Вы тут

Два ўкосы за сезон*


Забяспечаць якаснымі бялковымі кармамі статак у калгасе «50 гадоў Кастрычніка».

Штодзень з калгаса (СВК) «50 гадоў Кастрычніка», што ў Рэчыцкім раёне, на перапрацоўчыя прадпрыемствы Гомельшчыны адпраўляецца 34,5 тоны малака. Калі ўявіць, што гаспадарка мае толькі 5 тысяч га сельгасугоддзяў, гэта вельмі многа. Буйной рагатай жывёлы тут 6200 галоў. Дойны статак — 1675.  Сельскагаспадарчую матэматыку растлумачвае старшыня праўлення Рыгор Шпакаў, які нязменна кіруе гаспадаркай амаль паўстагоддзя:


— Гэта значыць, на 100 га прыходзіцца каля 120 галоў. Канешне, гэта добра, але рэальна і 150. Дарэчы, каля 70 % нашага малака рэалізоўваецца гатункам «экстра» — за самы высокі закупны кошт. У месяц ад малака мы атрымліваем Br700 тысяч. Калі зможам больш павялічыць нарыхтоўку малака і мяса, значыць, яшчэ палепшым сваё фінансавае становішча. Малако — гэта ж штодзённае паступленне грошай. Для ўсіх, хто працуе ў калгасе, — гэтыя лічбы ўрэшце ператвараюцца ў заробак.

На зарплату ніводны з 250 супрацоўнікаў калгаса не скардзіцца. Сярэдняя складае запаветную тысячу рублёў, а рэальная ў тых, хто працуе з добрай аддачай, — куды вышэйшая.

— Да асноўнай зарплаты мы выплачваем яшчэ адну — стымулюючую, — расказвае Рыгор Купрыянавіч. — Таму некаторыя атрымліваюць дадаткова да Br3 тысяч. Гэта дае магчымасць матываваць тых людзей, хто працуе эфектыўна, не парушае тэхналогію і дысцыпліну. І крадзяжоў у нашай гаспадарцы няма, бо ніхто ж не хоча пазбавіцца тых выгод, што мае.

Цэнтр калгаса — вёска Левашы, знаходзіцца за 25 км ад Рэчыцы. Населенаму пункту больш за 500 гадоў. Назва ж гаспадаркі — «50 гадоў Кастрычніка» — адносіцца да новай гісторыі, і ёй тут таксама ганарацца. Дадаюць, што вельмі важна захоўваць тое добрае, што стваралі іх бацькі столькі гадоў запар:

— Наша вытворчасць юрыдычна лічыцца прыватнай, а фактычна гэта калектыўная гаспадарка, — расстаўляе акцэнты Рыгор Шпакаў. — Таму што тут кіруе калектыў, а кіраўнік нясе адказнасць перад людзьмі. Народ заўсёды больш разумны, чым кіраўнік. Начальнік павінен слухаць кожнага чалавека і нават сваю думку выказваць як калектыўную. Важна, каб кожны член калектыву шчыра лічыў: гэта мой калгас.

Супрацоўнікі так і лічаць. Яны шчыра ўсміхаюцца, калі гавораць пра сваю нялёгкую працу на зямлі. І з задавальненнем фатаграфуюцца каля кветнікаў і фантанаў, якія на фермах і мехдварах упрыгожваюць чысцюткую тэрыторыю калектыўнай гаспадаркі.

Тут прынята разлічваць толькі на свае сілы: замест крэдытаў пад вялікі працэнт — рацыянальнае стаўленне да фінансаў. Пры гэтым, калі для справы трэба абнаўленне машынна-трактарнага парка, на неабходнай тэхніцы і абсталяванні не эканомяць. Тут ствараюць вытворчыя памяшканні сваімі сіламі. Гэта таксама дае значную эканомію рэсурсаў.

Ну а кармы для жывёлы нават у самы засушлівы год тут не купляюць. На гэты выпадак кароўкі ўжываюць нарыхтаваныя загадзя запасы. Тэма корманарыхтоўкі асабліва актуальная і гэтым засушлівым летам.

Ме­ха­ні­за­тар Па­вел Су­рта, элект­ра­га­за­звар­шчык Аляк­сандр Ку­ры­лен­ка і ме­ха­ні­за­тар Анд­рэй Ста­ра­жэн­ка.

Над тым, чаго, колькі і дзе сеяць, у калгасе «50 гадоў Кастрычніка» думаюць загадзя ўсе спецыялісты гаспадаркі. Плануюць тут галоўным чынам тыя культуры, якія дадуць максімальны па колькасці і якасці вынік. Зараз значная ўвага люцэрне, а таксама крыжакветным — яны маюць высокія спажывецкія якасці. Рыгор Шпакаў гаворыць, што міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц даручыў яму прыгледзецца да магілёўскага вопыту:

— Два гады таму міністр зрабіў нам заўвагу, што адсутнічае ў рацыёне нашай жывёлы свірэпіца, — адзначае Рыгор Купрыянавіч. — Мы прааналізавалі сітуацыю і цяпер выкарыстоўваем вопыт майго сябра Аляксандра Лапацентава — кіраўніка СВК «Калгас «Радзіма», што ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне. Сэнс тэхналогіі — у атрыманні ўласнага таннага расліннага бялку. Выгаду мы падлічваем не на этапе нарыхтоўкі, а праз жывёлагадоўлю, калі атрымліваем эканамічную эфектыўнасць, якая выяўляецца ў павелічэнні ўдояў і прыбаўленняў у вазе. Большы выхад прадукцыі пры меншых выдатках — у гэтым і крыецца ўся эканоміка. Тым больш развіццё жывёлагадоўлі немагчымае без паўнавартаснага рацыёну, насычанага бялком і вугляводамі. Што яшчэ важна: ранні тэрмін уборкі такіх кармоў. Свірэпіца ў сумесі з паўкосным жытам даюць магчымасць збіраць два ўраджаі: кармавая сумесь скошваецца ў пачатку мая і адразу ж вызваляюцца плошчы пад зернебабовыя ці пад кукурузу. Такі падыход не патрабуе вялікіх выдаткаў у тым ліку на мінеральныя ўгнаенні і сродкі абароны раслін. Мы плануем пад аналагічныя пасевы і надалей павялічваць плошчы. У канцы жніўня пасеем вялікую колькасць свірэпіцы.

Рыгор Шпакаў гаворыць, што свой шматгадовы вопыт у сельскай гаспадарцы ён пастаянна падмацоўвае набыццём новых ведаў. А ўсімі дасягненнямі абавязаны людзям, з якімі працуе:

— У нас практычна ўсе кадры працуюць доўгі час. Мы супрацоўнікаў не шукаем — яны да нас прыходзяць і просяцца на работу. Важна працаваць сумленна і ніколі не спыняцца на дасягнутым.

Рыгор Шпакаў — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі рэспублікі, ганаровы грамадзянін Рэчыцкага раёна. У 1969 годзе быў абраны старшынёй праўлення калгаса «50 гадоў Кастрычніка», якім нязменна кіруе 49 гадоў. Адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны».

УНП 400036941

* - на правах рэкламы

 Іры­на АСТАШ­КЕ­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?