Вы тут

Жыццё — пасля жыцця


...Два месяцы дажджу не было!

А неяк ноччу ён прыйшоў, гучна пастукаў па аконных адлівах — быццам спытаў: «Можна?».

Гараджане, злыя, што пабудзіў, сказалі: «Не!» — і дождж сціх.

...Часам нешта пытацца — толькі час губляць: рабі, што трэба. І хай будзе, што будзе.

Гэта — горад...

Праспект, скрыжаванне, святлафор. Для патоку машын загараецца чырвонае, таму яны, загадзя прытармазіўшы, спыняюцца: дзве — побач.

— Алежа, здароў! — ляціць з-за руля адной.

Пасажыр другой апускае шкло:

— Міша?! Здароў.

— Як жывы? Як жонка, дзеці?

— Усё пуцём. А ў цябе?

— Таксама...

— Працуеш там жа?

— Там. Куды я з падводнай лодкі...

— А ты?

— І я... Прывітанне тваім...

— І ты перадай.

На гэтым размова завяршаецца, бо на святлафоры — жоўтае, потым зялёнае: машыны кранаюцца з месца, едуць, губляюцца ў патоку іншых.

Каб потым некаму прывезці прывітанні — ад Мішы і Алежы, каб сказаць, што ўбачыліся (?) у горадзе, што паразмаўлялі (?)... І што ў абодвух «усё пуцём».


«Помнік»

«Паздымалі дзеўкі боты — стала воку больш работы». Гэта — на пачатку вясны, калі пацяплела. На пачатку лета, калі пагарачэла, яны, тыя дзеўкі (ды і хлопцы) паздымалі з сябе ці не ўсё: голыя амаль ногі, рукі, грудзі, спіны... Глядзеў бы і глядзеў, бо там — яшчэ і «малюнкі»: недзе — невялічкія, сціплыя, можа, нават прыгожыя, недзе, на жаль...

А зрэшты, што ні галава, то розум: захацеў чалавек вось гэта насіць, дык няхай сабе носіць: мода цяпер на розныя татуіроўкі ды і грошы, падобна, ёсць...

У Ніначкі яны таксама былі.

І мода была: тады — на залатыя ўсмешкі.

Каб займець яе, дзеўка нікога не паслухала: усе пярэднія, здаровыя, досыць прыгожыя зубы «абпілавала» і ў свае 22 надзела на іх залатыя каронкі.

Не без таго — ёй самой гэта падабалася і яна нейкі час пафарсіла (хоць і пастарэла гадоў на 15), а потым...

Дзень пры дні, гадамі, нават дзесяцігоддзямі баялася лішні раз усміхнуцца, у незнаёмай кампаніі слова сказаць — страшэнна камплексавала!

Дык каронкі ж хоць можна зняць, паставіць іншыя.

Тату застанецца — помнічкам...

Толькі модзе?


Левай... За правае...

— Алё, даведка? Я вас не чую...

Гэта — на ўвесь трамвай — нейкая цётка. Яна сядзіць ззаду і па мабільным расказвае той «даведцы», што хацела «пакласці» грошы на свой тэлефон (далей — доўгі нумар), а паклала на чужы (зноў з дзясятак лічбаў); пытаецца, як зараз «зняць».

Жанчыне, падобна, расказваюць, тая слухае, але разумее (ці чуе?) далёка не ўсё: некалькі разоў перапытвае, дзякуе, зноў і зноў тэлефануе...

Пасажыраў, падобна, «дастаў» гэты доўгі працэс «перамоў». Нават спачуваючы жанчыне, яны не разумеюць, чаму б ёй не пазваніць напрасткі — атрымальніку грошай? Чаму б не сказаць, што я, маўляў, варона — памылілася, «кінула» грошы на ваш нумар, дык вы ўжо, калі ласка, — «скіньце» на мой...

Просты шлях? Ды часам не наш: нам трэба нейкім абходным, кружным — левай рукой за правае вуха, з «тылу».


За парогам

...Раней у гэту невялічкую кавярню мы зазіралі, можна сказаць, часцяком. Каля стойкі выбіралі нешта з напіткаў-наедкаў, плацілі грошы і, пачуўшы добразычлівае «Займайце столік — мы ўсё прынясём», уладкоўваліся ў мяккіх крэслах.

Нядоўга чакалі, хвілін праз пяць нам і праўда ўсё прыносілі, прычым хораша: каву — у белых пузатых кубачках, чай — у імбрычках, прысмакі, цукар і лыжачкі — на сподачках — як-ніяк, Еўропа...

З надыходам вясны, з пацяпленнем сталы там накрываюць на вуліцах.

У Мінску, што прыемна, ужо таксама: на адмысловых верандах, з туйкамі-кветкамі, з цёплымі пледамі...

Аднак туды (і ў прыватнасці, з той кавярні) усё заказанае ды аплачанае (дарэчы, па тых жа не нізкіх цэнах) нам выносяць у... танных аднаразовых кубачках, без ніякага цукру і сподачкаў-лыжак.

Трэба разумець, каб не скралі?

І больш сюды не прыходзілі.


Каб пачулі...

Чужы ўспамін.

Бацька гоніць самагонку. Сын зрэдчас зазірае да яго, пытае, колькі нацякло. А недзе апоўначы прыходзіць, каб дапамагчы спарадкаваць апарат.

На стале бачыць поўнае вядро. Бацька з яго здымае пробу і сыну дазваляе памачыць палец і потым аблізаць. Самагонка цёплая і пахне хлебам. «Нясі паперу. Паглядзім, як гарыць», — гаворыць бацька і дастае запалкі. Сын мочыць паперу, падносіць да агню. Самагонка капае і гарыць «сінім полымем». «Вось так і вантробы будуць гарэць», — кажа бацька... Свайму дзіцяці.

А хочацца — каб усім!


«Мы адказныя...»

У сваячкі «валочка» зямлі — пад садам, бульбай, кустамі парэчак, кветкамі, цяпліцамі, градкамі з морквай, капустай, цыбулькай, бурачкамі...

Вады ў спёку прасіла ўсё (два месяцы без дажджоў), а таму на змярканні гаспадыня выцягвала шланг — палівала... Уяўляла, як пры гэтым круціцца лічыльнік, амаль «чула», як сварыцца муж: шкада грошай. Ды раслінак — яшчэ «шкадней»: мы ж адказныя
«за тое, што пасадзілі»?


Не сышліся?

Дыялогі... Тут і зараз — два.

Першы: вечар, плошча, прыпынак. Мы з сяброўкай на ім «раз'язджаемся», дзве дарослыя дзеўкі — толькі сустрэліся.

— Я ж табе сказала: нармальна адзенься, — адразу налятае першая, — а ты?

— Што я? У мяне толькі гэта чыстае, — на джынсы з майкай паказвае другая.

— Дык твая маці што — зусім таго (палец каля скроні)? Адзежу табе не мые?

— Не.

...І ў метро нейкіх хлопцаў набілася:
ледзь не ў кожнага — заплечнік, «які належыць» яму, — за плячыма. У вагон з-за іх у выніку — не зайсці, не ўціснуцца!

— Вы б знялі... Хоць тут... І што ў іх вазіць?! — абураюцца пасажыркі.

— А я вам (гэта — дыялог другі) скажу, — даверліва абяцае старэйшая.

І сапраўды расказвае, як ёй на паўгода прапісалі дарагія лекі, як яна, каб купіць, узяла на кватэру студэнтаў, як тыя (усе трое з розных месцаў) у пакеты, у сумкі-заплечнікі складвалі брудныя... шкарпэткі, майкі, трусы.

Хлопцу з Міншчыны бруднае мыла мама — прыязджала разоў колькі на месяц. Двое другіх вазілі яго дамоў.

...Праўду кажуць: ніхто не знае, што каго чакае. Цалкам магчыма, што вось гэтых хлопцаў лёс звядзе з тымі дзеўкамі, што іх жа — потым — загс развядзе. Чаму?

Яны скажуць: справа ў характарах.

А калі папраўдзе?

Не ў шкарпэтках?


Арыфметыка

Не было ў сям'і кансэнсусу: Іванавіч у якасці лецішча хацеў хату на хутары, жонка ягоная — дом у вёсцы. У выніку сама на машыне сто сёл абгойсала, але ж знайшла што хацела. Мужу сказала: «Альбо тут, альбо ніколі». Яму, значыць, толькі і заставалася, што згадзіцца, аформіць куплю. Праўда, перад тым не раз прайсціся па вуліцы, паглядзець на сялібы, павітацца з людзьмі, налічыць аж 15 хат — жылых (ён казаў «жывых»). Не без таго — трапляліся там і «мёртвыя» (з забітымі вокнамі-дзвярыма, з зарослымі быльнягом садамі), але тое зрэдку...

Хата, якую прыдбалі яны, была з такіх жа — вымагала працы і грошай...

На рамонт яе тры гады пайшлі.

Толькі тры, здавалася б, але за гэты час вёска стала... хутарам.

Што, вядома ж, не радуе, нават Іванавіча, хоць дом там ён, як быццам, хацеў?


Ёсць такая паслуга

На дзвярах пад'езда вясной абвестка з'явілася: «Узару агарод, скашу траву». Ніжэй — нумар тэлефона: трэба разумець, мужа на час... Толькі больш шырокага профілю.

І нарэшце (бо тэлефоны ўсе абарваныя).


Жыццё — пасля жыцця

Фота: studlive.by

Позняя раніца — пусты трамвай: сядай, дзе хочаш, чытай...

Нешта не дае: нехта стаіць паблізу... Садзіцца насупраць. Падымаю вочы, каб паглядзець, і міжволі «апускаю» сківіцу: на мужчыне (не з маладых) — вышыванка: чорная, з кароткім рукавом, з вузкай аздобленай стоечкай замест каўнерыка, з неглыбокім разрэзам на грудзях, абапал якога вышыты (самым драбнюткім крыжыкам!) яркі жывы арнамент...

«Носьбіт» яго ўжо прывык, відаць, да такіх вось захопленых позіркаў да пытанняў. А таму апярэджвае: паклаўшы руку на арнамент, кажа кароткае: «Мама...» Дадае: «Светлай памяці...» Глядзіць у акно.

Далей мы едзем моўчкі, як быццам паасобку і ў той жа час — разам: ужо ўтраіх.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».