнню кіраўніка дзяржавы, мы нядаўна адкрылі бальніцу, якую каля 30 гадоў чакалі. Цяпер езджу міма — душа радуецца. Мая мара была — здаць бальніцу, а зараз мы ўжо праектуем новую паліклініку, і ўжо два гады працуем над стварэннем міжрэгіянальнага кардыяцэнтра, які будзе абслугоўваць шэсць раёнаў. Ці мог я пра такое падумаць раней?! Гэта стала магчымым, дзякуючы будаўніцтву завода, дзякуючы знаёмству з інвестарамі, якія сюды сталі актыўна прыязджаць. У нас жыццё кіпіць. Раней Мёры ведалі толькі як цудоўнае месца адпачынку, цяпер гэта прывабны рэгіён
для ўкладання грошай.

Глыбінка мае свае перавагі. Калі да чыстага паветра дадаць камфортнае жыллё, цікавую работу, добры заробак, якасныя школу і медыцынскае абслугоўванне, тады чалавек іншага месца шукаць не стане. Наўрад ці ў нас у найбліжэйшы час з'явіцца ВНУ, але важна, каб моладзь пасля атрымання вышэйшай адукацыі сюды вярнулася і тут, на гэтай зямлі, прымяніла атрыманыя веды.

Я кажу выпускнікам нашых школ: «Больш роднага месца ў вас няма. Гэта — ваша зямля, і няма лепей за яе». І калі са 120 маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць сюды, 80 — нашы, я — шчаслівы чалавек.

Фота: mijory.by

Задача была — вытрымаць два гады

— Вы дзясяты год узначальваеце раён. Як ён мяняўся за гэты час?

— Спрадвеку склалася так, што наша прамысловая перапрацоўка звязана з сельскай гаспадаркай. Ад ураджаю збожжавых залежыць работа камбіната хлебапрадуктаў і камбікормавага завода, ад работы жывёлагадоўлі — мясакамбіната.

Разам з тым на працягу апошніх гадоў колькасць насельніцтва ў сельскай гаспадарцы няўхільна змяншалася. Мы імкнёмся выправіць сітуацыю, палепшыць умовы работы. І цяпер людзі сталі вяртацца.

Але на нейкім этапе мы дасягнулі паталка ў развіцці. У выніку паваліліся сыравінныя зоны, у прамысловых прадпрыемстваў узнікла запазычанасць, і на раён лягла неабходнасць трымаць уласнымі рэсурсамі і камбікормавы завод, і мясакамбінат. Да гэтага збожжа і мяса паступала з чатырох раёнаў, а тры гады таму мы засталіся з перапрацоўчымі прадпрыемствамі сам-насам. Мая задача была — вытрымаць два гады. Мы вытрымалі. Мясакамбінат не закрыўся, камбікормавы завод не разваліўся. Зараз створана інтэграцыйная структура — Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты», куды ўвайшлі і мясакамбінат, і камбікормавы завод, і шэсць сельскіх гаспадарак раёна.

З 2010 да 2014 года ўкладалі сілы і грошы ў мадэрнізацыю. На камбікормавым заводзе ўстанавілі самае сучаснае на той момант дацкае абсталяванне. Цяпер, напрыклад, можам рабіць корм, у склад якога ўваходзяць 28 кампанентаў. На мясакамбінаце зрабілі новы халадзільнік, пабудавалі новую кацельную. Сабекошт стаў зусім іншы. Сёння наш мясакамбінат — адзіны ў Беларусі, які выпускае ахалоджаныя паўфабрыкаты з тэрмінам прыдатнасці 45 сутак. Гэта наша ноу-хау, якое значна павысіла рэнтабельнасць і дазволіла заводу ўпершыню за многія гады выйсці на прыбытак.

Нельга сказаць, што я прыйшоў і зрабіў тут нейкую рэвалюцыю. Каманда засталася тая ж самая. Гэта плённая, карпатлівая штодзённая праца. Мы штогод нешта робім: па добраўпарадкаванні, па мадэрнізацыі. Я ўжо ведаю, што будзе вырабляць Мёрскі металапракатны завод у 2025 годзе.

— Наколькі будучы завод будзе забяспечаны рынкамі збыту?

— Кампанія ўжо падпісала папярэднія кантракты з арабскімі краінамі, Канадай... У чэрвені 2019 года запусцім поўным цыклам першы этап завода магутнасцю 150 тысяч тон у год, а кантрактаў ужо падпісана на 200 тысяч тон. Другі этап, праз паўтара года, — 240 тысяч тон. І гэта не ўсё.

— У 2009 годзе перспектыва гэтак жа выразна праглядалася?

— Мне даверылі раён, які трэба было не разваліць. Для мяне гэта былі новыя мясціны, трэба было пазнаёміцца з людзьмі, даведацца пра патэнцыял, на што спатрэбіўся год. Тады той жа мясакамбінат меў вельмі добрыя паказчыкі, але абсталяванне там мелася такое, што было відавочна: праз два гады рост скончыцца. Камбікормавы завод таксама прыбаўляў па 20—40 %, але працаваў на пасляваенных сушылках і млынах. І паказчыкі росту вытворчасці —
гэта адно, а прывага жывёлы, якую кормяць такім камбікормам, — іншае.

Калісьці мне казалі: у Мёрах лесу шмат, трэба наладзіць выраб піламатэрыялаў. Але я не бачыў рынкаў збыту. За гэтыя амаль 10 гадоў чатыры разы вяртаўся да ідэі з перапрацоўкай торфу. Былі праекты па вырабе спажыўных грунтоў, паліўных пелет, актываванага вугалю для вадзяных фільтраў. Знаходзіліся інвестары. Але сітуацыя ў эканоміцы не спрыяла. Мы павінны добра разумець: галоўнае не вырабіць, галоўнае — прадаць. Ляжаў торф 20 гадоў — паляжыць яшчэ некалькі, пакуль не складуцца найбольш аптымальныя рынкавыя ўмовы для адкрыцця новага прадпрыемства.

Фота: mijory.by. Успенскі касцёл.

Часам навязваю свае ідэі

— Дык вы рыначнік?

— Я — аграрый.

— Але разважаеце як дзелавы чалавек.

— Нас наняла дзяржава ў якасці менеджараў. Наша задача: ствараць умовы для выхаду рэгіёна, яго прадпрыемстваў, на прыбытак. Для дзелавога чалавека асабістае вышэй за грамадскае. Для мяне — грамадскае вышэй. Мой асабісты інтарэс у тым, каб жыхары Мёршчыны былі больш багатыя. Чым больш людзі зарабляюць, тым больш яны выдаткоўваюць на паслугі, і тым больш яны пакідаюць грошы ў бюджэце. Багаты раён — гэта багатыя людзі, якія тут жывуць.

— Што тут залежыць ад работы выканаўчай улады?

— Калі б мы не рызыкавалі, то нічога б не было: ні ММПЗ, ні іншага. Я прыехаў сюды з Бешанковічаў. Праз год перавёз сям'ю і тады пачуў, як людзі кажуць «наш старшыня». Тады зразумеў, што людзі мне паверылі, і я з імі змагу зрабіць ўсё, і не магу іх падмануць.

Не варта чакаць, што ініцыятыва прыйдзе знізу. Часам навязваю свае ідэі. Не ўсе і не заўсёды пагаджаюцца адразу. Але потым кажуць: ты меў рацыю. Я таксама памыляюся. У нас зараз столькі праектаў у распрацоўцы, што калі нават 20 % ад іх рэалізуем, гэта ўжо будзе добры крок наперад. Далёка не ўсё атрымліваецца. Але я не пагаджуся проста займаць пасаду і атрымліваць заробак. Рызыкую, атрымліваю вымовы, але гэта мая работа і маё жыццё.

Я сёння ўдзячны сваёй камандзе, з якой мы робім тое, што неабходна Мёршчыне. Тое, што акрамя нас ніхто не зробіць. Ва ўсіх маіх намеснікаў грамадскае вышэй за асабістае.

— Тутэйшыя людзі адрозніваюцца ад жыхароў усходніх раёнаў вобласці?

— Безумоўна, знаходжанне ў складзе Польшчы да 1939 года пакінула свой адбітак. Тут, напрыклад, захаваліся шыкоўныя касцёлы. Уплыў рэлігійных арганізацый большы. Таму супрацоўнічаю з імі. Напрыклад, у барацьбе са згубнымі звычкамі. Мне, дарэчы, прапаноўвалі ўвесці ў раёне пэўныя забароны, якія датычацца алкаголю. Але лічу, што забарона — не метад. Трэба вучыцца культуры спажывання.

У нас 80 % насельніцтва адносяць сябе да праваслаўных і 20 % — да католікаў. Я сам — праваслаўны, але ў мяне добрыя адносіны з католікамі, часта заходжу да ксяндза, і ён да мяне прыходзіць. Мы дапамаглі сабраць грошы на рэканструкцыю аргана. І цяпер арган ва Успенскім касцёле ў Мёрах — гэта цуд, які варта пачуць кожнаму.

Будаўнічая пляцоўка ММПЗ.

— Цяпер у райцэнтры шмат прыезджых, якія будуюць завод. Гэта дадае галаўнога болю праваахоўнікам і вам, як кіраўніку раёна?

— Мы рыхтаваліся да гэтага. І вялікіх праблем пакуль няма. Спачатку было некалькі сутыкненняў паміж маладымі прыезджымі і мясцовымі, як правіла, з-за дзяўчат, і як правіла — у выхадныя дні. За тры гады мы адправілі назад 28 чалавек і забаранілі ім вяртацца. У нас вельмі канструктыўныя адносіны паміж начальнікам РАУС і кіраўніцтвам будаўнічай кампаніі. Таму не зачыняем кафэ, прадаём алкаголь і дазваляем пець песні, калі гэта нікому не перашкаджае. У выніку крымінальная абстаноўка ў нас не пагоршылася.

— На дэмаграфічную сітуацыю будаўніцтва завода яшчэ не паўплывала?

— Спадзяюся, што паўплывае. Ніхто не супраць, каб добрыя людзі тут ажаніліся і засталіся. Дзяўчаты на Мёршчыне вельмі прыгожыя.

— Мы з вамі сустракаемся якраз пасля пасяджэння выканкама. Якія пытанні абмяркоўвалі?

— Самае галоўнае — гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый да ўборкі збожжавых і сяўбы азімых. Хутка пачнём. Таму абмяркоўвалі рамонт камбайнаў, наяўнасць механізатараў, умовы для засыпкі, захавання насення.

Разглядалі работу бібліятэк. Наш раён змог захаваць бібліятэчную сетку. Даручыў старшыні райсавета, райфінаддзелу вывучыць магчымасць набыць для яе сёлета 20 камп'ютараў. Гэтак жа летась мы вырашылі праблему з аўтатранспартам для аддзела па адукацыі — набылі сем аўтобусаў. Цяпер гадоў пяць можна спаць спакойна.

— Якія разлікі на ўраджай на Мёршчыне?

— На Мёрскай зямлі жыве Бог. У нас таксама амаль 40 дзён не было ападкаў, але потым дождж ішоў два дні, і сітуацыя змянілася карэнным чынам. Патрэбныя работы на збожжавым кліне мы зрабілі ўсе. Так што катастрофы не бачу і спадзяюся на лепшае. Разлікі на ўраджай добрыя.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Мёры

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!