Вы тут

Чытаючы дзённікі Ігара Дзядкова


Калі ў 1980 годзе пабачыла свет кніга Ігара Дзядкова «Васіль Быкаў: Нарыс творчасці» (на той час ужо вядомы літаратурны крытык жыў у Кастраме, працаваў у абласной газеце намеснікам галоўнага рэдактара), рэцэнзіямі на гэтую мудрую і надзвычай патрэбную і для Васіля Быкава, і ўвогуле для ваеннай прозы кнігу адгукнуліся «Дружба народов», «Неман» (тады часопіс яшчэ не меў у назве літару «Ё»), «Вопросы литературы», «В мире книг», «Новый мир», «Литературная газета». Кнігу заўважылі, пра яе шмат гаварылі.


Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў. Сярэдзіна 1970-х гадоў.

Як усё пачыналася?.. Давайце зазірнём у дзённікі крытыка. Яны надрукаваны ўжо пасля смерці літаратара — у 2005 годзе. Асобнай кнігай — у маскоўскім выдавецтве «Прогресс — Плеяда». Чытаем запіс ад 12 ліпеня 1977 года: «Усё б’юся над пачаткам (пра Быкава) і ўсё чытаю (“вакол” Быкава), і пакутую і буду пакутаваць, пакуль усё не пойдзе, як след...» У 1977—1978 гг. Ігар Дзядкоў працуе над кнігай пра беларускага пісьменніка для выдавецтва «Советский писатель». На той час крытык ужо быў аўтарам артыкулаў пра асобныя аповесці Васіля Быкава: у красавіцкім нумары «Дружбы народов» за 1972 год — «Выбух гранаты на ранішняй зімняй дарозе» — пра аповесць «Дажыць да світання»; у чэрвеньскім нумары «Литературного обозрения» за 1976 год — «Вышэй за лёс» — пра аповесць «Яго батальён»; ізноў у «Литературном обозрении» (снежаньскі нумар за 1978 год) — «Быкаў верны Быкаву» — пра аповесць «Пайсці і не вярнуцца».

У 1977 годзе, 9 снежня, І. Дзядкоў занатоўвае свае ўражанні пасля выступлення ў інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў перад дырэктарамі васьмігадовых школ з вобласці і яшчэ некаторымі настаўнікамі. «Калі закончыў, то сталага веку, хмуры чалавек з разумным тварам сказаў: а ўсё ж такі праўда пра вайну яшчэ не напісана, нават Быкавым і Бакланавым, раней, сказаў ён, адлюстроўвалі бадзёрых герояў, якім усё даецца лёгка, цяпер гэтага няма, але ўсё адно галоўнай фігурай застаецца герой, які не ведае сумненняў ці лёгка іх перамагае. Хаця гэтага чалавека дырэктар інстытута стала папраўляць (“Ну, не трусаў жа адлюстроўваць”), я сказаў, што разумею яго, але Талстога, г. зн. аб’ектыўнага пісьменніка, пакуль няма. Пытанне гэтае, ці, дакладней, сама гэтая думка майго слухача мне спадабалася, як і агульныя адносіны да таго, што я гаварыў, у прыватнасці, пра раман Стаднюка “Вайна” і яго імкненне да адбельвання Сталіна...»

Яшчэ ў студзені 1978 г. крытык (запіс ад 14 студзеня) працуе над кнігай. А недзе ў красавіку працу завяршае. Сведчыць пра тое наступны сціслы запіс — ад 19 красавіка: «Даўно я не пісаў. Многае было. Рызыкну нават напісаць, што многае было перажыта. І калі — празмерна доўга — пісаў пра Быкава...»

Да тэмы творчасці беларускага пісьменніка Ігар Дзядкоў вяртаецца ў кастрычніку 1978 г.: «За мінулыя дні напісаў артыкул для “дыялога” з Залатускім пра апошнія аповесці Быкава (“Пайсці і не вярнуцца”). І той артыкул, што напісаў раней, і гэты выйшлі ў мяне празмерна адкрытымі, эмацыйнымі, і цяпер я не ўпэўнены, што лёс іх будзе ўдачлівым...» Але артыкул быў надрукаваны. Гэта ўжо згаданая публікацыя ў «Литературном обозрении» — «Быкаў верны Быкаву». А публікацыя Ігара Залатускага ў тым самым нумары выйшла з наступнай назвай — «Быкаў супраць Быкава».

У красавіку 1979 года Ігар Аляксандравіч наведваецца ў Маскву. Сярод іншых клопатаў — і выдавецкі лёс кнігі пра Быкава. Чытаем у запісе ад 30 красавіка: «Самае важнае і абнадзейваючае ў гэтай паездцы ва ўсёй паездцы — размова ў “Советском писателе” з А. М. Конюхавай і А. І. Ізгародзінай. Заўвагі па рукапісу пра Быкава нязначныя, чацвёртага мая я вышлю яго назад; у маі па плану яна павінна здавацца ў вытворчасць. Бачыў і афармленне кніжкі, якое мне спадабалася. Увогуле, прынялі мяне добра, лепшага і чакаць не трэба, каб толькі ўсё завершылася добра. Будзем спадзявацца».

І вось запіс ад 31 снежня 1979: «Колькі ж дзён прайшло, колькі ўсяго! Пасля апошняга, лістападаўскага, запісу. Хацеў паехаць у Маскву на вечар В. Быкава ў Ленінскай бібліятэцы, ды не паехаў: пісаў прадмову да кніжкі Я. Старшынава, якая ў пачатку васьмідзясятага павінна выйсці ў свет...» 30 верасня 1980 г.: «На вераснёўскі савет па крытыцы я не паехаў. Пішу зараз артыкул пра В. Быкава для “Нашего современника”, для нумара недзе ў сакавіку — красавіку, прысвечанага цалкам (г. зн. у асноўнай частцы) гэтаму пісьменніку. І не варта было б, магчыма, ім пісаць з-за некаторых іх публікацый, ды не дзеля іх пішу, дзеля Быкава». 5 кастрычніка — удакладненне: «Пішу пра Быкава для “Нашего современника”. Вясной будзе нумар часопіса, дзе яму будзе прысвечаны цэлы блок матэрыялаў: яго аповесць, гутарка з ім, фотаздымкі, падборка чытацкіх лістоў, артыкул пра творчасць. Успамінаю нумар, які быў прысвечаны Васілю Бялову, дзе, у прыватнасці, была дзіўная безгустоўшчына, банальны фотаздымак пад назвай “Роздум”. Я яшчэ падумаў: як гэта Бялоў дазволіў і пагадзіўся. Нават праз гэта сказваецца распаўсюджаны зараз узровень пісьменніцкай асобы. Думаю, што Быкаву не варта было пагаджацца на такі “рэкламны” “блок”. Вось Залыгін адмовіўся, і Лёня Фралоў гаварыў: “Мы яго яшчэ болей сталі паважаць”. “Самі прыдумалі, — сказаў я, — самі правакуеце, а пасля, выходзіць, самі болей паважаеце не тых, хто пагадзіўся, а тых, хто адмовіўся”». 2 лістапада: «Учора адаслаў у “Наш современник” артыкул пра Быкава...»

А напрыканцы 1980 года выходзіць кніга І. Дзядкова пра Васіля Быкава ў маскоўскім выдавецтве. 4 лютага 1981 г. крытык запісвае ў сваім дзённіку: «Учора вярнуўся з Масквы. Ездзіў на пленум праўлення “Советского писателя”. Кніжка мая пра Быкава з’явілася ў Кастраме ў сярэдзіне студзеня: 54 экзэмпляры на ўсю вобласць. Я так і не зразумеў, чаму адна з работніц базы кнігагандлю (дакладней, адна з таваразнаўцаў) вырашыла паведаміць пра тое, што кніга паступіла. Але яна пазваніла, я з’явіўся і забраў 44 кніжкі. Адну падарыў гэтай жанчыне (прозвішча — Грэчына). Пасля я пашкадаваў, што забраў гэтулькі кніг; падумалася, што пазней я ўсё адно гэтулькі б купіў і ў Маскве, а тут атрымалася так, што ў Кастраме кніжка не паступіла практычна зусім. Ды што ўжо зрабіць — не вяртаць жа.

Большую частку кніжак я ўжо адаслаў, раздарыў. Ужо прыйшлі лісты ад Быкава, Лазарава, Пятра Аляксеевіча Мікалаева. Пакуль не сварацца. Даўно нічога няма ад Багамолава...» 14 лютага: «...Няма ліста і ад Адамовіча, хаця Ізгародзіна сказала мне, што ён ужо напісаў рэцэнзію на маю кніжку пра Быкава і ўключыў рэцэнзію у сваю кнігу, якая рыхтуецца ў “Советском писателе”». 15 красавіка: «Былі лісты наконт кнігі ад В. Кандрацьева, Л. Анінскага, М. Скатава, яшчэ ад В. Быкава, ад Л. Грыгар’яна». І праз дзень: «С. Баруздзін даслаў водгук на майго “Быкава”. Цікавае сачыненне. Ці надрукуе?». Рэцэнзія Сяргея Баруздзіна — «Калі крытык таленавіты...» — была надрукавана ў часопісе «Дружба народов» у кастрычніцкім нумары за 1982 год. А пазней аўтар змясціў у сваёй кнізе «Пісьменнік. Жыццё. Літаратура» нарыс «Пра Ігара Дзядкова» (Масква, 1985 год).

А Васіль Уладзіміравіч Быкаў пісаў свайму крытыку ў сувязі з выхадам кнігі вось што: «Дарагі Ігар Аляксандравіч, дзякуй Вам. І за ўвагу, за кнігу, за Ваш сумленны розум і гарачае сэрца. Кнігу я злёгку прагледзеў, але буду чытаць уважліва, аднак жа скажу, што згодзен з усім рашуча. Я гэта зразумеў даўно, яшчэ калі прачытаў некалькі Вашых першых рэцэнзій. Вы — рэдкі талент, таму што разумны і не лянівы. І любіце літаратуру. Пра сябе скажу толькі, што я таксама ішоў у ёй з-за любові да яе, ішоў усляпую, але быццам некуды выйшаў, нягледзячы ні на што. Проста хацелася крышачку праўды пасля многіх гадоў напалову-, неда(праўды), а то і проста хлусні. Сардэчна абдымаю Вас, дарагі мой крытык! Ваш Васіль Быкаў. 30.1.81».

У красавіку 1983 года Ігар Аляксандравіч удзельнічае ў канферэнцыі па ваеннай літаратуры. Тэму арганізатары Дзядковы «падказалі» самі — абазначылі не пытаючыся: «Беларуская ваенная проза вачыма рускага крытыка».

З дзённіка І. Дзядкова ад 17 красавіка: «Ад’езд у Мінск (22.00) разам з Лазаравым і Кандрацьевым». 18 красавіка: «Мінск. Раніца ў Быкава (з 10. 30 да 14. 30) разам з Лазаравым і яго жонкай. Днём прагляд тэлевізійнага фільма “Формула гуманізму”. Вечарам — усе разам у Адамовіча». Праз дзень — запіс пра пасяджэнне. «Былі Гранін, Кандрацьеў, Галай, Анфінагенаў, Гусараў, Яроменка, Адамовіч, Быкаў, Гілевіч, Чыгрынаў, Брыль, Ю. Каракін. Маё выступленне ў першай палове дня. Банкет. Няшчасце з Быкавым. Начныя размовы з Ю. Каракіным». Раптоўна захварэў Васіль Уладзіміравіч — і гэта наклала сваю пячатку на мінскую паездку І. Дзядкова.

А канферэнцыя «Літаратура пра вайну і праблемы века», якую арганізавалі Інстытут літаратуры імя Я. Купалы і Саюз пісьменнікаў Беларусі, між тым, працягвалася... 20 красавіка Ігар Аляксандравіч запісвае: «Ранішняе пасяджэнне з выступленнем А. Савіцкага. Адказ Адамовіча...» Неабходна патлумачыць. Алесь Савіцкі выступіў на той канферэнцыі з пазіцыяй, у якой, па яго ж словах, адстойваў «марксісцка-ленінскую метадалогію аналізу вайны». А да пазіцыі дадаў свае нападкі на вядомых ваенных пісьменнікаў за іх «капітулянцтва». Алесь Адамовіч рэзка адрэагаваў на выступленне Алеся Савіцкага, горача абараніў пісьменнікаў, якія паказалі антычалавечую сутнасць вайны.

Ігар Дзядкоў прайшоў па жыцці няпростым шляхам. Нарадзіўся ў 1934 годзе. Закончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Патрапіў на працу ў кастрамскую «Северную правду». Не абмежаваўся адной журналісцкай работай. Займаўся літаратурнай крытыкай. Імкнуўся пісаць сумленна, праўдзіва, што і дапамагло яму заваяваць аўтарытэт, павагу і ў чытача, і ў пісьменнікаў. Напісаў кнігі пра творчасць Сяргея Залыгіна, Васіля Быкава (яны выйшлі ў 1980 і 1990 гадах), многія артыкулы, рэцэнзіі прысвяціў прозе Віктара Астаф’ева, Юрыя Трыфанава, Канстанціна Вараб’ёва, Васіля Гросмана... З 1987 года жыў у Маскве і працаваў палітычным аглядальнікам часопіса «Коммунист». Памёр у 1994 годзе.

На старонках дзённіка Ігара Дзядкова — многія згадкі пра яго сяброўства, добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём, іншымі беларускімі пісьменнікамі.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Пайсці і вярнуцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.