22 Верасень, субота

Вы тут

Рыбін мех — гэта жарт, а абутак са скуры рыб — праўда


Скура рыб — гэта адзін з каштоўных матэрыялаў, які з даўніх часоў закрануў практычна ўсе сферы жыццядзейнасці, пачынаючы з кулінарыі і заканчваючы адзеннем.


Па складзе і ўласцівасцях рыбіна скура набліжана да скуры іншых жывёл. Таўшчыня яе ў сярэднім — 1 міліметр. Адзенне з гэтай скуры з-за вельмі блізкага размяшчэння складнікаў яе валокнаў адзін да аднаго мае больш высокі ўзровень зносаўстойлівасці і трываласці ў параўнанні з адзеннем са скуры жывёлы. Да таго ж скураныя вырабы з рыбы воданепранікальныя, таксама яны больш бяспечныя з пункту гледжання экалогіі і не могуць з'яўляцца пераносчыкамі інфекцыйных захворванняў у адрозненне ад вырабаў са скуры жывёлы. Апрацоўка рыбінай скуры менш шкодная для навакольнага асяроддзя, а матэрыял, які атрымліваецца, бяспечны для дзяцей.

Працэс вырабу скуры рыб у далёкім мінулым быў працаёмкім і займаў нямала часу. Спачатку з рыбы здымалі луску, затым старанна вычышчалі з абодвух бакоў і некалькі разоў прамывалі ў вадзе, раскладвалі на гладкай паверхні і пакідалі на некаторы час сушыцца. Сухая рыбіна скура станавілася вельмі жорсткай. Затым на працягу некалькіх гадзін яе прыходзілася камячыць на спецыяльным станку касцянымі нажамі для апрацоўкі скуры. У выніку гэтай саматужнай апрацоўкі скура пазбаўлялася многіх каштоўных уласцівасцяў, аднак сам па сабе працэс прыводзіў да жаданага выніку — вырабы атрымліваліся і насіліся. Шматлікія традыцыйныя промыслы і рамёствы карэнных народаў ханты і мансі зараз практычна страчаны, у тым ліку і асаблівасці і сакрэты тэхналогій вырабу рыбінай скуры.

Народы, якія засялялі берагі Амура (нанайцы, арочы, ніўхі і ульчы), стварылі безадходную вытворчасць: мяса рыбы ішло ў ежу, рыбін тлушч — для апрацоўкі скуры, рыбіна скура — для пашыву адзення, панчох, абутку і розных іншых бытавых дробязей. Уручную апрацаванае пашытае адзенне з гэтага матэрыялу стала яркім узорам культуры прыамурскіх народаў, якія атрымалі назву «рыбінаскурых людзей». Гэты матэрыял валодае ўсімі неабходнымі якасцямі для прамысловага адзення. Ён лёгкі, трывалы, засцерагае ад ветру, не намакае, добра захоўвае цяпло. А скура асобных відаў рыб у некалькі разоў перасягае па трываласці многія матэрыялы.

Скура ментуза, напрыклад, вельмі трывалая, вытрымлівае вагу каля двух пудоў. З яе шыюць мяшкі для гаспадарчых мэт, выкарыстоўвалі раней замест шкла ў вокнах у зімовы час. Таксама са скуры ментуза народнасці ханты і мансі ў мінулым шылі непрамакальныя пакрыцці на лодкі і палаткі, хоць у якасці такой сыравіны асабліва шанавалася скура асятра. Незаменныя былі палотнішчы з асятровых скур у якасці покрывак на нарты з прадуктамі, яны былі абсалютна непранікальныя для вільгаці і да таго ж іх не прагрызалі алені. Таксама з асятровай і шчупачынай скуры шылі непрамакальны абутак. Скура акулы, «шчыгрынавая скура» — лёгкая, эластычная і вельмі трывалая. Па трываласці ў дзесяць разоў перасягае цялячую або скуру буйвала. У сярэдзіне ХХ стагоддзя скура акулы выкарыстоўвалася для вырабу куртак лётчыкаў. Скура ската — найвялікшая рэдкасць, неверагодна трывалая і вельмі цяжка паддаецца апрацоўцы. Дзякуючы сваёй трываласці яна практычна не патрабуе якога-небудзь дагляду, не ўбірае ў сябе вільгаць, амаль не схільная да забруджванняў, ідэальна падыходзіць для вырабу верхняга адзення. Скуру акул і марскіх скатаў нават выкарыстоўваюць для пашыву вадалазных касцюмаў і вытворчасці мэблі. Прамысловая вытворчасць вырабаў з рыбінай скуры пачалася ў часы Першай сусветнай вайны ў Нарвегіі. Цяпер тэхналогія вырабу рыбінай скуры сур'ёзна ўдасканалена.

Нанайскі  мужчынскі  касцюм  з рыбінай скуры.

Скура рыб звычайна невялікая па памерах, і ў яе экзатычны знешні выгляд. Багатая і часта высакародная колеравая гама (ад чорнага і жамчужна-шэрага да залацістага адцення) і унікальны малюнак на паверхні робяць скуру эксклюзіўным матэрыялам. Паколькі каштуе яна даволі дарога, разумней выкарыстоўваць скуру рыб у якасці аздаблення менавіта элітных вырабаў. На гэты дзівосны матэрыял звярнулі сваю ўвагу сусветна вядомыя мадэльеры. У мінулым сезоне дызайнер Сhrіstіаn Dіоr Джон Гальяна стварыў ружовыя туфлі са скуры ласося, якія прадаваліся ў буціках па ўсім свеце. Шатландская кампанія Skіnі нядаўна запусціла лінію па вытворчасці бікіні таксама са скуры ласося і рэкламуе іх як альтэрнатыву вырабам са скуры экзатычных жывёл. Скура ласося — адна з самых даўгавечных і трывалых сярод усіх відаў рыбінай скуры. А дызайнеры адной аргенцінскай кампаніі, напрыклад, распрацавалі і выпусцілі ўнікальныя кеды, зробленыя са скуры сямейства селядцовых.

З-за памераў рыбінай скуры часцей за ўсё гэты матэрыял, акрамя вытворчасці абутку, выкарыстоўваюць і для стварэння невялікіх аксесуараў: сумачак, партманэ, пальчатак, паясоў, чахлоў для мабільнікаў і розных упрыгажэнняў. Многіх спажыўцоў цікавяць эксклюзіўныя мадэлі мабільных тэлефонаў у чахлах ручной работы. І кітайцы тут жа прадставілі на рынку тэлефон, абцягнуты скурай рыбы гурамі жамчужнай, які каштуе... 650 долараў.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Рыбу на чаравікі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.