Вы тут

Самыя высокія заробкі на Гомельшчыне — у Рэчыцкім раёне


У Рэчыцкім раёне апошнім часам рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў, якія значна ўплываюць на развіццё Гомельскай вобласці ў цэлым. Напрыклад, у агракамбінаце «Холмеч» пабудавана малочнатаварная ферма на 1000 галоў. У КСУП «Дзяржынскі-агра» завяршаецца будаўніцтва фермы на 600 галоў дойнага статка. ААТ «Рэчыцадрэў» працягвае мадэрнізацыю вытворчасці ДСП. Тут завершана будаўніцтва завода смол, які мае стратэгічнае значэнне для прадпрыемства. РУП «ВА «Беларуснафта» рэалізаваны ў поўным аб'ёме інвестыцыйны праект па будаўніцтве самай магутнай у Рэспубліцы Беларусь фотаэлектрычнай станцыі. Рэчыцкім райжылкамгасам завершаны работы па будаўніцтве новай кацельні ў гарадскім пасёлку Зарэчча. Летась у эканоміку раёна інвеставана каля 285 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, адзначае старшыня Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта Віталь Панчанка, унёсак раёна ў аб'ём інвестыцый Гомельскай вобласці вельмі істотны — каля 10 %.


Фота БелТА.

— Па большасці прагнозных паказчыкаў мы ідзём з адчувальнай станоўчай дынамікай і сёлета. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю прамысловага комплексу, дзе фарміруецца больш як 60 % выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг. Між тым летась тэмп росту прамысловай прадукцыі склаў 124 %. Валаўтваральныя прадпрыемствы ААТ «Речыцадрэў» і ААТ «Рэчыцкі метызны завод» паказваюць высокія тэмпы аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, што станоўча адбіваецца на эканоміцы рэгіёна ў цэлым. На тэрыторыі раёна паспяхова працуюць прадпрыемствы, створаныя з удзелам капіталу Аўстрыі, Кіпра, Расіі, Германіі і іншых краін. Летась у раён паступіла каля $2,8 млн прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

— Відаць, усё гэта разам спрыяе і стварэнню працоўных месцаў у Рэчыцы?

— На зноў створаныя працоўныя месцы за кошт з'яўлення новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў летась было працаўладкавана 425 чалавек, за кошт пашырэння дзейнасці існуючых — 345. За першы квартал сёлета — 106 чалавек. Дарэчы, у Рэчыцкім раёне самыя высокія заробкі на Гомельшчыне. Сярэдні паказчык за чатыры месяцы года складае амаль 936 рублёў.

Рэчыцкі раён экспартуе ў 36 краін свету больш за 48 % прадукцыі, якая тут вырабляецца. Важнае значэнне для экспарту раёна мае вынік дзейнасці метызнага завода. Яго доля складае каля 83 %. Шмат работ у Расіі выконваюць супрацоўнікі ААТ «Буравая кампанія «Дэльта».

Малое прадпрымальніцтва ў Рэчыцкім раёне актыўна спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых працоўных месцаў. Цяпер у нас зарэгістравана 2242 суб'екты малога і сярэдняга бізнесу. У гэтай сферы занята каля 16 % насельніцтва раёна. Ад недзяржаўнага сектара ў бюджэт раёна толькі летась мы атрымалі больш 20 млн рублёў, ці звыш 20 % ад агульнай сумы паступленняў.

Фота БелТА.

— І ўсё ж, асноўнай галіной эканомікі раёна была і застаецца сельская гаспадарка...

— Прагнозны паказчык па тэмпе росту вытворчасці валавой прадукцыі аграпрамысловы комплекс раёна сёлета забяспечыў на 108,2 % пры прагнозе 106,2 %. За студзень — красавік у сельскагаспадарчых арганізацыях Рэчыцкага раёна ў разліку на аднаго работніка памер выручкі склаў 12,1 тыс. рублёў. Гэта на 30,8 % вышэй за ўзровень 2017 года. Увогуле ж, сёлета, як і раней, будзем забяспечваць ўстойлівае развіццё тэрыторыі і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Каб гэта адбывалася, трэба павышаць эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемстваў: скарачаць выдаткі вытворчасці пры адначасовым павелічэнні аб'ёмаў выпуску. Важна імкнуцца да росту рэнтабельнасці продажаў, а таксама агульнай прыбытковасці прадпрыемстваў.

  • Рэчыцкі раён — адзін з самых буйных у Гомельскай вобласці. Яго плошча — каля 2700 квадратных кіламетраў. Насельніцтва складае звыш 98 тысяч чалавек.
  • Горад Рэчыца заснаваны на месцы селішча племені дрыгавічоў на гандлёвым шляху з «варагаў у грэкі». Першы раз згадваецца ў Гусцінскім летапісе пад 1213 годам.
  • Сапраўднай вялікай падзеяй для Рэчыцы і раёна стала адкрыццё ў 1964 годзе Рэчыцкага радовішча нафты. На тэрыторыі Палескай упадзіны адкрыта 61 радовішча нафты.

Фота БелТА.

  • У Рэчыцкім раёне — 82 установы адукацыі. Па выніках 2017—2018 навучальнага года атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым і сярэбраным медалём атрымалі 32 навучэнцы.
  • У 2018 годзе спартсменам раёна прысвоена: 2 званні майстра спорту Рэспублікі Беларусь, 3 званні кандыдатаў у майстры спорту Беларусі, 26 спартсменаў раёна ўключаны ў нацыянальныя каманды Рэспублікі Беларусь.
  • У Рэчыцкім раёне — 80 устаноў культуры. Сёлета выхаванцы школ мастацтваў сталі пераможцамі і прызёрамі 56 конкурсаў і фестываляў музычнага і выяўленчага мастацтва, заваявалі больш за 300 узнагарод.

Славутасці Рэчыцкага раёна

Успенскі сабор

Будаўніцтва гэтага сабора пачалося ў 1841 годзе і толькі ў 1864-м зноў аднавілася. У 1872 годзе ён быў дабудаваны і асвячоны. У 1934 годзе сабор закрылі, а яшчэ праз некалькі гадоў ператварылі ў «Дом сацыялістычнай культуры». Сабор застаўся без купалаў, яго інтэр'ер быў цалкам зменены, да храма прыбудавалі драўляны будынак. У 60-я гады памяшканне стала безгаспадарным. Толькі ў 1999 годзе сабор вярнулі вернікам. Цяпер Успенскаму сабору прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Ён ганарыцца сваім іканастасам, які пяціярусны, уключае дваццаць чатыры абразы. У 2011 годзе ў храме з'явіліся два ківоты ў гонар святога Мікалая і Казанскай Божай Маці.

Троіцкі касцёл

Сёння ён уяўляе яркі прыклад неагатычнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Упершыню каталіцкі касцёл у Рэчыцы быў пабудаваны ў 1634 годзе. Храм упрыгожваў горад да 1756 года, калі быў пабудаваны новы драўляны Троіцкі касцёл і манастыр пры ім. У 1842 годзе рэчыцкія дваране падалі просьбу пра будаўніцтва новага — мураванага — касцёла на тым жа месцы. Але будаўніцтва было завершана толькі ў 1903 годзе.

Троіцкі сабор ведаў розныя часы. У гады савецкай улады будынак выкарыстоўваўся ў якасці склада, электрастанцыі, піўной, вітаміннага бара. У 1998 годзе касцёл прызналі помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя і ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе яго вярнулі вернікам. Цяпер касцёл з'яўляецца адным з упрыгожанняў горада.

 Іры­на АСТАШ­КЕ­ВІЧ

Загаловак у газеце: Узровень жыцця насельніцтва — асноўны клопат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».