Вы тут

Як і навошта своечасова выяўляць узровень халестэрыну


Усе мы, здавалася б, чулі пра халестэрын і яго схільнасць выклікаць атэрасклероз сасудаў, а з ім і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Але як своечасова выявіць у арганізме гэтага «ціхага забойцу» і ў якім узросце варта задумацца пра абследаванне? Якія фактары рызыкі дастаткова мінімізаваць, каб знізіўся артэрыяльны ціск? І што варта выдаліць з рацыёну, каб халестэрын прыйшоў у норму? Пра гэта расказала загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна ПЛІСЮК.


— Таццяна Аркадзеўна, як вядома, высокі ўзровень халестэрыну выклікае атэрасклероз сасудаў. У якім узросце ўсім нам варта задумвацца пра гэта?

— Справа ў тым, што высокі ўзровень халестэрыну ніякіх скаргаў у хворага не выклікае, таму яго і называюць «ціхім забойцам». Гэтаксама як і артэрыяльная гіпертэнзія, якую мы можам не адчуваць. У маладых жанчын падчас павышэння ціску, асабліва калі раней яны былі гіпатонікамі, могуць з'яўляцца млоснасць ці рвота і галаўны боль. Але з кожным эпізодам павышэння ціску гэтыя сімптомы затухаюць. Мы зараз праводзім акцыі «Здаровае сэрца» ў гіпермаркетах і гандлёвых цэнтрах, усіх запрашаем памераць ціск. Дык вось для многіх становіцца адкрыццём той факт, што ў іх павышаны ціск. У такім выпадку рэкамендуем вымяраць яго хоць бы на працягу двух тыдняў, а затым наведаць тэрапеўта. Урач ацэньвае паказчыкі ціску, прызначае біяхімічны аналіз крыві на той жа халестэрын, накіроўвае пры неабходнасці да вузкіх спецыялістаў, акуліста, неўролага. І прызначае лячэнне. Трэба адзначыць, што спачатку мы імкнёмся ўздзейнічаць дыетай, зменшыць фактары рызыкі. Яны падзяляюцца на кіраваныя і некіраваныя. Некіраваныя — гэта ўзрост (і чым ён большы, тым вышэйшая рызыка развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі) і спадчыннасць. Кіраваныя фактары рызыкі — курэнне, атлусценне, у прыватнасці абдамінальнае, цукровы дыябет. Таму, як відаць, многае залежыць ад нас саміх. Калі ёсць лішняя вага, трэба пастарацца пахудзець, калі курыце — кінуць. На тое, каб мінімізаваць фактары рызыкі, даецца паўгода. Калі такія меры не дапамаглі, прызначаюцца гіпатэнзіўныя прэпараты. А што да ўзросту, то часцей за ўсё ў мужчын 40—60 гадоў пачынаюцца ці ўжо існуюць праблемы: развіваецца атэрасклероз, у гэтым узросце часта здараюцца сардэчна-сасудзістыя катастрофы — інсульты, інфаркты, у тым ліку і з лятальным канцом, таму на гэтую катэгорыю мужчын медыкі звяртаюць асаблівую ўвагу.

— Што нам самім трэба рабіць, каб не прапусціць хваробу?

— Акрамя таго, што пажадана кантраляваць свой ціск, пра што я ўжо казала, важна праходзіць дыспансерызацыю. Нават тым, хто адчувае сябе абсалютна здаровым, варта прыходзіць хоць бы раз на год да тэрапеўта, здаваць асноўныя аналізы, у тым ліку біяхімічны аналіз крыві, ён прызначаецца ўсім мужчынам і жанчынам пасля 40 гадоў. Такі скрынінг вельмі важны, бо захворванне можа не адчувацца, але яно спадцішка робіць сваю справу. І калі выявіць яго на ранняй стадыі, можна яшчэ паўплываць немедыкаментозна.

— Узровень халестэрыну вызначаецца па аналізе крыві?

— Халестэрын — вельмі важны кампанент у нашым арганізме. Ёсць ліпапратэіны высокай шчыльнасці і нізкай шчыльнасці, так званы «добры» і «дрэнны» халестэрын. Лічыцца, што ліпапратэіны высокай шчыльнасці — гэта «добры» халестэрын, які збірае «дрэнны» і транспартуе яго ў печань. І чым ніжэйшы ўзровень ліпапратэінаў высокай шчыльнасці і вышэйшы ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці, тым большая рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца і сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Калі мы здаём аналіз крыві, то бачым лічбу агульнага халестэрыну, якая можа ні пра што не сведчыць. Важна ведаць суадносіны ліпапратэінаў высокай і нізкай шчыльнасці і трыгліцэрыдаў, так званы каэфіцыент атэрагеннасці. У некаторых пацыентаў агульны халестэрын у норме, а каэфіцыент атэрагеннасці пры норме ад 2 да 3 адзінак атрымліваецца 3,5 ці 4. Яго павышэнне да ўзроўню большага за тры адзінкі сведчыць аб тым, што ёсць рызыка развіцця атэрасклерозу — захворвання, калі сасуды забіваюцца атэрасклератычнымі бляшкамі, ускладняецца адток крыві, з-за чаго развіваюцца артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, сардэчная недастатковасць. У такім выпадку патрэбная дыета па зніжэнні халестэрыну. Людзі з высокім яго узроўнем з узростам пры адсутнасці лячэння могуць прыйсці да хранічнай сардэчнай недастатковасці. Калі дыета не дапамагае, прызначаюцца статыны — прэпараты, якія зніжаюць халестэрын.

— Нашы чытачы цікавяцца: ці падыходзіць прэпарат мілдранат пажылым людзям, якія маюць сардэчна-сасудзістыя хваробы?

— Гэта сродак, які падыходзіць усім пацыентам — як маладым, так і ўзроставым. Мілдранат — метабалічны прэпарат, які паляпшае ў тым ліку мазгавую дзейнасць, стан печані і сардэчнай мышцы. Таму ў спартсменаў ён лічыцца забароненым, бо дзейнічае як анаболік. Многія пацыенты адзначаюць павышэнне фізічнай актыўнасці на фоне яго прыёму.

— Якія прадукты зніжаюць узровень «дрэннага» халестэрыну?

— Па-першае, у рацыёне неабходна знізіць жывёльныя тлушчы, транстлушчы. Не пажадана ўжываць тлустае мяса — гусь, качка, а таксама каўбасы, паштэты, беконы. Карысныя садавіна, агародніна, ласось і іншыя тлустыя гатункі рыбы, дзе змяшчаюцца амега-3 тлустыя кіслоты. Неабходны складаныя вугляводы, а гэта збожжавыя культуры, кашы, хлеб буйнога памолу, таксама малако, але з невысокім працэнтам тлустасці, сыры. Пацыентам з атэрасклерозам сасудаў — не важна, галаўнога мозга ці сэрца — найперш рэкамендуюць дыету, хоць бы на паўгода. Яна садзейнічае зніжэнню халестэрыну. Гэтыя рэкамендацыі падыходзяць і пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, таксама тым, хто перанёс інфаркт, інсульт, любую сардэчную катастрофу. Дарэчы, бакал сухога чырвонага віна зніжае халестэрын. Але тут важная ўмеранасць.

— Што ў спякоту павінны памятаць людзі з артэрыяльнай гіпертэнзіяй?

— У летнюю спякоту ў пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй крыху зніжаецца ціск, адпаведна, ім патрабуецца зніжэнне дозы гіпатэнзіўных прэпаратаў на гэты перыяд. Але тут ёсць небяспека. Некалькі гадоў таму ўсё лета стаяла гарачае надвор'е, а потым спякота раптам прайшла, і ў гэты перыяд вырасла колькасць інфарктаў і інсультаў, у тым ліку са смяротным зыходам. Справа ў тым, што пацыенты ў спякоту знізілі дозы гіпатэнзіўных прэпаратаў і, калі адбыўся скачок атмасфернага ціску, падняўся артэрыяльны ціск у хворых, а на яго фоне здарыліся сардэчна-сасудзістыя катастрофы. Таму ў спякоту, калі хворыя адчуваюць сябе лепш, усё роўна важна не губляць пільнасці, кантраляваць ціск і не прапусціць той момант, калі зноў трэба прыняць звыклую дозу гіпатэнзіўных прэпаратаў. Хоць бы невялікую іх дозу рэкамендуецца прымаць заўсёды.

Ваш узровень рызыкі — які ён?

У вас вельмі высокая рызыка сардэчна-сасудзістых ускладненняў, калі ваш дыягназ — ішэмічная хвароба сэрца, атэрасклероз сасудаў мозга, цукровы дыябет, хранічная хвароба нырак ці вы перанеслі інсульт. Вы адносіцеся да групы высокай рызыкі, калі маеце высокі артэрыяльны ціск і высокі ўзровень халестэрыну. У такім выпадку вам неабходная гіпаліпадэмічная тэрапія.

Як можна знізіць узровень халестэрыну?

Павышэнне фізічнай актыўнасці. Рэкамендуюцца фізічныя нагрузкі ўмеранай актыўнасці па 30—40 хвілін не менш за тры разы на тыдзень.

Здаровае харчаванне. Варта пазбягаць хлеба найвышэйшага гатунку, выпечкі з вялікай колькасцю тлушчу (бісквіты, круасаны, пірожныя), тортаў з шакаладным крэмам, бліноў, пончыкаў (смажаных піражкоў), малака, вяршкоў, плаўленых і цвёрдых сыроў з высокай колькасцю тлушчу (30 % і вышэй), узбітых вяршкоў, яечных жаўткоў, любога тлустага мяса, асабліва свініны, каўбас і сасісак, салямі, паштэтаў, беконаў, мяса качкі і гусака, смажанай агародніны, прыпраўленай сметанковым маслам, чыпсаў, сметанковага масла, свінога тлушчу, сала, цвёрдага маргарыну, усіх відаў напояў з дабаўленнем цукру.

Зніжэнне халестэрыну з дапамогай лекаў. Найбольш эфектыўнымі прэпаратамі, якія зніжаюць халестэрын, з'яўляюцца статыны. Яны зніжаюць узровень «дрэннага» халестэрыну і павышаюць узровень «добрага». Зніжэнне ўзроўню халестэрыну з дапамогай статынаў змяншае рызыку развіцця інсульту і інфаркту ў два разы, тым самым павялічваючы працягласць жыцця.

Як доўга трэба лячыцца прэпаратамі, якія зніжаюць узровень халестэрыну?

Лячэнне павышанага ўзроўню халестэрыну павінна быць доўгім і пастаянным. Не паддавайцеся спакушэнню спыніць прыём лекаў без прадпісання ўрача, нават калі ўзровень халестэрыну знізіўся да нармальных значэнняў.

Алена КРАВЕЦ

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Загаловак у газеце: Абясшкодзіць «ціхага забойцу»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.