Вы тут

«Рэчыцкі вопытны лясгас» — у дзясятцы найлепшых у краіне*


У дзясятцы найлепшых у краіне па выніках першага квартала апынулася Дзяржаўная вопытная лесагаспадарчая ўстанова «Рэчыцкі вопытны лясгас» Гомельскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. Калі ўлічыць, што год таму сярод 98 лясгасаў краіны прадпрыемства займала толькі 64 месца, гэта — значны прарыў.


Ды­рэк­тар  ДВЛУ «Рэ­чыц­кі во­пыт­ны ляс­гас» Дзміт­рый Глус­цоў.

— Усе прамысловыя паказчыкі ў нас ідуць з тэмпамі росту да адпаведнага перыяду мінулага года 180—200 %, — гаворыць дырэктар Дзмітрый Глусцоў. — Сярэдні заробак вырас значна. Па выніках пяці месяцаў ён складае ўжо 1010 рублёў.

Цяпер лясгас знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця. Практычна паўсюль ідуць рэканструкцыя, рамонт будынкаў, мадэрнізуецца вытворчасць. Дарэчы, у структуру дзяржаўнай вопытнай лесагаспадарчай установы ўваходзіць шэсць лясніцтваў: Баршчоўскае, Белабалоцкае, Зарэчанскае, Мілаградскае, Рэчыцкае, Ровенскаслабодскае. Яшчэ не паўсюль завершаны рамонты, але ўжо заўважна, што кожны з будынкаў, як і тэрыторыі навокал, маюць свае прыцягальныя адметнасці.

Паляванне з Wі-Fі

Галоўны ляснічы Рэчыцкага вопытнага лясгаса Дзмітрый Давыдзенка паказвае мілае сэрцу Белабалоцкае лясніцтва. На працягу апошняга дзесяцігоддзя ён ім кіраваў і даводзіў да ладу. Лясніцтва самае аддаленае ад райцэнтра, але ж 30 км на машыне — не такая ўжо і адлегласць. Цяпер тут адпампоўваюць першы мёд гэтага года. Ляснік і пчаляр па сумяшчальніцтве Аляксандр Хлебаказаў даглядае пяць дзясяткаў сем'яў пчол.

Калі заехаць на ўсход глыбей у лясы, якія можна лічыць запаведнымі, трапляеш у паляўнічую гаспадарку. Яна знаходзіцца каля вёскі Пескаполле, у маляўнічым месцы на левым беразе Дняпра. Будынак паляўнічага дамка ў хваёвым бары — двухпавярховая раскошная сядзіба. Там створаны ўсе ўмовы, каб з камфортам адпачыць пад спевы птушак. Ну, а калі трэба разабраць здабытую на паляванні дзічыну, вопытныя егеры дапамогуць гэта зрабіць у асобным прыстасаваным памяшканні.

Крыху нечакана сустрэць у такім аддаленым ад цывілізацыі кутку сучаснае збудаванне з усімі выгодамі. У драўляным палацы, разлічаным на размяшчэнне 14 чалавек — двух- і трохмесныя пакоі са зручнай мэбляй, хол са сталом для більярда, камінам і тэлевізарам, кухня з сучасным абсталяваннем, лазня, раскошныя канапы і, канешне, Wі-Fі.

Вяровачны парк.

Экстрым да крыніцы давядзе

Здаецца, зусім хутка пра гэта месца даведаюцца і маладыя прыхільнікі вострых адчуванняў. Нядаўна тут, на агароджанай добраўпарадкаванай тэрыторыі, на прыгожых узгорках быў абсталяваны вяровачны парк. У яго два ўзроўні. Вопытны інструктар правядзе дзяцей па першым «паверсе» і падстрахуе дарослых, якія захочуць прайсці выпрабаванні на другім, больш складаным і вышэйшым узроўні.

Адсюль жа пачынаецца дзесяцікіламетровая экалагічная сцежка. Яна пракладзена ўздоўж Дняпра. За час экскурсіі можна азнаёміцца з асноўнымі пародамі дрэў, імхамі, іншымі раслінамі, насякомымі, птушкамі... Між тым у вёсцы Чорнае, дзе заканчваецца экалагічная сцяжынка, у 1885 годзе нарадзіўся беларускі пісьменнік і навуковец Міхайла Грамыка. Гэта менавіта ён першы знайшоў нафту ў Рэчыцкім раёне і напісаў п'есу «Скарынін сын з Полацка» і многія іншыя. Ён жа апублікаваў у 1920-я гады на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» і «Уводзіны ў навуку пра неарганічную прыроду».

У той жа вёсцы Чорнае больш за 100 гадоў існуе крыніца, да якой сёння з'язджаюцца праваслаўныя вернікі. Дарэчы, менавіта з дапамогай супрацоўнікаў Рэчыцкага лясгаса была добраўпарадкавана крыніца і абсталяваны спецыяльныя купальні для таго, каб кожны асабіста адчуў гаючыя якасці мясцовай вады.

Ляс­ні­чы Бе­ла­ба­лоц­ка­га ляс­ніц­тва Ста­ні­слаў Якуш со­чыць за па­жар­най бяс­пе­кай.

У леса ёсць вочы

Зразумела ж, галоўнымі кірункамі дзейнасці лясгаса з'яўляецца стварэнне, вырошчванне і ахова лясоў. Ажыццяўляць правільнае карыстанне лясным багаццем перашкаджаюць час ад часу парушальнікі. Але і на іх сёння ёсць управа. Да аховы лесу прыцягваецца фотатэхніка, якая фіксуе нелегальных лесасекаў і тых, хто кідае смецце.

Партатыўныя камеры спецыялісты ўсталёўваюць непасрэдна на дрэвах. Апаратура дазваляе зафіксаваць твары браканьераў і нумары іх машын. Пакуль грамадзянін грузіць ссечаныя дрэвы ў аўто, яго перасоўванні ў анлайн-рэжыме транслююцца на пульт лясной аховы. Пры затрыманні, нават калі злодзеі разбягаюцца па лесе, цяпер нескладана даказаць, хто вінаваты ў незаконных дзеяннях. Пасля чаго парушальнікаў чакае буйны штраф. Выпадкі такія ўжо ёсць — адпаведныя пратаколы складзены праваахоўнікамі і накіраваны для разбіральніцтва ў суд. Фотапасткі, упэўнены ў Рэчыцкім лясгасе, дапамагаюць не толькі ў барацьбе з высечкай лясоў, але і са стыхійнымі звалкамі.

За лесам пільна наглядаюць і са спецыяльных вежаў, дзе таксама ўсталявана відэаапаратура. У летні пажаранебяспечны час гэта дазваляе своечасова выявіць узгаранні і прыняць усе меры, каб прыпыніць распаўсюджванне агню. Нягледзячы на тое, што цяпер забаронена наведванне лясоў, прыхільнікі пасмажыць на прыродзе шашлык знаходзяцца. Вось таму ляснічы Станіслаў Якуш так уважліва ўглядаецца ў манітор.

Пітомнік.

Дуб замест хвоі

Толькі шкада, што няма пакуль дзейснага сродку супраць біялагічнага пажару. Так супрацоўнікі Рэчыцкага лясгаса называюць пашкоджанне лясоў кузуркамі-караедамі: вяршынным і шасцізубым. Дарэчы, летась ад невялічкага, але пражэрлівага шкодніка ў Рэчыцкім лясгасе загінула хвоя на плошчы звыш 600 га. На гэтай тэрыторыі былі праведзены суцэльныя санітарныя высечкі. Сёлета выяўлена ўжо 980 га, з'едзеных ардой кузурак, з іх распрацавана на гэты момант 640 га.

— Нават, калі своечасова паспяваем і высякаем пашкоджаныя дрэвы, не дасягаем 100 % эфекту, — з горыччу гаворыць галоўны ляснічы Дзмітрый Давыдзенка. — У той жа час, вядзецца пастаяннае аднаўленне лесапасадак. Сёлетняй вясной нам усе дапамагалі садзіць лес. Выйшлі разам і супрацоўнікі райвыканкама, і ваенныя, і ратавальнікі, і нафтавікі, і нават індывідуальныя прадпрымальнікі. Мы разам пасадзілі 406 га. Гэта значная лічба для нашага невялікага па плошчы лясгаса. Між тым прырода сама стварае ўмовы для тых культур, якія будуць лепш расці на месцы загінулых. На лесасеках, якія мы пакуль не сталі чапаць, ідзе натуральнае лесааднаўленне. Для нас саміх было нечакана пабачыць, як вялікія плошчы ўпэўнена займаюць дубы, якіх ніколі ў гэтых мясцінах раней не было.

Аксаміт амурскі знайшоў новую радзіму

Леснікі, якія цесна супрацоўнічаюць з навукоўцамі, вызначылі новую формулу, па якой пры пасадцы на 6 хваёвых цяпер прыходзіцца 4 лісцевыя дрэвы. Так больш шанцаў для выжывання абедзвюх культур. Некаторыя вучоныя кажуць, што арэал распаўсюджвання дрэў перамяшчаецца літаральна на вачах, і гэта нельга не ўлічваць пры іх пасадцы. І тут — неабсяжнае поле для эксперыментаў, гаворыць дырэктар Рэчыцкага лясгаса Дзмітрый Глусцоў:

— Статус вопытнага лясгаса нас абавязвае пастаянна ўкараняць новыя тэхналогіі. Мы працуем сумесна з інстытутам лесу НАН. Свае ідэі супастаўляем з распрацоўкамі вучоных і тут іх увасабляем. У нас ёсць спецыяльныя плантацыі, дзе збіраецца насенне ад самых лепшых дрэў. Да таго ж, у якасці эксперымента паспрабуем ствараць пойменныя дубровы. У нас ужо расце гай рэліктавага аксаміта амурскага. Сёлета закупілі і пасеялі ў спецыяльныя касеты амаль 30 тысяч насення бука.

Мас­тац­кі пле­нэр на бе­ра­зе Дняп­ра.

Закрытыя карані павялічаць прыжывальнасць

Дарэчы, жыццё многіх лясных дрэўцаў зараз адбываецца не толькі ў адкрытым грунце, але і ў цяплічных умовах. У Рэчыцкім вопытным лясгасе ёсць пастаянны лясны гадавальнік плошчай пяць гектараў. У ім штогод вырошчваецца каля 2,2 мільёна сеянцаў такіх асноўных парод, як хвоя, дуб, бяроза, алешына чорная, ліпа, каштан...

Не так даўно рэчыцкія лесаводы пачалі вырошчваць пасадачны матэрыял па фінскай тэхналогіі — з закрытай каранёвай сістэмай. Гэта значыць, насенне высяваецца ў касеты, напоўненыя спецыяльным глебавым субстратам. Касеты, усталяваныя на паддоны, спачатку знаходзяцца ў цяпліцы пад плёнкай, потым яе здымаюць і пакідаюць сеянцы на адкрытым паветры для гартавання. Выкарыстанне такіх сеянцаў для наступнай пасадкі дазваляе падоўжыць тэрміны пасадкі, а таксама значна павялічыць прыжывальнасць высаджаных раслін.

Прынамсі, у гадавальніку сёлета плануюць пачаць будаўніцтва сучаснага селекцыйна-лесанасеннага цэнтра па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. У цэлым па краіне запланавана будаўніцтва шасці такіх цэнтраў. Гэта аналаг Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра, які будзе мець статус абласнога значэння. Плануецца штогод выгадоўваць каля 6 мільёнаў сеянцаў асноўных парод дрэў.

На­мес­нік ды­рэк­та­ра па ідэа­ла­гіч­най ра­бо­це Свят­ла­на Кры­кун і га­лоў­ны ляс­ні­чы Рэ­чыц­ка­га во­пыт­на­га ляс­га­са Дзміт­рый Да­вы­дзен­ка каля па­ляў­ні­ча­га дам­ка.

Букавель для тых, хто працуе

— У лясной гаспадарцы працаваць зусім не проста, — адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Святлана Крыкун. — З раніцы да вечара леснікі і вальшчыкі ў лесе. Асобныя нясуць дзяжурства дапазна. Пры гэтым у нашым калектыве няма цякучкі кадраў і свабодных вакансій. Многія супрацоўнікі ездзяць на работу з райцэнтра штодзень — для гэтага арганізаваны спецыяльны транспарт. Да таго ж сацыяльны пакет у нашым лясгасе прадугледжвае шмат пераваг. Акрамя звычайных дапамог па калдагаворы, выплачваем абавязкова дапамогу да адпачынку. Дадаткова — за стаж сумленнай работы. Работнікі, якія добра сябе зарэкамендавалі, могуць атрымаць беспрацэнтную пазыку пад бытавыя патрэбы на тры гады. Работнікі ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах, а каб яны падтрымлівалі спартыўную форму, арандуем залы для заняткаў валейболам, футболам, трэнажорную і басейн. Сёлета мы з'ездзілі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург, а зімой наведалі гарналыжны курорт Букавель. Летась была арганізавана паездка на Чорнае мора. Можа, яшчэ і таму людзі за работу трымаюцца, што ў нас вельмі шмат сямейных дынастый. Дзеці ганарацца, што працягваюць справу бацькоў і нясуць перад імі адказнасць.

— У нашым лясгасе працуе 340 чалавек. Гэта людзі, душой адданыя сваёй справе, — падагульняе дырэктар Рэчыцкага вопытнага лясгаса Дзмітрый Глусцоў. — Сёлета мы плануем пабудаваць і запусціць яшчэ і цэх пілавання, для чаго ўжо набылі неабходнае абсталяванне. Важна ў сучасных эканамічных умовах думаць пра развіццё і зарабляць грошы.

УНП 400000205

* - на правах рэкламы

 Іры­на АСТАШ­КЕ­ВІЧ

Загаловак у газеце: Важна думаць пра будучыню

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.