Вы тут

Інтэлект як унёсак


Вартымі сваіх выбітных папярэднікаў — асветнікаў, даследчыкаў і філосафаў мінулых стагоддзяў былі і тыя айчынныя навукоўцы, якія стаялі ля вытокаў стварэння першай навучальнай установы нашай краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пад вокладкай кнігі «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі (1919—1941)» (Мінск: БДУ, 2017) сабраны біяграфіі 27 універсітэцкіх інтэлектуалаў — арганізатараў і першых прафесараў БДУ. Гэта першае выданне ў серыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: 100 гадоў на карысць Айчыны».


Праз жыццеапісанні і творчыя біяграфіі выбітных даследчыкаў БДУ першых дваццаці гадоў яго дзейнасці паказана вялікае значэнне навукі і вышэйшай адукацыі ў будаўніцтве нацыянальнай беларускай дзяржавы, яе палітычных, эканамічных і культурных падмуркаў.

Працу па стварэнні выдання пачаў Алег Яноўскі. Першапачатковая задума была распавесці пра першых навукоўцаў, якія працавалі менавіта падчас станаўлення БДУ. Ідэю падтрымаў рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Вынікам карпатлівай даследчыцкай працы стаў том, у якім змешчана шмат матэрыялаў з дзяржаўных, ведамасных, занальных і прыватных архіваў не толькі Беларусі, але і Расіі, Літвы, Украіны. Некаторыя даведкі атрыманы з архіва Камітэта дзяржбяспекі. Многія матэрыялы ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Падчас працы атрымлівалася знайсці нашчадкаў некаторых вучоных — яны дапамаглі са зборам інфармацыі.

Артыкулы распавядаюць пра асоб, чые лёсы звязаныя з БДУ, якія зрабілі значны ўнёсак не толькі ў станаўленне навукі, але і паўплывалі на стварэнне некаторых даследчыцкіх школ. Гісторыкі Уладзімір Пічэта, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Усевалад Ігнатоўскі, Мікалай Нікольскі, Уладзімір Перцаў, заснавальнік беларускай тэксталогіі Іван Замоцін, аўтар адной з першых граматык Язэп Лёсік, лінгвіст Сцяпан Некрашэвіч, заснавальнік айчыннай геаграфіі Аркадзь Смоліч... Гэтыя імёны павінен ведаць кожны беларус!

Адметна, што ўсю працу па падрыхтоўцы выдання да друку зрабілі выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ. Гісторыкі імкнуліся строга прытрымлівацца фактаў і логікі дакументаў, але ў той жа час пісаць папулярна. Цяпер яны рыхтуюць да выдання другую кнігу серыі. Плануецца, што яна пабачыць свет ужо сёлета.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.