Вы тут

Прэзідэнт запатрабаваў неадкладна заняцца развіццём Бялыніцкага раёна


Аб гэтым учора казаў беларускі лідар пры наведванні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас «Радзіма».


«Па Бялыніцкім раёне мы дамовіліся: да канца 2020 года ўсё павінна быць зроблена. Ніякай шалёнай дапамогі не будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён жорстка раскрытыкаваў работу раённай і абласной улады, а таксама членаў урада, адказных за вобласць, паколькі сацыяльна-эканамічныя паказчыкі ў раёне ўпалі.

Для паспяховай работы раёну варта выбраць за арыенцір СВК «Калгас «Радзіма», упэўнены Прэзідэнт, паколькі там дзякуючы інавацыйнаму падыходу да працы і гаспадарчым адносінам да справы ўдалося стварыць паспяховую вытворчасць. Беларускі лідар папрасіў старшыню СВК Аляксандра Лапацентава дапамагчы старшыні райвыканкама ў развіцці не толькі вытворчасцяў, але і раёна ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у нечым дапамога будзе, але «не разлічвайце, што сюды хто-небудзь што-небудзь будзе ўвальваць: у нас дастаткова напрамкаў, дзе мы ўвальваць павінны і бачыць будучыню, перспектывы».

Дарэчы, СВК «Калгас «Радзіма» — гэта па-сапраўднаму моцная гаспадарка. Узровень жыцця вяскоўцаў тут зраўняўся з гарадскім, а зарплаты — адны з самых высокіх у галіне. Сярэдні заробак у калгасе ў 2017 годзе склаў 927 рублёў, сёлета ён павысіўся да 973 і працягвае расці.

У гаспадарцы больш за 60 % усіх занятых работнікаў — маладыя спецыялісты, падрыхтоўку якіх вядуць яшчэ са школы, а выдатнікаў вучобы заахвочваюць прэміямі. Больш за тое, самыя лепшыя атрымліваюць мэтавыя накіраванні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Цікава, што маладыя спецыялісты атрымліваюць ад СВК жыллё, а таксама грашовую падтрымку на ўладкаванне. Найлепшых работнікаў адпраўляюць у элітныя санаторыі — як у Беларусі, так і ў Турцыі, Егіпце, Расіі.

Аляксандр Лукашэнка наведаў ферму па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, а таксама музей сельгаспрадпрыемства, урачыстае адкрыццё якога адбылося 12 ліпеня 2014 года. У ім налічваецца каля тысячы экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, станаўлення і развіцця калгаса. Тут таксама сабраны звесткі аб канкрэтных людзях — працаўніках роднай зямлі, якія гэтую гісторыю стваралі.

Моладзь — паказчык дабрабыту

Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў летні амфітэатр, дзе звярнуўся да людзей.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свеце няма працы больш самаадданай, чым праца аграрыяў. На яго думку, яна заўсёды была пад сілу толькі самым моцным людзям, якія шчыра любяць зямлю, вобразна кажучы — якія адчуваюць біццё яе сэрца, — і менавіта такія спецыялісты працуюць сёння ў адным з найлепшых прадпрыемстваў нашай краіны — Бялыніцкім СВК «Калгас «Радзіма».

«Яго гісторыя даўно стала паказальнай для ўсяго аграпрамысловага комплексу. Калі бачыш вашы дасягненні, не верыцца, што калісьці гаспадарка была стратная, — сказаў Прэзідэнт. — Але, пераадолеўшы нялёгкія часы, вы ператварылі яе ў высокаразвітую вытворчасць, сучасную і паспяховую. Я вам за гэта шчыра дзякую».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што большая частка калектыву — маладыя спецыялісты, і гэта самы наглядны паказчык дабрабыту і перспектыўнасці прадпрыемства.

«Перакананы, немалая заслуга ў гэтым і вашага кіраўніка Аляксандра Міхайлавіча Лапацентава — сапраўднага гаспадара, руплівага і мудрага кіраўніка», — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што жыццё аграгарадка напоўнена дзіцячым смехам, працаваць тут імкнуцца многія гараджане, а іх дзеці, атрымаўшы адукацыю, вяртаюцца з горада дадому.

«І гэта сведчыць не толькі аб высокім узроўні ўмоў працы і быту вяскоўцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хутчэй, гэта адлюстраванне сапраўднага патрыятызму. І выхоўваецца ён на асабістым прыкладзе бацькоў. У вашым выпадку — на прыкладзе пакалення, якое стварыла гэтую вытворчасць на гэтай зямлі, у прыгожым і ўтульным кутку, куды заўсёды хочацца вярнуцца».

На думку Прэзідэнта, такі працоўны подзвіг натхняе на новыя здзяйсненні, бо нельга перапыніць справу, распачатую бацькамі.

Ён падзякаваў калектыву за прафесіяналізм, вернасць найлепшым традыцыям земляробства, умацаванне аўтарытэту і прэстыжу прафесіі аграрыя. Беларускі лідар таксама адзначыў, што сваёй працай работнікі СВК забяспечваюць не толькі ўстойлівае развіццё прадпрыемства, але і харчовую бяспеку краіны.

На завяршэнне за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў калектыву работнікаў бялыніцкага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас «Радзіма» была аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падарыў прадпрымству аўтамабіль Geely Atlas.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Разлік на саміх сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?